ЛІ́НЧЭПІНГ (Linköping),

горад на Пд Швецыі, на Гёта-канале, які злучае праз азёры Венерн і Ветэрн зах. і ўсх. ўзбярэжжы краіны. Адм. ц. лена Эстэргётланд. Засн. ў 1120. 122 тыс. ж. (1991). Старадаўні прамысл., гандл. і культ. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (аўта- і самалётабудаванне, ваеннае, вытв-сць шарыкападшыпнікаў), тэкст., швейная, хім., мэблевая, харчовая. Ун-т. Музей. Арх. помнікі: сярэдневяковы сабор (13—14 ст.), замак (15—16 ст.).

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА МАСТА́ЦТВАЎ.

Засн. ў 1975 у Мінску як Мінскае культ.-асв. вучылішча. З 1990 Мінскае вучылішча мастацтваў і культуры. З 1992 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): інструментальнае выкананне (фартэпіяна, баян, акардэон, цымбалы, гітара); тэатр. мастацтва (акцёр тэатра лялек); дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (маст. апрацоўка дрэва, кераміка); харавое дырыжыраванне; харэаграфія; харавая музыка (народная); народныя абрады і святы; танец; інструментальная музыка (народная). Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧ (Pécs),

горад на ПдЗ Венгрыі. Адм. ц. медзьё Баранья. Узнік каля 2 тыс. г. назад. Каля 200 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Эканам. і культ. цэнтр. Прам-сць; маш.-буд., дрэваапр., хім., гарбарна-абутковая, шкляная, керамічная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, піваварная, вытв-сць шампанскіх він. Цэнтр раёна здабычы кам. вугалю, уранавых руд. Ун-т (з 1367). Музеі. Раннехрысц. катакомбы (4 ст.). Арх. помнікі 11 і 16 ст.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.​Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.​Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.​Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.​Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 × 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.​Лукашэвічам.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНІ́ЦА,

помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. Комплекс пабудаваны па ініцыятыве А.Тызенгаўза ў 1765—85 у в. Гарадніца (побач з г. Гродна, цяпер у межах горада) з мэтай стварэння буйнога культ.-прамысл. цэнтра на 1500 жыхароў (1765—74, архітэктары І.​Мёзер, 1774—85 — Дж.​Сака). Уключала 85 будынкаў рознага прызначэння, згрупаваных вакол плошчаў, абапал вуліц і завулкаў. Пры забудове ўпершыню ў гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі выкарыстаны тыпавыя праекты, уніфікаваныя канстр. прыёмы, высокія тэмпы буд-ва. У аснове праекта — планіровачныя прынцыпы барока. Большасць будынкаў мела фахверкавую канструкцыю, т.зв. «прускі мур». Забудова складалася з трох асобных, рэгулярна спланаваных зон: адм.-культ., навучальнай, вытв.-жылой. У комплекс Гарадніца ўваходзілі: Гродзенскі дом віцэ-адміністратара, Гродзенскі палац адміністратара, Гродзенскі палац Тызенгаўза, муз. школа, вет. школа, т-р, бат. сад, мануфактуры (суконная, шаўковая, зброевая, фарбавальная і інш.), 20 тыпавых жылых дамоў. Частка ўцалелых пабудоў Гарадніцы знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі.

Гарадніца (з плана 1780): 1 — палац Тызенгаўза; 2 — музычная школа; 3 — палац адміністратара; 4 — гаспадарчы двор; 5 — карчма «Галеча»; 6 — харчэўні; 7 — дамы для іншаземных рабочых; 8 — карчма «Раскоша»; 9 — ветэрынарная школа; 10 — будаўнічая школа; 11 — мануфактуры; 12 — фальварак; 13 — сталоўка для рабочых; 14 — кузні.
Да арт. Гарадніца. Гродзенскі «домік майстра». 1773.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў БРЭ́СЦКАЙ ВО́БЛАСЦІ Засн. ў 1940 у Брэсце. Зберагае дакументы па гісторыі вобласці з 1919. На 1.1.1997 у архіве 2957 фондаў, 1 011 177 спраў. Буйнейшы комплекс дакументаў — фонды польскіх устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў, партый і грамадска-паліт. аб’яднанняў, культ.асв. згуртаванняў, рэліг. устаноў на тэр. Палескага ваяв. і Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. ў 1919—39. Захоўвае матэрыялы аб палітыцы ўрада бурж. Польшчы ў Зах. Беларусі, пра сац.-эканам. становішча, пра дзейнасць БСРГ, ТБШ. КПЗБ і інш. арг-цый, дакументы ням. акупац. устаноў і арг-цый Брэсцкай. Пінскай і часткова Баранавіцкай акруг за 1941—44. Зберагае дакументы абласных, раённых, гар. і сельскіх устаноў і арг-цый Брэсцкай і б. Баранавіцкай і Пінскай абл. за 1939—41 і з 1944. Гэта матэрыялы пра мерапрыемствы сав. улады пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР, пра пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё вобласці: дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, органаў і арг-цый КПБ, фонды прамысл. прадпрыемстваў, арг-цый сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі, аховы здароўя. Дакументы на польск., бел., рус. і ням. мовах.

Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; дзярж. ўліку і інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў.

Г.​В.​Церабунь.

т. 6, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎКА (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 20.9.1937, в. Машчаліна Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык і літаратуразнавец, грамадскі дзеяч. Д-р філал. н. (1991), канд. гіст. н. (1971).

Скончыў БДУ (1961). Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1971). З 1954 на культ.-асв. і камсамольскай рабоце. У 1971—79 і 1983—87 у Ін-це эканомікі сусв. сацыяліст. сістэмы АН СССР, у 1979—82 прадстаўнік Саюза сав. т-ваў дружбы і культ. сувязей з заграніцай, саветнік пасольства СССР у Польшчы. З 1987 гал. рэдактар час. «Советское славяноведение», з 1989 у Ін-це сусв. л-ры імя М.​Горкага Расійскай АН. Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, сав.-польскіх адносін. З канца 1970-х г. распрацоўвае праблемы адраджэння і станаўлення нац. самасвядомасці, творчасці Ф.​Скарыны, Я.​Купалы, К.​Езавітава, І.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага, М.​М.​Улашчыка і інш. Укладальнік літ. навук. штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—97).

Тв.:

Польша: Отечество и социализм. М., 1977;

Тут мой народ: Францішак Скарыпа і бел. літ. XVI — пач. XX стст. Мн., 1989;

Жывом! М.;

Мн., 1997;

Будам жыць! Пра тое самае. Мн.;

М., 1998;

Letter to russian friend = Письмо русскому другу. London, 1979.

В.​У.​Скалабан.

А.К.Каўка.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.

А.​А.​Скарына.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў этнаграфіі,

кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.​Ратцэль, Б.​Анкерман, Ф.​Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.​Коперс, В.​Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл. Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.​Менгін. Сав. этнолагі (М.​Левін, С.​Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.

В.​К.​Бандарчык.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ЖЫЦА, Лаўзіц (сербалужыцкае Łužica, ням. Lausitz),

гістарычная вобласць у паўд.-ўсх. ч. Германіі, на герм.-польск. памежжы паміж рэкамі Ныса-Лужыцка (Нейсе) і Шпрэе (вярхоўе). У 1-м тыс. н.э. заселена палабскімі славянамі — пераважна лужычанамі (на Пн) і мільчанамі (на Пд; гал. цэнтрам апошніх быў г. Будзішын, цяпер Баўцэн, Германія; адсюль паўд. частка Л. напачатку наз. Будзішынскай зямлёй). У 10 ст. заваявана, пазней каланізавана немцамі, паводле Будзішынскага міру 1018 адышла да Польшчы, з 1031 зноў у Германіі (у т. л. ў Брандэнбургу), з 14 ст. ў Чэхіі. З 15 ст. падзяляецца на Ніжнюю (на Пн) і Верхнюю (на Пд) Л., з 1526 у складзе манархіі Габсбургаў, з 1623—35 уладанне курфюрстаў Саксоніі, у 1815 падзелена паміж Прусіяй (б.ч. з г. Гёрліц) і Саксоніяй (ч. Верхняй Л. з Баўцэнам). Нягледзячы на працэс германізацыі (з 18 ст.), сярод слав. насельніцтва пачала фарміравацца нац. самасвядомасць; развівалася лужыцкая л-ра, былі створаны нац. культ.-асв. арг-цыі (Маці Сербская, Дамавіна). У 1935—38 усе лужыцкія арг-цыі і т-вы скасаваны, выкарыстанне лужыцкай мовы ў школах забаронена. У 1949—90 у складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі. У 1950 атрымала культ. аўтаномію (мае ўласнае школьніцтва, друк, у 1945 адноўлена Дамавіна).

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)