МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),
арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ІСІ ((Moissi) Аляксандр) (Сандра) (2.4.1880, г. Трыест, Італія — 23.3.1935),
нямецкі акцёр. Па нацыянальнасці албанец. З 1898 вучыўся ў Венскай кансерваторыі (барытон), быў статыстам, пазней акцёрам «Бургтэатра». З 1904 працаваў пад кіраўніцтвам М.Райнгарта, у 1905—33 у Ням. т-ры і «Камершпіле» (Берлін). Акцёр шырокага дыяпазону. Творчасць вызначалася адухоўленасцю, эмацыянальнасцю, мяккай вытанчанасцю пластыкі, імкненнем да перадачы вобразаў высакародных герояў, якія пакутуюць ад сутыкнення з жорсткасцю і несправядлівасцю жыцця. Сярод роляў: Освальд («Прывіды» Г.Ібсена), Гамлет, Рамэо («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), маркіз ды Поза, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Іванаў («Іванаў» А.Чэхава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў ДАВЫ́ДАВІЧ (у хрышчэнні Фёдар; 1193—1230),
вялікі князь смаленскі ў 1219—30. Сын Давыда Расціславіча. Атрымаў Смаленскае княства пасля таго, як яго пакінуў кн. Уладзімір Рурыкавіч. В.М.Тацішчаў згадвае М.Д. пад 1217 і 1221 як князя полацкага. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу малодшага зводу, захапіў Полацк 17.1.1222. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага ўпамінаецца як удзельнік заключэння гандл. дагавору 1222 з Рыгай ад імя Полацка і Віцебска. Верагодна, у той час М.Д. трымаў гэтыя гарады або яны знаходзіліся ў залежнасці ад яго. Заключыў дагавор 1229 з Рыгаю і Гоцкім берагам ад імя Смаленска, Віцебска і Полацка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́РСКІ (Іван Усеваладавіч) (10.8.1859, г. Архангельск, Расія — 7.1.1935),
расійскі вучоны ў галіне механікі, адзін з заснавальнікаў механікі цел пераменнай масы. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў. З 1902 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та. Навук. працы па тэарэт. і дастасавальнай механіцы. Распрацаваў тэорыю руху цел пераменнай масы, што стала асновай для вырашэння шэрагу праблем рэактыўнай тэхнікі і нябеснай механікі. Пад яго рэдакцыяй выдадзены «Зборнік задач па тэарэтычнай механіцы» (ч. 1, 1911).
Тв.:
Работы по механике тел переменной массы. 2 изд. М., 1952.
Літ.:
Космодемьянский А.А. И.В.Мещерский // Космодемьянский А.А. Теоретическая механика и современная техника. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́МЕН (ад грэч. noumenon),
тэрмін, які ў процілегласць феномену, абазначае сутнасць, што можа быць спасцігнута толькі розумам (розумаспасцігальную). Упершыню тэрмін «Н.» выкарыстаў Платон (у дыялогу «Тымей»), які разумеў пад Н. рэальнасць як яна існуе сама па сабе і прадмет абстрактных ведаў. І.Кант (у «Крытыцы чыстага розуму») разглядаў Н. як адмоўнае праблематычнае паняцце. Н. — гэта прадмет розуму, інтэлектуальнай інтуіцыі. У «Крытыцы практычнага розуму» Кант указваў на магчымасць станоўчага спасціжэння Н. як прадмета непачуццёвага сузірання. У гэтым сэнсе Н. недаступны чалавеку, паколькі яго сузіранні, паводле Канта, могуць быць толькі пачуццёвымі. Абодва гэтыя значэнні Н. адпавядаюць у яго філасофіі розным функцыям «рэчы ў сабе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЯ́ДА (Najas),
род кветкавых раслін сям. наядавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль усюды ў азёрах, старыцах, ліманах, на марскіх узбярэжжах. На Беларусі 2 віды Н.: вялікая (N. major) і марская (N. marina), занесеныя ў Чырв. кнігу. Аб’ект вывучэння біялогіі цвіцення і апылення падводных раслін. Паводле выкапнёвых рэшткаў Н. вызначаюць узрост геал. адкладаў. У акварыумах вырошчваюць таксама Н. каралеўскую, або Кінга (N. kingii), і грабеньчатую (N. pectinata).
Аднагадовыя, апушчаныя ў ваду травы з разгалінаваным ломкім сцяблом даўж. 8—60 см. Лісце лінейнае, у несапраўдных кальчаках. Кветкі дробныя, аднаполыя, адзіночныя. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НГУЕ́НЫ,
дынастыя правіцеляў (16—18 ст.) Паўд. і Цэнтр. В’етнама, імператараў В’етнама (1802—1945). З сярэдзіны 16 ст. фактычныя правіцелі Паўд. і Цэнтр. В’етнама пры намінальнай уладзе імператараў дынастыі Ле. У 17—18 ст. вялі войны з домам Чыняў, які правіў на Пн В’етнама, за кантроль над усёй краінай. У пач. 19 ст. пры дапамозе французаў задушылі паўстанне тэйшонаў (1771—1802) і аб’ядналі пад сваёй уладай увесь В’етнам. У 1802 Нгуен Ань (Зя Лонг) абвясціў сябе імператарам [1802—20], У 1884 прызналі франц. пратэктарат, застаючыся намінальнымі імператарамі Паўн. і Цэнтр. В’етнама. Пасля ўзяцця ўлады В’етмінем у жн. 1945 апошні з Н. — Бао Дай [1926—45] — адрокся ад прастола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НДЖАМЕ́НА (N’Djamena),
горад, сталіца Чада, на правым беразе р. Шары, каля ўпадзення ў яе р. Лагоне. Адм. ц. прэфектуры Шары-Багірмі. 826 тыс.ж. (1998). Вузел аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (мясахаладабойня, вытв-сць алею, мукі, піва і інш.), абутковая, тэкст., будматэрыялаў. Гандаль жывёлай, бавоўнай. Нац.ун-т. Нац. музей.
Засн. ў 1900 французамі пад назвай Форт-Ламі як ваен. апорны пункт (ад імя кіраўніка экспедыцыі маёра А.Ф.Ж.Ламі). Да 1958 адм. цэнтр франц. калоніі Чад. У 1958—60 сталіца аўтаноміі ў складзе франц. Супольнасці, з 1960 — незалежнай Рэспублікі Чад. У 1973 перайменавана ў Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁЎДА, Нявода, Палужанка,
рака ў Навагрудскім і Карэліцкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Сэрвач (бас.р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 240 км². Пачынаецца каля в. Нёўда Навагрудскага р-на, цячэ ў межах Навагрудскага ўзв. па ўзгорыстай мясцовасці, перасечанай глыбокімі лагчынамі і ярамі. Упадае ў р. Сэрвач на Пн ад в. Беразавец. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 2—3 км, са стромкімі схіламі, выш. да 30 м. Пойма роўная, месцамі забалочаная, пад хмызняком, шыр. 100—500 м. Рэчышча моцна звілістае, ад в. Аколіца да вусця каналізаванае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,7 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАФО́СКА,
складанае комплекснае ўгнаенне, якое мае азот, фосфар і калій. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і фасфаты, монагідраортафасфат кальцыю CaHPO4, хларыд калію KCl.
Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем прыродных фасфатаў азотнай к-той ці яе сумессю з інш. к-тамі (фосфарнай, сернай) з далейшай нейтралізацыяй прадуктаў растворам аміяку і дабаўленнем КСІ перад грануляваннем і высушваннем. Вырабляюць Н. карбанатную, сернакіслотную і фосфарнакіслотную, якая мае найб. колькасць (48—51%) пажыўных элементаў, а доля водарастваральных фасфатаў у ёй перавышае 50% іх агульнай колькасці. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў пад розныя с.-г. культуры як асн. ўгнаенне і для падкормкі.