ХЛО́ДВІГ I (Chlodwig; каля 466—27.11.511),

кароль салічаскіх франкаў з 481 (пазней — усяго Франкскага каралеўства). З дынастыі Меравінгаў. У 486 пашырыў уладанні салічаскіх франкаў да р. Луара, што стала зыходным этапам стварэння Франкскай дзяржавы. Заваяваў большасць зямель алеманаў (496), выгнаў з Паўд. Галіі вестготаў (507), падпарадкаваў франкаў, што жылі па сярэднім цячэнні Рэйна. Умацаваў каралеўскую ўладу. У 496 прыняў хрысціянства ў артадаксальнай форме (інш. герм. плямёны прытрымліваліся арыянства), што спрыяла ўмацаванню яго ўлады, забяспечвала яму падтрымку духавенства і добразычлівыя адносіны гала-рымскага насельніцтва. Сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Парыж. Пры Х. запісана Салічаская праўда.

т. 17, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНЫЯ СПАДАРО́ЖНІКІ СО́НЦА (ШСС),

касмічныя апараты (КА), выведзеныя на арбіты вакол Сонца. Каб цела стала ШСС, яму трэба надаць скорасць адносна Зямлі не менш 2-й і не больш 3-й касмічнай скорасці, што дасягаецца пры дапамозе ракет-носьбітаў. ШСС выкарыстоўваюцца для даследавання Сонца і калясонечнай прасторы, планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, астэроідаў, камет, метэорных цел, міжпланетнай прасторы (КА выводзіцца на геліяцэнтрычную арбіту і рухаецца па ёй да аб’екта даследавання). Першым у свеце ШСС стала сав. аўтаматычная міжпланетная станцыя «Месяц-1», запушчаная 2.1.1959. Гл. таксама «Вега», «Венера», «Геліяс», «Зонд», «Марс», «Марынер», «Месяц», «Піянер», «Уліс», «Эксплорэр».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБІ́НА Васіль Васілевіч (9.4.1914, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна — 3.9.1942),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Адэскае ваен. пях. вучылішча (1938), спецшколу Генштаба РСЧА (1941). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 камандзір дыверсійнай групы ў тыле ворага ў раёне Лепеля, з сак. 1942 — разведвальна-дыверсійнага атрада, які дзейнічаў у раёне Полацк—Маладзечна—Мінск. За час дзейнасці правёў 19 дыверсій на чыгунцы, знішчыў 11 мастоў, 23 км сувязі, 23 аўтамашыны, самалёт праціўніка. Маёр Ш. загінуў у час падрыву чыг. эшалона праціўніка. У г. Валожын яму пастаўлены помнік.

т. 17, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАСХАЛА́СТЫКА,

сістэма філас. і тэалагічных ідэй, якая развівалася ў рамках каталіцкай і пратэстанцкай ідэалогіі. Каталіцкая Н. сфарміравалася ў Італіі і Іспаніі ў канцы 16 — пач. 17 ст. як рэакцыя на Рэфармацыю. Яна апіралася на філасофію Арыстоцеля і Фамы Аквінскага, яе актыўна падтрымлівалі езуіты. Неасхаласты-дамініканцы Фама дэ Віо з Гаэты і Х.​Явелі проціпастаўлялі тэалагічную метафізіку Фамы Аквінскага вучэнню М.​Лютэра пра боскае прадвызначэнне. Прадстаўнік 2-й хвалі каталіцкіх неасхаластаў ісп. філосаф Ф.​Суарэс зыходзіў з разумення Бога як адзінага існага: толькі Бог валодае быццём; Бог не абумоўлівае свабодны выбар чалавека, але прадбачыць яго і дапамагае яму. Тагачасныя мысліцелі (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс, П.​Гасендзі і інш.) выступалі з адкрытай крытыкай філас. поглядаў неасхаластаў. На рубяжы 18—19 ст. пачалася т.зв. рэстаўрацыя Н. — рух, накіраваны на ўзнаўленне аўтарытэту каталіцкай царквы; пачатак яму дала энцыкліка папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму», 1879), якая абвясціла вучэнне Фамы Аквінскага адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму і стала штуршком да развіцця Н. У аснове пратэстанцкай Н. вучэнне Ф.Меланхтана, які гуманіст. ідэямі імкнуўся змякчыць фаталізм Лютэра. Найб. вядомыя яе паслядоўнікі — ням. філосафы Х.​Шэйблер і І.​Клаўберг, погляды якіх паўплывалі на філасофію К.Вольфа. Развіццё пратэстанцкай Н. завяршыў К.​Цімплер; толькі ў 18 ст. яе канчаткова выцесніла філас. школа Г.​Лейбніца і Вольфа. У 20 ст. Н. развіваецца ў рэчышчы неатамізму. Асн. палажэнні каталіцкай філасофіі сфармуляваны ў «24 тамісцкіх тэзісах», надрукаваных у 1914 паводле распараджэння папы Пія X. Сучасныя неасхаласты, якія прытрымліваюцца метадалогіі сярэдневяковай схаластыкі і тамісцкіх тэзісаў, імкнуцца растлумачыць навук.-філас. і сац. праблемы з артадаксальна-каталіцкіх пазіцый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІРГА́ЙЛА (у праваслаўі Іван; каля 1354—23.12.1394?),

князь полацкі, трокскі і кіеўскі ў ВКЛ. Сын Альгерда, брат Ягайлы. Пасля выгнання ў 1377 з Полацка кн. Андрэя Альгердавіча вял. кн. Ягайла пасадзіў там княжыць С. Палачане, незадаволеныя язычніцтвам С., у 1381 выгналі яго з княжання. На чале войска Ягайлы і пры дапамозе Інфлянцкага ордэна аблажыў на некалькі месяцаў Полацк, але горада не ўзяў. У гэты час прыняў праваслаўе. Калі ў канцы 1381 велікакняжацкі трон у Вільні захапіў Кейстут, войска, падначаленае С., прызнала ўладу новага вял. князя, а С. ўцёк у Інфлянты. Летам 1382 С. далучыўся да войска Ягайлы, удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках. У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Атрымаў ад Ягайлы Трокскае княства. З гэтага часу С. стаў другой уплывовай асобай у ВКЛ. Удзельнічаў у заключэнні Крэўскай уніі 1385 паміж ВКЛ і Польшчай, але застаўся праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве 1386 на чале войска ВКЛ перамог смаленскага кн. Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў ВКЛ Смаленскае княства. Вясной 1387 узяў Полацк, дзе захапіў у палон Андрэя Альгердавіча. У 1387 Ягайла пацвердзіў права С. на валоданне Трокскім і Полацкім княствамі, даў яму Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапошаск, Любашаны, Ігумен, Лагойск. У выніку Востраўскага пагаднення 1392 Ягайла фактычна прызнаў Вітаўта сваім намеснікам у ВКЛ і перадаў яму Трокскае княства, узамен Вітаўт абяцаў С. дапамагчы захапіць Кіеў. Вясной 1393 Вітаўт захапіў у кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча Жытомір і Оўруч і аддаў іх С., восенню 1393 перадаў С. Кіеў. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРТО́Н (ням. Oberton),

1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.

2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей за асн. тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЯР’Я́НАЎ Юрый Іванавіч (н. 16.6.1952, р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. акцёр. Скончыў Вышэйшае тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім т-ры імя Волкава (1972). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Характарны акцёр. Яму ўласцівы глыбокае адчуванне рэжысёрскай стылістыкі, веданне псіхалогіі сваіх персанажаў, пластычнасць і высокая культура сцэн. мовы. Сярод роляў: Банавантура-Выкрутач («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Ак’егет («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Менахем-Мэндл («Памінальная малітва» Р.​Горына паводле Шолам-Алейхема). Аўтар радыёперадач аб музыцы, рэжысёр радыёспектакляў, у т. л. оперы «Агатка» Я.​Д.​Голанда і М.​Радзівіла.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ (свецкае імя Тамашчык Уладзімір; 15.4.1900, в. Вялікія Азяраны, Беласточчына — 9.6.1970),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя. Скончыў Пражскі політэхн. Ін-т (1934), Украінскую багаслоўскую акадэмію ў Мюнхене (1948). У 1927 арыштаваны польск. ўладамі за бел. грамадска-паліт. дзейнасць. З 1930 у г. Прага. З 1941 на Беласточчыне. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1949 пастрыжаны ў манахі і яму нададзены сан архімандрыта, пасля — епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. З 1951 у ЗША, узначаліў амер. епархію БАПЦ, у 1951—52 — Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Браў удзел у выданні час. «Голас царквы».

Л.​У.​Языковіч.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРТА́ Мікалай Яўгенавіч (19.12.1906, в. Вялікая Лазаўка Тамбоўскай вобл., Расія — 9.1.1976),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1923. У рамане «Адзінота» (1935; Дзярж. прэмія СССР 1941; па яго матывах напісана п’еса «Зямля», паст. 1937) афіцыёзная трактоўка Антонава паўстання. Аўтар раманаў «Заканамернасць» (1937), «Вячэрні звон» (1951), «Стэп ды стэп наўкол...» (1960) і інш., п’ес «Змова» (1938), «Салдаты Сталінграда» (1944), «Хлеб наш надзённы» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Змова асуджаных» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш., аповесцей, нарысаў, франтавых карэспандэнцый. Яму належаць кінасцэнарыі (у т. л. «Сталінградская бітва», 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950). Многія творы Вірты адзначаны ўплывам «тэорыі бесканфліктнасці».

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—82.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАВА́ЛЬНЫ НАДЗЕ́Л,

зямельны ўчастак, які паводле ўмоў сялянскай рэформы 1861 у Расіі памешчык са згоды селяніна аддаваў яму ва ўласнасць без выкупу («дараваў»). Складаў ​1/4 вышэйшага надзелу, вызначанага рэформай для сялян пэўнай мясцовасці. Астатнія ​3/4 надзелу заставаліся за памешчыкам. Пераход б. прыгонных на Д.н. быў найб. пашыраны ў чарназёмных губернях Рас. імперыі. У Беларусі (у Магілёўскай і 8 паветах Віцебскай губ.) ён складаў 1—1,4 дзесяціны. У Зах. і Цэнтр. Беларусі мясц. «Палажэннем» ад 19.2.1861 ён зусім не прадугледжваўся. Д.н. быў недастатковы для вядзення гаспадаркі сялянамі, і яны вымушаны былі працаваць на памешчыка. У народзе Д.н. называлі «жабрацкім», «сірочым».

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)