ОТАНЕЎРАЛО́ГІЯ (ад грэч. us, otos вуха + neuron жыла, нерв + ...логія),
отарыналарынганеўралогія, раздзел отарыналарынгалогіі, які вывучае функцыі нюхальнага, смакавага, вестыбулярнага і слыхавога аналізатараў у норме і пры захворваннях ЛОР-органаў і галаўнога мозга. Пачала развівацца з сярэдзіны 20 ст. на базе нейрахірургіі.
На Беларусі аддзяленне О. сфарміравана ў 1954 на базе НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Вывучаюцца пытанні ранняй дыягностыкі пухлін слыхавога нерва, гломусных пухлін сярэдняга вуха і асновы чэрапа, хвароб унутр. вуха (напр., Меньера хвароба, вестыбулярны нейраніт); ствараюцца новыя дыягнастычныя методыкі (І.А.Склют і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],
папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам.дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б.інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА-ДЭ-ДЭ (франц. pas de deux літар. танец удваіх),
музычна-танцавальная форма пераважна ў класічным балеце. Першапачаткова — танец 2 выканаўцаў, які дэманстраваў іх майстэрства і грацыёзнасць. Класічная форма пачала складвацца ў эпоху рамантызму і была звязана з паяўленнем новых сцэн. герояў, абмалёўка вобразаў якіх патрабавала больш складанай тэхнікі. У 2-й пал. 19 ст. склалася канчатковая структура — выхад выканаўцаў (антрэ), адажыо (дуэтны танец у павольным тэмпе), варыяцыі (сола) танцоўшчыка і танцоўшчыцы, сумесная кода (заключная частка). Класічныя ўзоры па-дэ-дэ стварылі М.Петыпа («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), у сучасным балеце — В.Вайнонен («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), І.В.Псота («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЎТРЫМА́ННЕ,
у цывільным праве дагавор адчужэння жылога дома (кватэры) з умовай пажыццёвага ўтрымання яго ўладальніка. Паводле гэтага дагавора адзін бок (набытчык) абавязваецца прадаставіць другому боку, які з’яўляецца непрацаздольным па ўзросце або па стане здароўя (адчужальнік), пажыццёвае матэрыяльнае забеспячэнне ў натуры (у выглядзе жылля, харчавання, догляду і неабходнай дапамогі), а адчужальнік — перадаць ва ўласнасць набытчыка жылы дом (кватэру). Дагавор складаецца ў адпаведнасці з правіламі, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Дагавор можа быць скасаваны па патрабаванні адчужальніка ў выпадку невыканання набытчыкам прынятых на сябе абавязацельстваў ці па патрабаванні набытчыка, калі яго матэрыяльнае становішча пагоршылася па незалежных ад яго абставінах і ён не можа прадаставіць адчужальніку абумоўленае ўтрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́Ру музыцы, тактавы памер,
колькасная характарыстыка тактавага метра; паказвае колькасць рытмічных адзінак (доляў) у такце. Абазначаецца дробам без рыскі ў пачатку твора або пры змене метра: лічнік — колькасць метрычных доляў у такце, назоўнік — рытмічная (часавая) працягласць долі.
Асн. памеры — простыя (2/2; 2/4; 3/2; 3/4; 3/8), з якіх шляхам іх злучэння ўтвараюцца складаныя 2- і 3-дольныя (4/4 або C; 6/4; 6/8; 9/4; 12/8) і мяшаныя, утвораныя злучэннем неаднатыпных простых П. (5/4; 7/4; 7/8; 11/4). Пры чаргаванні тактаў з рознай метрычнай арганізацыяй узнікае пераменны П., які можа быць перыядычны (з раўнамерным чаргаваннем тактаў) і свабодны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ,
участак прыроднага ці культ. ландшафту, які абрамляе гіст. помнік ці арганізаваны на месцы гіст. падзеі. Ствараецца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску); прысвячаецца значным гіст. падзеям: вызваленню, перамозе, юбілею і інш. (паркі Перамогі ў Мінску, С.-Пецярбургу, Трэптаў-парк у Берліне, парк Міру ў г. Нагасакі, Японія і інш.). У П.м. змешанага тыпу (гіст., мемарыяльна-этнагр., парк з музеямі і экспазіцыямі на адкрытым паветры) размяшчаюцца мемарыялы і збудаванні, якія па часе могуць адносіцца да розных гіст. падзей. Пры стварэнні П.м. выкарыстоўваюць сродкі і метады ландшафтнай архітэктуры.
Т.П.Вадап’янава.
Да арт.Парк мемарыяльны. Фрагмент парку імя Я.Купалы ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫСТА́ЛЬТЫКА (ад грэч. peristaltikos які ахоплівае, сціскае),
скарачэнні сценак полых органаў (стрававода, страўніка, кішэчніка), якія хвалепадобна распаўсюджваюцца і ў норме садзейнічаюць перамяшчэнню змесціва да выхадной адтуліны. Перыстальтычныя рухі адбываюцца ў выніку каардынацыйнай дзейнасці падоўжнага і кальцавога слаёў мышцаў. У чалавека П. страўніка 2—3, дванаццаціперснай кішкі — 10—12 хваляў за мінуту. Рэгулюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай, ц. н. с. і гумаральнымі фактарамі. На П. ўплываюць фіз. і хім. ўласцівасці ежы. Антыперыстальтыка — рух хвалі скарачэнняў у процілеглым напрамку (да ротавай адтуліны). Для тоўстага кішэчніка з’яўляецца фізіял. уласцівасцю (забяспечвае затрымку змесціва, паляпшэнне ўсмоктвання вады і электралітаў). Узнікае таксама з прычыны паталогіі (напр., спайкі) і пры рвоце. Перыстальтычныя рухі ўласцівы целу кольчатых чарвей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ПЫ (Pipinae),
падсямейства бясхвостых земнаводных падатр. без’языкіх. 1 род (Pipa), 6 відаў. Пашыраны ў тропіках Паўд. Амерыкі. Жывуць у прэсных вадаёмах і каля іх.
Даўж. да 20 см; самкі буйнейшыя за самцоў. Цела шырокае, пляскатае. Морда завостраная. Вочы без павекаў. Пярэднія ногі з 4 доўгімі пальцамі без плавальных перапонак, заднія даўжэйшыя, з 5 пальцамі, злучанымі пераполкай. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Размнажэнне найб. вывучана у П. сурынамскай: яйцы (да 114) з дапамогай самца трапляюць у ячэйкі яйцаклада, які самка выварочвае сабе на спіну. Ячэйкі глыб. да 15 мм прыкрыты скурыстымі вечкамі, пад якімі ідзе развіццё яец і фарміраванне апалонікаў, пасля чаго з ячэек выходзяць сфарміраваныя жабяняты, а самка ліняе, мяняючы скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТЭ́АС (Pytheas),
Піфей (4 ст. да н.э.), старажытнагрэчаскі мараплавец, астраном, матэматык і географ. Нарадзіўся ў грэч. калоніі Масалія (цяпер г. Марсель, Францыя). Паміж 350 і 320 да н.э. праплыў з Масаліі праз Гібралтарскі праліў уздоўж. зах. і паўн. берагоў Еўропы. Адкрыў а-вы Зеландыя, Вялікабрытанія і Ірландыя, п-вы Брэтань і Скандынаўскі, моры Паўн. і Ірландскае, праліў Катэгат і Біскайскі заліў, апісаў прыроду і насельніцтва в-ва Вялікабрытанія, які назваў Брытаніяй. Вызначыў сувязь паміж рухам Месяца і прыліўна-адліўнымі з’явамі акіяна, вылічыў нахіл плоскасці экліптыкі да плоскасці нябеснага экватара.
Літ.:
Авадяева Е.Н., Зданович Л.И. 100 великих мореплавателей. М., 1999;
Верн Ж. Проклятое золото: Пер. с фр. Гродно, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́Ф (Piaf) Эдзіт [сапр.Гасьён (Gassion) Эдзіт Джавана; 19.12.1915, Парыж — 11.10.1963], французская эстрадная спявачка-шансанье. З 1930 выступала ў кабарэ і эстрадных т-рах, з 1956 у т-ры «Алімпія» ў Парыжы. Валодала багатым адценнямі голасам. Яе выканальніцкую манеру вылучалі экспрэсія ў спалучэнні з прастатой. Стварыла лірычную песню-споведзь, працягвала традыцыю стылю «песнь франц. вуліцы», у які прыўнесла трагічныя матывы, была аўтарам многіх з іх. Знялася ў фільмах «Безыменная зорка», «Парыж працягвае спяваць», «Фрэнчканкан» і інш. Аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — На балу удачи. М., 1965;
Книга о себе // Театр. 1965. №1—5.
Лит.: Берто С. Эдит Пиаф: Пер с фр.М., 1991; Дюкло П., Мартен Ж Эдит Пиаф: Пер. с фр. Смоленск, 1997.