ГА́РЫН (Эраст Паўлавіч) (10.11.1902, г. Разань, Расія — 4.9.1980),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Вышэйшыя эксперыментальныя тэатр. майстэрні (1926). Працаваў у Т-ры імя У.​Меерхольда (з 1922), Ленінградскім т-ры Камедыі (з 1936, акцёр і рэжысёр), Т-ры-студыі кінаакцёра (Масква, з 1950). Вострахарактарны камедыйны акцёр. Сярод роляў: Гулячкін («Мандат» М.​Эрдмана), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля). З 1934 здымаўся ў кіно: Ад’ютант («Паручнік Кіжэ»), Альфрэд Тараканаў («Музычная гісторыя»), Кароль («Папялушка»), Каін XVIII (аднайм. фільм) і інш. Паставіў (разам з Х.​А.​Лакшыной) фільмы: «Жаніцьба» (1937; і роля Падкалёсіна), «Прынц і жабрак» (1942), «Звычайны цуд» (1965; і роля Караля) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДГЕНС ((Gründgens) Густаў) (22.12.1899, г. Дзюсельдорф, Германія — 7.10.1963),

нямецкі акцёр, рэжысёр. Скончыў школу пры Дзюсельдорфскім драм. т-ры (1920). Працаваў у т-рах Гамбурга, Берліна. У 1955—63 кіраўнік Ням. драм. т-ра ў Гамбургу. Вядомы як пастаноўшчык класічных спектакляў «Кароль Лір» (1934) і «Дванаццатая ноч» (1937, іграў ролю Мальволіо) У.​Шэкспіра, «Чайка» А.​Чэхава (1948; роля Трыгорына) і інш. Сярод роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Фауст («Фауст» І.​В.​Гётэ), Франц Моар, Валенштайн («Разбойнікі», «Смерць Валенштайна» Ф.​Шылера). Паставіў некалькі оперных спектакляў. Здымаўся ў кіно, ставіў фільмы. Жыццё і творчасць Грундгенса ляглі ў аснову рамана К.​Мана «Мефістофель» (экранізаваны ў 1981).

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́БАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (31.1.1902, Масква — 26.11.1977),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Герой Сац. Працы (1972). З 1924 у МХАТ. Ствараў драм. і камедыйныя вобразы, псіхалагічна распрацаваныя, натуральныя, сцэнічна выразныя: Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Чабутыкін, Фірс («Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.​Дастаеўскага), Лука («На дне» М.​Горкага), Глоба («Рускія людзі» К.​Сіманава), Няпрахін («Залатая карэта» Л.​Лявонава). З 1935 здымаўся ў кіно: «Вяселле», «Без віны вінаватыя», «Верныя сябры», «Паласаты рэйс», «За ўсё ў адказе» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951, 1952 і Расіі 1974 за тэатр. работы.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЯ́ЕЎ (Юрый Аляксандравіч) (9.9.1930, г. Цюмень, Расія — 24.4.1986),

рускі і ўкраінскі спявак (лірычны барытон). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1954). З 1955 у Свярдлоўскім і Данецкім оперных т-рах. З 1960 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета, з 1975 — Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Анегін, Раберт («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), граф ды Луна, Рэната («Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі). Яго канцэртны рэпертуар уключаў больш як 200 вак. твораў. Аўтар песень, у т. л. «Мне дарыла Расія», «Беражыце сяброў», «Жадаю Вам». Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1975.

Ю.Гуляеў у ролі Яўгена Анегіна.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Віктар Мікалаевіч) (23.1.1906, г. Адэса, Украіна — 28.7.1984),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1960). З 1922 у вандроўных т-рах. З 1926 у Адэскім укр. драм. т-ры. У 1939—63 у Кіеўскім укр. драм. т-ры імя І.​Франко, у 1964—84 у Кіеўскім рус. драм. т-ры імя Лесі Украінкі. Сярод роляў: Міхайла Гурман («Украдзенае шчасце» Франко), Карп Ветравой («Калінавы гай» А.​Карнейчука; Дзярж. прэмія СССР 1951), Макбет (аднайм. п’еса Шэкспіра), Агаба Бачверадзе («Пакуль арба не перакулілася» А.​Іаселіяні) і інш. З 1926 здымаўся ў кіно: «Пётр I», «Подзвіг разведчыка», «У стэпах Украіны» і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1983.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІТАШВІ́ЛІ (Георгій Міхайлавіч) (27.2.1893, Баку — 4.7.1966),

грузінскі акцёр. Нар. арт. Грузіі (1934). Вучыўся ў школе сцэн. мастацтва ў Пецярбургу (1913—15). У 1915 выступаў у т-рах Таганрога, Уладзікаўказа, Баку, Батумі, з 1920 у драм. т-ры ў Тбілісі (цяпер Груз. т-р імя Ш.​Руставелі). Яго творчасць вызначалася вял. сцэн. культурай, мяккай, высакароднай манерай выканання, рамантычнай узнёсласцю. Сярод роляў: Міндзія («Ламара» паводле Важы Пшавелы), Гелахсан («Тэтнульд» Ш.​Дадыяні), Гарсія Лорка («Алькасар» Г.​Мдывані), Гадуноў («Вялікі гасудар» У.​Салаўёва), Захар Бардзін («Ворагі» М.​Горкага), Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШУ́К (Віктар Нічыпаравіч) (н. 16.9.1938, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. Беларусі (1989). Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.​Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).

В.Н.Дашук.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРАРДО́ ((Girardot) Анні) (н. 25.10.1931, Парыж),

французская актрыса. Скончыла Парыжскую кансерваторыю (1954). Працавала ў т-ры «Камеды Франсэз». У кіно з 1956. Этапнай у яе творчасці стала роль Надзі ў фільме Л.​Вісконці «Рока і яго браты». Вобраз моцнай і гордай жанчыны, якая самастойна вырашае свой лёс, актрыса вар’іруе ў фільмах «Тры пакоі ў Манхатане», «Памерці ад кахання», «Няма дыму без агню» (у пракаце «Шантаж»). Яе мастацтва вылучаецца незвычайнай пластычнасцю, схільнасцю да сарказму, лірычнага гумару, уменнем ярка і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Жанчына-малпа», «Доктар Франсуаза Гаян», «Знаёмства па шлюбнай аб’яве», «Пяшчотны паліцэйскі», «Ключ да дзвярэй», «Кажыце, мне цікава».

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр. Танер; Tonnerre) Фірмэн

(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),

французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац. нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.​Жары), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.​Фабра паводле А.​Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАРЫЯ́ДЗЕ (Сярго) (Сяргей) Аляксандравіч (1.7.1909, Баку — 13.4.1971),

грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскім ун-це. З 1928 акцёр Груз. т-ра імя К.​Марджанішвілі, з 1956 — Т-ра імя Ш.​Руставелі (абодва ў Тбілісі). Стварыў камед., рамантычна ўзнёслыя, з тонкім псіхалагізмам вобразы. Сярод лепшых роляў: Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.​Гуцкова), Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Крэонт («Антыгона» Ж.​Ануя), Маленькі велікан («Чынчрака» Нахуцрышвілі) і інш. З 1934 здымаўся ў кіно: «Дзень апошні, дзень першы», «Бацька салдата» (Ленінская прэмія 1966) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952 і Грузіі 1971.

Літ.:

Твалчрелидзе Т., Церетели К. Серго Закариадзе // Актеры советского кино. М., 1967. Вып. 3.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)