ПРЭКА́РЫЙ (лац. precarium ад preces просьба),

першапачаткова ў рым. праве даўгавыя адносіны паміж пазыкадаўцам і пазычальнікам незалежна ад формы маёмасці; у раннім сярэднявеччы ў Зах. Еўропе права карыстання зямлёй (на некалькі гадоў ці пажыццёва), якое даваў землеўладальнік селяніну на падставе яго пісьмовай просьбы. За гэта атрымальнік зямлі (прэкарыст) плаціў чынш ці выконваў паншчыну. Прэкарскі дагавор аднаўляўся кожныя 5 гадоў. П. быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах да 13 ст. і стаў адным са сродкаў залежнасці вольных сялян ад буйнога землеўладальніка.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАСФЕ́РА (ад літа... + сфера),

знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.​Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс. км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл. Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл. Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.

А.​М.​Каўхута, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,

узброеныя фарміраванні Мінскай паўстанцкай арганізацыі 1863 у перыяд паўстання 1863—64. Агульны план узбр. выступлення, прызначанага на 19.4.1863, распрацаваны членам арг-цыі паручнікам С.​Ляскоўскім, які ўзначаліў найбольшы на Міншчыне Ігуменскі паўстанцкі атрад. Паводле загаду арг-цыі 19 крас. некалькі соцень мінчан тайком выйшлі з горада і з’явіліся на загадзя намечаныя зборныя пункты. Атрад пад камандай А.​Трусава сабраўся каля Халяўшчыны. У баі 28.4.1863 каля в. Пятровічы ён быў разбіты ўрадавымі войскамі. Другі атрад пад камандаваннем ваен. кіраўніка Мінскага пав. П.​Дыбоўскага (са жн. Л.​Рамішэўскага) сабраўся каля в. Прылукі і дзейнічаў каля Слуцкага тракту. У жн. 1863 атрад вытрымаў бой з урадавымі войскамі каля Навасёлак, але хутка быў распушчаны. У Пінскім пав. Мінскай губ. ў розныя часы дзейнічалі паўстанцкія атрады Р.​Рагінскага, Р.​Траўгута, Я.​Ваньковіча. Атрад Слуцкага пав. на чале з У.​Машэўскім быў разбіты 21.4.1863 каля в. Азярцы. Пасля паражэння навагрудскіх паўстанцаў 7.4.1863 ва ўрочышчы Белыя Імхі навагрудскі атрад сфарміраваўся нанава ў Налібоцкай пушчы. Гэты атрад на чале з В.​Міладоўскім удзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 на Слонімшчыне, а пасля вярнуўся ў Навагрудскі пав. Некалькі паўстанцкіх груп Барысаўшчыны, Лепельшчыны, Магілёўшчыны аб’ядналіся ў Барысаўскім пав., але былі разбіты 7.5.1863 каля в. Падбярэззе. На Вілейшчыне змагаліся атрады Ю.​Бакшанскага, В.​Козела, Г.​Чаховіча.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАЗУ́БКІ (Sorex),

род дробных млекакормячых сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. 50—65 відаў. Пашыраны ў тундравай, лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і паўн. ч. Паўд. Амерыкі. На Беларусі 3 віды: буразубка звычайная (S. araneus), буразубка сярэдняя (S. caecutiens), буразубка малая (S. minutus).

Даўж. цела 4—9 см, хваста 2,5—8 см, маса да 16 г. Нагадваюць мышэй, але пыска выцягнута накшталт хабатка. Поўсць аксамітная, цёмна-бурая, зубы чырванавата-бурыя (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі, вельмі часта з’ядаюць корму ў некалькі разоў больш за сваю Масу. Знішчаюць шкодных насякомых.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАШЭ́ЎСКІ ((Bogdaszewski) Ігнат) (1809 — каля 1870),

польскі паэт. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Потым жыў у фальварку Антосін (цяпер в. Антосіна Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.). Выбіраўся маршалкам шляхты Мінскай губ. (1841). Аўтар паэт. зб-ка «Некалькі балад і аповесцяў» (Вільня, 1826), у якім выкарыстаў матывы бел. фальклору. Першы перакладчык на польск. мову «Гістарычных дум» К.​Рылеева (Вільня, 1829). Паводле сведчання маці Ю.​Славацкага, Багдашэўскі пісаў «рускія» (г. зн. беларускія) песенькі, музыку да якіх падбірала яго сястра Антаніна.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ БОЙ 1943,

баявая аперацыя партызан 1-й Антыфаш. брыгады па разгроме ням.-фаш. гарнізона 31 кастр. — 1 ліст. ў г. Вілейка ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон меў 3 тыс. салдат і афіцэраў, некалькі артыл. і мінамётных узводаў, школу паліцэйскіх, больш за 10 складоў з прадуктамі і боепрыпасамі, ахову з сістэмы дзотаў, прымаў удзел у карных аперацыях, рабаванні і знішчэнні сав. грамадзян. У выніку раптоўнага начнога нападу партызаны нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і тэхніцы, знішчылі станцыйныя збудаванні, узарвалі 4 чыг. і 4 шашэйныя масты.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРГА́ЦЫЯ (ад лац. virga галінка),

1) у геамарфалогіі разгалінаванне горных хрыбтоў у адным напрамку. Звычайна паўтараецца некалькі разоў (напр., віргацыя Алайскага хр. ў зах. напрамку).

2) У тэктоніцы веерападобнае разыходжанне складак горных парод пры апусканні складкавай зоны і затуханні складкавасці. Назіраецца звычайна на перыферыі складкавых гор, напр. на З Цянь-Шаня. Пры віргацыі складкі разыходзяцца ў адным або процілеглых напрамках, злучаюцца на канцах (міндалепадобна) або збліжаюцца (злучаюцца) у цэнтр. зоне. Адрозніваюць свабодную віргацыю і вымушаную (пры абцяканні перашкоды).

Да арт. Віргацыя. Разыходжанне горных хрыбтоў у гарах Цянь-Шаня.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РДУНГ, Фірдунг (Virdung) Себасцьян (вядомы таксама як Гроп; Grop; 19 ці 20.1.1465 — ?), нямецкі муз. тэарэтык, кампазітар, спявак. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це (відаць, з 1483). З 1506 спявак пры двары герцага Вюртэмбергскага, з 1507 кантар сабора ў Канстанцы. У 1511 (верагодна) служыў у Базелі. Аўтар аднаго з першых трактатаў на ням. мове «Музыка, вывучаная і сцісла выкладзеная Себасцьянам Фірдунгам...» (Базель, 1511; перакладзены на некалькі моў), у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра муз. інструменты, выкладзены прынцыпы натацыі і муз. выканальніцтва. Захаваліся «Гімн дзеве Марыі» на 4 галасы, чатыры 4-галосыя песні.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, Віцебская кааліцыйная камісія,

орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Віцебска ў час Кастр. усерас. паліт. стачкі і Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве 1905. Утвораны з прадстаўнікоў мясц. арг-цый Бунда і РСДРП. Арганізаваў міліцыю, падтрымліваў парадак у горадзе, некалькі дзён кантраляваў чыг. вузел, выдаваў адозвы і лістоўкі з заклікам да ўзбр. барацьбы 21—22 снеж. спрабаваў арганізаваць забастоўку рабочых чыг. станцыі і прамысл. прадпрыемстваў. Выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. Пасля паражэння Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве паліт. стачка ў Віцебску спынена.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАН,

прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася ў старажытнасці для разбурэння крапасных сцен, высадкі на сцены крэпасці ўзбр. воінаў і пры абардажы караблёў. Упершыню ўжыты ў час Пунічных войнаў (3—2 ст. да н.э.). Крапасны воран меў форму масіўнага крука, які прыводзілі ў рух некалькі воінаў, або форму калодзежнага «жураўля» са скрыняй для воінаў. Абардажны воран уяўляў сабою перакідны мост (бервяно) з метал. крукам на канцы, які ўтыкаўся ў палубу або борт карабля. Выкарыстоўваўся ў эпоху вёславага і паруснага флоту.

Воран для высадкі воінаў на сцены крэпасці (злева) і для разбурэння сцен.

т. 4, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)