КАНЦО́НА (італьян. canzone літар. спевы, песня),

1) лірычны верш пра рыцарскае каханне ў сярэдневяковай паэзіі 13—17 ст., першапачаткова ў правансальскіх трубадураў. Вытокі ў італьян. і старафранц. песеннай паэзіі. Складаецца з 3—5 строф; апошняя страфа пакарочана і змяшчае зварот да асобы, якой прысвечана К. Класічныя ўзоры стварылі Дантэ і Ф.​Петрарка. Тэксты К. выкарыстоўвалі ў муз. мадрыгалах.

2) У 16 ст. ў Італіі — шматгалосая песня ў нар. духу ці яе інстр. пералажэнне. У канцы 16—18 ст. п’еса тыпу рычэркара, фугі (Дж.​Фрэскабальдзі, Дз.​Букстэхудэ, І.​С.​Бах). У 19 ст. тэрмін «К.» часта абазначаў вак. ці інстр. твор лірычнага характару.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)