КА́МЕРА-АБСКУ́РА (ад лац. camera obscura літар. цёмны пакой),
найпрасцейшае аптычнае прыстасаванне для атрымання на экране відарыса прадмета. Дае відарыс, свабодны ад дысторсіі, і дазваляе фатаграфаваць аб’екты ў такіх прамянях (напр., рэнтгенаўскіх), для якіх нельга падабраць лінзы.
К.-а. ўяўляе сабой цёмную скрыню, у адной са сценак якой зроблена маленькая адтуліна. Прамяні святла ад розных пунктаў аб’екта праходзяць праз адтуліну і ствараюць яго відарыс на процілеглай сценцы скрыні. Такая ўласцівасць К.-а. была вядома Арыстоцелю; прынцып яе работы апісаны ў працах Леанарда да Вінчы. З 17 ст. выкарыстоўвалася для назірання сонечных зацьменняў, атрымання дакумент. рысункаў («фатаграфія да фатаграфіі») і інш. Заменена лінзавай камерай. Гл. таксама Фатаграфічны апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦО́НА (італьян. canzone літар. спевы, песня),
1) лірычны верш пра рыцарскае каханне ў сярэдневяковай паэзіі 13—17 ст., першапачаткова ў правансальскіх трубадураў. Вытокі ў італьян. і старафранц. песеннай паэзіі. Складаецца з 3—5 строф; апошняя страфа пакарочана і змяшчае зварот да асобы, якой прысвечана К. Класічныя ўзоры стварылі Дантэ і Ф.Петрарка. Тэксты К. выкарыстоўвалі ў муз.мадрыгалах.
2) У 16 ст. ў Італіі — шматгалосая песня ў нар. духу ці яеінстр. пералажэнне. У канцы 16—18 ст. п’еса тыпу рычэркара, фугі (Дж.Фрэскабальдзі, Дз.Букстэхудэ, І.С.Бах). У 19 ст. тэрмін «К.» часта абазначаў вак. ці інстр. твор лірычнага характару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДО́ЎСКІ ЭМІРА́Т,
мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 756—929. Сталіца — г.Кордава. Заснавальнік — Абдарахман I, адзіны ўцалелы прадстаўнік скінутай Абасідамі дынастыі араб. халіфаў Амеядаў, уцёк на Пірэнейскі п-аў, б.ч. якога была падпарадкавана ў ходзе арабскіх заваяванняў, і абвясціў сябе эмірам. К.э. вёў войны з хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава (Астурыйскае і Наварскае каралеўствы і інш.). Прыгнёт з боку мясц. і араба-берберскай знаці выклікаў частыя паўстанні карэнных сялян і гараджан, якія жорстка падаўляліся. Да пач. 10 ст.цэнтр. ўлада ў К.э. аслабела, яе ўзмацненне адбылося пры Абдарахмане III, які ў 929 абвясціў сябе халіфам і заснаваў Кардоўскі халіфат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ Аляксандр Аляксандравіч (30.11.1862, С.-Пецярбург — 1925),
рускі гісторык, пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т. З 1880-х г. камісар па сял. справах у Царстве Польскім, потым (да 1900) чыноўнік па асобых даручэннях пры Іркуцкім ген.-губернатару. За ўдзел у акцыі пратэсту супраць разгону дэманстрацыі ў 1901 высланы ў Саратаў. Удзельнічаў у стварэнні партыі кадэтаў, у 1905—08, 1915—17 сакратар яеЦК. З 1909 праф. Пецярбургскага. політэхн. ін-та, дзе чытаў курс па гісторыі Расіі 19 ст. Аўтар прац па гісторыі рас. грамадскага руху 1830—50-х г., сял. рэформы 1861 і інш., хронікі сям’і Бакуніных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТА (ад грэч. chartēs аркуш, скрутак),
паменшанае, матэматычна вызначанае і абагульненае адлюстраванне паверхні Зямлі, іншых нябесных цел або нябеснай сферы і аб’ектаў, з’яў, якія да іх адносяцца, на плоскасці ў пэўнай картаграфічнай праекцыі і сістэме ўмоўных абазначэнняў з дапамогай картаграфічных прылад. З’яўляецца вобразна-знакавай мадэллю рэчаіснасці, мае прасторава-часавае падабенства адносна арыгінала, маштаб, метрычнасць, высокую нагляднасць, што робіць яе важным сродкам фіксацыі і перадачы інфармацыі, навуковага пазнання ў геаграфіі, геалогіі, геафізіцы, сацыялогіі і інш. навуках аб Зямлі і грамадстве. Гл.Геаграфічныя карты, Геалагічныя карты, Геамарфалагічныя карты, Глебавыя карты, Картаграфія, Кліматычныя карты, Марскія карты, Палітыка-адміністрацыйныя карты, Тапаграфічныя карты, Турысцкія карты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,
скорасць, якую трэба надаць касмічнаму апарату, каб выканаць палёт па зададзенай траекторыі адносна Зямлі (або інш. нябеснага цела).
Адрозніваюць 1-ю, 2-ю і 3-ю К.с. Першая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа стаць штучным спадарожнікам Зямлі і пачаць рухацца вакол яе па кругавой арбіце. Другая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Зямлі і стаць штучнай планетай Сонечнай сістэмы. Трэцяя К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Сонца і выйсці за межы Сонечнай сістэмы. Каля паверхні Зямлі 1-я, 2-я і 3-я К.с. роўныя адпаведна 7,9 км/с, 11,2 км/с і 16,7 км/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПО́РСКАЯ Любоў Канстанцінаўна (к. 25.10.1941, в. Локці Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1978), нар.арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. кансерваторыю (1967, клас М.Людвіг). З 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1966 салістка Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё, выканала шматлікія партыі саліруючага сапрана ў буйных кантатна-аратарыяльных творах муз. класікі і бел. кампазітараў. У яе камерным рэпертуары значнае месца належыць творам бел. кампазітараў (упершыню выканала вак. цыклы «Дзявочыя песні» Г.Гарэлавай, «Вясёлыя дзіцячыя песні» С.Картэса, «Песні кахання» А.Мдывані, «Перайманне англійскіх балад» і «Незвычайная школа» Э.Тырманд і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт.вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст.вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
працэс, скорасць распаўсюджвання якога ў абмежаванай сістэме настолькі вялікая, што за час τ распаўсюджвання яго па ўсёй сістэме яе стан не паспявае прыкметна змяніцца.
Пры К.п. змена станаў усіх частак сістэмы адбываецца па адным і тым жа часавым законе практычна без запазнення. Перыядычны працэс з перыядам Т будзе квазістацыянарным пры ўмове T ≫ τ. Гэтай умове адпавядае пераменны ток прамысл. частаты ў ЛЭП даўжынёй, намнога меншай за даўжыню эл.магн. хвалі ў лініі (г. зн. меншай за 6000 км). У такой ЛЭП у кожны момант часу сіла току ўсюды адна і тая ж (гэта квазістацыянарны ток, для якога з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВІЦЫПІТА́ЛЬНЫЯ, спарыннёвыя (Clavicipitales),
парадак сумчатых грыбоў. 23 роды. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі каля 10 відаў з родаў клавіцэпс, кордыцэпс, эпіхлёэ і інш. Паразітуюць на кветкавых раслінах, пераважна злакавых і асаковых, а таксама на грыбах, насякомых, павуках, некат. — на глебе або драўніне.
Стромы цёмныя ці светлыя, распасцёртыя або галоўчатыя, дыферэнцыраваны на стэрыльную ножку і расшыраную ч. з пладовымі целамі (перытэцыі) выш. ад 1—2 мм да 10—15 (30) см. Перытэцыі паглыблены ў строму ці знаходзяцца на яе паверхні. Сумкі цыліндрычныя, маюць 8 ніткападобных спор з папярочнымі перагародкамі. Спелыя споры выкідваюцца з сумкі праз пору. У цыкле развіцця ёсць сумчатая і канідыяльная стадыі.