АЛІГА́РХІЯ (ад грэч. oligarchia улада нямногіх),

форма праўлення, пры якой улада належыць невял. групе людзей, звычайна найб. радавітых або заможных. Была характэрная для стараж. Афін, у сярэднявеччы для рэспублік Венецыянскай, Генуэзскай, у 17—18 ст. для Рэчы Паспалітай і інш. Алігархіяй называюць таксама саму́ю кіруючую групу, напр. Фінансавая алігархія.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛКУІН (Alcuin),

Флак Альбін (Flaccus Albinus; каля 735, Йорк, графства Йоркшыр, Брытанія — 19.5.804), англа-саксонскі вучоны. З 782 пры двары Карла Вялікага, яго настаўнік і дарадчык, стварыў навук. і культ. цэнтр «Каралінгскага адраджэння». З 796 абат Турскага манастыра, у якім арганізаваў школу. Аўтар трактатаў па філасофіі, тэалогіі, псіхалогіі, падручнікаў.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАГЛЕ́БАВЫ РАЁН,

таксанамічная адзінка глебава-геаграфічнага раянавання; састаўная частка глебава-кліматычнай акругі з пэўным комплексам прыродных і эканам. умоў. Вылучаецца паводле генетычна аднолькавага тыпу рэльефу, глебавага покрыва, мезаклімату, ступені забалочанасці, умоў для гасп. дзейнасці і інш. На тэр. Беларусі 20 аграглебавых раёнаў. Гл. карту пры арт. Глебава-геаграфічнае раянаванне.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ (Aba),

горад на Пд Нігерыі, на р. Аба, пры перасячэнні шашы з чыг. Порт-Харкарт—Энугу. 264 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл. цэнтр раёна вырошчвання алейнай пальмы і вытв-сці алею. Прадпрыемствы тэкст., фармацэўтычнай, мылаварнай, па вырабе пластмас, цэментнай, абутковай, парфумернай і вінаробчай прам-сці.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ,

абарона дзяржавай сваіх грамадзян пры парушэнні іх правоў і інтарэсаў у замежнай дзяржаве. Ажыццяўляецца праз дыпламат. і консульскія прадстаўніцтвы за мяжой. Рэгулюецца міжнар. пагадненнямі, двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і нац. Заканадаўствам. Абарону і заступніцтва грамадзян Беларусі на яе тэр. і за межамі дзяржавы гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІНАВА́ННЕ,

нанясенне на паверхню метал. вырабаў алюмінію ці яго сплаваў. Ахоўвае яе ад карозіі, надае спецыяльныя фіз.-хім. ўласцівасці, паляпшае вонкавы выгляд вырабаў. Ажыццяўляецца алітаваннем, газаплазмавым і плазмавым распыленнем, плакіраваннем, выпарэннем металу ў вакууме, апусканнем у расплаў. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы дэталяў самалётаў, ракет, аўтамабіляў, с.-г. інвентару, бытавых вырабаў.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,

гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́СТА,

пругкі і водаўстойлівы вонкавы слой кары бярозы. З яго атрымліваюць дзёгаць (сухой перагонкай), смалу (апрацоўкай азотнай к-той або спірта-шчолачнай экстракцыяй), сажу (спальваннем пры няпоўным доступе паветра). Здаўна выкарыстоўвалася для вырабу асобных рэчаў хатняга ўжытку (гл. Берасцяныя вырабы) і як матэрыял для пісьма (гл. Берасцяныя граматы).

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРСАВА́НАЯ ТКАНІ́НА,

тканіна з ворсам (начосам). Ворс утвараюць канцы валокнаў, якія выцягваюцца на паверхню тканіны пры варсаванні. Варсаванне павышае цеплаахоўныя ўласцівасці і зносаўстойлівасць тканін. Найб. пашыраныя баваўняныя (мультан, фланель, байка, замша) і шарсцяныя (байка, бобрык). Да варсаваных тканін адносяцца многія віды коўдраў і некаторыя віды сукнаў і драпаў (велюр).

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

Оўэн-Фолс, вадасховішча на тэр. Уганды, Танзаніі і Кеніі. Створана ў 1954 пры пабудове плаціны Оўэн-Фолс (Уганда) на р. Вікторыя-Ніл і падпоры воз. Вікторыя на 3 м. Пл. 76 тыс. км² (у т. л. воз. Вікторыя 68 тыс. км²), аб’ём 204,8 км³ Даўж. 320 км.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)