БАРЫ́С Ю́Р’ЕВІЧ (?—2.5.1159),

князь белгародскі, тураўскі. Сын кн. Юрыя Далгарукага. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146. Падтрымліваў свайго бацьку ў барацьбе з кн. Ізяславам Мсціславічам за кіеўскі прастол. У 1149 атрымаў ва ўладанне Белгарад, але праз год выгнаны адтуль Ізяславам. Удзельнічаў у аблозе Луцка, выгнанні Ізяслава з Кіева (1150). У 1155 пасаджаны на княжанне ў Тураў. Не пазней чым праз 3 гады Тураў заняў кн. Юрый Яраславіч, а Барыс Юр’евіч выехаў у Растова-Суздальскую зямлю, дзе і памёр.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТАЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 34 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 3,4 км. Пл. вадазбору 12,45 км².

Схілы катлавіны выш. 10—15, пясчаныя і супясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя пад хмызняком, на З месцамі сплавінныя. Дно плоскае. У возера ўпадаюць 5 ручаёў, на У выцякае ручай з воз. Жадунь.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ АКУЛЯ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1892—1941 у Віцебску; першая ў Расіі ф-ка такога тыпу. Мела 10 імпартных машын-станкоў, паравую машыну (з 1910). У розны час выпускала акуляры, пенснэ, фіз., аптычныя і хірург. інструменты, павелічальнае шкло. Працавалі 125 рабочых, выпускалася прадукцыі на 115 тыс. руб. за год (1913).

У Вял. Айч. вайну ф-ка эвакуіравана ў г.п. Суксун Пермскай вобл. (Расія). Пасля вайны ў яе будынках размясціўся з быт. прылад (цяпер ВА «Электравымяральнік»).

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛГІН (Вячаслаў Пятровіч) (14.6.1879, в. Баршчоўка Курскай вобл., Расія — 3.7.1962),

савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1930). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). Адзін з арганізатараў Сацыяліст. (пасля Камуніст.) акадэміі ў Маскве (1918). У 1919—30 праф., у 1921—25 рэктар Маскоўскага ун-та. У 1942—53 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па гісторыі сацыяліст. ідэй дамарксавага перыяду, перш за ўсё ў Францыі і Англіі. Ініцыятар і рэдактар шматтомнай серыі «Папярэднікі навуковага сацыялізму» (з 1947). Ленінская прэмія 1961.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБЕ́НА (Албена),

прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 30 км ад г. Варна, на беразе Чорнага м., непадалёку (14 км) ад курорта Залатыя Пяскі. Развіваецца з канца 1960-х г. Мяккі марскі клімат, малавоблачнае надвор’е, брызы, цёплае мора з працяглай паласой (5 км, шыр. да 500 м) пясчанага пляжа — спрыяльныя ўмовы для аздараўленчага адпачынку, клімата- і таласатэрапіі. Шмат гасцініц, кемпінгаў, культ. і старт. комплексы, прывязаныя да навакольнага ландшафту. Цэнтр адпачынку і міжнар. турызму, месца правядзення фестываляў.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РТА (Alberta),

буйнейшы вугальны басейн на З Канады, у паўн. ч. Скалістых гор; невял. паўд. ч. басейна ў ЗША. Пл. больш за 250 тыс. км². Агульныя запасы больш як 228 млрд. т. 11 асн. вуглездабыўных раёнаў. Інтэнсіўна распрацоўваецца з 1960-х г. У зах. ч. басейна вуглі каксавальныя, антрацыты, ва ўсх. ч. — бурыя. Каксавальныя вуглі экспартуюцца ў Японію і інш. краіны, энергетычныя выкарыстоўваюцца на мясцовых эл. станцыях. На тэр. басейна таксама здабыча серы, прыроднага газу, нафты, бітумаў і інш.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЗУ́РА (франц. embrasure),

прамавугольная, арачная або круглая адтуліна ў сценах абарончага збудавання, бранявежах для вядзення агню з гармат, кулямётаў, мінамётаў, а таксама для назірання за праціўнікам. Формы і памеры амбразуры залежаць, ад віду зброі, сектара абстрэлу (назірання), умоў стральбы. Іншы раз для закрыцця амбразуры, калі праз яе не вядуць агонь (назіраюць), ставяць бранявую засланку. У бел. абарончым дойлідстве вядома з 16 ст. (у Гродзенскім Старым, Мірскім замках, Брэсцкай і Бабруйскай крэпасцях і інш.). Гл. таксама Байніца.

Амбразура.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),

дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕ́Ф (Еўна Фішалевіч) (1869, г. Гродна в. Лыскава Пружанскага р-на — 1918),

адзін з арганізатараў і лідэраў партыі эсэраў, сакрэтны супрацоўнік (з 1892) дэпартамента паліцыі. У 1903 фактычна ўзначаліў «баявую арг-цыю» партыі эсэраў, кіраваў падрыхтоўкай тэрарыст. актаў. Выдаў паліцыі з’езд прадстаўнікоў партыі ў Харкаве (1901), амаль увесь склад «баявой арг-цыі» (1905). Па даносе Азеф пакараны смерцю 7 яе членаў. У 1908 Азеф выкрыты і прыгавораны ЦК партыі да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Памёр у Берліне.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЫНКА,

гарадзішча 2—5 ст. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка ўмацавана валам, абарончай драўлянай сцяной (за час існавання тройчы аднаўлялася пасля пажараў), з паўн.-зах. боку — ровам. У 2 будаўнічых гарызонтах выяўлены ямы-паграбы і рэшткі драўляных жытлаў: у ніжнім — вял. 3-камернага з падковападобным агнішчам, у верхнім — верагодна, жытлаў слупавой канструкцыі.

Знойдзены фрагменты глянцаванага і падглянцаванага посуду, рабрыстых і слоікападобных пасудзін, жал. прылады працы, гліняныя прасліцы і інш.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)