СЕ́ТАН-ТО́МПСАН (Seton-Thompson) Эрнест (14.8.1860, г. Саўт-Шылдс, Вялікабрытанія — 23.10.1946),
канадскі пісьменнік, прыродазнавец, мастак-анімаліст. Скончыў каледж мастацтваў у Таронта (1879), вывучаў выяўл. мастацтва ў Парыжы, Лондане, Нью-Йорку. Падарожнічаў, даследаваў жыццё жывёл. Арганізатар руху следапытаў у Амерыцы. Друкаваўся з 1883. Пісаў на англ. мове. Аўтар больш як 40 кніг пра жывёльны свет, індзейскую і эскімоскую нар. культуру. Вядомасць прынеслі праца «Жыццё дзікіх жывёл» (т. 1—8, 1925—27) і блізкія да навук.-папулярнай л-ры аповесці, апавяданні, нарысы «Дзікія жывёлы, як я іх ведаў» (1898), «Біяграфія грызлі» (1900), «Жыцці тых, на каго палююць» (1901), «Два малыя дзікуны» (1903), «Героі-жывёлы» (1906), «Біяграфія серабрыстага ліса» (1909), «Рольф сярод лясоў» (1911), «Кніга аб лесе» (1912) і інш. Аўтар маст. аўтабіяграфіі «След мастака-натураліста» (1940). Сам ілюстраваў свае кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ПСКІ Аляксандр Іванавіч (16.4.1864, г. Слуцк, Мінскай вобл. — пасля 1907),
бел. і расійскі гісторык і археолаг. Скончыў Мінскую гімназію, Пецярбургскі ун-т (1887). Пад яго рэдакцыяй у Мінску выйшлі «Паўночна-Заходнія календары...» на 1892 і 1893, у якіх змешчаны «Народны каляндар», складзены на аснове нар. прыкмет беларусаў, тэкстаў бел. абрадавых песень, прыказак; апубл. шмат твораў Я.Лучыны на бел. мове. У календары на 1893 змешчаны артыкулы С. «Гісторыя Мінска», «Легенда пра Магілёў». У 1880—90-я г. выступаў у газ. «Минские губернские ведомости», «Минский листок» і інш. з артыкуламі па гісторыі Беларусі, гісторыі рус. л-ры. У арт. «Стары Мінск» (1895) прывёў біягр. звесткі пра В.І.Дуніна-Марцінкевіча, запісаныя ад дачок пісьменніка. З 1893 жыў на Урале; працаваў земскім начальнікам у Пермскай губ. У 1901—05 член Пермскай губ. архіўнай камісіі. Даследаваў пытанні гісторыі культуры і архітэктуры Расіі («Архітэктурныя помнікі Салікамска», 1902: «Падземныя хады Салікамска», 1904; «Да пытання аб маскоўскім і наўгародскім уплыве ў архітэктурных помніках Салікамска і Чэрдыні», 1905).
Тв.:
Изяславль и Туров — рассадники христианства, основанные Владимиром Св. в нынешней Белоруссии. Мн., 1888.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІТ (Smith) Адам (5.6.1723, Керколды, Вялікабрытанія — 17.7.1790),
шатландскі эканаміст і філосаф; класік эканам. навукі. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1737—40) і Оксфарда (1740—46). Праф. логікі (1751), філасофіі (1752—63) ун-та Глазга. Гал. яго праца «Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў» (1776). У аснове вучэння С. было разуменне, што эканам. законы, як і законы прыроды, вызначаюць развіццё грамадства. Адыграў важную ролю ў распрацоўцы тэорыі прац. вартасці. Даказаў, што вартасць стварае не толькі праца ў пэўнай галіне, а ўсякая праца ў кожнай галіне вытв-сці. Упершыню прааналізаваў класавую структуру грамадства; вылучаў 3 класы: землеўладальнікаў, наёмных рабочых і капіталістаў. Распрацаваў тэорыю зямельнай рэнты, у якой нароўні з навук. палажэннямі былі і памылковыя. Супярэчлівай была і яго тэорыя заработнай платы. Абараняў свабодную канкурэнцыю. Лічыў, што функцыі дзяржавы павінны абмяжоўвацца абаронай краіны, барацьбой са злачынствам і ажыццяўленнем тых гасп. мерапрыемстваў у эканам. жыцці, якія не пад сілу прамысл. буржуазіі. Навук. бок вучэння С. значна паўплываў на развіццё паліт. эканоміі ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛІЧ Юрый Карнеевіч (8.7.1900, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 26.8.1976),
украінскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1970). Вучыўся ў Кіеўскім камерцыйным ін-це (1917—18). Друкаваўся з 1917. Пачынальнік прыгодніцкага і навук.-фантаст. жанраў ва ўкр. л-ры: раман «Апошні Эйджавуд» (1926), раман-памфлет «Сорак восем гадзін» (1933), зб.апавяд. «Прыгожыя катастрофы» (1935). Аўтар сатыр. кніг «Паўтара чалавека» (1927), «Фальшывая Мельпамена» (1928), «Па той бок сэрца» (1930), аўтабіягр. трылогіі «Дзяцінства», «Нашы тайны», «Васемнаццацігоддзе» (1936—38). У зб-ках апавяд. і нарысаў «Мірныя людзі», «Бітва» (абодва 1943), раманах «Яны не прайшлі» (1946), «Мы разам былі ў баі» (1948) тэма Вял.Айч. вайны. У кнігах «Пасля вайны» (1947), «Дзень пачынаецца рана» (1950), «Аб добрым у людзях» (з М.Рыльскім, 1965) пасляваен. жыццё, раманы «Світанне над морам» (1953), «Мір хацінам, вайна палацам» (1958), «Раве і стогне Днепр шырокі» (1960) пра грамадз. вайну на Украіне. Аўтар мемуараў «Аповед пра непакой...» (кн. 1—3, 1968—72), п’ес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНДАРТЫЗА́ЦЫЯ,
працэс устанаўлення і выкарыстання стандартаў з мэтай упарадкавання дзейнасці ў пэўнай галіне. Аб’ектамі С. з’яўляюцца сыравіна, прадукцыя, нормы, патрабаванні, метады, тэрміны, адзнакі і г.д., якія маюць тэндэнцыю да шматразовага выкарыстання. Адрозніваюць С. міжнародную, рэгіянальную, нацыянальную, галіновую і суб’ектаў гаспадарання. У міжнароднай С. Маюць права ўдзельнічаць адпаведныя органы ўсіх краін; у рэгіянальнай — адпаведныя органы пэўнага, геагр., паліт. ці эканам. рэгіёна. Нацыянальная С. ўстанаўліваецца ў канкрэтнай краіне; галіновая — у канкрэтнай галіне, суб’ектаў гаспадарання — на канкрэтным прадпрыемстве, установе, фірме і інш.
Дзярж. сістэма С. Рэспублікі Беларусь пачала фарміравацца ў 1922. Яе дзейнасць рэгламентавана Законам Рэспублікі Беларусь «Аб стандартызацыі» (1995). Яе асн. задачы і мэты: гарантыя бяспекі прадукцыі, работ і паслуг для жыцця і здароўя грамадзян і іх маёмасці; канкурэнтаздольнасці бел. тавараў на сусв. рынку; ахова навакольнага асяроддзя; сумяшчальнасць і ўзаемазамяняльнасць прадукцыі, маркіроўкі, адзінства метадаў кантролю; садзейнічанне ўкараненню рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій і г.д. Палітыку ў галіне С. ў рэспубліцы ажыццяўляюць Камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго органы на месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУД БО́ЖЫ»,
старажытны спосаб судовага доказу, які абапіраўся на ўяўленне пра магчымасць удзелу божаства ў вырашэнні спрэчак, якія ўзнікаюць паміж людзьмі. Вядомы законам Хамурапі і Ману законам. Быў засвоены ўсімі варварскімі праўдамі, Рускай праўдай, Законнікам Стафана Душана і інш. Важнейшыя формы «С.б.»: судовы паядынак (на Русі «поле»), у якім яго ўдзельнікі мелі аднолькавыя ўмовы; выпрабаванне агнём: той, хто ачышчаўся ад абвінавачання, або трымаў пэўны час руку ў агні, або праходзіў праз агонь у адной кашулі ці рабіў 9 крокаў з распаленым жалезам у руках, або босымі нагамі ступаў па 9 распаленых сашніках; выпрабаванне вадой: або абвінавачаны павінен быў дастаць з кіпячай вады ў катле які.-н. прадмет, або абвінавачанага звязвалі і апускалі ў ваду, калі ён тануў, лічылася за прыкмету яго праўдзівасці, а калі выплываў — наадварот («нават вада не прымае»); выпрабаванне жэрабем, якое часцей ужывалася пры абвінавачанні ў крадзяжах. У 13—14 ст. «С.б.» актыўна выцясняўся з судаводства, аднак яго перажыткі ў Зах. Еўропе захоўваліся да 17 ст. (асабліва па справах аб вядзьмарстве). Найдаўжэй у практыцы захоўвалася цалаванне крыжа, змацаванае клятвай, і жэрабя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДАРША́Н (Sudarshan) Энакал Чэндзі Джордж (н. 16.9.1931, Палам, каля г. Котаям, Індыя),
індыйскі і амер. фізік-тэарэтык. Чл. Індыйскай нац.АН (1973) і інш.АН Скончыў Мадраскі (Індыя; 1952) і Рочэстэрскі (ЗША; 1958) ун-ты. У 1952—55 у Ін-це фундаментальных даследаванняў у г. Бамбей (Індыя). З 1959 у Гарвардскім, з 1961 у Рочэстэрскім ун-тах. З 1965 праф. Сіракузскага ун-та (штат Нью-Йорк), з 1969 — Тэхаскага ун-та (г. Остын), у 1984—90 дырэктар Ін-та матэм. навук у г. Мадрас. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, квантавай оптыцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі калібровачных палёў. Разам з Р.Ю.Маршаком распрацаваў універсальную тэорыю слабых узаемадзеянняў (1957). Выказаў гіпотэзу аб існаванні тахіёнаў — часціц, што рухаюцца са звышсветлавой скорасцю (1962). Сфармуляваў аптычную тэарэму эквівалентнасці (1963).
Тв.:
Рус.пер. — Введение в физику элементарных частиц М., 1962 (разам з Р.Маршаком);
Основы квантовой оптики. М., 1970 (разам з Дж.Клаўдэрам);
Частицы за световым барьером (разам з О.Біланюком) // Эйнштейновский сб., 1973. М., 1974;
Doubt and Certainty. Cambridge, 1999 (разам з Т.Ротманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТВО́РЧЫ САЮ́З,
грамадскае аб’яднанне творчых работнікаў, якія сваімі дасягненнямі зрабілі ўклад у развіццё культуры, мастацтва і інш.культ. творчай дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь ствараецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку на аснове агульнасці інтарэсаў яго членаў у пэўным відзе творчай дзейнасці для задавальнення іх духоўных або інш. нематэрыяльных патрэб. Прававымі крыніцамі Т.с. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб творчых саюзах і творчых работніках» ад 16.12.1999 і інш. заканадаўчыя акты. Членамі (удзельнікамі) Т.с. могуць быць фіз. асобы, якія займаюцца культ. творчай дзейнасцю або прадстаўляюць пэўную творчую прафесію. Умовы і парадак прыёму ў члены Т.с. вызначаюцца статутам Т.с. Ствараюцца і дзейнічаюць Т.с. на прынцыпах добраахвотнасці, незалежнасці, самакіравання і галоснасці, яны незалежныя ў сваёй дзейнасці ад паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў. Дзяржава рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы культурнай творчай дзейнасці, садзейнічае стварэнню спрыяльных умоў для забеспячэння і папулярызацыі дзейнасці Т.с., пашырэнню іх міжнар. сувязей. Найб. вядомыя і масавыя бел. Т.с.: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Саюз кампазітараў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі, Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, Саюз журналістаў Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФІ́МАЎ Яўсей Рыгоравіч.(15.2.1886, в. Хатоўня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.1.1970), бел.паліт. дзеяч. З 1901 працаваў у паштова-тэлегр. установах Бабруйска, Гомеля, Міра, Мінска. З 1914 у Адэсе. Удзельнічаў у грамадска-паліт. і культ.-асв. рабоце сярод беларусаў-бежанцаў і салдат Румынскага фронту. З вер. 1919 у Мінску, адзін з лідэраў і чл.ЦКБеларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1919—20 заг. інструктарска-арганізац. аддзела Часовага Бел.нац.к-та ў Мінску. Прыхільнік супрацоўніцтва БПС-Р з РКП(б) і КП(б)Б. Як прадстаўнік ЦК БПС-Р, якая выступала за дзярж. цэласнасць Беларусі ў этнагр. межах, адмовіўся падпісаць Дэкларацыю аб 2-м абвяшчэнні ССРБ 31.7.1920, выключаны са складу Ваенна-рэв.к-таБССР. Працаваў у органах спажывецкай і с.-г. кааперацыі, заг.фін. аддзелаў у Мінску. У 1924—30 кіраўнік крэдытна-планавага аддзела Сельсаюзбанка. 12.2.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», паводле пастановы Калегіі АДПУСССР ад 10.4.1931 высланы ў г. Сарапул (Удмурцкая Рэспубліка, Расія). З 1935 жыў і працаваў у г. Іжэўск, з 1961 у Ленінградзе. Рэабілітаваны ў 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦЯЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА,
юрыдычны і паліт. акт, прыняты Радай Беларускай Народнай Рэспублікі (Радай БНР) 25.3.1918 у Мінску пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Прынята па ініцыятыве прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады на чале з А.І.Луцкевічам большасцю галасоў. Пры галасаванні ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўр.сацыяліст. рабочай партыі, ЯСДРП (Паалей Цыёна) і рас. сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з Рады БНР. Трэцяй Устаўнай граматай Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнаю і вольнаю дзяржавай, скасоўваліся старыя дзярж. сувязі; Народнаму сакратарыяту Беларусі даручалася прапанаваць усім зацікаўленым бакам перагледзець тую частку Брэсцкага міру 1918, што датычыла Беларусі, самастойна падпісаць мірны дагавор з дзяржавамі, якія ваявалі. Аб будучых дзярж. сувязях павінны былі вырашыць самі народы Беларусі ў асобе Устаноўчага сойма. Называліся канкрэтныя тэрыторыі, якія павінны ўвайсці ў склад БНР: Магілёўшчына, бел. часткі Міншчыны і Віцебшчыны, Гродзеншчыны (з гарадамі Гродна і Беласток), Віленшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губ., заселеных беларусамі (меліся на ўвазе Сувалкаўская і Ковенская губ.). У грамаце пацвярджаліся правы і свабоды грамадзян, гарантаваныя Другой Устаўнай граматай.
А.М.Сідарэвіч.
Трэцяя Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.