міжнародная пасрэдніцкая група ў Лац. Амерыцы ў 1980-я г. Створана ў студз. 1983 у час нарады прадстаўнікоў Мексікі, Венесуэлы, Панамы і Калумбіі на панамскім в-ве Кантадора (адсюль назва) з мэтай садзейнічаць мірнаму паліт. ўрэгуляванню крызісу ў Цэнтр. Амерыцы (ваен. канфлікты ў Нікарагуа, Сальвадоры і інш.). У ліп. 1983 прэзідэнты краін групы падпісалі Канкунскую дэкларацыю, у якой прапанаваны ў якасці перадумоў мірнага ўрэгулявання вывад замежных ваен. саветнікаў, забарона выкарыстання тэрыторыі адных краін для ваен. і паліт. акцый супраць іншых, спыненне паставак зброі і інш. У 1984 распрацаваны праект «Акта міру і супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы». У 1985 створана т. зв. група лац.-амер. падтрымкі К.г. (Аргенціна, Бразілія, Перу, Уругвай). Аднак матэрыяльная падтрымка нікарагуанскай узбр. апазіцыі з боку ЗША падрывала намаганні К.г., якая пасля 1987 фактычна спыніла дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНГ ((King) Марцін Лютэр) (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),
адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.
Тв.:
Рус.пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫНА́РЫ ((Portinari) Кандыда) (29.12.1903, г. Брадоскі, Бразілія — 7.2.1962),
бразільскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Нац.маст. школе ў Рыо-дэ-Жанейра (1918—28). У 1936—39 праф. ун-та ў Рыо-дэ-Жанейра. Зазнаў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму, П.Пікасо. З сярэдзіны 1930-х г. у рэаліст. манеры адлюстроўваў жыццё простага народа (батракоў, індзейцаў, неграў), часта надаваў персанажам узнёсла-гераічны характар. Творам уласціва абагульненне форм, мяккасць святлоценявой распрацоўкі, дакладнасць малюнка. Аўтар манум. размалёвак у будынках Мін-ва адукацыі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра (1936—45), Б-кі кангрэса ЗША у Вашынгтоне (1941), каледжа ў г. Катагуазіс (1948—49), пано «Вайна і мір» у будынку ААН у Нью-Йорку (1955), партрэта Р.Ралана (1936), карцін «Мёртвае дзіця» (1944), серыі «Бежанцы» (1945) і інш.Міжнар. прэмія Міру 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1973,
пагадненне аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме. Падпісана 27 студз. ў Парыжы міністрамі замежных спраў Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), часовага ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам (РПВ), Рэспублікі В’етнам (РВ) і дзярж. сакратаром ЗША У.Роджэрсам пры асабістым удзеле Г.А.Кісінджэра і Ле Дык Тхо. Прадугледжвала спыненне агню ў Паўд. В’етнаме; ЗША абавязаліся спыніць усе ваен. аперацыі супраць ДРВ і вывесці свае войскі з Паўд. В’етнама. Паводле дагавора ствараўся Савет нац. прымірэння з прадстаўнікоў урадаў РПВ і РВ, які павінен быў арганізаваць на Пд В’етнама свабодныя, дэмакр. выбары. Аднак падпісанне дагавора не спыніла сутыкненняў паміж бакамі, у чым яны абвінавачвалі адзін аднаго. У сак.—крас. 1975 войскі ДРВ і РПВ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. В’етнама, што фактычна скасавала П.п., але прывяло да аб’яднання краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧРаманаў
(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),
расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.М.Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКО́Е ДНО (прававы рэжым),
глыбакаводнае марское дно, якое размешчана па-за знешнімі межамі кантынент. шэльфа. Прынцыпы і нормы міжнар. прававога рэжыму М.д. вызначаны Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982. Паводле Канвенцыі, агульныя паводзіны дзяржаў у адносінах да гэтага раёна павінны адпавядаць яе палажэнням, прынцыпам Статута ААН і інш. нормам міжнар. права ў інтарэсах падтрымання міру і бяспекі і садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Прававы рэжым М.д. не закранае прававога статуса вод, якія яго пакрываюць, і паветр. прасторы над ім. Канвенцыя абвясціла М.д. агульнай спадчынай чалавецтва. Ні адна дзяржава не можа прэтэндаваць на суверэнітэт або суверэнныя правы ці ажыццяўляць іх у адносінах нейкай часткі гэтага раёна М.д. або яго рэсурсаў, ні адна дзяржава, фіз. або юрыд. асоба не можа прысвойваць ніякую частку дадзенага раёна і яго рэсурсы. Гл. таксама Марское права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ДУ ((Amado) Жоржы) (н. 10.8.1912, г. Ільеус, штат Баія, Бразілія),
бразільскі пісьменнік. Чл. Бразільскай акадэміі (1961). Вучыўся ў езуіцкім каледжы (1922—24), ун-це ў Рыо-дэ-Жанейра. Першы раман «Краіна карнавалу» (1932). Аўтар сац.-рэв. твораў «Какава» (1933), «Мёртвае мора» (1936), «Бяскрайнія землі» (1943), «Сан-Жоржы дос Ільеус» (1944), «Падполле свабоды» (1952). Вядомасць прынеслі раманы «Незвычайная смерць Кінкаса Згінь Вада» (1961), «Дона Флор і яе два мужы» (1966), «Крама цудаў» (1969), «Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць» (1972), «Вяртанне блуднай дачкі» (1976), «Знікненне святой» (1988). Творчасць Амаду звязана з развіццём магічнага рэалізму — спецыфічнай лац.-амер.літ. з’явы; яго творам уласцівыя зварот да фальклору, гратэскавае адлюстраванне рэчаіснасці, карнавалізацыя, змяшэнне камічнага і трагічнага. Многія з іх экранізаваны. Чл.Сусв. Савета Міру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1991.
Падпісаны кіраўнікамі Беларусі (С.Шушкевіч і В.Кебіч), Расіі (Б.Ельцын і Г.Бурбуліс), Украіны (Л.Краўчук і В.Фокін) 8.12.1991 у бел. урадавай рэзідэнцыі каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на ў Белавежскай пушчы. Ад імя дзяржаў — заснавальніц СССР яны канстатавалі, што СССР як суб’ект міжнар. права і геапаліт. рэальнасць спыняе існаванне, і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). у складзе Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны. СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння інш. дзяржаў. Былі прыняты заявы кіраўнікоў 3 краін аб імкненні СНД праводзіць курс на ўмацаванне міжнар.міру і бяспекі, пра гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях б.СССР, забеспячэння адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджаннем, пра каардынацыю эканам. палітыкі. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД 10.12.1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫ ФОНД АРГАНІЗА́ЦЫІ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ,
(United Nations Children’s Fund; ЮНІСЕФ). Засн.Ген. Асамблеяй ААН 11.12.1946 як Надзвычайны міжнар. фонд дапамогі дзецям у Еўропе пасля 2-й сусв. вайны. З кастр. 1953 — Дз. ф. ААН. Кіруючы орган — Выканаўчы савет (36 чл., 1997). Сакратарыят ЮНІСЕФ вядзе работу праз свае бюро больш чым у 140 краінах. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Нобелеўская прэмія міру 1965.
Праекты ЮНІСЕФ у Беларусі ажыццяўляюцца з 1994, прадстаўніцтва адкрыта ў маі 1997 у Мінску. Распрацаваны праграмы супрацоўніцтва ЮНІСЕФ з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі Беларусі па асн. кірунках: абарона правоў дзіцяці і рэалізацыя Канвенцыі аб правах дзіцяці; развіццё падлеткаў і моладзі; аказанне дапамогі дзецям-інвалідам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў; здароўе дзяцей і жанчын; ліквідацыя адмоўнага ўздзеяння на дзяцей наступстваў, выкліканых катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́КЕРЫ (англ. quakers літар. якія трасуцца),
Таварыства сяброў (Society of Friends), паслядоўнікі радыкальнага кірунку ў пратэстантызме, заснаванага ў 1652 у Англіі Дж.Фоксам пры ўдзеле У.Пена. У выніку праследаванняў з боку ўрада і афіц.англіканскай царквы многія абшчыны К. з 1670-х г. эмігрыравалі ў Паўн. Амерыку. Становішча англ. і амер. К. легалізавана прыняццем у 1689 «Закону аб верацярпімасці». Асновы веравучэння сістэматызаваны тэолагам Р.Баклі (1676), арганізац. структуры распрацаваны Пенам, які заснаваў гал. асяродак К. у штаце Пенсільванія (ЗША). К. лічаць крыніцай веры ўнутр. праяўленне Бога, якое даецца кожнаму чалавеку, адмаўляюць усе знешнія формы культу, інстытут свяшчэнства, не прызнаюць вайск. службу, прысягу, выступаюць супраць рэліг. і сац. няроўнасці (у т. л. змагаліся супраць рабства, аказвалі дапамогу ахвярам 1-й і 2-й сусв. войнаў). За сваю пацыфісцкую дзейнасць атрымалі Нобелеўскую прэмію міру 1947.