вёска ў Навадворскім с/с Мінскага р-на. За 4 км на Пд ад Мінска, 1 км ад чыг. ст. Асееўка. 7791 ж. (1997).
Вядома з 16 ст. ў складзе Мінскага пав.ВКЛ. З 1567 уладанне М.Служкі, з 1600 цэнтр маёнтка. У 1791 уласнасць Мінскага кляштара бернардзінцаў. 123 дымы, 3 карчмы. Пасля далучэння да Расіі (1793) у складзе Мінскай губ. У 1870 вёска Самахвалавіцкай воласці, 315 ж., 50 двароў; у 1897 — 450 ж., 77 двароў, нар. вучылішча, жаночая царкоўнапрыходская школа, Святадухаўская царква. У 1919 акупіравана польск. войскамі. У гэты час у вёсцы і наваколлі дзейнічаў партыз. атрад пад камандаваннем І.В.Маслыкі. З 1924 у Самахвалавіцкім р-не, у 1931—34 у адм. падпарадкаванні Мінскага гар. Савета, з 1935 у Мінскім р-не. Да 1927 і ў 1954—59 цэнтр сельсавета.
Акцыянернае т-ва Мінскага вытв. гарбарнага аб’яднання, Мінскія з-ды другаснай перапрацоўкі чорных і каляровых металаў, раённае аб’яднанне сельгасхіміі. Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРТ,
расійскія артысты балета, педагогі.
Павел (Павел Фрыдрых) Андрэевіч (4.12.1844, в. Валынкіна, каля С.-Пецярбурга — 12.8.1917). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1864). У 1880—1904 выкладаў у ім. У 1860—1916 у Марыінскім т-ры; адзін з лепшых класічных танцоўшчыкаў пецярбургскай сцэны. Валодаў свабодным шырокім жэстам, пластычнай і мімічнай выразнасцю. Стварыў галерэю розных па характары вобразаў — напружана драматычных, лірыка-рамант. і востракамедыйных. Паставіў шэраг спектакляў. Сярод вучняў: Г.Паўлава, Т.Карсавіна, А.Ваганава, М.Фокін, В.Ціхаміраў.
Лізавета Паўлаўна (29.4.1891, С.-Пецярбург — 6.11.1975), засл. дз. маст.Расіі (1951). Дачка Паўла Андрэевіча. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1908). У 1908—28 у Марыінскім т-ры. Яе пластычны, дасканалы па форме танец стаў у 1920-я г. эталонам акад. балетнай культуры. Сярод партый: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Нікія («Баядэрка» Л.Мінкуса), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Мірта («Жызэль» А.Адана). Выкладала ў харэагр. вучылішчы і т-ры оперы і балета ў Ленінградзе (1927—34), у харэагр. вучылішчы (1935—60) і Вял. т-ры (з 1935) у Маскве. Сярод вучаніц: А.Шэлест, М.Плісецкая, В.Стручкова, В.Боўт, К.Максімава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА,
навука пра глебы, іх склад, уласцівасці, паходжанне, развіццё, геагр. пашырэнне, рацыянальнае выкарыстанне.
Як навука пачала развівацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Германіі, калі з’явіліся тэорыі гумуснага (А.Тэер) і мінер. (Ю.Лібіх) жыўлення раслін. Генетычны і агранамічны кірункі глебазнаўства атрымала ў Расіі ў 2-й пал. 19 ст. ў працах В.В.Дакучаева, П.А.Костычава, В.Р.Вільямса і інш.
На Беларусі даследаванні па глебазнаўству пачаліся ў сярэдзіне 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Вядуцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1969 каардынатар работ па вывучэнні глеб Беларусі), а таксама на кафедрах глебазнаўства БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-та. Развіццю навук. глебазнаўства садзейнічалі працы І.С.Лупіновіча, П.П.Рагавога, А.Р.Мядзведзева, М.П.Булгакава, У.М.Пілько, С.Н.Іванова, Т.Н.Кулакоўскай, Т.А.Раманавай, І.М.Багдзевіча, М.І.Смяяна і інш. Складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы с.-г. угоддзяў кожнай гаспадаркі, адм. раёна і вобласці Беларусі. Праведзена баніціроўка глеб, складзены карты глебава-геаграфічнага раянавання і глебава-эразійныя карты. Вядзецца маніторынг змены асн. уласцівасцей глеб з мэтай распрацоўкі прагнозу іх рацыянальнага выкарыстання, у т. л. глеб, забруджаных радыенуклідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН (Аляксандр Сцяпанавіч) (сапр.Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),
рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980;
Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.
Літ.:
Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личность, творчество. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл.Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (11.9.1894, г.п. Сосніца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1956),
украінскі і расійскі кінарэжысёр, пісьменнік. Засл. дз. маст. Украіны (1939), нар.арт.Расіі (1950). Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1914). Вучыўся ва Укр. акадэміі мастацтва ў Кіеве (1917—19). У 1926—28 працаваў на Адэскай кінафабрыцы, у 1929—41 — на Кіеўскай студыі маст. фільмаў (з 1957 носіць яго імя), з 1946 — на «Масфільме». Сярод фільмаў: «Сумка дыпкур’ера» (1927), «Звянігара» (1928), «Арсенал» (1929), «Зямля» (1930), «Іван» (1932), «Аэраград» (1935), «Шчорс» (1939), «Мічурын» (1949); дакумент. «Бітва за нашу Савецкую Украіну» (1943) і «Перамога на Правабярэжнай Украіне» (1945, разам з Ю.Сонцавай). Фільмы Д. філасофскія, рамантычна прыўзнятыя, паэтычныя, з метафарычнасцю кінамовы, блізкія да традыцый укр. фальклору. Аўтар апавяданняў («Маці», «Перад боем», «Перамога» і інш.), аўтабіягр. аповесці «Зачараваная Дзясна» (выд. 1957), кінааповесцей «Аповесць палымяных гадоў» (1944—45), «Паэма пра мора» (1956). Ленінская прэмія 1959 (пасмяротна), Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВІН (Гаўрыла Раманавіч) (14.7.1743, в. Кармачы ці в. Сакуры Лаішаўскага р-на, Татарстан — 20.7.1816),
рускі паэт. Вучыўся ў Казанскай гімназіі (1759—62). Друкаваўся з 1773. З пазіцый асветнага абсалютызму ўслаўляў веліч і дзярж. моц Расіі, рус. палкаводцаў, гераізм салдат (оды «На ўзяцце Ізмаіла», «На пераход Альпійскіх гор»). Выказваў спачуванне народу, выкрываў злоўжыванні царскай адміністрацыі, саноўных вяльможаў (оды «Феліца», 1783, «Уладарам і суддзям», 3-я рэд. 1787, «Вяльможа», 1798). У вершах — аўтабіяграфізм, канкрэтнасць і пластычнасць вобразаў, быт. і пейзажныя замалёўкі (оды «На смерць князя Мяшчэрскага», 1779, «Бог», 1784, «Вадаспад», 1798). Дыяпазон оды пашырыў ад дыфірамба да песні, спалучаў у адным творы элементы оды і сатыры, філас. роздумы і асабістыя прызнанні («Ручай», «Ластаўка», «Яўгену. Жыццё званскае»). У 1790-я г. пераважала анакрэантычная лірыка (зб. «Анакрэантычныя песні», 1801). У апошнія гады жыцця звяртаўся да драматургіі. Паэзія Дз. — пераходная ступень у развіцці рус. л-ры ад класіцызму М.Ламаносава да рэалізму А.Пушкіна. У 1793—94, 1799 і 1800 быў на Беларусі (Віцебск, Шклоў, Лёзна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКА́РСКІ ДВОРу Маскве,
найбуйнейшая рас. друкарня ў 16 — пач. 20 ст.; першая дзярж. друкарня ў Расіі. Засн. каля 1563 пры падтрымцы цара Івана IV Грознага і мітрапаліта Макарыя на тэр. Кітай-горада ў старой ч. Масквы (раён Нікольскай вуліцы). Тут былі надрукаваны першыя рас. кнігі «Апостал» (1564), «Часоўнік» (1565, абедзве выдадзены ўраджэнцамі Беларусі І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам), «Псалтыр» (1568, друкары Андронік Цімафееў Нявежа і Нічыпар Тарасіеў). Пасля 1568 да 1587 кнігі часова друкаваліся ў Аляксандраўскай слабадзе (сучасны г. Аляксандраў Уладзімірскай вобл.). Пасля пажару 1611 на тым самым месцы пабудаваны новы Д.д. (дзейнічаў з 1614); у 1645 і 1679 ён перабудаваны. У 17 ст. на Д.д. (з канца 17 ст.наз. друкарняй) выдадзена больш за 500 кніг (сярэдні тыраж кнігі каля 1200 экз.), пераважна рэліг. зместу; сярод свецкіх кніг была «Граматыка» (1648) ураджэнца Беларусі М.Сматрыцкага. У 1712 частка станкоў перавезена ў Пецярбург. У 1721 друкарня перададзена Сіноду і перайменавана ў Маскоўскую сінадальную друкарню (існавала да 1917).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАГА́РДЗІ (De la Gardie),
сям’я шведскіх ваен. і паліт. дзеячаў. Понтус (1520—5.11.1585). Француз па паходжанні. Барон, маршал (1582). Служыў у дацкім войску. У 1565 трапіў у шведскі палон і перайшоў на службу да караля Эрыка XIV, потым — Юхана III Вазы. З 1580 удзельнічаў у вайне з Расіяй, вёў мірныя перагаворы. Якаб Понтус (20.6.1585, Талін — 12.8.1652), сын Понтуса. Граф (1615), маршал (1620). Удзельнік польск. і швед. інтэрвенцыі ў пач. 17 ст. ў Расію, заключэння Сталбоўскага міру 1617, вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай 1617—29. З 1619 швед. намесніку Рэвелі (цяпер Талін), з 1622 ген.-губернатар Ліфляндыі. У 1632—44 чл. рэгенцкага савета пры непаўналетняй каралеве Крысціне. Магнус Габрыэль (15.10.1622—26.4.1686), сын Якаба Понтуса. Граф, швагер (брат жонкі) Карла X Густава. Маршал і вял. канцлер (1660). Фаварыт каралевы Крысціны. У 1654—60 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў швед. армію ў Інфлянтах, Літве і Беларусі. Вёў перагаворы пра заключэнне Аліўскага міру 1660. Садзейнічаў развязванню вайны з Прусіяй, якая скончылася ў 1675 паражэннем Швецыі. За няўмелае кіраўніцтва арміяй адхілены ад пасады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ (Канстанцін Міхайлавіч) (17.2.1837, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 26.11.1896),
бел. вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік. З роду Ельскіх. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Адзін з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 на Украіне, у 1863 эмігрыраваў за мяжу. З 1865 у Франц. Гвіяне, з 1869 у Перу, вывучаў фауну гэтых краін. Удзельнічаў у стварэнні (1875) і дзейнасці (да 1879 хавальнік) прыродазнаўчага музея ў Ліме. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. Удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, дасылаў сабраныя калекцыі насякомых, раслін, чучалы птушак, у музеі Еўропы. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. З 1880 у Кракаве: хавальнік прыродазнаўчых калекцый АН. У гонар вучонага названы адзін від лаўра — Ocotea Jelscii і некат. віды птушак і звяроў. Аўтар даследавання «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з’яў» і кнігі «Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» (1898).
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;