МАСКА́ЛІК (Міхась) (31.3.1903, г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1965),
бел. уніяцкі рэліг. і культ. дзеяч. Д-рслав. філалогіі (1959). Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), Віленскі ун-т (1931). З 1932 у Германіі. Скончыў калегіум пры Мюнхенскім ун-це (1938), у 1941 і 1956—57 аспірант слав. філалогіі гэтага ун-та. Вучыўся ў Берлінскім тэхн. ін-це. Быў святаром пры царкве св. Міхала (Мюнхен). Заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Нямеччыне» (1933). У ліп. 1943 — крас. 1944 вязень канцлагера Заксенгаўзен (вызвалены дзякуючы намаганням папскай місіі ў Германіі). З 1945 жыў у г. Гослар, быў святаром у брыт. зоне акупацыі сярод беларусаў і ўкраінцаў. У 1946 выкладаў у бел. гімназіі імя М.Багдановіча ў Ватэнштэце, узначальваў парафіяльны к-т, які выдаваў час. «Беларуская думка» (1947—49). Кіраўнік Бел.к-та перасяленцаў (1947—52). Даследаваў ролю нар. духоўнай і матэрыяльнай культуры ў творчасці Я.Купалы («Янка Купала — пясняр беларускага народа», 1961).
Літ.:
Сакалоўскі У. Міхась Маскалік — навуковец і святар // Роднае слова. 1998. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЦЕРАЎ (Пётр Іванавіч) (29.12.1912, г. Ульянаўск, Расія — 18.4.1982),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыў студыю Бел.т-ра юнага гледача імя Крупскай (1933). З 1932 працаваў у Т-ры юнага гледача. Беларусі, у 1938—41 у Полацкім калгасна-саўгасным, з 1944 у Палескім і Пінскім абл.драм. т-рах. З 1949 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, з 1956 у бабруйскіх вандроўным бел.драм. і муз.-драм., у 1965—78 у магілёўскіх абл.муз. камедыі і драмы і камедыі т-рах. Камедыйны акцёр. Створаныя ім вобразы вылучаліся знешне выразнай, сцэнічна рэальнай трактоўкай. Найб. значныя ролі: у т-рах драмы і камедыі — Моцкін, Цярэшка Калабок («Выбачайце, калі ласка» і «Трыбунал» А.Макаёнка), шэф-кухар Пётр Пятровіч («Злавацца не трэба» В.Зуба), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), дзед Нічыпар («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Шпак («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі). Паставіў спектаклі: «Генеральны консул» бр. Тур і Л.Шэйніна (1939), «Дзяўчына з вяснушкамі» А.Успенскага (1961), «Не ўсё кату масленіца» Астроўскага (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХАЎ (сапр.Няхамкін) Уладзімір Львовіч
(н. 25.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). З 1946 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», у 1960—62 і 1975—88 на Бел. радыё. Друкуецца з 1946. Піша пра гіст. мінулае Беларусі, рэв. рух, эпізоды з гісторыі бел. культуры, на маральна-этычныя тэмы, пра Вял.Айч. вайну (кнігі апавяданняў, аповесцей, нарысаў «Сцяг над рэўкомам», 1958; «Апошняя яўка», 1959; «Помнік герою», 1961; «Станцыя паблізу Тамбова», 1964; «Добры вечар, камбат», 1970; «Слухаецца справа аб замаху...», 1972; «Старадаўняя гравюра», 1974; «Сустрэчы ў радыёстудыі», 1985; «...Пра якіх я вельмі клапачуся», 1988; «Далучэнне», 1992). Аўтар радыёп’ес «Гавайская легенда» (паст. 1966), «Паром на бурнай рацэ» (паст. 1982) і інш. п’ес і інсцэніровак для радыё, п’ес для тэатра «Чырвоны губернатар» (паст. 1967) і «Палёт» (паст. 1969). Працуе ў дакумент. кіно. За сцэнарыі фільмаў (з Ю.Цвятковым) «Гісторыя адной тэлеграмы», «Чарвякову... спешна... Ленін» (абодва 1982), «Мост» (1984), «Рэвалюцыя дае нам права» (1985) Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Перакладае з інш. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАРЧУ́К (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.8.1927, в. Санюкі Ельскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). У 1952—55 выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы, у 1964—77 — у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме, Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, БПІ. У 1982—89 нам. старшыні Маст. фонду Бел. саюза мастакоў. Для твораў характэрны выразная дэкаратыўнасць каларыту і кампазіцыі, узгодненасць колеравых мас. Аўтар сюжэтна-тэматычных кампазіцый «Вечар у вёсцы Яршэвічы» (1963), «Ветэраны рэвалюцыі» (1967), «У новую вёску», «Сын» (абедзве 1978), «М.Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавы бой пад Сянно. 1941» (1986), «В.Дунін-Марцінкевіч чытае сваю паэму над Іслаччу» (1987), «Святая і чыстая» (1990), «Т.Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь, твой народ дачакаецца...» (1996), «І прыйдзе час» (1999), партрэтаў «Маці салдата» (1967), К.Каліноўскага, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, Героя Сав. Саюза У.З.Царука, Героя Сац. Працы Я.І.Фаменкі (усе 1984), трыпціха «Ахвяра» (1998), дыярамы «Прырода Палесся» ў калгасе «Прамень Кастрычніка» (в. Махнавічы) Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (з У.Летуном, У.Гоманавым, В.Цюрыным; 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (13.11.1877, Масква — 19.11.1959),
бел. гісторык, усходазнавец. Сын М.В.Нікольскага. Акад.АН Беларусі (1931), чл.-кар.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). Праф. Смаленскага (з 1918), Беларускага (з 1922) ун-таў. З 1931 у Ін-це гісторыі АНБССР (заг. сектара этнаграфіі і фальклору, у 1937—53 дырэктар ін-та). Даследаваў праблемы гісторыі Стараж. Усходу, рэлігіі, этнаграфіі і фальклору Беларусі. Даказаў існаванне абшчыннага ладу і хатняга рабства ў Стараж. Двухрэччы і Фінікіі. Распрацоўваў гісторыю ранняга хрысціянства, царквы і сектанцтва ў Расіі. Даследаваў паходжанне бел. абрадавых песень, прасачыў гісторыю ўзнікнення і відазмянення бел. шлюбных рытуалаў да канца 19 ст.
Тв.:
Древний Вавилон. М., 1913;
Дохристианские верования и культуры днепровских славян. М., 1929;
Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі. Мн., 1931;
Частное землевладение и землепользование в Древнем Двуречье. Мн., 1948;
Этюды по истории финикийских общинных и земледельческих культов. Мн.. 1948;
Происхождение и история белорусской свадебной обрядности Мн., 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс. Выдаваўся ў студз. 1942 — маі 1944 у Рызе з дазволу і пры падтрымцы герм. улад на рус. (наз. «Новый путь») і бел. мовах. Матэрыялы агульнапаліт. характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя бел. варыянта знаходзілася ў Мінску (гал. рэдактар У.Сядура), у Рызе выданне рыхтаваў да друку К.Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд». Друкаваў агульнапаліт. і ваен. агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура фаш. Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. Змясціў шмат публікацый пра бел.нар. творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў Ф.Аляхновіча, К.Каганца, А.Кіркора, І.Насовіча, Е.Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я.Лёсіка, літ. творы Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, У.Клішэвіча, Т.Лебяды, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш. фотанарысы «Вуліцамі Менска», «25 год Віленскай беларускай гімназіі», «Першае пасяджэнне аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады» і інш. Друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі. Выйшла 45 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Генадзь Канстанцінавіч) (8.9.1918, г. Росаш Варонежскай вобл., Расія — 5.8.1987),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т імя Астроўскага (1941). З 1937 працаваў у Ленінградскім Новым т-ры юнага гледача, т-рах Балтыйскага флоту, Паўн. групы войск. З 1950 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі імя Горкага. З 1960 у т-ры імя Массавета. Творчасць адметная псіхал. верагоднасцю, тонкім адчуваннем стылю твора і рэжысёрскай ідэі. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне — Ермашоў і Бонч-Бруевіч («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Сакалоў («Песня нашых сэрцаў» В.Палескага), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эдгар («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Алан Окапел («Шакалы» А.Якабсана); у т-ры імя Массавета — Лужнін («Злачынства і кара» Ф.Дастаеўскага), Генерал («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Вэл Ксаўе («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Дэрвіш («У ноч зацьмення Месяца» М.Карыма). Зняўся ў бел. фільмах «Чалавек не здаецца», «Першыя выпрабаванні» і «Якаў Багамолаў» (тэлевізійны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Паўлавіч; н. 24.1.1951, в. Заброддзе Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец. Скончыў БДУ (1977). Працаваў у Мінску на заводзе, настаўнічаў. З 1978 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1981 дырэктар Літ. музея М.Багдановіча, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». З 2000 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1966. Аўтар «Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988), зб. вершаў «Час надзеі» (1991). Піша для дзяцей (зб-кі «Побач з татам», 1988; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994; «Шые вожык кажушок», 1996; «Дарынка-весялінка», 1999). Адчувае дзіцячую псіхалогію, расказвае пра дабрыню, шчырасць, працавітасць. Упершыню ў бел. л-ры распрацоўвае загадкі на міжмоўныя амонімы і антонімы (зб. «Дзіўныя «блізняты», 1987). На бел. мову пераклаў раманы В.Скота «Квенцін Дорвард», М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот», С.Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», паасобныя творы С.Маршака, Я.Пермяка, Х.К.Андэрсена, казкі братоў Грым і інш. Многія верш П. пакладзены на музыку.
Тв.:
Тры чарадзеі: Вершы, скорагаворкі, загадкі. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЧ (Пятро) (сапр.Панчанка Пётр Іосіфавіч; 4.7.1891, г. Валкі Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1978),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Блакітныя эшалоны» (1928; аднайм. п’еса, 1970), раманаў «Аблога ночы» (1933), «Гаманіла Украіна» (1945—46); пра нац.-вызв. барацьбу ўкр. народа 17 ст.), аўтабіягр. аповесці «На калінавым мосце» (1965, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1966), твораў для дзяцей. У 1928 наведаў Беларусь, убачанае апісаў у нарысе «Там, дзе з бярозамі хвоі гамоняць» (1928). Сябраваў з Я.Купалам. На бел. тэматыку напісаў арт. «Разбіта жалейка (Янка Купала)» (1943), «Сінявокая сястра Беларусь» (1972), апавяданне «А лазу самі выбірайце» прысвяціў У.Дубоўку. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Купала, К.Чорны, Л.Калюга, А.Пальчэўскі, І.Скапараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Савелій Яфімавіч) (н. 7.2.1934, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, пісьменнік, публіцыст. Канд.гіст.н. (1971), праф. (1990). Скончыў БДУ (1962). З 1955 у браслаўскай раённай газеце, сакратар Маладзечанскага абкома камсамола. З 1960 нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена». З 1961 у ЦК ЛКСМБ, з 1963 у ЦККПБ (у 1971—89 заг. аддзела). З 1989 рэктар Ін-та паліталогіі і сацыяльнага кіравання. З 1992-заг. кафедры Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. і бел. мовах. Працы па праблемах эвалюцыі сац.-эканам. адносін, паліт. структуры грамадства, захаванні культ. спадчыны і гуманістычных каштоўнасцей грамадства (кн. «Каштаны наліваюцца гневам», 1962; «Чалавек ідзе ў жыццё...», 1964; «Слова — зброя», 1970; «Два колеры зямлі», 1980; «Вендэта па-амерыканску», 1985). Аўтар кн. дарожных нататак «Рэпартаж з борта Зямлі» (1975).