ЛЮ́ДВІГ ((Ludwig) Карл Фрыдрых Вільгельм) (29.12.1816, г. Вітцэнгаўзен, Германія — 24.4.1895),
нямецкі фізіёлаг, стваральнік школы фізіёлагаў. Скончыў Марбургскі ун-т (1839), працаваў у ім (з 1846 праф.). З 1849 праф. ун-та ў г. Цюрых (Швейцарыя), з 1855 — Ваенна-мед. акадэміі ў Вене. З 1865 узначальваў Ін-т фізіялогіі ў г. Лейпцыг. Прапанаваў фіз. тэорыю мочааддзялення, адкрыў сакраторныя нервы слінных залоз, даследаваў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, газаабмен. Адкрыў цэнтраімклівы нерв, які адыходзіць ад дугі аорты, паказаў яго ролю ў рэгуляванні дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІЛІ́ЗМ (ад лац. mobilis рухомы),
геалагічная гіпотэза, якая дапускае вялікія (да некалькі тысяч кіламетраў) гарызантальныя перамяшчэнні буйных пліт літасферы на працягу геал. часу. Тэрмін уведзены швейц. геолагам Э.Арганам (1924). М. супрацьпастаўляўся канцэпцыі фіксізму (гл.Тэктанічныя гіпотэзы). Навук. тэорыя М. распрацавана ў 1910—12 амер. вучоным Ф.Тэйларам і ням. геафізікам А.Вегенерам (гл.Вегенера гіпотэза). Сучасны варыянт М., т.зв. тэктоніка пліт або новая глабальная тэктоніка, заснавана на выніках даследаванняў рэльефу дна акіяна і магнітных анамалій яго парод і на даных палеамагнетызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д МЕТАЛІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1932 у Магілёве як арцель-металакамбінат прамкааперацыі па вытв-сці метал. посуду і чыгуналіцейных вырабаў шырокага ўжытку. Арцель складалася з цэхаў: ліцейнага, метызнага, дахавазагатовачнага, рамонтна-мех. і па вырабе канькоў. З 1965 ложкавы з-д, з 1971 з-дтэхн. аснасткі, з 1981 з-д металавырабаў (у склад яго ўвайшоў Клімавіцкі з-д металавырабаў). З 1993 ВА «Ольса». Асн. прадукцыя (1999): мэбля (на аснове металапрофіляў з палімерным пакрыццём) для адпачынку, навуч. і мед. устаноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЦЕПЛАВЫ́Я З’Я́ВЫ,
змены цеплавога стану рэчыва пры зменах ягомагн. стану (намагнічванні ці размагнічванні). Назіраюцца ва ўсіх рэчывах. М.з. ў некаторых парамагнетыках выкарыстоўваюцца для атрымання звышнізкіх т-р (гл.Магнітнае ахаладжэнне).
Тлумачыцца зменамі ўнутранай энергіі цела пры адпаведных зменах магн. стану. Найб. значныя М.з. ў фера-, антыфера- і ферымагнетыках і іх характар залежыць ад працэсаў намагнічвання ў гэтых матэрыялах. Адрозніваюць М.з. пры адыябатычным намагнічванні і размагнічванні, калі адбываюцца змены т-ры, і ізатэрмічныя М.з., пры якіх некаторая колькасць цеплаты выдзяляецца (ці паглынаецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЗО́ЎША»
(«Mazowsze»),
Дзяржаўны ансамбль песні і танца «Мазоўша» імя Т.Сыгетынскага Рэспублікі Польшча. Створаны ў 1949. Працуе ў в. Каролін каля Варшавы. Арганізатар і першы кіраўнік Т.Сыгетынскі (з 1955 ансамбль яго імя), з 1955 кіраўнік М.Зімінская-Сыгетынская. У складзе калектыву хар. і балетная групы, інстр. ансамбль. У рэпертуары больш за 100 маст. апрацовак польскіх нар. песень і танцаў, пераважна цэнтр. Польшчы, арыгінальныя творы польскіх і інш. кампазітараў, у т. л. песні Сыгетынскага.
Неаднаразова выступаў на Беларусі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ ((Mackenzie) Уільям Лаян) (12.3.1795, г. Данды, Вялікабрытанія — 29.8.1861),
канадскі паліт. дзеяч, публіцыст. З 1820 у Канадзе. З 1824 выдаваў тут газ. «Colonial Advocate» («Каланіяльны абаронца»), у якой крытыкаваў брыт.калан. рэжым, выступаў за правядзенне дэмакр. рэформ. У 1828—36 чл. парламента, з 1834 мэр г. Таронта. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў «Канадскага саюза» (засн. ў 1834). Узначальваў антыбрыт. паўстанне 1837—38 у Верхняй Канадзе; пасля яго паражэння жыў у ЗША (да 1850). У 1851—58 чл.Заканад. асамблеі прав. (калоніі) Канада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬПІ́ГІ ((Malpighi) Марчэла) (10.3. 1628, г. Крэвалькорэ, Італія — 30.11. 1694),
італьянскі біёлаг і ўрач, адзін з заснавальнікаў мікраскапічнай анатоміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Д-р медыцыны (1653). Скончыў Балонскі ун-т, працаваў у ім (у 1656—91 праф.). Адкрыў альвеалярную будову лёгкіх (1660), сувязь артэрый з венамі праз капіляры (1661), апісаў лімфатычныя цельцы селязёнкі і клубочкі ў нырцы (мальпігіевыя цельцы), мачавыя трубачкі насякомых (мальпігіевыя сасуды), слой эпідэрмісу скуры (названы яго імем). Аўтар «Анатоміі раслін» (т. 1—2, 1675—79).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМУЛЁЎ (Міхаіл Глебавіч) (8.11.1917, в. Арцёмаўка Ярцаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.4.1985),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1941). У Вял.Айч. вайну на акупіраванай тэр. арганізаваў партыз. атрад «Буравеснік» (са снеж. 1941 яго камандзір), са снеж. 1943 камандзір брыгады «Буравеснік» (дзейнічала на тэр. Уздзенскага, Рудзенскага, Пухавіцкага р-наў), партызаны якой правялі больш за 150 баявых аперацый. Пасля вайны на сав. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ АДБО́Р,
адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВІ́ЦІН Іван Юр’евіч, расійскі землепраходзец 17 ст.; першаадкрывальнік Ахоцкага м. Томскі казак. У 1639 атрад М. падняўся па р. Мая і яе прытоку р. Юдама, перайшоў хр. Джугджур і, спусціўшыся па р. Улья, дасягнуў узбярэжжа Ахоцкага м. У 1639—41 даследаваў яго ўзбярэжжа на значным працягу на У і З ад р. Улья. Першым з рускіх атрымаў ад мясц. жыхароў звесткі пра р. Амур і Шантарскія а-вы. У 1641 атрад вярнуўся ў Якуцк, дзе М. склаў справаздачу аб падарожжы.