адна з двух частак (разам з дэбетам) рахункаў бухгалтарскага ўліку. Звесткі ў рахунках бухгалтарскага ўліку, якія характарызуюць стан сродкаў прадпрыемства, іх крыніц на пачатак і канец справаздачнага перыяду, наз. пачатковымі і канчатковымі астаткамі (сальда). Звычайна ў балансе прадпрыемства склад сродкаў паказваюць у левым баку (актыве), таму і астаткі сродкаў у актыўных рахунках адлюстроўваюць у гэтым баку (дэбеце). Актыўныя рахункі заўсёды маюць дэбетавы астатак, які характарызуе наяўнасць дадзенага віду сродкаў. Стан крыніц сродкаў у балансе паказваецца ў правым баку — пасіве, таму і астатак крыніц сродкаў у пасіўных рахунках адлюстроўваецца ў гэтым баку — К. Пасіўныя рахункі заўсёды маюць крэдытавы астатак, які паказвае наяўнасць дадзенай канкрэтнай крыніцы сродкаў (напр., статутнага, рэзервовага фонду, фонду спец. прызначэння, прыбытку і інш.). У актыўных рахунках дэбет большы за К. або роўны яму; у пасіўных — К. большы за дэбет або роўны яму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКМІ́ЛАН, Мак Мілан (Mac Millan) Кенет (11.12.1929, г. Данфермлін, Вялікабрытанія — 1992), англійскі артыст балета і балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе трупы «Сэдлерс Уэлсбале» (Лондан). У 1946—48 саліст гэтай трупы. З 1950-х г. балетмайстар, у т. л. ў Штутгарцкім балеце, Амер. т-ры балета (Нью-Йорк), Ням.гар. оперы (Зах. Берлін, 1966—69). У 1970—77 дырэктар, з 1977 маст. кіраўнік Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. Паставіў балеты «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1965) і «Манон» на муз. Ж.Маснэ (1974), якія ў яго пастаноўцы ідуць на многіх сцэнах свету. З інш. пастановак: «Канцэртныя танцы» (на муз.), «Агон», «Пацалунак феі» і «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага, «Трыяда» на муз. Пракоф’ева, «Поры года» на муз. Дж.Вердзі, «Гларыяна» на муз. Б.Брытэна, «Сфінкс» Д.Міё, «Маерлінг» на муз. Ф.Ліста, «Канец дня» на муз. М.Равеля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСЕ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміж Месеніяй і Спартай (Стараж. Грэцыя). У выніку 1-й М.в. (канец 8 ст. да н.э.), якую пачала Спарта з мэтай захопу ўрадлівых зямель, Месенія страціла б.ч. сваёй тэрыторыі. Жорсткае спартанскае панаванне падштурхнула месенцаў да паўстання, вядомага як 2-я М.в. (сярэдзіна 7 ст. да н.э.). Больш моцная ў ваен. адносінах Спарта зноў перамагла і захапіла ўсю Месенію; частка насельніцтва перасялілася на Сіцылію, а большасць ператворана ў бяспраўных ілотаў. 3-я М.в. (464—455 да н.э.) фактычна была паўстаннем ілотаў, якія выкарысталі разгубленасць у Спарце ў выніку землетрасення 464, і пачалі ваен. дзеянні. Месенцы замацаваліся на гары Ітома і, нягледзячы на падмогу спартанцам з боку грэч. полісаў, на працягу 10 гадоў паспяхова трымалі абарону. Спартанцы былі вымушаны даць свабодны выхад з Месеніі паўстанцам, якія пасяліліся ў г. Наўпакт (Ц. Грэцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАРАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.Белакуравым, перавыдадзены М.Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас.АН у С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ГАДА (партуг. pagoda ад санскр. свяшчэнны),
будыйскае мемар. збудаванне і сховішча рэліквій. Узніклі ў пач.н.э. ў Кітаі (П. Сун’юэсы на гары Суншань, 520; Даяньта, 652, і Сяаяньта, 707—709, каля г. Сіянь), вядомы ў Карэі (П. Ханмётхап храма Папчонса, 1085; мармуровая П. храма Вангакса, 1464, абедзве ў Сеуле), Японіі (П. храмавых ансамбляў Сітэнодзі ў Наніве, цяпер г. Осака, 593; Харудзі, канец 6 — пач. 7 ст., і Хакедзі, каля 685, абодва каля г. Нара), краінах Паўд.-Усх. Азіі. Маюць форму павільёна ці вежы (часта шмат’яруснай) з квадратным ці 6—8—12-вугольным планам. У якасці буд. матэрыялаў пры ўзвядзенні П. выкарыстоўваюць дрэва (П. манастыра Кафукудзі ў г. Нара), цэглу, камень, метал, фарфор (П. ў Летнім палацы імператара ў Пекіне).
Пагады: фарфоравая ў Летнім палацы імператара ў Пекіне (уверсе) і манастыра Кафукудзі ў г. Нара (Японія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́НЫ,
у беларусаў і інш.слав. народаў сямейна-быт. свята, якім урачыста адзначаецца нараджэнне дзіцяці. У старажытнасці Р. мелі магічнае значэнне — яны павінны былі забяспечыць парадзісе і яе дзіцяці шчасце, здароўе, доўгі век; з’яўляліся святам прыняцця ў грамадства новага прадаўжальніка роду. Пасля прыняцця хрысціянства Р. былі звязаны з абрадам хрышчэння (хрэсьбіны). Бабка-павітуха купала дзіця, потым, трымаючы яго на руках, разам з кумамі абыходзіла 3 разы вакол стала, на якім ляжаў хлеб, які яны за кожным разам цалавалі. Пасля гэтага кумы з нованароджаным адпраўляліся ў царкву. Калі кумы з дзіцем вярталіся — збіраліся госці (толькі жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны), гаспадар запрашаў усіх за стол. Пад канец святочнага абеду падавалі бабіну кашу. Р. суправаджаліся радзіннымі песнямі, рознымі абрадамі. Вял. значэнне на Р. меў абмен падарункамі, ручнікамі, наміткамі, палатном, хлебам. Пашыраны і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-ЖУСТ ((Saint-Just) Луі Антуан Леон дэ) (25.8.1767, г. Дэсіз, Францыя — 28.7.1794),
дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, паплечнік М.Рабесп’ера. Вывучаў права ў Рэймсе. У 1792 выбраны ў Канвент, дзе далучыўся да якабінцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта якабінскай канстытуцыі 1793. Быў членам К-та грамадскага выратавання, гал. абвінаваўцам жырандзістаў, эбертыстаў і дантаністаў. Паводле прапановы С.-Ж. Канвент прыняў 10.10.1793 рашэнне пра стварэнне рэв. ўрада. У якасці камісара Канвента знаходзіўся ў Рэйнскай (канец 1793) і Паўночнай (лета 1794) арміях, садзейнічаў рэарганізацыі рэв.узбр. сіл. Па яго ініцыятыве Канвент прыняў Вантозскія дэкрэты (1794), якія прадугледжвалі канфіскацыю маёмасці ў асоб, прызнаных ворагамі рэвалюцыі, і размеркаванне яе паміж немаёмнымі патрыётамі. У працы «Фрагменты аб рэспубліканскіх установах» (выд. ў 1800) прапанаваў праект арганізацыі грамадства, пабудаванага на прынцыпах бурж. дэмакратыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту пакараны смерцю на гільяціне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКАЗА́ННЕ ПРА СІВІ́ЛУ-ПРАРО́ЧЫЦУ»,
помнік перакладной бел. л-ры. Змешчана ў рукапісным зборніку 16 ст., які належаў бібліятэцы Красінскіх у Варшаве. На старабел. мову перакладзена з чэшскай у 15 — пач. 16 ст. (трапляюцца царкоўнаславянізмы, паланізмы і чэхізмы). Уключае некалькі біблейскіх і апакрыфічных апавяданняў. Пачынаецца сюжэтам пра царыцу краіны Савы (паводле падання, была на Пд Аравіі), якая атаясамліваецца з Сівілай — адной з вандроўных варажбітак у Стараж. Грэцыі, пра яе знаёмства з біблейскім царом Саламонам. Далей змешчаны аб’яднаныя ў адно цэлае прароцтвы Сівілы Саўскай пра нараджэнне і вучэнне Хрыста, пашырэнне хрысціянства, з’яўленне антыхрыста, другі прыход Хрыста і канец свету.
Публ.: Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Карский Е.Ф. Западнорусское сказание о Сивилле-пророчице по рукописи XVI в. // Карский Е.Ф. Тр. по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКІ РАЁН,
на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 47,9 тыс.чал. (1997), гарадскога 46,6%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал на 1 км². Цэнтр раёна — г.Добруш, г.п.Церахоўка, 101 сельскі населены пункт. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Баршчоўскі, Васільеўскі, Вуцеўскі, Дзям’янкаўскі, Дубраўскі, Жгунскі, Івакаўскі, Кармянскі, Кругавец-Калінінскі, Крупецкі, Кузьмініцкі, Ленінскі, Насовіцкі. Пераростаўскі. Рассветаўскі, Усоха-Будскі і Церахоўскі пассавет.
Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня нізінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 172,9 м (каля в. Леніна). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, сапрапелі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,9 °C. Ападкаў 572 мм за год. Вегетацыйны перыяд 193 сут. Рэкі Іпуць (з прытокамі Хорапуць і Няцёша), Вуць і Церуха. Возера Равучае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя. дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 20,8% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і бярозавыя лясы; пад балотамі 3,2% плошчы. На тэр. раёна біял. заказнік Шабрынскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 83,2 тыс.га, з іх асушана 16,2 тыс.га. На 1.1.1997 калгасаў 15, саўгасаў 4. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, цукр. буракі і лён. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно), цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў прам-сці; вытв-сць фарфору. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Гомель—Добруш—Бранск (Расія), чыгунка Гомель—Церахоўка—Бахмач (Украіна). У раёне 1 гімназія, 20 сярэдніх, 3 базавыя і 5 пач., 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча. 28 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 37 б-к. 2 бальніцы, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Санаторый-прафілакторый «Сонечны». Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Вуць; сядзібны дом (канец 19 ст.) у в. Дзям’янкі, Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карма; Троіцкая царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Крупец; царква (канец 19 ст.) у в. Чырвоны Партызан. На сумежжы Беларусі, Украіны і Расіі (за 7 км ад в. Кругавец-Калініна) манумент Дружбы народаў. Выдаецца газ. «Добрушскі край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕДЫКЦІ́НЦЫ,
члены першага ў каталіцкай царкве манаскага ордэна, заснаванага ў 530 у Італіі Бенядзіктам Нурсійскім (адсюль назва). Адыгралі значную ролю ў распаўсюджанні каталіцызму. Статут бенедыкцінцаў патрабаваў сталага жыхарства ў кляштары, паслушэнства, устрымання і беднасці. Абавязковай была праца. У 11—13 ст. бенедыкцінцы актыўна ўдзельнічалі ў місіянерскай дзейнасці каталіцкай царквы на слав. землях і ў Прыбалтыцы. У ВКЛ прыйшлі ў 17 ст. з Польшчы. На Беларусі іх кляштары ў 17—19 ст. існавалі ў Мінску, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Слоніме і інш. Яны мелі свае б-кі, школы, скрыпторыі, дзе перапісваліся кнігі і летапісы. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) кляштары бенедыкцінцаў і інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў аб’яднаны ў бенедыкцінска-цыстэрцыянска-камедула-картузскую кангрэгацыю. Пасля паўстанняў 1830—31 і 1863—64 на Беларусі кляштары бенедыкцінцаў закрыты. У Зах. Еўропе ў 1893 заснавана федэрацыя бенедыкцінцаў. Зараз існуе 18 кангрэгацый бенедыкцінцаў, якія налічваюць каля 10 тыс. манахаў.