РАМО́Н-І-КАХА́ЛЬ (Ramón y Cajal) Сант’яга (1.5.1852, Петылья-дэ-Арагон, Іспанія — 17.10.1934),
іспанскі гістолаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909) і Парыжскай АН (1916). Скончыў Сарагоскі ун-т (1873). З 1877 праф. Сарагоскага, з 1884 — Валенсійскага, з 1887 — Барселонскага, у 1892—1922 — Мадрыдскага ун-таў. Арганізатар і кіраўнік лабараторыі біял. даследаванняў Мадрыдскага ун-та. Навук. працы па анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Адкрыў адросткі нерв. клетак — дэндрыты і неўрыты (аксоны), выканаў класічныя працы па вывучэнні мікраскапічнай структуры сятчаткі вока, спіннога мозга, мазжачка і інш. аддзелаў галаўнога мозга. Прасачыў працэсы дэгенерацыі і рэгенерацыі нерв. валокнаў, эмбрыянальнага гістагенезу. Стварыў нейронную тэорыю будовы нерв. сістэмы. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з К.Гольджы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХМА́ТАЎ Адхам (22.12.1909, г. Каканд, Узбекістан — 23.2.1983),
узбекскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1953). У Вял.Айч. вайну ваен. карэспандэнт на Зах. і 3-м Бел. франтах. Літ. дзейнасць пачаў у 1930. Аўтар зб-каў вершаў і паэм для дзяцей «Вясёлыя напевы» (1939), «Вершы і казкі» (1949) і інш. У пасляваен. гады шмат падарожнічаў па мясцінах баявой славы сваіх землякоў, у т. л.па Беларусі. Вынік яго паездак — кнігі нарысаў, аповесцей і апавяд., прысвечаных Беларусі: «Аповесці пра гераізм» (1958), «Баявыя эпізоды» (1960), «Эпізоды Брэста» (1961), «Брэсцкія ўспаміны» (1962), «Генерал Сабір Рахімаў» (1963), «Галасы з акопаў», «Дарогамі перамогі», «Узбекскія генералы» (усе 1965). На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў А.Астрэйка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІКО́Н (лац. Rubico),
рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э.па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К Ніна Аляксандраўна (14.8.1937, в. Яршэвічы Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1999),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1991), праф. (1992). Скончыла Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1962). З 1963 у Бел.эканам. ун-це. Навук. працы паэканам. і фін. аналізе дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Распрацавала тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па ўдасканаленні прагнознага, шматварыянтнага і аператыўнага эканам. аналізу дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі.
Тв.:
Совершенствование экономического анализа и учета в кондитерской промышленности. М., 1986;
Основы финансового анализа. Мн., 1995 (разам з В.А.Русаком);
Анализ хозяйственной деятельности в промышленности. 4 изд. Мн., 1999 (у сааўт.);
Теория анализа хозяйственной деятельности. Мн., 2001 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКАЯ Алена Віталеўна (н. 11.1.1950, в. Дзякаўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса, педагог. Засл. настаўніца Беларусі (1987). Скончыла БДУ (1971). Настаўнічала на Слонімшчыне, Магілёўшчыне, у 1977—93 у Слонімскай СШ № 2. З 1993 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Друкуецца з 1966. Выдала зб-кі вершаў «Надзея» (1983), «Роздум» (1988), у якіх эмац. тонкае і па-народнаму мудрае ўспрыманне маральных каштоўнасцей, сатырычна трапнае адчуванне духоўных заган жыцця. У паэме «Вытокі» (1999) усведамленне арганічнай лучнасці лёсу чалавека з лёсам народа Зах. Беларусі ў 20 ст. Аўтар навучальна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў «Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе» (1999), «Пазакласная праца па беларускай літаратуры» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-НЕ́ГРА (Río Negro),
1) рака ў Аргенціне, на Пн Патагоніі. Утвараецца ад сутокаў рэк Неўкен і Лімай, якія пачынаюцца ў Андах. Даўж. ад вытоку р. Неўкен каля 1,3 тыс.км, пл. басейна 146 тыс.км². Цячэ па засушлівых раўнінах паўн. Патагоніі, упадае ў Атлантычны ак. Паводка ў пач. лета. Сярэдні расход вады каля 950 м³/с. Суднаходная на асобных участках. На рэках Неўкен і Лімай — ГЭС.
2) Рака ў Уругваі (вытокі ў Бразіліі), левы прыток р. Уругвай. Даўж. каля 500 км, пл. басейна 70,6 тыс.км². Цячэ па раўніннай мясцовасці. Сярэдні расход вады каля 700 м³/с. У сярэднім цячэнні вадасх. Рыо-Негра. ГЭС. Суднаходная ў ніжнім цячэнні (да г. Мерседэс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЗНІКАЎ Усевалад Міхайлавіч (10,9.1918, г. Харкаў, Украіна — 8.12.1997),
бел. хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па хіміі лігніну. Д-рхім.н., праф. (1972). Скончыў Харкаўскі Хіміка-тэхнал.ін-т (1941). У 1963—94 у Бел.тэхнал. ун-це (у 1964—89 заг. кафедры, адначасова ў 1975—81 дэкан ф-та хім. тэхналогіі драўніны). Навук. працы па хіміі лігніну, вывучэнні працэсаў дэлігніфікацыі. Даследаваў рэакцыйную здольнасць і хім. будову лігніну розных парод дрэў, раслін (лёну, імхоў) і водарасцей. Прапанаваў новую гіпотэзу паходжання лігніну, удасканаліў спосабы атрымання цэлюлозы.
Тв.:
Теория перколяционного гидролиза растительного сырья. М., 1964;
Реакционная способность лигнина. М., 1976 (разам з Н.М.Шарыгінай, У.В.Елкіным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ТАЎ Аляксандр Васілевіч (24.11.1826, с. Гульнева Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. —7.12.1901),
бел. і расійскі аграном, першы ў Расіі і Беларусі д-р сельскай гаспадаркі (1867). Праф. (1855). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1850). З 1853 вывучаў сельскую гаспадарку ў Расіі, Германіі, Бельгіі і інш. З 1855 заг. кафедры ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. У 1859—1900 у Пецярбургскім ун-це (заг. кафедры, з 1888 дэкан). Навук. працы па пытаннях земляробства, глебазнаўства, жывёлагадоўлі, перапрацоўкі с.-г. прадукцыі. Распрацоўваў рацыянальныя спосабы вядзення сельскай гаспадаркі, упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі. У 1885—91 разам з В.В.Дакучаевым выдаваў «Матэрыялы па вывучэнні рускіх глеб».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМЦЭ́ВІЧ Пётр Андрэевіч (6.3.1899, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — жн. 1941),
бел. лінгвіст і фалькларыст. Брат В.А.Самцэвіча, С.А.Самцэвіча. Скончыў Горы-Горацкі с.-г.ін-т (1922), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1937—41). З 1923 настаўнічаў, збіраў матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, геалогіі Барысаўшчыны. Друкаваўся ў час. «Наш край». Адзін з арганізатараў Барысаўскага краязнаўчага музея, якому перадаў калекцыю прадметаў археалогіі і этнаграфіі. У 1924 перадаў Інбелкульту больш за 300 тэкстаў замоў, казак, песень, прыпевак (запісаў больш за 1000 фальклорных твораў). Паводле даручэння камісіі Інбелкульта па складанні гіст. слоўніка бел. мовы збіраў і апрацоўваў лінгвістычны матэрыял. Складаў слоўнік тапонімаў і мікратапонімаў Барысаўшчыны і Крупшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ТЛЕДЖ, Сатладж (у ніжнім цячэнні наз.Панджнад),
рака ў Пакістане, Індыі і Кітаі, самы буйны (левы) прыток р.Інд.Даўж. 1450 км, пл. басейна 395 тыс.км². Вытокі на Тыбецкім нагор’і, на схілах хр. Кайлас. У вярхоўях цячэ па шырокай даліне ўздоўж паўн. падножжа Гімалаяў, перасякае іх у вузкай цясніне, потым выходзіць на раўніну Пенджаба і цячэ па ёй да вусця. Асн. прытокі: Біяс і Чынаб (справа). Сярэдні расход вады каля г. Рупар каля 500 м³/с, макс. летам (каля 20 тыс.м³/с). Гідратэхн. комплекс Бхакра-Нангал (Індыя). У межах Пенджаба ад С. адыходзяць буйныя арашальныя каналы. Суднаходная ў разводдзе на асобных участках. На С. — гарады Нангал, Лудхіяна (Індыя), Бахавалпур (Пакістан).