РЫНХАСПАРЫЁЗ, аблямаваная плямістасць,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рынхаспорый. Пашкоджвае ячмень, азімае жыта, пырнік паўзучы, цімафееўку лугавую, райграсы, каласнец безасцюковы, купкоўку зборную і інш. Праяўляецца ў выглядзе авальных або няправільнай формы шэра-зялёных з цёмна-бурай аблямоўкай плям на лісці і лісцевых похвах раслін, у халаднаватае дажджлівае лета — і на зерні. У хворых раслін памяншаецца асіміляцыйная паверхня лісця, парушаецца водны баланс, зніжаецца ўраджай і пагаршаецца яго якасць. У гады пашырэння Р. недабор зерня дасягае 15%.
т. 13, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КВІІ царкоўныя, прадметы рэліг. пакланення, якія звязваюцца з жыццём Хрыста, Багародзіцы ці святых. Да Р. адносяць таксама мошчы. Ушанаванне Р. узыходзіць да першабытных вераванняў (гл. Фетышызм). Царквой Р. прыпісваецца цудадзейная сіла (вылячэнне і інш.). Найб. культ Р. распаўсюджаны ў каталіцызме. У каталіцкіх храмах і кляштарах захоўваюць рэшткі адзення Хрыста, кавалачкі «крыжа, на якім ён быў распяты», цвікі, «якімі яго прыбівалі да крыжа», і інш. Храмы і кляштары, якія валодаюць Р., асабліва ўшаноўваюцца і прыцягваюць шматлікіх паломнікаў.
т. 14, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНАПРУ́ЖАНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
жалезабетонныя канструкцыі, у якіх узнікае напружаны стан у працэсе цвярдзення бетону, прыгатаванага з т.зв. напружвальных (расшыральных) цэментаў; разнавіднасць папярэдненапружаных канструкцый.
Пры цвярдзенні спецыяльна прыгатаванага бетону адбываецца яго аб’ёмнае расшырэнне, напружваецца ўся арматура, жалезабетон самаўшчыльняецца і набывае значную трываласць (на 25—30% большую, чым пры цвярдзенні без арматуры), вільгаце- і газанепранікальнасць. Пры вырабе С.к. на з-дах іх падвяргаюць цеплавільготнаснай апрацоўцы. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве напорных труб, рэзервуараў, элементаў дарожных і аэрадромных пакрыццяў, тунэляў, гідратэхн. збудаванняў.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТАВО́Е РАЯНАВА́ННЕ,
замацаванне найб. прадукцыйных і каштоўных сартоў за пэўным рэгіёнам з улікам яго глебава-кліматычных умоў. Раянаваныя сарты ўключаюцца ў Дзярж. рэестр (банк даных пра сарты і дрэвава-кустовыя пароды) па выніках сортавыпрабавання. Улічваюць ураджайнасць, біял. асаблівасці, зіма- і хваробаўстойлівасць, скараспеласць, прыдатнасць да механізаванай уборкі, харч., тэхнал., кармавыя і інш. якасці сорту ці гібрыда. У Дзярж. рэестр у 1998—2000 упершыню ўключана 86 сартоў (з іх 20 бел. селекцыі); усяго 879 сартоў (2001).
З.А.Казлоўская.
т. 14, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З АБАРО́НЫ РАДЗІ́МЫ І СВАБО́ДЫ»,
падпольная афіцэрская арг-цыя ў Расіі ў 1918; мела на мэце скінуць сав. ўладу і ўстанавіць у краіне ваен. дыктатуру. Засн. ў Маскве ў сак. 1918, кіраўнік — Б.В.Савінкаў. Меў аддзяленні ў Казані, Яраслаўлі і інш. гарадах. Саюз фінансаваўся Антантай. Арышты яго членаў органамі ВЧК у маі 1918 сарвалі выступленні ў Маскве і Казані. Аднак у ліп. 1918 саюз узняў антысав. мяцяжы ў Яраслаўлі, Рыбінску, Мураме, Ялацьме. Пасля іх разгрому спыніў існаванне.
т. 14, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАДЭШЫ́ (санскр. — свая вытворчасць),
адна з форм нац.-вызв. барацьбы ў Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Узнікла як барацьба ў абарону мясц. вытворчасці, што цярпела з-за канкурэнцыі англ. тавараў; асноўная яе форма — адмова набываць англ. тавары. У 1906 лозунг С. быў высунуты Індыйскім нацыянальным кангрэсам як яго праграмнае патрабаванне. Найб. ўздым кампанія С. набыла ў 1905—08, лозунг С. часта выкарыстоўваў М.К.Гандзі ў ходзе кампаній сат’яграхі ў 1920—30-я г.
т. 14, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРЦАЎ (Мікалай Аляксеевіч) (5.11.1827, г. Варонеж, Расія — 7.2.1885),
расійскі заолаг, зоагеограф і падарожнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1846). У 1857—79 даследаваў Сярэднюю Азію. Вывучаў геалогію, араграфію, клімат, глебы, расліннасць і жывёл цэнтр. ч. Цянь-Шаня, пустыні Кызылкум, Паміра і інш., стварыў першыя комплексна-геагр. характарыстыкі прыроды гэтых тэрыторый. Навук. працы па зоагеагр. раянаванні Палеарктыкі. Яго імем названы пік на Паміры ў хр. Пятра Першага, ледавікі на Паміры і Заілійскім Алатау, некат. віды жывёл і раслін.
т. 14, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕІДЗІ́ (Сеітназар Хабіп-хаджа аглы) (1775, с. Лама Чарджоўскай вобл., Туркменістан — 1836),
туркменскі паэт, палкаводзец. Вучыўся ў медрэсэ. Дэбютаваў пераймальнымі дыдактычнымі вершамі. Вядомасць прынесла любоўная лірыка: «Салтан Хадзіджа», «Білмез» і інш. У яго творчасці набыла развіццё патрыят. тэма («Пакінем радзіму», «Бывайце, берагі Амудар’і», «Разлука» і інш.). Паэт. перапіска з паэтам-палкаводцам К.Зелілі паклала пачатак новай эпісталярнай паэзіі. Загінуў у баі з персамі.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1976;
У кн.: Сеиди. Зелили. Стихотворения. Л., 1984.
т. 14, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТЫМО́НЦЫУМ (лац. Septimontium ад septem сем + mons узгорак),
7 узгоркаў на левым беразе р. Тыбр (Авенцін, Вімінал, Квірынал, Капітолій, Палацін, Эсквілін, Цэлій), на якіх узнік Рым. Напачатку горад склаўся на Капітоліі і Палаціне (6 ст. да. н. э.), потым пашырыўся на суседнія ўзгоркі, нізіну да лукавіны р. Тыбр (Марсава поле) і перакінуўся на яе правы бераг (3 ст. да н. э.). Яго грамадскімі цэнтрамі былі Капітолій і комплексы Рымскага форума. У сучасным Рыме ўзгоркі С. адзначаюць гіст. цэнтр горада.
т. 14, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКЕ́ЙРА ((Siqueira) Жазе) (24.6.1907, Кансейсан, штат Параіба, Бразілія — 1985),
бразільскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Рыо-дэ-Жанейра, у Сарбоне (Парыж). Праф. Нац. муз. школы. Адзін з заснавальнікаў (1940) і маст. кіраўнік (да 1948) Бразільскага сімф. аркестра. Для яго твораў характэрны яркі нац. каларыт, шырокае выкарыстанне муз. фальклору: балет «Карнавал у Рэсіфі» (1947), опера «Спагадлівая» (1960), араторыя «Кандомбле» (1958), 3 сімфоніі (усе 1951), «4 індзейскія паэмы» (1944), кантаты, інстр. канцэрты і інш. Аўтар муз. дапаможнікаў і падручнікаў.
т. 14, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)