КУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 13.6.1934. Пл. 29,8 тыс. км². Нас. 1339 тыс. чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г. Курск. Найб. гарады: Жалезнагорск, Курчатаў, Льгоў, Шчыгры, Рыльск, Абаянь.

Прырода. К.в. займае паўд.-зах. схілы Сярэднярускага ўзв. (выш. да 275 м). Паверхня — узгоркавая раўніна, моцна парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (Курская магнітная анамалія), фасфарыты, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Сейм, Псёл) і Дона (Аскол). Глебы чарназёмныя, на ПнЗ шэрыя лясныя. Пераважае культурная расліннасць, участкі лесастэпаў і стэпаў (Стралецкі і Казацкі стэпы) засталіся толькі ў Цэнтральначарназёмным запаведніку. Пад лесам каля 8% тэрыторыі (дуб, ясень, ліпа, клён). З жывёл трапляюцца лось, казуля, ліс, куніца, заяц-русак, суслік і інш.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — жалезарудная, электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харч., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча (10,5 млн. т, 1996) і абагачэнне жал. руды (Міхайлаўскі горна-абагачальны камбінат, г. Жалезнагорск). Вытв-сць электраэнергіі 20 млрд. кВтгадз. (1996), пераважна на ЦЭЦ. Буйная Курская АЭС. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю аўтамаб. акумулятараў, кавальска-прэсавага абсталявання, лічыльных машын, падшыпнікаў, элеватарнага абсталявання, свідравальных установак, сродкаў аўтаматызацыі для цукр. прам-сці, трактарных агрэгатаў, аўтарамонтам. Завод «Атамрамонт» (Курчатаў). Вытв-сць гумава-тэхн., гумавых, пластмасавых вырабаў, лекавых сродкаў. Больш за 10 цукр. з-даў. Развіта мясная, малочная, масласыраробная, кансервавая, крупяная прам-сць. Вытв-сць камбікармоў. Лёгкая прам-сць (гарбарна-абутковая, трыкат., швейная, пяньковая). Вытв-сць дываноў. Дрэваапрацоўчая і мэблевая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя канструкцыі і вырабы, цэгла, вапна). Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 2432 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. займае 1640 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка) і тэхн. культуры (цукр. буракі), бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1,1 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,8 тыс. км. Гал. чыгункі Масква—Харкаў, Кіеў—Варонеж, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль. Мясц. суднаходства па р. Сейм.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛО́НІЯ (ісп. Cataluña. каталонскае Catalunya),

гістарычная і аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі. Пл. 32 тыс. км². Нас. 6 млн. чал. (1991), пераважна каталонцы. Уключае правінцыі: Барселона, Жэрона, Лерыда, Тарагона. Адм., эканам., культ. цэнтр і гал. порт — г. Барселона. Большая ч. тэрыторыі занята Каталонскімі гарамі (выш. да 1712 м), на Пн — Пірэнеі, уздоўж Міжземнага м. — вузкая паласа прыморскай раўніны. Клімат міжземнаморскі. Найб. рэкі Эбра з прытокам Сегрэ і Льёбрэгат. Захаваліся ўчасткі маквісу, дубовых і хваёвых лясоў. К. — адзін з асн. прамысл. раёнаў Іспаніі, на які прыпадае каля 1/3 валавога кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны. Каля 80% усіх занятых у прам-сці — у Барселоне, у зоне яе прамысл. прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. Гал. галіны прам-сці: металаапрацоўка і машынабудаванне (асабліва транспартнае), тэкст., хім., а таксама электратэхн., паліграф., нафтаперапр., харчовая. Працуюць ГЭС на горных рэках. АЭС. Апрацоўваецца каля 35% тэрыторыі, у т. л. палавіна яе пад садамі (аліўкі, яблыкі, грушы) і вінаграднікамі, палавіна — пад збожжавымі (пшаніца, кукуруза, рыс), бульбай, агароднінай. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Раён развітога турызму, асабліва ўзбярэжжа (Коста-Брава, Коста-Дарада).

У старажытнасці заселена іберамі, якія падтрымлівалі гандл. сувязі з фінікійцамі, пазней — з Карфагенам. З канца 3 ст. да н. э. пад уладай Стараж. Рыма. У час Вялікага перасялення народаў занята аланамі (409), вестготамі (415). У 711 паўд. частку К. заваявалі арабы. У 785—801 ператворана Карлам Вялікім у бастыён барацьбы супраць арабаў, у 9—10 ст. адасобілася ад франкскіх каралёў (наз. Ісп. марка). У 1137 Барселонскае графства праз дынастычны шлюб аб’яднана з каралеўствам Арагон. У 1479—1516 каталонска-арагонская дзяржава аб’яднана з Кастыліяй. У вайну за іспанскую спадчыну скасаваны (1714) каталонскія вольнасці і самаст. паліт. ін-ты, што існавалі з сярэдневякоўя. З 19 ст. актывізаваўся нац.-культ. і паліт. рух каталонцаў. У пач. іспанскай рэвалюцыі 1931—39 К. атрымала статус аўтаноміі (25.9.1932). Пасля абвяшчэння незалежнасці К. (кастр. 1934) яе аўтаномія прыпынена ўрадам Ісп. рэспублікі (снеж. 1934 — люты 1936). На апошнім этапе рэвалюцыі (1936—39) каталонцы падтрымлівалі ісп. рэспубліканцаў; пасля перамогі антырэсп. сіл на чале з ген. Ф.​Франка аўт. статус К. скасаваны (5.4.1939). У час дыктатуры Франка каталіцкая царква ў 1965 ураўнавала каталанскую мову з іспанскай у набажэнстве. У 1975 ісп. ўрад надаў каталанскай мове статус мовы выкладання, а К. — аўтаномію (са снеж. 1979 пасля плебісцыту).

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў цэнтр. ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс. км². Нас. 1224,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г. Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.

Прырода. К.в. займае паўд. ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал. руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс. га.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім. прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч. прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сць буд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мясамалочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМСКА́Я ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 60,1 тыс. км², нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Кастрама. Найб. гарады: Буй, Нерахта, Шар’я, Мантурава, Галіч, Нея.

Прырода. Паверхня — хвалістая раўніна. На З вобласці Кастрамская нізіна (выш. 80—100 м). З Пд на Пн распасціраецца Галіцкае ўзв. (выш. да 292 м), на ПнУ адгор’і Паўн. Увалаў (выш. да 227 м). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, гаручыя сланцы, фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -12 °C да -14 °C, ліп. 18—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—600 мм. Гал. рака — Волга з прытокамі Кастрама, Унжа, Вятлуга. Буйныя азёры — Галіцкае і Чухламскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у поймах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 60% тэрыторыі (хвоя, елка, бяроза, асіна, вольха). Жывёльны свет: буры мядзведзь, воўк, рысь, лось, ліс, вавёрка, куніца, акліматызаваная андатра.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лёгкая (пераважна льняная), маш.-буд., харч., лясная і дрэваапр., энергетыка, хімічная. Ільняная прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Вытв-сць ільновалакна, тканін, швейных і трыкат. вырабаў у гарадах Кастрама, Нерахта, Буй, скур і абутку ў г. Галіч. Прадпрыемствы па вытв-сці рачных суднаў, станкоў, экскаватараў, абсталявання для дрэваапр., тэкст., хім., харч. прам-сці ў Кастраме, Галічы, Нерахце, Мантураве. Цэнтры лесапілавання, дрэваапрацоўкі, вытв-сці мэблі, паперы — Кастрама, Буй, Шар’я, Макар’еў, Мантурава, Галіч. Развіта харч. прам-сць (малочная, сыраробная, мясная, макаронная і інш.). У Буі і Кастраме з-ды па вытв-сці сінт. смол і пластмас. Вытв-сць электраэнергіі 9,3 млрд. кВтгадз (1996). Кастрамская ДРЭС (Валгарэчанск) — адна з буйнейшых у Расіі. Стараж. цэнтр ювелірнага нар. промыслу — Краснае-на-Волзе. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (кастрамская парода буйн. раг. жывёлы) і льнаводства. Авечкагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 1040 тыс. га, у т. л. пад ворывам каля 700 тыс. га. Пасевы збожжавых (жыта, пшаніца, ячмень, авёс), лёну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Даўж. чыгункі 646 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км (1996). Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Яраслаўль—Кастрама—Галіч, Волагда—Галіч—Мантурава—Кіраў, аўтадарогі Яраслаўль—Кастрама—Макар’еў—Мантурава, Кастрама—Іванава. Суднаходства па Волзе, у нізоўях рэк Кастрама, Унжа, Вятлуга. Курорт Салігаліч.

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),

1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.

Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) у К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр. часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.

Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).

2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.

Т.​В.​Габрусь (архітэктура).

Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.
Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́СНАЯ ПЛО́ШЧА ў Маскве,

цэнтральная плошча горада. Размешчана каля Крамля Маскоўскага. Створана ў канцы 15 ст. Першапачаткова наз. Торгам, у 16 ст. — Троіцкай, пасля пажару 1571 — Пажарам, з 1662 — Красная (прыгожая). У фарміраванні яе арх. ансамбля вядучую ролю адыгрывае Крамлёўская сцяна са Спаскай (Фралоўскай), Сенацкай і Нікольскай вежамі Крамля, што вызначае падоўжную кампазіцыю плошчы, і Васіля Блажэннага храм, які замыкае яе з Пд. У 16—17 ст. уздоўж сцяны праходзіў абарончы роў (засыпаны пасля 1812) з мастамі, агароджанымі зубчастымі сценамі. У 1-й пал. 16 ст. на плошчы ўстаноўлены памост-трыбуна, т. зв. Лобнае месца (перабудавана ў 1786, арх. М.​Ф.​Казакоў), у канцы 17 ст. пастаўлены будынкі Манетнага двара, Земскага прыхода, Гал. аптэкі. У пач. 18 ст. К.п. — культ. цэнтр горада: каля Спаскіх варот ішоў кніжны гандаль (існаваў да канца 19 ст.) і адкрылася першая публічная б-ка, каля Нікольскіх варот — т-р («камедыйная хараміна»), У 1755 у будынку Гал. аптэкі адкрыўся Маск. ун-т, з 1785 — дзярж. ўстановы. У 1786 перабудаваны старыя гандл. рады (паводле праекта Дж.​Кварэнгі), узнік новы корпус насупраць Крамлёўскай сцяны (перабудаваны ў 1814—15 арх. В.​І.​Бавэ; не захаваўся). У 1818 пастаўлены помнік К.​Мініну і Дз.​Пажарскаму (скульпт. І.​П.​Мартас), які разам з купалам Сената (1776—87, арх. Казакоў) ствараў папярочную вось ансамбля. Пабудовы 2-й пал. 19 ст. ў псеўдарус. стылі: будынак Гіст. музея (1875—81, арх. У.​В.​Шэрвуд), Верхнія (цяпер дзярж. універмаг, 1889—93, арх. А.​Н.​Памяранцаў) і Сярэднія (1892, арх. Р.​І.​Клейн) гандл. рады. З К.п. звязаны некат. гіст. падзеі ў Маскве: «саляны бунт» (1648), «медны бунт» (1662), стралецкае паўстанне (1682) і інш. У сав. часы на плошчы пабудаваны маўзалей У.​І.​Леніна (1924—30, арх. А.​В.​Шчусеў), у 1930—31 створаны трыбуны (арх. І.​А.​Француз), пасаджаны елкі, плошча забрукавана. Каля Крамлёўскай сцяны магілы, у сцяне урны з прахам рас., сав. і замежных дзеячаў. У 1992—94 тут адноўлены Казанскі сабор (каля 1636, разабраны ў 1936). К.п. — месца правядзення ўрачыстасцей. Ад яе вядзецца адлік адлегласці па ўсіх дарогах, што ідуць ад Масквы. К.п. разам з Крамлём уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Красная плошча ў Маскве.

т. 8, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ Ў ЮГАСЛА́ВІІ 1941—45,

узброеная барацьба народаў Югаславіі супраць ням., італьян., венг., балг. акупац. войск і мясц. калабарацыяністаў у 2-ю сусв. вайну. Вялася рознымі ваен.-паліт. сіламі краіны, адну з гал. роляў адыгрывала Кампартыя Югаславіі (КПЮ). Неўзабаве пасля нападзення Германіі, Італіі і Венгрыі на Югаславію (гл. Балканская кампанія 1941) паводле рашэння Палітбюро ЦК КПЮ у Заграбе 10.4.1941 быў створаны Ваен. к-т на чале з ген. сакратаром КПЮ І.Ціта (Броз Ціта). Ваен. к-ты пачалі дзейнічаць ва ўсіх раёнах краіны, фарміраваліся баявыя групы. У дзень нападзення Германіі на СССР (22.6.1941) КПЮ заклікала да ўзбр. барацьбы. 27.6.1941 ЦК КПЮ стварыў Гал. штаб (з 3 вер. Вярх. штаб) партыз. атрадаў. 4.7.1941 прынята рашэнне пачаць узбр. паўстанне. У канцы 1941 у Югаславіі было 80 тыс. партызан. 22.12.1941 сфарміравана першая рэгулярная вайсковая часць (1-я Пралетарская брыгада). Баявая актыўнасць руху супраціўлення прымушала акупантаў трымаць у Югаславіі значную групоўку войск (у 1941—42 было 27—32 дыв.). У ліст. 1942 створана Антыфашысцкае веча народнага вызвалення Югаславіі (агульнаюгасл. паліт. орган), пачалося фарміраванне Нар.-вызв. арміі Югаславіі (НВАЮ, вярх. галоўнакамандуючы — Ціта); да канца года створана 9 дывізій. Усяго ў краіне дзейнічала 38 брыгад і 36 партыз. атрадаў (150 тыс. чал.). У выніку баёў на рэках Нератва і Суцьеска (1943) НВАЮ вызваліла шэраг раёнаў краіны. Зах. дзяржавы, што раней падтрымлівалі югасл. эмігранцкі ўрад, устанавілі кантакт з Вярх. штабам НВАЮ. Пасля капітуляцыі Італіі (вер. 1943) актывізавалася нац.-вызв. барацьба. Ў складзе НВАЮ вялі баі сав., чэхаславацкія, венг., балг., італьян. партыз. батальёны. У ліст. 1943 створаны Нацыянальны камітэт вызвалення Югаславіі — першы нар. ўрад. Да канца 1943 вызваленыя раёны складалі каля палавіны тэр. краіны. Матэрыяльную, ваен. і інш. дапамогу югасл. нар.-вызв. руху аказваў СССР. У вер. 1944 Чырв. Армія наблізілася да граніц Югаславіі і, паводле маскоўскіх пагадненняў, прыняла ўдзел сумесна з югасл. войскам у вызваленні Бялграда (гл. Бялградская аперацыя 1944). 7.3.1945 у Бялградзе сфарміраваны ўрад Дэмакр. Федэратыўнай Югаславіі на чале з Ціта. Да 15.5.1945 югасл. армія (800 тыс. чал.) завяршыла вызваленне краіны. За час вайны ў Югаславіі загінула 1 млн. 700 тыс. яе жыхароў, у т. л. 305 тыс. байцоў і партызан.

Літ.:

Славин Г.М. Освободительная война в Югославии (1941—1945 гг.). М., 1965.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Зах.-Сібірскай раўніны, у Рас. Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. На Пд мяжуе з Казахстанам. Пл. 139,7 тыс. км². Нас. 2180 тыс. чал. (1998), гарадскога 67,2%. Цэнтр — г. Омск. Найб. гарады: Ісількуль, Тара, Калачынск.

Паверхня пераважна раўнінная (выш. 100—140 м), на Пн забалочаная, на Пд невял. выцягнутыя ўзвышшы — грывы. Карысныя выкапні: гліна, пясок, мергель, торф; у азёрах мірабіліт і кухонная соль. Клімат кантынентальны, умерана халодны. Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рака Іртыш з прытокамі Ом, Тара, Туй (справа), Ішым, Оша (злева). Шмат азёр. На Пн і ў цэнтр. ч. прэсныя (Тэніс, Ік, Салтаім), на Пд салёныя (Эбейты). Глебы чарназёмныя (на Пд), балотныя і дзярнова-падзолістыя (на Пн і ПнЗ), ёсць саланцаватыя і саланчакі. О.в. размешчана ў зонах паўднёватаежных і мяшаных лясоў, лесастэпу і стэпу. Пад лесам і хмызнякамі каля 25% тэрыторыі. На Пн лясы з кедра, елкі, піхты, далей на Пд бярозава-асінавыя лясы, у лесастэпе — калкі.

О.в. — адзін з найб. развітых раёнаў Зах. Сібіры. Гал. галіна — нафтаперапр. (45,7% кошту прамысл. прадукцыі), прадстаўлена Омскім нафтаперапр. з-дам. Развіты хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас, мыйных сродкаў, медпрэпаратаў, лакаў, фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць матораў, самалётаў, ракет, тэлевізараў, магнітафонаў, газавай апаратуры, збожжаўборачных камбайнаў, трактарных прычэпаў, запчастак для с.-г. машын). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (4 у г. Омск). На мясц. сыравіне працуюць харч. (масласыраробная, мясная, мукамольная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць піламатэрыялаў, дачных домікаў, мэблі), часткова лёгкая (аўчынна-футравая, гарбарна-абутковая, ільняная, швейная, трыкат., дывановая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна- і авечкагадоўлі. Пасяўныя плошчы займаюць 3,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (яравая пшаніца, жыта, ячмень, авёс) 60% плошчы, тэхн. (сланечнік, лён) — 0,3%, кармавымі — 37,8%, бульбай і агароднінай — 1,9%. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коней, птушку. Пушны промысел (вавёрка, андатра, гарнастай і інш.); зверагадоўля. Даўж. чыгунак 886 км. Асн. чыгункі Транссібірская магістраль, Омск—Цюмень—Екацярынбург. Даўж. аўтадарог 7264 км. Унутр. водныя шляхі складаюць 1667 км. Суднаходства па рэках Іртыш, Ішым. Нафтаправоды Транссібірскі і Ніжнявартаўск—Усць-Балык—Омск.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.

Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.

Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.​Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.

В.​Р.​Анціпаў, А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч.

Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́ЦКІЯ,

шляхецкі род герба «Пілава» ў Рэчы Паспалітай. Прозвішча ад в. Потак у Ксёнжскім пав. Кракаўскага ваяв. У 17—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайск. пасады ў Польшчы. Карысталіся графскім тытулам, які ў 18 ст. прызнаны ў Аўстрыі і ў 19 ст. ў Расіі. З Беларуссю найб. былі звязаны:

Крыштоф (каля 1600 — вер. або кастр. 1675), чашнік ВКЛ у 1645—46, падстолі ў 1646—53, стольнік у 1653—58, крайчы ў 1658—61, падчашы з 1661. Міхал (? — 1711?), ген.-маёр, падстолі ВКЛ з 1700. Яўстахі (каля 1720—25.2.1768), ген.-маёр, генерал артылерыі ВКЛ з 1759, староста львоўскі. Iгнацы (Раман Ігнацы Францішак; 28.2.1750, Радзынь-Падляскі, Люблінскае ваяв. — 20.8.1809), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, асветнік. Пісар вялікі ВКЛ у 1773—83, маршалак надворны ў 1783—91, маршалак вялікі ў 1791—92, маршалак Пастаяннай Рады ў 1778—80. Адзін з гал. дзеячаў Адукацыйнай камісіі з часу яе ўтварэння, узначальваў Т-ва элементарных кніг. Быў адным з лідэраў рэфарматарскай партыі на Чатырохгадовым сойме 1788—92, адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. За ўдзел у працы дэпутацыі па выпрацоўцы канстытуцыі прызначаны міністрам паліцыі абодвух народаў у Стражы правоў, з-за чаго выйшаў са складу Адукацыйнай камісіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 выконваў абавязкі адсутнага ваен. міністра. У 1792—94 у эміграцыі ў Саксоніі. Адзін з арганізатараў паўстання 1794. Увайшоў у склад Найвышэйшай нацыянальнай рады як кіраўнік аддзела замежных інтарэсаў. Належаў да памяркоўнага крыла паўстанцаў. Пасля задушэння паўстання зняволены ў С.-Пецярбургу. З 1796 жыў у Аўстрыі. Станіслаў Шчэнсны (Фелікс; 1752?, Крыстынопаль, Валынскае ваяв. — 14 або 15.3.1805), харунжы вялікі каронны ў 1774—80, ваявода рускі ў 1782—88, генерал кароннай артылерыі ў 1788—92, чл. Пастаяннай Рады ў 1782—86, чл. Адукацыйнай камісіі ў 1782—93, ген.-лейтэнант (1784). На Чатырохгадовым сойме 1788—92 выступаў супраць прагрэс. рэформ, адзін з гал. праціўнікаў Канстытуцыі 3 мая 1791. 27.4.1792 у С.-Пецярбургу падпісаў акт утварэння Таргавіцкай канфедэрацыі і стаў яе ген. маршалкам. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 у Брэсце, потым у Гродне, ажыццяўляў вярх. ўладу ў Рэчы Паспалітай. У 1795 атрымаў чын рас. ген.-аншэфа, жыў у сваіх укр. маёнтках. Ян (1761—1815), пісьменнік, гісторык, гл. Патоцкі Я.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)