вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл.Аўгуст III). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛІ (англ. rally літар. злёт, збор),
комплексныя спаборніцтвы на аўтамабілях (аўтаралі) ці матацыклах (мотаралі) на рэгулярнасць руху па зададзеным маршруце; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграму Р. ўключаюцца таксама дадатковыя скарасныя спаборніцтвы: гонкі па шашы, дарожках іпадрома, участках горных дарог, па фігурным ваджэнні і інш. Звычайна дыстанцыя Р. 1—2 тыс.км, колькасць дадатковых спаборніцтваў 20—40. У Р. выкарыстоўваюцца пераважна серыйныя аўтамабілі з некат. канструктыўнымі зменамі.
Першыя спаборніцтвы тыпу Р. адбыліся ў 1894 па маршруце Парыж—Руан—Парыж. Міжнар. спаборніцтвы «Р. Монтэ-Карла» праводзяцца з 1911. З 1940-х г. Р. найб. пашыраны ў Аўстрыі. Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш. краінах. Найбуйнейшыя міжнар. Р.: — «Парыж—Дакар», «1000 азёр» (у Фінляндыі), «Руская зіма» (у Расіі) і інш. Асабістыя чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1953, першынствы свету — з 1972.
На Беларусі спаборніцтвы па Р. практыкуюцца з 1960-х г. (акрамя 1992—99). Федэрацыя аўтамаб. спорту працуе з 1992. У 1997 У Мінскай вобл. праведзены этап міжнар. Р. «Парыж—Краснаярск» і дадатковая (карусельная) гонка на трасе «Баравая». Штогод адбываюцца рэсп. летнія і зімовыя спаборніцтвы. Гл. таксама Аўтамабільны спорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1859—60 У ІТА́ЛІІ,
адзін з гал. этапаў Рысарджымента; прывяла да ліквідацыі феад.-абсалютысцкіх рэжымаў і стварэння адзінай нац.італьян. дзяржавы. Разгарнулася пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-італа-французскай вайне 1859 і вызвалення Ламбардыі ад аўстр. няволі. Асн. звёны рэвалюцыі: нар. паўстанні 1859 у Цэнтр. Італіі, у выніку якіх скінуты феад.-абсалютысцкія рэжымы ў Модэне, Парме, Таскане і Раманьі, і гэтыя тэрыторыі разам з Ламбардыяй далучаны да Сардзінскага каралеўства ў 1860; рэв. паход «Тысячы» Дж. Гарыбальдзі на Пд Італіі, вынікам якога стала далучэнне тэр.Сіцылій абедзвюх каралеўства да Сардзінскага каралеўства (паводле рэферэндуму 21.10.1860). 17.3.1861 абвешчана адзіная італьян. дзяржава (астатнія тэрыторыі злучыліся з Італіяй: Венецыя ў 1866, Рым з Папскай вобласцю ў 1870). Асн. масу ўдзельнікаў рэвалюцыі складалі гар. нізы, сяляне і дэмакр. інтэлігенцыя. Аднак кіраўніцтва ёю, з прычыны слабасці дэмакратаў-рэспубліканцаў, належала лібералам-манархістам; гэта прадвызначыла незавершанасць распачатых у час рэвалюцыі сац. пераўтварэнняў, аб’яднанне Італіі ў форме канстытуцыйнай манархіі, а не рэспублікі.
Літ.:
Объединение Италии. 100 лет борьбы за независимость и демократию: Сб. ст.М., 1963;
Серова О.В. Горчаков, Кавур и объединение Италии. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛБУ́ХІН Фёдар Іванавіч (16.6.1894, в. Андронікі, цяпер Талбухінскі р-Н Яраслаўскай вобл., Расія — 17.10.1949),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1944). Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў школы прапаршчыкаў (1915), штабной службы (1919), курсы ўдасканалення (1930) і Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У грамадз. вайну на Зах. фронце, у штабе дывізіі, арміі. З 1938 нач. штаба Закаўказскай ваен. акругі. У Вял.Айч. вайну нач. штаба Закаўказскага, Каўк. і Крымскага франтоў, у маі—ліп. 1942 нам.каманд. войскамі Сталінградскай ваен. акругі. З ліп. 1942 каманд. войскамі 57-й і 68-й армій. З сак. 1943 камандаваў войскамі Паўд., з кастр. 1943—4-га Укр., з мая 1944—3-га Укр. франтоў. Войскі на чале з Т. удзельнічалі ў Сталінградскай бітве 1942—43, вызваленні Украіны і Крыма, у Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944, вызваленні Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі і Аўстрыі. З ліп. 1945 галоўнакамандуючы Паўд. групай войск, адначасова Старшыня саюзнай кантрольнай камісіі ў Румыніі і Балгарыі. Са студз. 1947 камандуючы войскамі Закаўказскай ваен. акругі. Узнагароджаны ордэнам «Перамога».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЬЁНІ (Taglioni),
сям’я італьянскіх артыстаў балета, балетмайстраў. Філіпа Т. (5.11.1777, г. Мілан — 11.2.1871), педагог і харэограф-рэфарматар, стваральнік рамант. балета. З 1794 працаваў у т-рах Італіі, Германіі, Аўстрыі, а таксама ў Стакгольме і Парыжы. Сярод паст.: «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера (1832), «Дзева Дуная» (1836) і «Марскі рабаўнік» (1840) А.Адана і інш. Шмат балетаў ставіў для дачкі. Марыя Т. (23.4.1804, Стакгольм — 22.4.1884), дачка Філіпа Т., адна са знакамітых танцоўшчыц эпохі рамантызму. У 1822—47 выступала на сцэне, у 1828—35 вядучая салістка Парыжскай оперы. У 1837—42 выступала ў С.-Пецярбургу. Увяла танец на пуантах, лёгкі сцэн. касцюм. Яе танец вылучаўся адухоўленасцю і грацыёзнасцю. Сярод партый: Сільфіда («Сільфіда»), Наталі («Наталі, ці Швейцарская малочніца» А.Гіраўца), Зюльма («Паўстанне ў сералі» Т.Лабара), Флёр дэ Шан («Дзева Дуная»), графіня Анджэла («Цень» Л.Маўрэра) і інш. Яе творчасць паўплывала на развіццё балетнага мастацтва. Поль Т. (Паала, 1808—1884), сын Філіпа Т., часта выступаў з Марыяй Т. ў гарадах Еўропы; ставіў балеты ў Лондане, Мілане. У 1856—83 балетмайстар Берлінскай оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫ́ТРА (ням. Zither ад грэч. kithara кіфара),
струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае плоскі драўляны корпус накшталт скрынкі ў форме прамавугольніка з адным фігурна выразаным бокам; уздоўж другога боку змешчаны грыф з метал. ладамі, 4—5 метал. струн — меладычныя, астатнія (25—40) — жыльныя, нацягнуты па-за грыфам над дэкай і служаць для акампанементу. Пры ігры кладзецца на калені або на падстаўку. Гук здабываецца з дапамогай плектра, а таксама зашчыпваннем іх пальцамі.
Вядома са старажытнасці. Карысталася папулярнасцю ў Аўстрыі, Германіі (Баварыя), у 19 ст. існавалі суполкі, клубы, акадэміі цытрыстаў. Сярод яе разнавіднасцей: прыма, тэнар, альт, бас.
На Беларусі пашырылася ў 2-й пал. 19 ст. Бытавала сярод музыкантаў-аматараў. Выйшла з ужытку ў пач. 20 ст. У сялянскім муз. побыце выкарыстоўвалася самаробная Ц., канструкцыя якой спалучала элементы стараж.-рус.гусляў і зах.-еўрап. струнна-клавішных інструментаў. На Ц. ігралі на вяселлях, бяседах, ігрышчах (сола ці ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі) і для суправаджэння прыпевак. Сустракалася ў 1930-я г. ў Чэрвеньскім, Стаўбцоўскім (Мінская вобл.), Пастаўскім (Віцебская вобл.) і Навагрудскім (Гродзенская вобл.) р-нах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НСКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́, Украінская уніяцкая царква,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Украіны. Усталявана ў выніку Брэсцкай уніі 1596, паводле якой правасл. царква на тэр. Рэчы Паспалітай прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання, пры захаванні грэка-візант. рытуалаў і традыц. абраднасці. Яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, непасрэдна падпарадкаванай папу рымскаму. Яе вышэйшым кіраўніком з’яўляўся уніяцкі мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі, якому падпарадкоўваліся таксама уніяцкія епархіі Беларусі і Літвы. Пераход ва унію адбываўся паступова, у ходзе барацьбы уніятаў з правасл. царквой, якая ў 1620 аднавіла сваю Кіеўскую мітраполію, а ў 1632 легалізавана ў Рэчы Паспалітай. На Левабярэжнай Украінецарк. унія скасавана ў выніку над.-вызв. вайны 1648—54, але ў 1692 да уніі далучылася Перамышльская епархія, у 1700 — Львоўская, у 1702 — Луцкая. У 18 ст. паскорылася «лацінізацыя» уніяцкай царквы — перайманне насуперак умовам Брэсцкай уніі рымска-каталіцкай абраднасці, што праявілася ў рашэннях Замойскага сабора 1720. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) да Аўстрыі перайшла населеная пераважна ўкраінцамі-уніятамі Галіцыя з уніяцкімі епархіямі Львоўскай і Перамышльскай, часткамі Луцкай і Холмскай (пазней далучаны да Львоўскай і Перамышльскай). Паводле падзелаў 1793 і 1795 да Расіі далучана большасць тэр.Правабярэжнай Украіны. У 1795 Кацярына II скасавала ў Рас. імперыі ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай, кіраўніцтва уніяцкімі прыходамі перайшло да каталіцкай царквы. Павел I у 1798 аднавіў на Валыні Луцкую уніяцкую епархію. У 1828 яна зноў скасавана, прыходы падпарадкаваны Літ. епархіі. Полацкі царкоўны сабор 1839 скасаваў уніяцкую царкву ў Рас. імперыі, у т. л. на Украіне. Улады Аўстрыі ў Галіцыі як процівагу апазіцыйна настроенай мясц. польска-каталіцкай шляхце падтрымлівалі грэка-каталіцкую царкву з яе пераважна ўкр. вернікамі, але паступова ўзмацнялі яе «лацінізацыю». У 1774 адкрыта духоўная семінарыя для уніятаў у Вене, у 1784 — у Львове. У 1782 скасаваны уніяцкія брацтвы Галіцыі. У 1795 львоўскі архіепіскап атрымаў ад аўстр. улад тытул мітрапаліта галіцкага. З 1856 рым. курыя неаднаразова надавала галіцкім мітрапалітам тытулы кардыналаў. У 1-й пал. 20 ст. уніяцкая («Руская») царква Галіцыі складалася з Львоўскай мітрапаліцкай, Перамышльскай і Станіслаўскай епархій. У 1939—42 пад яе кіраўніцтвам дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат. Львоўскі царк. сабор 1946 скасаваў Укр. г.-к.ц. і пастанавіў увайсці ў склад Рус.правасл. царквы, аднак дзейнасць шэрагу уніяцкіх святароў працягвалася ў падполлі і эміграцыі. У час перабудовы уніяцкая царква ў СССР легалізавана (снеж. 1989) і ў 1990-я г. яна цалкам аднавіла сваю дзейнасць у зах. абласцях незалежнай Украіны. Адроджана мітраполія з кафедрай у Львове.
Літ.:
Берестейска унія (1596—1996): Статті й матеріали. Львів, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Варшаўскае княства,
залежная ад Францыі дзяржава ў 1807—15. Утвораная паводле Тыльзіцкага міру 1807 з часткі польск. зямель Прусіі. Пашырана за кошт польскіх зямель, адваяваных польскай арміяй у Аўстрыі ў ходзе Аўстра-французскай вайны 1809 (тэр. з гарадамі Кракаў, Кельцы, Радам, Люблін і Седльцы). Пл. 142 тыс.км², нас. 4,3 млн.чал. (79% палякаў, 8% літоўцаў і беларусаў, 7% яўрэяў, 6% немцаў). Узначальваў саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст, прызначаны франц. імператарам Напалеонам I. Дзейнічала прапанаваная Напалеонам канстытуцыя, паводле якой створаны сейм і дзярж. савет, армія (да 40 тыс.чал.; камандуючы Ю.Панятоўскі), пацверджаны прывілеі шляхты, тэр. герцагства падзелена на 6 дэпартаментаў і 60 паветаў. Дэкрэтам 1807 сяляне вызвалены ад прыгоннай залежнасці, аднак сял. і абшчынныя землі пакінуты ў неад’емнай уласнасці памешчыкаў. Развіваліся здабыча вугалю, металургія і сукнаробства. У 1812 база франц. арміі пры ўварванні ў Расію, у якім удзельнічала польск. армія; пасля правалу паходу Напалеона ў Расію (гл.Вайна 1812) занята рас. войскамі (1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 з б.ч. герцагства ўтворана Каралеўства Польскае, Пазнанскі і Быдгашчцкі дэпартаменты вернуты Прусіі (з іх створана Вял. княства Пазнанскае), Кракаў і яго наваколле сталі «вольным горадам» (гл.Кракаўская рэспубліка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІ́СІМУС (ад лац. generalissimus самы галоўны),
найвышэйшае воінскае званне ва ўзбр. сілах некаторых дзяржаў. Напачатку надавалася як ганаровы тытул галоўнакамандуючаму ўзбр. сіламі краіны або кааліцыі краін (гал. чынам на перыяд вайны), часам асобам з сем’яў царуючых дынастый і дзярж. дзеячам (упершыню нададзены ў 1569 франц. каралём Карлам IX свайму брату герцагу Анжуйскаму, будучаму каралю Генрыху III). Тытул генералісімуса мелі: герцагі Г. дэ Гіз (2-я пал. 16 ст.), А.Рышэлье (1-я пал. 17 ст.), Л.Вілар (1733—34), Ф.Фош (верагодна, з 1918), прынц Л.Кандэ (17 ст.) у Францыі; кн. Р.Мантэкукалі (17 ст.), прынц Яўгеній Савойскі (з 1697), граф Л.Даўн (з 1758), эрцгерцаг Карл (верагодна, у 1809), кн. К.Шварцэнберг (канец 18 — пач. 19 ст.) у Аўстрыі; граф А.Валенштэйн (у Трыццацігадовую вайну 1618—48) у Германіі. У Расіі званне генералісімуса мелі: ваявода А.С.Шэін (у час Азоўскага паходу 1696), кн. А.Д.Меншыкаў (у 1727—29), прынц Антон Ульрых Браўншвейгскі (1740—74), А.В.Сувораў (1799—1800); у СССР І.В.Сталін (з 1945); у Кітаі Чан Кайшы (пасля 1927); у Іспаніі Ф.Франка (пасля 1939).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 16—18 ст.,
войны паміж аўстрыйскімі Габсбургамі і Асманскай імперыяй гал.ч. за паўн. частку Балканскага п-ва і тэр. Венгерскага каралеўства. Паводле мірнага дагавору 1533, якім завяршылася вайна 1532—33, да Аўстрыі адышлі землі на З і ПнЗВенг. каралеўства. У выніку вайны 1540—47Венг. каралеўства было расчлянёна на некалькі частак: зах. і паўн. — пад уладай Габсбургаў, цэнтр. — пад кіраўніцтвам намеснікаў султана і ўсх., дзе правіцелямі былі тур. васалы. Войны 1551—62 і 1566—68 з-за Трансільваніі не прывялі да істотных тэр. змен. Вайна 1592—1606 вызваліла Аўстрыю ад штогадовай даніны тур. султану. Пасля вайны 1660—64тур. войскі выведзены з Трансільваніі, але ўлада султана захавалася. У войнах 1683—99 і 1716—18 Асманская імперыя пацярпела паражэнне ад антытурэцкай кааліцыі (Аўстрыя, Польшча, Венецыя, з 1686 і Расія), панесла буйныя тэр. страты (гл. ў арт.Карлавіцкі кангрэс 1698—99, Пажаравацкія мірныя дагаворы 1718). У выніку вайны 1737—39 Аўстрыя вярнула Турцыі землі ў Сербіі і Валахіі (Бялградскі мір 1.9.1739), пасля вайны 1788—90 (сепаратны Сістаўскі дагавор 1791) усе занятыя Аўстрыяй тэрыторыі, за выключэннем крэпасці Хоцін з акругай, вернуты Турцыі.