МЕЛІЯРА́ЦЫЯ КЛІ́МАТУ, паляпшэнне клімату,

комплекс мерапрыемстваў з мэтай змены клімату ў патрэбным чалавеку кірунку (паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва, развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі і інш.). Пры сучасным узроўні развіцця навукі і тэхнікі М.к. можа праводзіцца на невял. тэрыторыях і пераважна ў каляземным слоі паветра. Непасрэдна М.к. робяць рэдка, амаль заўсёды яна з’яўляецца ўскосным вынікам меліярацыі. Магчыма ўздзеянне на скорасць ветру, т-ру і вільготнасць паветра і глебы, аэрацыю глебы, вышыню і шчыльнасць снегавога покрыва і інш. Для барацьбы з замаразкамі і павелічэння вегетац. перыяду ўжываецца дымленне, арашэнне, штучны абагрэў, зачарненне снегавога покрыва. Асушэнне і арашэнне паляпшае водна-паветраны і цеплавы рэжым глебы і каляземнага слоя паветра. Лясныя палосы і насаджэнні садзейнічаюць памяншэнню скорасці ветру, больш раўнамернаму размеркаванню снегу, павелічэнню вільготнасці і т-ры паветра. У буйных гарадах шкодны ўплыў клімату горада памяншаецца стварэннем рацыянальнай сістэмы забудовы і правядзеннем азелянення і інш.

т. 10, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКАПТА́НЫ [ад лац. nierc(urius) ртуць + captans які захоплівае], тыолы,

арганічныя злучэнні, у малекуле якіх сульфгідрыльная група (—S—H) непасрэдна злучана з вуглевадародным радыкалам. З’яўляюцца сярністымі аналагамі спіртоў агульная ф-ла R—SH, дзе R — аліфатычны або араматычны (Ar) радыкал. М. з Ar-радыкаламі наз. тыяфеноламі (гл. Тыяфенол).

Аліфатычныя М., за выключэннем метантыолу CH3SH (tкіп 6,02 °C), — вадкасці; ніжэйшыя вызначаюцца моцным і непрыемным пахам, які адчуваецца ў паветры пры вельмі нізкіх канцэнтрацыях (~2∙10​−9 мг/л). М. — слабыя к-ты: са шчолачамі і цяжкімі металамі ўтвараюць солі — меркаптыды, у прыватнасці, нерастваральныя меркаптыды ртуці (RS)2Hg (адсюль назва М.). Выкарыстоўваюць у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў, стабілізатараў палімераў, для адарызацыі паліва, у т. л. бытавога газу (пераважна этантыол і прапантыол), як рэгулятары полімерызацыі ў вытв-сці каўчуку (аліфатычныя М. з 8—16 атамамі вугляроду). ГДК для ніжэйшых М. 0,8—1 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАФО́Н (ад франц. plafond столь) у мастацтве, столь, упрыгожаная жывапісам ці лепкай; твор манум.-дэкар. мастацтва, які аздабляе перакрыцце (плоскае, скляпеністае ці купальнае) памяшкання. Выконваецца непасрэдна па тынку (фрэска або размалёўка алейнымі, клеявымі і інш. фарбамі), на прымацаваным да столі палатне, мазаікай і інш. спосабамі. Вядомы ў Стараж. Егіпце, ант. свеце. На Беларусі сюжэтныя і арнаментальныя П. пашыраны ў 17 — пач. 19 ст. у дэкар. аздабленні культавых і парадных палацавых памяшканняў (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Для тагачасных плафонных кампазіцый характэрна выкарыстанне эфекту ілюзорнага прарыву ў адкрытую ці прадоўжаную далей арх. прастору, выявы фігур і арх. дэталей у моцных ракурсах. У 1950-я г. выкарыстоўваліся ў манум. грамадскіх збудаваннях (П. ў фае т-ра юнага гледача ў Мінску, маст. І.​Ахрэмчык, І.​Давідовіч).

Т.​В.​Габрусь.

Плафон «Геба і Арфей» у Кітайскім палацы ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.
Плафон цэнтральнага нефа ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́НСКІЯ,

род татарскіх царэвічаў у ВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць усіх матэрыяльных, працоўных і прыродных рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці тавараў і паслуг. Матэрыяльныя рэсурсы — гэта зямля (уласна зямля, лясы, воды, радовішчы) або сыравіна, капітал або інвестыцыі. Вытв-сць і назапашванне інвестыцыйных рэсурсаў (інвесціраванне) прадугледжвае стварэнне інвестыцыйных тавараў, якія ў адрозненне ад спажывецкіх, што непасрэдна задавальняюць патрэбы насельніцтва, робяць гэта ўскосна, забяспечваюць вытв-сць, у т. л. спажывецкіх тавараў. У якасці капіталаў не разглядаюцца грошы, якія не з’яўляюцца Э.р., бо самі па сабе нічога не ствараюць. Працоўныя рэсурсы — гэта мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, выкарыстанне яго фіз. і разумовых здольнасцей. Прадпрымальніцкая дзейнасць — гэта здольнасць прадпрымальнікаў браць на сябе ініцыятыву злучэння Э.р., прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Э.р. абмежаваныя, валодаюць здольнасцю прыносіць прыбытак, рэнту, працэнт, зарплату, плацяжы і інш. Своеасаблівымі Э.р. з’яўляюцца час, які таксама абмежаваны і не аднаўляецца, тэхналогія і арганізацыя вытв-сці, інфраструктура.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ, электронныя музычныя інструменты,

музычныя інструменты, у якіх электрычныя ваганні гукавых частот узбуджаюцца спец. генератарам, узмацняюцца ўзмацняльнікам і выпрамяняюцца гучнагаварыцелем.

Падзяляюцца: на Э.і., традыцыйны механізм якіх заменены эл. (электраарган); у якіх ваганне струн, што механічна здабываецца традыц. спосабамі (на смыкавых, шчыпковых і клавішных хардафонах), успрымаецца эл. адаптэрамі (адаптэрызаванае фартэпіяна, электрахорд, электрагітары); у якіх эл. ці генератарныя ваганні ствараюцца выключна і непасрэдна электроннай апаратурай (тэрменвокс, траўтоніум, эмірытон, іоніка). Эл. гукаўтварэнне дазваляе ўзнаўляць гучанне традыцыйных інструментаў і замяняць іх (гукавыя імітатары, аналагавыя інструменты), узмацняць гучанне інструментаў з малымі дынамічнымі магчымасцямі (клавесін, гітара), змяняць тэмбр (сінтэзавальныя інструменты) і ствараць новыя гукавыя тэмбры. Э.і. найчасцей выкарыстоўваюцца ў прыкладной, ілюстрацыйнай, тэатральнай і кінамузыцы.

Літ.:

Термен Л.С. Физика и музыкальное искусство. М., 1966;

Володин А. Электронные музыкальные инструменты М., 1970;

Кузнецов Л.А. Основы теории, конструирования, производства и ремонта электромузыкальных инструментов. М., 1981.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 18, кн. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ БАТАРЭ́Я, атамная батарэя,

крыніца эл. току, у якой энергія, што вылучаецца ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (радыеактыўнага распаду), непасрэдна пераўтвараецца ў электрычную.

У залежнасці ад спосабу пераўтварэння ядз. энергіі ў эл. падзяляюцца на: Я.б. з прамым зарадам электродаў, пры якім зараджаныя часціцы, што вылятаюць з аднаго электрода (эмітэра) назапашваюцца на другім (калектары); Я.б. з пераўтварэннем кінетычнай энергіі вылучаемых зараджаных часціц у эл. энергію пры дапамозе прамежкавых асяроддзяў — газападобных, вадкіх ці цвёрдых (выкарыстоўваюцца з’явы кантактнай рознасці патэнцыялаў электродаў у іанізуемым газе, электрахім. генерацыі энергіі з радыкальных і малекулярных прадуктаў, што ўтвараюцца пад дзеяннем радыеактыўнага выпрамянення на электраліт, а таксама паўправадніковыя p-n-пераходы). Макс. магутнасць Я.б. складае ад некалькіх ват да некалькіх сотняў ват; напружанне — да 20 кВт; тэрмін службы — да 25 гадоў. Выкарыстоўваюцца як мініяцюрныя крыніцы электраэнергіі. напр. на касм. апаратах, у вымяральных прыладах, мед. электроннай апаратуры.

В.​Ц.​Казазян.

т. 18, кн. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕХА́НІКА (ад геа... + механіка),

навука аб механічным стане зямной кары і працэсах, якія адбываюцца ў ёй пад уплывам натуральных і тэхнагенных фактараў. Да натуральных уздзеянняў адносяцца тэрмічныя (павышэнне і паніжэнне т-ры) і мех. (сілы, абумоўленыя гравітацыйным узаемадзеяннем, вярчэннем Зямлі і інш. касм. фактарамі); да тэхнагенных — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, прамысл. і грамадз. буд-ва, ядз. выбухі і інш.

Геамеханіка ўзнікла ў пач. 20 ст. як раздзел геафізікі. Яе тэарэт. і эксперым. даследаванні непасрэдна звязаны з інжынернай геалогіяй, газа-, гідра- і тэрмадынамікай, механікай суцэльнага асяроддзя. Геамеханіка вывучае заканамернасці напружана-дэфармаванага стану зямной кары, працэсы фарміравання мех. поля Зямлі, тлумачыць прыродныя з’явы, што ім спадарожнічаюць, прагназуе напрамкі і формы іх працякання. Устанаўлівае заканамернасці фарміравання мех. уласцівасцей горных парод і працякання працэсаў дэфармавання, перамяшчэння і разбурэння асобных дзялянак зямной паверхні.

Літ.:

Цытович Н.А., Тер-Мартиросян З.Г. Основы прикладной геомеханики в строительстве. М., 1981;

Войтенко В.С. Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990.

У.​С.​Вайценка.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТ (польск. grunt ад ням. Grund аснова, глеба),

1) горная парода, якая залягае непасрэдна пад глебай.

2) Зборная назва горных парод, глеб, тэхнагенных утварэнняў, якія знаходзяцца ў сферы ўздзеяння інжынерных збудаванняў і разглядаюцца з інж.-буд. пункту гледжання. Адрозніваюць грунты: скальныя (маюць высокую мех. трываласць, з’яўляюцца пругкімі цвёрдымі целамі), паўскальныя (з паніжанымі мех. ўласцівасцямі), мяккія гліністыя (з пластычнымі ўласцівасцямі, звязаныя), рыхлыя, сыпкія (незвязаныя), слабыя (лёгка паддаюцца дэфармацыі). Складаюцца з цвёрдых (мінералы, лёд, мінералаарганічныя ўтварэнні), вадкіх (водныя растворы), газападобных (газы, паветра) і біятычных ці жывых кампанентаў. Найважнейшыя ўласцівасці грунту: фізічныя (шчыльнасць, цеплаправоднасць, электраправоднасць, пранікальнасць і інш.), фіз.-хімічныя (растваральнасць, адсарбцыйная і каразійная ўласцівасць, пластычнасць і інш.), механічныя (пругкасць, трываласць на разрыў, сцісканне і інш.). Грунты выкарыстоўваюцца ў якасці асновы будынкаў і збудаванняў, матэрыялу для дарог, плацін, насыпаў, асяроддзя для размяшчэння падземных збудаванняў (тунэляў, сховішчаў, трубаправодаў і інш.). Паняцце «грунт» ужываецца таксама ў адносінах да Месяца (месяцавы грунт) і інш. планет Сонечнай сістэмы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРЫ́НСКІЯ,

род татарскіх царэвічаў у ВКЛ, адгалінаванне крымскай дынастыі Гірэяў. Паходзілі ад царэвіча Дэўлеш-салтана, які ў 1491 трапіў на службу да вял. князя ВКЛ і караля польск. Казіміра IV. Род Астрынскіх некаторы час быў найб. уплывовым тат. родам у ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. Астрынскія не ўваходзілі ў склад тат. харугваў, не падпарадкоўваліся тат. харунжым, мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана.

Сын Дэўлеш-салтана Азубек-салтан (Азюбек, Узубек, ? — пасля 1540) упершыню ўпомнены ў 1507. З 1514 ён і яго нашчадкі ў актах ВКЛ называюцца царэвічамі Астрынскімі (ад маёнтка Астрына, цяпер Гродзенская вобл.). Азубек-салтан удзельнічаў у цырымоніі абвяшчэння Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ (1529), на Берасцейскім сойме 1533, выступаў арбітрам у спрэчках літ. служылых татараў. Меў сыноў Багатыр-салтана, Джаная і Чынгіса. У 2-й пал. 16 ст. царэвічы Астрынскія паступова страцілі свае землеўладанні. Іх род згас на дзецях Чынгіса.

С.​У.​Думін.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)