РА́МАС-О́РТА (Ramos Horta) Хасэ (н. 26.12.1949, г. Дылі, Усх. Тымор),
палітычны дзеяч Усх. Тымора. Скончыў Оксфардскі (Вялікабрытанія) і Антыяхійскі (ЗША) ун-ты. Удзельнік нац.-вызв. руху супраць партугальскага панавання на Усх. Тыморы. Чл. урада Нар.-Дэмакр. Рэспублікі Усх. Тымор, абвешчанай 28.11.1975. Пасля акупацыі ў снеж. 1975 Усх. Тымора войскамі Інданезіі ў эміграцыі. Міжнар. прадстаўнік усх.-тыморскага супраціўлення. Дамогся прыцягнення ўвагі міжнар. супольніцтва да праблемы Усх. Тымора, да барацьбы супраць інданезійскай акупацыі. Пасля рэферэндуму 1999, які выказаўся за незалежнасць Усх. Тымора, працуе ў адміністрацыі, якая ствараецца там пры дапамозе ААН. Нобелеўская прэмія міру 1996 (з біскупам К.Х.Бела).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРДСАН (Richardson) Оўэн Уіланс (26.4.1879, г. Дзьюсберы, Вялікабрытанія — 15.2.1959),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1913). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900). З 1900 у Кавендышскай лабараторыі, з 1906 у Прынстанскім, з 1914 у Лонданскім ун-тах. Навук. працы па тэрмаэлектроннай эмісіі, электроннай і квантавай тэорыях, магнетызме, спектраскапіі, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў і інш. Адкрыў тэрмаэлектронную эмісію (эфект Р.), устанавіў залежнасць шчыльнасці яе току ад т-ры паверхні металу (1901, формула Р.—Дэшмана). Эксперыментальна праверыў закон максвелаўскага размеркавання малекул па скарасцях (1908) і ўраўненне Эйнштэйна для фотаэфекту (1912). Нобелеўская прэмія 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДАНС (Siddons) Сара (5.7.1755, г. Брэкан, Вялікабрытанія — 8.6.1831),
англійская актрыса; прадстаўніца позняга класіцызму. Сцэн. дзейнасць пачала ў правінцыяльных т-рах. У 1755 у т-ры «Друры-Лейн» (ролі Порцыі і лэдзі Ганны ў п’есах «Венецыянскі купец» і «Рычард ПІ» У.Шэкспіра). У 1776—82 зноў у правінцыяльных т-рах. Роля Ізабелы («Ракавы шлюб» Т.Саутэрна) у т-ры «Друры-Лейн» (1782) прынесла ёй вядомасць як трагічнай актрысы. Выдатная выканаўца жан. вобразаў у п’есах Шэкспіра: лэдзі Макбет («Макбет»), Канстанца («Кароль Джон»), Афелія («Гамлет»), Імагена («Цымбелін»).
Літ.:
История западноевропейского театра. Т. 3. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОТ (Scott) Джордж Гілберт (1811, Гокат, каля г. Бакінгем, Вялікабрытанія, — 27.3.1878),
англійскі архітэктар. З 1868 праф. Лонданскай АМ. У 1873—76 прэзідэнт Каралеўскага ін-та брыт. архітэктараў. Пад уплывам арх. Ш.А.П’юджына-бацькі стаў прыхільнікам кірунку несапраўднай готыкі. Будаўнік і рэстаўратар шматлікіх сабораў, цэркваў, манастыроў і інш.Найб. значныя работы: капэла (1864—69) і б-ка 1642 (рэстаўрацыя) Сент-Джонс-каледжа ў Кембрыджы, ун-т (1864—70, эклектыка) у Глазга, вакзал Сент-Панкрас (1868—74, У.Барла) у Лондане, ратуша (1873) ва Уінчэстэры, сабор Сент-Мэры (1874—79) у Эдынбургу; Мікалайкірхе (1846—63) у Гамбургу (Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІТ (Smith) Майкл (26.4.1932, г. Блэкпул, Вялікабрытанія — 4.10.2000),
канадскі біяхімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (1981), Лонданскага каралеўскага т-ва (1986), замежны чл.Нац.АН ЗША (1996). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (д-р філасофіі, 1956). З 1966 праф. ун-та прав.Брыт. Калумбіі (г. Ванкувер, Канада), у 1987—95 дырэктар створанай ім пры ун-це Лабараторыі біятэхналогій. З 1997 дырэктар Кан. інавацыйнага фонду. Навук. працы ў галіне біятэхналогій. Прапанаваў метад накіраванага мутагенезу пры дапамозе алігануклеатыдаў, што зрабіла магчымым атрыманне малекул бялкоў з неабходнай паслядоўнасцю амінакіслот (бялковая інжынерыя). Нобелеўская прэмія 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РНДАЙК (Thorndik) Сібіл (24.10.1882, г. Гейнсбара, Вялікабрытанія —9.6.1976),
англійская актрыса. Муз. адукацыю атрымала ў школе «Гілдхол-скул», тэатр. — у акадэміі Б.Грыта. На сцэне з 1904. З 1908 выступала ў трупах А.Э.Хорнімен і Ч.Фромана. У 1914, потым у розныя гады працавала ў т-ры «Олд Вік» і інш. т-рах Лондана. Валодала віртуозным акцёрскім майстэрствам, рамантычна прыўзнятым і быт. стылямі ігры. Сярод роляў: лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра), Гекуба («Траянкі» Эўрыпіда), Іакаста («Цар Эдып» Сафокла), Іаана («Святая Іаанна» Б.Шоу) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́ДЖВУД, Веджвуд (Wedgwood) Джазая (12.7.1730, г. Бёрслем, Вялікабрытанія — 3.1.1795), англійскі мастак, прадпрымальнік. З 1752 працаваў у г. Сток-он-Трэнт, з 1759 — у Бёрслеме. У 1769 засн.пас. Этрурыя з фаянсавым з-дам. Вынайшаў і ўдасканаліў высакаякасныя фаянсавыя масы, у т. л. крэмавую, «базальтавую», «яшмавую», з т.зв. каменнай масы (матэрыялу, блізкага да фарфору, але непразрыстага і шчыльнага, матава-блакітнага, светла-зялёнага і чорнага колераў) ствараў, часта з Дж.Флаксменам, класіцыстычныя, строгія па формах посуд, вазы, дэкар. ўстаўкі для мэблі са светлымі рэльефамі ў духу ант. пластыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЕ́МІНГ (Fleming) Александэр (6.8.1881, Локфілд, Вялікабрытанія — 11.3.1955),
англійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1943). Чл. Парыжскай АН (1946). Скончыў мед. школу пры Лонданскім ун-це (1906). У 1908—14 і з 1918 у лонданскім Бактэрыял. ін-це (з 1928 праф., у 1946—54 дырэктар). З 1948 у Лонданскім ун-це (праф. бактэрыялогіі). У 1951—54 рэктар Эдынбургскага ун-та. Навук. працы па імуналогіі, агульнай бактэрыялогіі, хіміятэрапіі, антысептыках, антыбіятычных рэчывах. Адкрыў антыбіятычныя ўласцівасці лізацыму (1922) і пеніцылін (1929). Нобелеўская прэмія 1945 (з Х.У.Флоры і Э.Б.Чэйнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКЛІН (Franklin) Джон (16.4.1786, Спілсбі, Вялікабрытанія — 11.6.1847),
англійскі палярны даследчык, марскі афіцэр. У 1818 удзельнічаў у экспедыцыі Д.Б’юкена, мэтай якой было прайсці з Атлантычнага ак. праз Паўн. полюс у Ціхі акіян. У 1819—22 і 1825—27 кіраваў экспедыцыямі, якія даследавалі паўн. ўзбярэжжа і ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі. У 1845 узначаліў палярную экспедыцыю на суднах «Тэрор» і «Эрэбус» для пошуку Паўночна-Заходняга праходу. Удзельнікі экспедыцыі загінулі. На іх пошукі арганізавана каля 50 экспедыцый, якія зрабілі вял. ўклад у даследаванні Канадскага Арктычнага архіпелага. Імем Ф. названы мыс, горы, заліў і праліў у Паўн. Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЙЛІ (Hailey) Артур (н. 5.4.1920, г. Лутан, Вялікабрытанія),
амерыканскі пісьменнік. Дэбютаваў як сцэнарыст. Аўтар серыі «вытворчых» раманаў з жыцця дзелавой Амерыкі, адметных надзённасцю і дынамічным сюжэтам: «Канчатковы дыягназ» (1959), «Атэль» (1965), «Аэрапорт» (1968), «Мянялы» (1975), «Перагрузка» (1979), «Моцнадзейны сродак» (1984) і інш. У іх праблемы сацыяльна-эканам. арг-цыі грамадства, расавай дыскрымінацыі, існавання чалавека ў святле тэхн. прагрэсу. Вострасюжэтны раман «Вячэрнія навіны» (1990) пра амер. тэлебачанне і інтэрнацыянальны тэрарызм. Большасць яго раманаў трапілі ў лік бестселераў, многія экранізаваны.