сістэма арганізацыі працы, заснаваная на спецыялізацыі і рацыяналізацыі прац. аперацый; адзін з кірункаў амер. тэорыі менеджменту. Узнік у ЗША ў пач. 20 ст. Назва ад прозвішча яе аўтара Ф.У.Тэйлара, які ў кн. «Кіраванне вытворчасцю» (1903) і «Прынцыпы навуковай арганізацыі вытворчасці» (1911) сфармуляваў асновы прынцыпова новай арганізацыі працы. Т. — гэта сукупнасць метадаў арганізацыі і нарміравання працы, кіравання вытв. працэсамі, падбору, расстаноўкі і аплаты працаўнікоў, якія накіраваны на значнае павышэнне прадукцыйнасці працы і інтэнсіўнасці працы. Пры нарміраванні працы ўсе прац. аперацыі падзяляліся на простыя і прац. дзеянні і прыёмы, устараняліся залішнія і марныя, ажыццяўляўся хронаметраж выканання самым кваліфікаваным рабочым асобных элементаў работы. Паказчыкі выпрацоўкі гэтага рабочага браліся за норму, якая станавілася абавязковай для выканання ўсімі рабочымі. Каб стымуляваць выкананне гэтай нормы, была распрацавана спец. сістэма здзельна-прагрэсіўнай аплаты працы. Яна прадугледжвала прэміраванне за выкананне і перавыкананне нормы і штрафы для тых, хто не выконваў. Рэгламентавалася таксама чаргаванне працы з адпачынкам. Крытыкі Т. адзначалі яго дваісты і супярэчлівы характар: ён узмацняў эксплуатацыю рабочых, аднак павышаў прадукцыйнасць працы. Пад уплывам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі Т. эвалюцыяніраваўся; ён у многіх краінах з’яўляецца і асновай арганізацыі працы і павышэння эфектыўнасці вытв-сці.
Літ.:
Украинец П.П. Менеджмент: новые технологии. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕЙЦА́РСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,
пераход рас. войск на чале з А.В.Суворавым з Паўн. Італіі праз Альпы ў Швейцарыю і Аўстрыю 21.9—8.10.1799 у час вайны 2-й антыфранц. кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і інш.) супраць Францыі. У адпаведнасці з англа-аўстр.стратэг. планам пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 яго войскі (21,5 тыс.чал., у т. л. 4,5 тыс. аўстрыйцаў) былі накіраваны ў Швейцарыю, каб адтуль пасля злучэння з рас. корпусам ген. А.М.Рымскага-Корсакава (24 тыс.чал.) і аўстр. войскамі наступаць на Францыю. Сувораў пайшоў у Швейцарыю самым кароткім шляхам — праз Альпы, якія лічыліся амаль непраходнымі для войск. З цяжкімі баямі ён авалодаў перавалам Сен-Гатард і Чортавым мостам (праз р. Рэйс) і выйшаў да Люцэрнскага воз., дзе даведаўся пра разгром франц. арміяй ген. А.Масены корпуса Рымскага-Корсакава і акружэнне сваіх войск утрая пераўзыходзячымі франц. сіламі. Ратуючы сваю армію ад разгрому, Сувораў павёў яе на У. Ён спалучаў абыходы з франтальнымі ўдарамі, выбіў франц. атрады з шэрагу перавалаў, пераадолеў бездарожны хрыбет Панікс і вывеў свае гал. сілы (15 тыс.чал.) разам з 2800 палоннымі у Аўстрыю. Ш.п. — выдатны прыклад паспяховых манеўраных баявых аперацый у гарах супраць пераўзыходзячых сіл праціўніка.
Літ.:
Данилов А. «Русский штык прорвался сквозь Альпы!» // Армия. 1999. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРДСЛІ, Бердслей (Beardsley) Обры Вінсент (24.8.1872, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 16.3.1898), англійскі мастак-ілюстратар. Вучыўся ў Вестмінстэрскай маст. школе (1891). Зазнаў уплыў Э.Бёрн-Джонса, звяртаўся да прыёмаў яп. гравюры. Развіваў сімвалічныя тэндэнцыі мастацтва позніх прэрафаэлітаў. Шматлікія малюнкі Бёрдслі (іл. да час. «Жоўтая кніга», які ён выдаваў у 1894—95, і «Савой», 1896, да «Саламеі» О.Уайльда, 1894), адметныя вытанчанасцю і дэкар. элегантнасцю вобразаў, віртуознай гульнёй тонкіх ліній і сілуэтаў, адыгралі важную ролю ў фарміраванні графікі стылю «мадэрн».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНІСЕ́НКА Іван Піліпавіч (1913, в. Норкі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 5.7.1943),
паэт, журналіст. Пісаў на рус. мове. З 1933 працаваў у чэрыкаўскай раённай газ. «Сацыялістычная перамога». З 1937 друкаваў вершы, допісы, нарысы ў рэсп. прэсе. У Айч. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Па заданні падп. райкома КПБ стаў сакратаром чэрыкаўскай акруговай паліцыі. Стварыў у Чэрыкаве антыфаш. арг-цыю. Быў выдадзены і арыштаваны. Пасля катаванняў расстраляны.
Літ.:
Цітоў К. Людзі, ён любіў вас! // Полымя. 1964. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНО́М,
кіраўнік панскай гаспадаркі, наглядчык за працай у фальварку на Беларусі ў перыяд феадалізму і капіталізму. Тэрмін вядомы з канца 16 ст. Аканом нёс адказнасць за гасп. дзейнасць у маёнтку, трымаў пад кантролем суд над сялянамі, кіраваў зборам падаткаў. На аканома ўскладаўся абавязак кантролю за падуладнымі яму намеснікамі асобных фальваркаў. Ён вёў таксама ўсю гасп. справаздачу, якую прад’яўляў на рэвізію гаспадару ці яго адміністратару. Пасаду аканома ў большасці выпадкаў займалі прадстаўнікі шляхецкага саслоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЭРАБІЁЗ (ад ан... + аэра... + ...біёз), анаксібіёз,
жыццё пры адсутнасці свабоднага малекулярнага кіслароду. Звычайная ўмова існавання анаэробных арганізмаў. Тэрмін анаэрабіёз увёў франц. вучоны Л.Пастэр (1861); ён паказаў, што мікраарганізмы, якія выклікаюць маслянакіслае браджэнне, гінуць у прысутнасці кіслароду. У шматклетачных жывёл анаэрабіёз — часцей часовы стан, які забяспечвае выжыванне ў перыяды недахопу кіслароду і суправаджаецца рэзкім падзеннем абмену рэчываў і пераходам у неактыўнае становішча (гл.Анабіёз). Працэсы анаэробнага ператварэння (браджэнне, гніенне) маюць вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПО́НЫ (Du Pont),
сямейная фін. і прамысл. група ў ЗША. Заснавальнік — Э.І.Дзюпон дэ Немур (1771—1834), сын П.С.Дзюпона дэ Немура. У 1802 ён пабудаваў у пас. Уілмінгтан (штат Дэлавэр) парахавы з-д. Разбагацелі на ваен. бізнесе ў час англа-амер. вайны 1812—14, амер.-мекс. вайны 1846—48, грамадз. вайны ў ЗША 1861—65, 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры Т.К.Дзюпоне (1863—1930) узнік хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані» (1899).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖАЛЬ,
у беларускай народнай міфалогіі бог агню, апякун рамёстваў, найперш кавальскага. Яго ўяўлялі магутным дэманам, які пад зямлёй у вогненнай кузні куе зброю, каб скінуць Перуна. Ж. паважалі за мужнасць і непакорнасць, але баяліся яго. Былі ўпэўнены, што, калі ён доўга працаваў у кузні, перагравалася зямля і пачыналася засуха, гарэлі тарфяныя балоты і лясы. Калі Ж. выходзіў з-пад зямлі, Пярун у гневе кідаў у Ж. вогненныя стрэлы-маланкі. Не папаўшы ў Ж., маланка магла быць прычынай пажару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н УДО́ВІН СЫН, Іван Падвей,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, юнак-асілак. Сын царскай дачкі, якая нарадзіла яго ад падвею (ветру). Валодае незвычайнай сілаю, вял. розумам і маладзецкай адвагаю. Гераічныя рысы ў вобразе спалучаюцца настолькі цэласна, што ён становіцца падобным на быліннага героя-асілка. Казкам пра яго ўласціва вострая сац. накіраванасць: асілак змагаецца з царом (Змеем, Кашчэем) і інш. прыгнятальнікамі. Вобраз І.У.с. сустракаецца ў бел., рус. і ўкр. фальклоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАЧО́НАК Мікалай Аляксандравіч (1922, в. Баркі 1-я Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.9.1942),
Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў аэраклуб у Оршы і Адэскую ваен.авіяц. школу лётчыкаў (1941). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Сталінградскім франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант К. зрабіў 349 баявых вылетаў, збіў 10 варожых самалётаў. Загінуў у баі. На тэр. Аршанскага мясакансервавага камбіната, дзе ён працаваў да вайны, К. пастаўлены бюст.