1) аркестравы ўдарны самагучальны муз. інструмент. Складаецца з 25—32 храматычна настроеных метал. пласцінак, размешчаных у 2 рады ў пляскатай скрыні; верхні рад адпавядае чорным клавішам фартэпіяна, ніжні — белым. Дыяпазон залежыць ад колькасці пласцінак. Гук здабываецца ўдарамі 2 метал. (радзей драўляных) малаточкаў або пры дапамозе клавіятуры фартэпіяннага тыпу.
2) Стараж. інструмент тыпу малога звона (выш. да 15—20 см). Вядомы ў культавых рытуалах (у краінах Лац.Амерыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, далёкаўсх. рэгіёна) і побыце (пастухоўскім, школьным), у паштовай службе. У Расіі найб. вядомы валдайскія З. (ямшчыцкія, паддужныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Chelidae),
сямейства паўзуноў падатр.бакашыйных чарапах. 10 родаў, больш за 30 відаў. Пашыраны ў рэках і азёрах Паўд.Амерыкі, Аўстраліі, Новай Гвінеі. Найб. вядомыя З.ч.: аўстралійская (Chelodina longicollis), гідрамедузы (Hydromedusa), махрыстая, або матамата (Chelus fimbiriatus). Несапраўдная эмідура, якая жыве ў Паўд.-Зах. Аўстраліі, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 40 см. Характэрна доўгая шыя, якая разам з галавой закладваецца збоку пад панцыр, а не ўцягваецца ўнутр. Панцыр звычайна значна пляскаты. Адкладваюць 15—20 яец. Драпежныя. Некат. — аб’екты палявання (мяса, яйцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУАНАДО́НТЫ (Iguanodontidae),
сямейства вымерлых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў; продкі качканосых дыназаўраў. 5 родаў. Рэшткі вядомы з ніжнемелавых адкладаў Зах. Еўропы, Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыкі, на ЗПаўн.Амерыкі і Аўстраліі.
Памеры да 10 м. Самцы і самкі адрозніваліся памерамі. Маглі хадзіць на 2 і на 4 лапах. Чэрап падоўжаны, з невял. вачніцамі. Зубы двухрадныя, як у сучасных ігуанавых яшчарак. Першы палец кісці ператвораны ў шып і выкарыстоўваўся, верагодна, для збору ежы і абароны. Жылі вял. групамі. Вялі паўводны або водны спосаб жыцця. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКАІ́НАВЫ КУСТ, кока (Erythroxylum coca),
кветкавая расліна сям. какаінавых. Пашыраны ў горных трапічных лясах Паўд.Амерыкі. Культывуецца ў Паўд. Амерыцы і Азіі. Лісце мае ў сабе какаін (да 1,3%) і інш. алкалоіды. З куста здымаюць за год да 5 кг сухога лісця.
Вечназялёны куст выш. да 5 м. Лісце шырокаэліптычнае, суцэльнае. Кветкі па 3—15 у пазухах лісця, дробныя, жаўтавата-белыя. Плод — ярка-чырв. касцянка. Лек. расліна (аказвае танізуючае і мясц. анестэзіруючае ўздзеянне). Пры празмерным карыстанні выклікае залежнасць (какаінізм). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНХО́Э (Kalanchoe),
род сукулентных кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Азіі, Афрыкі і Амерыкі. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць К.: Блосфельда (K. blossfeldiana), лямцавае (K. tomentosa), мармуровае (K. marmorata), Федчанкі (K. fedtschenkoi), трубкакветнае (K. tubiflorum), бехарскае (K. beharensis), Дэгрэмона (K. daigremontianum), перыстае (K. pinnata).
Шматгадовыя вечназялёныя паўкусты з сакаўным супраціўным лісцем. Кветкі чырвоныя, белыя, ружовыя або аранжавыя, сабраныя ў парасонападобнае суквецце. Цвітуць у снеж.—маі. Плод — каробачка. Лек. і дэкар расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БЫ,
група індзейскіх плямён Паўд.Амерыкі (макушы, арэкуна, ваі-ваі і інш.), якія гавораць на мовах карыбскай моўнай сям’і і маюць агульнае паходжанне. Жывуць пераважна ў зоне трапічных лясоў і саваннаў на Пн ад р. Амазонкі (у Венесуэле, Калумбіі, Бразіліі, Гандурасе і інш. краінах). Цэнтрам рассялення К. лічыцца басейн рэк Шынгу і Тапажос, адкуль яны рухаліся на Пн. Займаюцца земляробствам, рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жывуць суседскімі абшчынамі, захаваліся моцныя перажыткі мацярынска-родавых адносін. Рэлігія — племянныя культы. У выніку еўрап. каланізацыі значная частка К. вымерла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДЖ ((Cage) Джон) (5.9.1912, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 12.8.1992),
амерыканскі кампазітар. Чл. Амерыканскай акадэміі мастацтваў і л-ры (1988). Вучань Г.Каўэла, А.Шонберга. Прадстаўнік муз. авангарда. Працаваў у галіне эксперыментальнай музыкі, выкарыстоўваў тэхніку дадэкафоніі, алеаторыку. З дапамогай экзатычных інструментаў узнаўляў рытмічныя і тэмбравыя асаблівасці стараж.муз. мастацтва народаў Усх. Азіі, Паўн. і Паўд.Амерыкі, Афрыкі. Аўтар п’ес для ўдарных інструментаў, фп., «падрыхтаванага фп.», а таксама т.зв. інструментальных відовішчаў. Напісаў кн. «В.Томсан» (1959, у сааўт.), «Цішыня» (1961), «Дзённік» (ч. 3—4, 1967—68), «Натацыі» (1969, у сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМЕРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктанічных працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага інтрузіўнага магматызму ў мезазойскую эру. Папярэднічала альпійскай складкавасці. Вылучаюць 2 фазы К.с.: раннекімерыйскую (старажытнакімерыйскую), што адбывалася ў канцы трыясавага — пачатку юрскага перыядаў, і познакімерыйскую (новакімерыйскую), якая мела месца ў канцы юрскага — пач. мелавога перыядаў. Раннекімерыйская праявілася ў Паўн. Дабруджы, на Таймыры, у Паўн. Афганістане, Паўднёва-Усх. Азіі, Патагонскіх Андах, паўн.-ўсх. Аргенціне, на крайнім Пд Афрыкі; познакімерыйская — на Каўказе, у Верхаяна-Чукоцкай вобл., Цэнтр. Іране, Афганістане, Тыбеце, Зах. Кардыльерах Паўн.Амерыкі, Андах і інш. абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШЫ́НА (Frangula),
род кветкавых раслін сям. крушынавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Паўн.Амерыкі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. ломкая, або вольхападобная (F. alnus), і 4 інтрадукаваныя: К. скальная (F. rupestris), Пурша (F. purshiana), вызубленалістая (F. crenata), каралінская (F. caroliniana).
Лістападныя, зрэдку вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце чаргаванае, простае. Кветкі дробныя, двухполыя ў пазушных паўпарасоніках або пучках. Плод касцянкападобны, сакаўны. Характэрна наяўнасць на адной галінцы кветак, завязі і спелых пладоў. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Дэкар., лек., меданосныя і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫСТАФАРА́НУ ((Cristoforeanu) Флорыка) (28.5.1886, Рымнікул-Сэрат, пав. Бузэў, Румынія — 1.3.1960),
румынская спявачка. Вучылася ў Румыніі, потым у Міланскай кансерваторыі (1904—08). Выступала ў оперных т-рах Італіі, Румыніі, у т-рах аперэты ў Румыніі, Італіі, краінах Паўд.Амерыкі і інш. Валодала голасам рэдкага дыяпазону, выконвала партыі лірычнага і мецца-сапрана: Віялета («Травіята» Дж.Вердзі), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Саламея («Саламея» Р.Штрауса), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Шарлота («Вертэр» Ж.Маснэ). Выканала больш за 100 роляў у аперэтах. Аўтар успамінаў.