НЕ́ГРАС (Negros),

востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага (тэр. Філіпін). Пл. 12,7 тыс. км². Нас. каля 3,2 млн. чал. (1995). Рэльеф пераважна гарысты, выш. да 2460 м (вулкан Канлаон). На З і ПнЗ — урадлівыя раўніны, складзеныя пераважна з вулканічных глебаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Вечназялёныя трапічныя лясы, участкі саваннаў. Вырошчванне цукр. трыснягу (асн. с.-г. культура), рысу, кукурузы. Радовішчы медных руд. На Н. — гарады Баколад, Думагетэ, Сан-Карлас.

т. 11, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ІРЛА́НДЫЯ (New Ireland),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у Бісмарка архіпелагу. Тэр. Папуа—Новая Гвінея. 8,6 тыс. км². Нас. (з прылеглымі астравамі) 87 тыс. чал. (1990). Горныя масівы выш. да 2150 м акаймаваныя берагавымі нізінамі. Клімат гарачы, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў больш за 2000 мм за год. Вільготныя экватарыяльныя лясы. Асн. культура — какосавая пальма. Гал. горад і порт — Кавіенг.

т. 11, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РЛАНД (Norrland),

пласкагор’е на У Скандынаўскага паўвострава на Пн Швецыі і Фінляндыі. Паніжаецца прыступкамі з З на У (ад Скандынаўскіх гор да Батнічнага зал.) ад 800 да 200 м. Складзена з крышт. парод Балтыйскага шчыта. Характэрны марэнныя грады і інш. формы стараж.-ледавіковага рэльефу, азёры, паўнаводныя парожыстыя рэкі. Расліннае покрыва — таежныя лясы. Лесанарыхтоўкі. Каскады ГЭС. Здабыча жал. руды (цэнтр — г. Кіруна), руд каляровых металаў.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́У, Рыкуоку,

галоўны водападзельны хрыбет на Паўн. ч. в-ва Хонсю, у Японіі. Даўж. каля 400 км, выш. да 041 м (вулкан Іватэ). Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў, асадкавых парод. 7 груп вулканаў, у т. л. Бандай. О. — важны кліматычны рубеж, для яго ўсх. схілаў характэрны летнія, для зах. — зімовыя мусоны са значнымі ападкамі. Шыракалістыя лясы, вышэй 500—700 м горная тайга. Нац. парк Бандай-Асахі.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ВАН (Palawan),

востраў на З Філіпінскага архіпелага, паміж морамі Паўд-Кітайскім і Сулу. Пл. 11,8 тыс. км². Даўж. каля 450 км. Нас. 372 тыс. чал. (1980). Складзены з крышт. парод, перакрытых пясчанікамі, сланцамі, каралавымі вапнякамі. Уздоўж узбярэжжа паласа каралавых рыфаў, гал. ч. на Пн і У. Гарысты, выш. да 2085 м. Вільготна-трапічныя лясы, у далінах рысаводства, плантацыі какосавай пальмы. Рыбалоўства. Асн. горад — Пуэрта-Прынсеса.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУАПЕ́ХУ (Ruapehu),

дзеючы вулкан у цэнтр. ч. Паўночнага в-ва Новай Зеландыі. Самая высокая вяршыня на Вулканічным плато, выш. 2796 м. Уяўляе сабой усечаны конус, складзены з андэзітаў. Мае 2 кратэры, адзін з іх запоўнены гарачай вадой, якая часам закіпае. На схілах лясы з чырв. буку і хмызнякі, вышэй за 1700—2000 м снягі, ледавікі. Уваходзіць у нац. парк Тангарыра, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЬЦЗЯ́Н, Сунгарыйская раўніна,

нізіна на ПнУ Кітая, паміж р. Амур і ніжнім цячэннем р. Усуры. На С. знаходзяцца таксама нізоўі р. Сунгары. Размешчана ў тэктанічным прагіне, які запоўнены алювіем. Даўж. каля 400 км, шыр. 120—160 км, выш. каля 100 м, астраўныя горы, выш. да 627 м. У час летніх паводак значная тэр. заліваецца вадой. Балоты, хвойныя і шыракалістыя лясы, т.зв. усурыйская тайга, участкі лугавых стэпаў.

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САУ́Р,

хрыбет у Казахстане і Кітаі. Размешчаны на ПдУ ад воз. Зайсан. Даўж. 140 км, выш. да 3816 м (г. Музтаў). Складзены з вулканагенных адкладаў, сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў, гранітоідаў. Радовішчы вугалю і гаручых сланцаў. На паўн. схіле — сярэднягорныя лугі і лясы з сібірскай лістоўніцы, цяньшанскай елкі з дамешкамі сібірскай піхты, на паўд. схіле — стэпы, паўпустыні. На грэбені — высакагорныя лугі. Ледавікі (агульная пл. 17 км²).

т. 14, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАКШЫ́СКІЯ ГО́РЫ (Świętokrzyskie Góry),

горы ў Польшчы, найб. высокая ч. Келецка-Сандамірскага ўзв. Даўж. каля 80 км, выш. да 612 м (г. Лысіца). Складзены з кварцытаў, граўвакаў, пясчанікаў і вапнякоў, якія часта перакрыты рыхлымі (у т. л. марэннымі) адкладамі. Рэльеф узгорыста-градавы; месцамі развіты куэсты. Каля падножжаў дубовыя і хваёвыя, на схілах букавыя і піхтавыя лясы. У найб. высокай ч. гор Свентакшыскі нар. парк.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛА́ЧЫ (Appalachian Mountains),

горы на У Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Працягнуліся з ПдЗ на ПнУ на 2600 км; асн. хрыбты: Блу-Рыдж, Уайт-Маўнтынс, масіў Адырондак, Грын-Маўнтынс. Сярэдневышынныя. Пераважаюць выш. 1300—1600 м, найб. 2037 м, г. Мітчэл (Блу-Рыдж). Падзяляюцца Апалачы на Паўночныя і Паўднёвыя (мяжа па рэках Мохак і Гудзон). Паўночныя Апалачы — хвалістае пласкагор’е выш. 400—600 м, над якім узвышаюцца асобныя масівы і хрыбты, вяршыні згладжаны, ператвораны ледавіком у трогі. Паўднёвыя Апалачы складаюцца з восевай зоны хр. Блу-Рыдж, з У да якога прымыкае плато Підмант, з З — Апалачскае плато. Утварыліся Апалачы ў перыяд каледонскай складкавасці і герцынскага арагенезу, амалоджаны неатэктанічнымі падняццямі. Паўночная і паўд.-ўсх. ч. Апалачаў складзена з крышт. парод, зах. і паўд.-зах. — пераважна з асадкавых (пясчанікі, даламіты, вапнякі). Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Апалачскі вугальны басейн), нафта, прыродны газ, жал. руда, тытан, азбест. Клімат на Пн умераны, на Пд субтрапічны, фарміруецца пад уплывам Атлантычнага ак. і асабліва Мексіканскага заліва. Сярэднія т-ры студз. вагаюцца ад -12 на Пн да 8 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 18 да 26 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Рэкі цякуць у глыбокіх далінах, найбольшыя — Канектыкут, Гудзон, Саскуэхана і Тэнесі. Расліннасць паўн. ч. — хвойныя і мяшаныя лясы (елка, піхта, туя, гемлока, клён, вяз, гікоры), на Пд ад 41° паўд. ш. ў ніжнім поясе горныя шыракалістыя лясы (каштан, дуб, клён і эндэмікі — цюльпаннае дрэва, платан, магноліі), вышэй за 1000 м — мяшаныя і хвойныя лясы, затым субальпійскія лугі. Жывёльны свет — пераважна эндэмікі: віргінскі алень і віргінскі апосум, дрэвавы дзікабраз, мядзведзь барыбал, рысь, янот, скунс, выдра. Апалачы — раён турызму, лыжнага і воднага спорту, палявання. У Апалачах нац. паркі Грэйт-Смокі-Маўнтынс (Тэнесі), Шэнандоа (Віргінія), Алалачская дарога ўздоўж хрыбта Блу-Рыдж.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Апалачы. Хрыбет Блу-Рыдж.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)