БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала ў Вільні ў 1918—39. Заснавальнікі В.Ластоўскі, І. і А.Луцкевічы, В.Святаполк-Мірскі, Я.Станкевіч, У.Талочка і інш. Кіруючы орган — урад, які выбіраўся на агульным сходзе членаў БНТ. Задачы: заснаванне і ўтрыманне музеяў, бібліятэк, навук. устаноў, арганізацыя выставак, лекцый, курсаў і навук. з’ездаў, выдавецкая дзейнасць. Напачатку займалася распрацоўкай бел.навук. тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, праблемамі перакладу на бел. мову. Пры БНТ быў арганізаваны Беларускі музей імя І.Луцкевіча і б-ка; дзейнічалі гіст., літ.-мастацкія і краязнаўча-экскурсійныя секцыі.
Т-ва правяло святкаванне 400-годдзя бел. кнігадрукавання (1925), 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 (1929). Выдала навук.зб-кі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігі А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925), А.Луцкевіча «Праўда пра «камеру Конрада» (1923, на польск. мове) і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Зах. Беларусі да БССР.
А.С.Ліс.
Да арт.Беларускае навуковае таварыства. Урачыстая акадэмія ў 10-я ўгодкі з дня смерці І.Луцкевіча. Вільня. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА Ў ПЕТРАГРА́ДЗЕ ПА АКАЗА́ННІ ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам-беларусам у 1-ю сусв. вайну. Існавала з студз. 1916 да пач. 1918. Заснавальнікі Б.І.Эпімах-Шыпіла, Ч.І.Родзевіч, А.П.Ярэміч, У.Ф.Міткевіч. На чале т-ва быў камітэт (старшыня Л.С.Сеўрук, нам. старшыні Ярэміч і М.І.Мігай, сакратар Э.А.Будзька). Т-ва аказвала дапамогу грашыма і рэчамі, адкрыла інтэрнаты для бел. студэнтаў і вучняў, дзіцячы прытулак, кравецкую майстэрню, выдавала лістоўкі з заклікам ахвяраваць грошы для бежанцаў, наладжвала «Беларускія вечарыны». Падтрымлівала сувязі з Мінскім аддзелам Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Імкнулася пашырыць уплыў на ўсю тэр., дзе знаходзіліся бежанцы. У снеж. 1917 перавыбраны камітэт т-ва, у яго ўвайшлі члены Бел.с.-д. рабочай партыі (А.Р.Чарвякоў, А.Х.Усціловіч і інш.). Спыніла дзейнасць са стварэннем Беларускага нацыянальнага камісарыята.
В.У.Скалабан.
Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́ЧКА (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 10.12.1930, в. Вецявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт, літ.-знавец, крытык, празаік, перакладчык. Д-рфілал.н. (1981). Скончыў БДУ (1956). З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1949. Першы зб. паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны...» (1958). У паэзіі Арочкі спалучаюцца лірызм, задушэўнасць інтанацый, роздум пра мінулае Бацькаўшчыны, трагізм вайны, што апаліла маленства паэта, складаныя праблемы сучаснасці (зб. «Ветраломная паласа», 1962; «Крылатае семя», 1967; «Кветкі бяссмертніка», 1972; «Матчына жыта», 1978; «Падземныя замкі», 1986). Адрадзіў ў сучаснай бел. л-ры жанр драм. паэмы («Курганне», 1980; «Крэва», 1982; «Шляхі і краты», 1984; «Судны дзень Скарыны», 1991). Аўтар аповесці «Хай расце маладая таполя» (1963), зб. вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964). Даследуе сучасную бел. паэзію, жанр паэмы, літ. ўзаемасувязі (кн. «Валянцін Таўлай», 1969; «Сучасная беларуская паэзія», 1976; «Беларуская савецкая паэма», 1979; «Максім Танк», 1984; «Пад высокай зоркай: Паэзія М.Ю.Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова», 1990).
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1941). У 1908—15 працаваў у антрэпрызах на Д.Усходзе, у 1917—19 у т-рах Петраграда. У 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі (выканаў ролі Пустарэвіча, Старца ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» Я.Купалы). З 1920 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркай сцэн. індывідуальнасці; яму былі ўласцівы вострая камедыйнасць і лірыка-драм. афарбоўка роляў. Створаныя ім нар. характары адметныя сакавітым гумарам, нац. каларытам: Даніла («На Купалле» М.Чарота), Каваль («Каваль-ваявода» Е.Міровіча), Мікола («Салавей» З.Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы). У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у ролі Журдэна («Мешчанін у дваранах» Мальера). Сярод інш. значных роляў: Дзяк («Пісаравы імяніны» У.Галубка), Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і інш.
Г.Грыгоніс. Мастак М.Філіповіч. 1927.Г.Грыгоніс у ролях Журдэна (злева) і Нічыпара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА СТАРО́ГА ДЗЕ́ДА»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Напісаны ў пач. 1861. Надрукаваны ў выглядзе агітацыйнай брашуры Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Вядомыя 2 выданні: каб увесці ў зман цэнзуру, на тытуле аднаго пазначана Познань, другога — Парыж. Да аднаго з выданняў прыкладзены бел. верш У.Сыракомлі «Добрыя весці». Публікавалася ў львоўскай газ. «Dziennik literacki» («Літаратурны дзённік». 1861. № 89), распаўсюджвалася ў рукапісах і літаграфічна. Выкрывала царскія парадкі, заклікала бел. сялян падтрымліваць польскі вызв. рух. Складальнікі — шляхецкія рэвалюцыянеры — дапускалі ідэалізацыю мінулага Рэчы Паспалітай, заклікалі да класавага міру ў імя нац. адзінства. У навук. л-ры аўтарам «Гутаркі...» называлі В.Каратынскага, У.Сыракомлю, В.Дуніна-Марцінкевіча.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
Каратынскі В. Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 136—145;
Революционная Россия и революционная Польша. М., 1967. С. 39—63;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 19—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА,
навука пра глебы, іх склад, уласцівасці, паходжанне, развіццё, геагр. пашырэнне, рацыянальнае выкарыстанне.
Як навука пачала развівацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Германіі, калі з’явіліся тэорыі гумуснага (А.Тэер) і мінер. (Ю.Лібіх) жыўлення раслін. Генетычны і агранамічны кірункі глебазнаўства атрымала ў Расіі ў 2-й пал. 19 ст. ў працах В.В.Дакучаева, П.А.Костычава, В.Р.Вільямса і інш.
На Беларусі даследаванні па глебазнаўству пачаліся ў сярэдзіне 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Вядуцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1969 каардынатар работ па вывучэнні глеб Беларусі), а таксама на кафедрах глебазнаўства БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-та. Развіццю навук. глебазнаўства садзейнічалі працы І.С.Лупіновіча, П.П.Рагавога, А.Р.Мядзведзева, М.П.Булгакава, У.М.Пілько, С.Н.Іванова, Т.Н.Кулакоўскай, Т.А.Раманавай, І.М.Багдзевіча, М.І.Смяяна і інш. Складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы с.-г. угоддзяў кожнай гаспадаркі, адм. раёна і вобласці Беларусі. Праведзена баніціроўка глеб, складзены карты глебава-геаграфічнага раянавання і глебава-эразійныя карты. Вядзецца маніторынг змены асн. уласцівасцей глеб з мэтай распрацоўкі прагнозу іх рацыянальнага выкарыстання, у т. л. глеб, забруджаных радыенуклідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 31.3.1923, станіца Пацёмкінская Валгаградскай вобл., Расія),
бел. спявак (барытон), педагог. Брат У.М.Генералава. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1954). У 1954—81 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1990). Валодае моцным голасам мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вак. тэхнікай, блізкай да італьян. школы. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А.Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь, Томскі («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, граф ды Луна, Яга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Трубадур», «Атэла», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).
Літ.:
Юўчанка Н. Анатоль Генералаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Ракава А. Жыццё ў музыцы // Тэатр. Мінск. 1986. № 1.
А.Я.Ракава.
А.М.Генералаў.А.Генералаў у ролі Змітрака (злева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ КЕ́ЙСТУТАВІЧ (каля 1365—20.3.1440),
вялікі князь ВКЛ [1432—40]. Малодшы сын Кейстута, брат Вітаўта. У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і вял.кн.Ягайлам апошнім быў зняволены (1382—84). Удзельнік бітвы на Ворскле 1399, перагавораў і заключэння мірных дагавораў з Тэўтонскім ордэнам 1398, 1411, 1422 і 1431, уній Польшчы з ВКЛ, пачынаючы з 1401, Грунвальдскай бітвы 1410. Пасля смерці Вітаўта і абрання на трон ВКЛСвідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць вял. князя. Пасля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Ж. К. абвешчаны вял. князем ВКЛ. Яго ўладу прызналі Літва, Жамойць, Падляшша, Берасцейска-Драгічынская і Менская землі, прынёманскія воласці. Астатнія бел., укр. і рускія землі падтрымалі Свідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Каб залучыць на свой бок бел. і ўкр. феадалаў, Ж.К. выдаў прывілей 1434, пачаў вылучаць на дзярж. пасады літ. і бел. баяр, што выклікала незадавальненне буйных феадалаў і князёў. У апошнія гады панавання Ж.К. пачаў аддаляцца ад Польшчы і страціў яе падтрымку. Забіты ў Трокскім замку ў выніку змовы феадалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧНЫ (сапр.Рублёў) Цімох Міронавіч
(1909, в. Будзіна Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944?),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі вышэйшы пед.ін-т (1933). З 1928 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь». У 1933—35, 1939—41 Бел. радыёкамітэце, у 1936—40 настаўнік у Мінску (адначасова 1936—39 у Ін-це школьнай педагогікі). У час Айч. вайны настаўнічаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Друкаваўся з 1928. Распрацоўваў жанры фельетона, апавядання, аповесці («Эльбрусы чалавечага шчасця», 1931, «Зямля ў вятрах», 1931, «Маці і сын», 1935, «Андрэй Блажко», 1940), рамана («Белы Камень», 1932). На бел. мову пераклаў раманы Г.Уэлса «Першыя людзі на месяцы», Ф.Беразоўскага «Бабскія сцежкі» (абодва 1931), М.Сервантэса «Дон Кіхот Ламанчскі» (1935), аповесці А.Новікава-Прыбоя «Жанчына ў моры» і В.Фінка «Іншакраінны легіён» (1936) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПЕ́ЛЬКА (Зінаіда Ігнатаўна) (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.Дорскага і К.Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага і «Парог» А.Дударава), Паліна («Трыбунал» А.Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш.