«КРУП»

(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),

буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.​Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш. фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ШАЛЬ Францішак Вінцэнтавіч (16.2.1895, в. Пяршаі Валожынскага р-на Мінскай вобл. — май 1968),

вайсковец, дзеяч бел. эміграцыі. Муж Н.А.Арсенневай. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 чл. Беларускай вайсковай камісіі. З 1922 у польск. арміі, удзельнік абарончых баёў на Заходнім фронце ў вер. 1939, камандзір батальёна. 22.9.1939 інтэрніраваны ў СССР. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: са снеж. 1941 нач. падафіцэрскай бел. школы паліцыі ў Мінску, з ліп.—жн. 1942 кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, гал. вайск. рэферэнт у Беларускім корпусе самааховы, са снеж. 1943 чл. Беларускай цэнтральнай рады, з сак. 1944 шэф гал. камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні час. «Беларус на варце». З 1944 у Германіі, потым ЗША. Заснаваў Аб’яднанне бел. ветэранаў (1947, Германія). У 1947—54 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Аўтар артыкулаў па пытаннях ваен. гісторыі Беларусі.

А.​М.​Літвін.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр. Усх. Еўропы, у т. л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).

А.​М.​Мядзведзеў.

Тыповыя рэчы латэнскай культуры: 1,2 — жалезныя мячы; 3, 4 — фібулы; 5, 6 — посуд; 7—9 — бронзавыя бранзалеты; 10 — бронзавая шыйная грыўня; 11, 12 — фрагменты залатых шыйных грыўняў.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял. Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл. Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КОНТРУДА́Р 1941,

контрудар на Лепельскім напрамку сав. войск 20-й арміі (ген.-лейт. П.А.Курачкін) Зах. фронту ў складзе 5-га і 7-га механіз. карпусоў 6—10 ліп. ў Вял. Айч. вайну з мэтай разгрому групоўкі ворага, які наступаў у напрамку Віцебска. Злучэнні 5-га і 7-га карпусоў выйшлі з раёна Багушэўска на Сянно, вызвалілі яго, прасунуліся на 30—40 км, разграмілі 2 ням. матарызаваныя палкі, на Лепельскім напрамку знішчылі матарызаваную дывізію, да 40 гармат, шмат трансп. сродкаў праціўніка. Найб. упартыя баі, у т. л. танкавыя (удзельнічала да 1,5 тыс. танкаў), ішлі на Пн ад Сянна. Падцягнутыя рэзервы ворага і падтрымка авіяцыі вымусілі сав. карпусы спыніць наступленне і адысці ў раён Оршы. Контрударам ворагу прычынены страты, значна паменшана яго ўдарная сіла і тэмп прасоўвання на У. У памяць аб Л.к. ў г.п. Багушэўск Сенненскага р-на пастаўлены помнік.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВЕНЦАЎ Віктар Ільіч (н. 21.4.1918, г.п. Давыдаўка Варонежскай вобл., Расія),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), парт. і дзярж. дзеяч БССР. Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Гродзенскае ваен.-паліт. вучылішча (1941), Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1952), Мінскі пед. ін-т (1955). У жн.—ліст. 1941 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бабруйскага патрыятычнага падполля, затым камандзір партыз. атрада, з лютага 1943—1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У 1944—50 заг. аддзела, сакратар, 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1958 старшыня К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі. У 1978—86 кіраўнік спраў ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1981—86. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—89. Аўтар кн. «Партызанскі край» (4-е выд. 1983).

Літ.:

Люди легенд. М., 1968. Вып. 3. С. 211—234.

В.І.Лівенцаў.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́НІЦА,

вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).

Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст. Л. наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў Барыс Міхайлавіч (6.8.1862, с. Балабонава Ніжагародскай вобл., Расія — 22.2.1943),

расійскі мовазнавец-славіст. Акад. АН СССР (1923; чл.-кар. 1907), Польскай АН (1930), чл.-кар. Балгарскай (1932) і Чэшскай (1934) АН. Брат А.М.Ляпунова і С.М.Ляпунова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1885). Вучань В.Ягіча. Выкладаў з 1892 у Харкаўскім, з 1900 у Новарасійскім ун-тах. Праф. ун-таў у Адэсе (1903—23), Ленінградзе (1924—29). Належаў да лінгвістычнай школы П.Фартунатава. Працы па гісторыі праслав. мовы, параўнальнай фанетыцы і граматыцы, гісторыі і этымалогіі слав. моў: «Даследаванне пра мову сінадальнага спіса 1-га Наўгародскага летапісу» (вып. 1, 1899), «Формы скланення ў стараславянскай мове» (1905), літаграфаваны курс лекцый па параўнальнай фанетыцы слав. моў (1913—14) і інш. Аўтар нарысаў пра дзейнасць рус. і замежных філолагаў-славістаў канца 19—1-й пал. 20 ст. (Я.​Карскага, Ф.​Пастрнека, А.​Патабні, М.​Фасмера, А.​Шахматава, Л.​Шчэрбы, Ягіча і інш.).

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),

польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер ​3/4 ці ​3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.​Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес. бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.​Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.​Ельскія, Ф.​Міладоўскі, у 20 ст. А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, Э.​Тырманд і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАКО́ВІЧ Пракоп Дзянісавіч (20.7.1895, в. Зубарэвічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 26.9.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Удзельнік 1-й сусв.

вайны. У 1917 старшыня палкавога к-та. Удзельнічаў у ліквідацыі мяцяжу Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйскім пав., у барацьбе з ням. акупантамі. У 1918—20 ваен. камісар Бабруйскага, Дарагабужскага пав., ваен. камісар сувязі Зах. фронту. З 1920 старшыня Бабруйскага пав. выканкома, з 1922 нарком унутр. спраў БССР, з 1923 старшыня Амурскага губ. рэўкома, выканкома. З 1927 старшыня Гомельскага акр. выканкома, з 1928 сакратар Гомельскага акр. к-та КП(б)Б. З 1931 у Наркамаце сувязі СССР. Чл. ЦВК БССР у 1920—23 і 1927—31, канд. у чл. яго Прэзідыума ў 1927—29. Чл. ЦБ КП(б)Б у 1922—23 і ЦК КП(б)Б у 1927—30, канд. у чл. Бюро ў 1928 і чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1929—30.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)