1) карэннае насельніцтва (абарыгены) Аўстраліі. У канцы 18 ст. былі расселены па ўсім мацерыку (250—300 тыс.чал.); больш за 500 плямёнаў. У аснове рэлігіі татэмізм і розныя формы магіі, мова — аўстралійская. Еўрап. каланізацыя з канца 18 ст. суправаджалася масавым вынішчэннем і выцясненнем аўстралійцаў у неўрадлівыя раёны ўнутр. Аўстраліі. У 1966 іх захавалася каля 40 тыс.чал. 2) Нацыя (англа-аўстралійцы), асн. насельніцтва Аўстраліі (12,15 млн.чал., 1987). Амаль выключна нашчадкі перасяленцаў з Англіі, Шатландыі і Ірландыі. Гавораць на аўстрал. варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі хрысціяне (англікане, католікі, прэсвітэрыяне, метадысты, баптысты і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс.г. назад (гл.Палеамагнетызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАКУ́РАЎ (Фёдар Пятровіч) (17.2.1900, в. Расказань Саратаўскай вобл., Расія — 15.6.1990),
бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Акад.АН Беларусі (1960; чл.-кар. 1950), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1957), праф. (1943). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1925). З 1948 у БПІ. З 1954 міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларусі. З 1956 гал. вучоны сакратар прэзідыума, у 1969—70 акад.-сакратар Аддз. фіз.-тэхн. навук АН Беларусі. Распрацоўваў пытанні праектавання і буд-ва комплексаў гідратэхн. збудаванняў, механікі тарфяных грунтоў. Кіраўнік распрацовак праектаў амаль 20 буд. комплексаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАГЕНЕ́З (ад грэч. organon прылада, інструмент + ...генез),
утварэнне зачаткаў органаў і іх дыферэнцыроўка ў анта- або філагенез шматклетачных арганізмаў. Амаль ва ўсіх жывёл зародак мае 3 зародкавыя лісткі: эктадэрму, мезадэрму і энтадэрму. У пазваночных з эктадэрмы ўзнікаюць зачаткі ц. н. с., органаў пачуццяў, покрываў, з мезадэрмы — шкілета, мускулатуры, крывяноснай сістэмы, палавых органаў і органаў выдзялення, з эктадэрмы — кішачная трубка, з якой потым утвараюцца зачаткі печані, падстраўнікавай залозы, органаў дыхання. Антагенетычны арганагенез да пэўнай ступені ўзнаўляе філагенетычны. У раслін арганагенез — гэта фарміраванне і развіццё асн. органаў (кораня, сцябла, лісця, кветак) у працэсе антагенезу з мерыстэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬГІ́ЙСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,
буржуазная рэвалюцыя ў бельгійскіх абласцях Нідэрландскага каралеўства. Аб’яднанне Бельгіі з Галандыяй у каралеўства Нідэрланды (паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15) выклікала бельгійска-галандскія эканам., рэліг. і моўныя супярэчнасці. У 1828 бельг. ліберальныя і каталіцкія партыі заключылі часовы саюз і павялі барацьбу за аддзяленне Бельгіі. Ідэя незалежнасці была падтрымана шырокімі масамі. Ліпеньская рэвалюцыя ў Францыі (1830) стала каталізатарам узбр. паўстання ў Бельгіі. Бельгійская рэвалюцыя пачалася 25 жн. ў Бруселі і пашырылася на бельг. правінцыі. У выніку вераснёўскіх баёў амаль уся Бельгія была вызвалена ад галандскіх войскаў. 10.11.1830 бельг.Нац. кангрэс абвясціў незалежнасць Бельгіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗВУ́СІКАВЫЯ НАСЯКО́МЫЯ (Protura),
атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. У сусв. фауне каля 300 відаў, пашыраны амаль усюды. На Беларусі найб. вядомы бязвусечнік еўрапейскі (Eosentomon transitorum). Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілых ствалах дрэў і пнях.
Даўж. 0,5—2 мм, цела членістае, чэрвепадобнае, малочна-белае або жаўтаватае. Ротавы орган сысучы, уцягнуты ў галаўную капсулу (энтагнатызм). Пярэднія грудныя ногі даўжэйшыя за астатнія, накіраваны ўперад, функцыянальна замяняюць вусікі. У пярэдняй частцы брушка рудыментарныя 1—2-членікавыя канечнасці. Лічынкі падобныя да дарослых, пераўтварэнне зводзіцца да павелічэння колькасці брушных сегментаў. Мяркуюць, што бязвусікавыя насякомыя высмоктваюць сокі з ніжэйшых грыбоў, кормяцца расліннымі і жывёльнымі рэшткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТЭ́Я (Althaea),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 12 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўропы і Азіі. На Беларусі інтрадукавана алтэя лекавая (A. officinalis), трапляецца ў культуры і як здзічэлая, алтэя каноплевая (A. cannabina), вырошчваюць у Цэнтр.бат. садзе АН.
Адна- або шматгадовыя расліны. Найб. вядомая алтэя лекавая — шматгадовая травяністая расліна з моцным прамастойным сцяблом выш. да 150 см і тоўстымі мясістымі каранямі. Лісты нераўнамерна-зубчастыя, ніжнія амаль круглыя, верхнія яйцападобныя. Кветкі бледна-ружовыя, пазушныя. Лек., дэкар., тэхн., харч., кармавыя, меданосныя і перганосныя расліны. Карані выкарыстоўваюць як адхарквальны, змякчальны і процізапаленчы сродак («алтэйны корань»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎ (сапр.Марманенка) Рыгор Васілевіч
(23.1.1903, Екацярынбург, Расія — 16.12.1983),
рускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1951). З 1921 акцёр Першага рабочага т-ра Пралеткульта ў Маскве. З 1924 працаваў у кіно як акцёр, асістэнт, сурэжысёр С.Эйзенштэйна (фільмы «Стачка», «Браняносец Пацёмкін»). З 1933 ставіў фільмы самастойна. Стварыў жанр муз.-эксцэнтрычнай камедыі: «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947). З інш. фільмаў: «Сустрэча на Эльбе» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Рускі сувенір» (1960). Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБу Вялікую Айчынную вайну,
кіруючыя камсамольскія органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Пінскі (з 1941), Віцебскі, Магілёўскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Мінскі, Палескі (з 1943). Накіроўвалі дзейнасць падп. 6 міжрайкомаў, 5 міжрайцэнтраў, 13 гаркомаў, Лідскага гаркома-райкома, 189 райкомаў ЛКСМБ, якія аб’ядноўвалі больш за 2500 пярвічных арг-цый у партыз. фарміраваннях, каля 3 тыс.падп. камсамольскіх і 335 маладзёжных антыфаш. арг-цый, амаль 80 тыс. камсамольцаў-партызан і больш за 20 тыс. камсамольцаў-падпольшчыкаў. Некат. абкомы мелі друкаваныя органы (гл. ў арт.Друк падпольны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.