ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),

форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл. Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.

Літ.:

Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;

Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.

Г.​Г.​Шанько.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯ́ЖЫЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в. Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).

А.​М.​Кулагін, А.​А.​Ярашэвіч.

Княжыцкі касцёл дамініканцаў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),

перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай Л. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л.

2) У Расійскай імперыі Л. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.​Дз.​Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.

Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.

З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала і affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт. валокнаў.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,

закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.

Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.

Літ.:

Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.

А.​І.​Болсун.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum), даўно мінулы час,

складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.​Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.​Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.

Літ.:

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.

А.​І.​Жураўскі.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТШЫЛЬДЫ (Rothschild),

сямейная фінансавая група яўр. паходжання, якая дзейнічае ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША. Яе заснавальнік — Маер Амшэль Р. (1744—1812), які ўзбагаціўся на ваен. пастаўках, фін. спекуляцыях і ў 1766 стварыў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) уласны банк. Яго справу пераняў старэйшы сын Амшэль Маер Р. (1733—1855), іншыя 4 сыны стварылі самаст. банкі ў Лондане, Парыжы, Вене і Неапалі (апошнія 2 пазней спынілі існаванне). З часоў Венскага кангрэса 1814—15 сям’я Р. давала пазыкі дзяржавам Еўропы, фінансавала буд-ва першых еўрап. чыгунак, асабліва ў Аўстрыі і Францыі, Суэцкага канала. У 1901 спыніў дзейнасць франкфурцкі банк Р. У пач. 20 ст. дзейнасць Р. канцэнтравалася ў Парыжы (Гі дэ Р.) і Лондане; іх фін. актыўнасць пашырылася на Азію. У 2-ю сусв. вайну некалькі прадстаўнікоў Р. пакінулі Еўропу і перанеслі сваю дзейнасць пераважна ў ЗША. У 1960-я г. група пранікла ў нафтавую прам-сць і каляровую металургію. Пасля нацыяналізацыі ў 1982 «Банк дэ Ротшыльд» у Парыжы [засн. ў 1817 Якавам Р. (1792—1868)], працягваюць дзейнічаць толькі іх банкі ў Лондане [«Н.​М.​Ротшыльд энд санс», засн. Натанам Р. (1777—1836)] і Швейцарыі.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЙФЕРТ (Seifert) Яраслаў (23.9.1901, Прага — 10.1.1986),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1966). Першы паэт. зб. — «Горад у слязах» (1921). Удзельнік стварэння гуртка пралет. мастацтва «Дзівасіл». У творчасці імкнуўся да паэтызацыі прозы жыцця, абапіраючыся на рэаліст. дэталі і рэліг. сімволіку. У паэт. зб-ках «Толькі каханне» (1923), «На хвалях ТСФ» (1925) апяваў радасць жыцця, экзотыку падарожжаў. Зб. «Салавей спявае дрэнна» (1926) прасякнуты трагічным светаадчуваннем. У зб-ках «Яблык з каленяў» (1933), «Рукі Венеры» (1936) звярнуўся да традыцый класічнай чэш. паэзіі — напеўнасці, меладычнасці, арганічнасці сітуацый. Асн. тэмы зб-каў «Патушыце агні» (1938), «Веер Бажэны Немцавай» (1940), «Ішоў бедны мастак па свеце» (1949) — каханне, паэзія, радзіма, прыгажосць Прагі, гісторыя чэш. культуры; зб. «Мамачка» (1954) — успаміны пра дзяцінства. У зб-ках «Канцэрт на востраве» (1965), «Адліванне званоў» (1967), «Парасон з Пікадылі» (1979) пераважае верлібр, які стаў дамінантай яго паэтыкі. Аўтар зб-каў «Моравы слуп» (1981), «Быць паэтам» (1983) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі А.​Разанаў, М.​Танк. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1936, 1955. Нобелеўская прэмія 1984.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Высокае неба. Мн., 1980;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Прощание с весной: Избр. лирика. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава.

Я.Сейферт.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭІ́ЗМ (ад грэч. theos бог) рэліг. светапогляд, заснаваны на разуменні Бога як трансцэндэнтнага разумнага пачатку, творцы, ахоўніка і ўладара сусвету. Тэрмін «Т.» уведзены ў навуку ў 1743 англ. філосафам Р.​Кедвартам. Т. адрозніваюць ад пантэізму, які адмаўляе трансцэндэнтнасць Бога, і дэізму, паводле якога Бог толькі першастваральнік свету. Да тэістычных веравучэнняў адносяць хрысціянства, іудаізм і іслам. Філас. асэнсаванне Т. звязана з тлумачэннем Бібліі на аснове стараж.-грэч. філасофіі, у прыватнасці, платонаўска-арыстоцелеўскага вучэння пра саматоесную чыстую сутнасць. Асн. рысы Т. — прызнанне прысутнасці ў свеце разумнага Божага ўмяшання, што забяспечвае адпаведнасць існага Божаму прадвызначэнню (гл. Правідэнцыялізм), вера ў перманентную сувязь кожнага чалавека з Богам і ў магчымасць непасрэднага дыялогу паміж імі; акцэнтоўка ўвагі на веры, ступені яе глыбіні і шчырасці («жывая вера» ў каталіцызме, «сардэчная вера» ў праваслаўі), а не на знешніх, рытуальных формах рэлігійнасці. З канца 19 — пач. 20 ст. для эвалюцыі Т. характэрна падкрэсліванне персаналісцкіх аспектаў Т. (гл. Персаналізм), пераасэнсаванне тэістычнай анталогіі (У.​С.​Салаўёў, П.​Тэяр дэ Шардэн, дыялектычная тэалогія, рэліг. экзістэнцыялізм), спробы тлумачэння тэістычных фундаментальных палажэнняў як міфалагічнай мовы (Р.​Бультман), трактоўка эвалюцыі прыроды на аснове тэістычнага правідэнцыялізму (тэістычны эвалюцыянізм).

т. 16, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ, Рычардсана эфект,

вылучэнне электронаў нагрэтымі цвёрдымі ці вадкімі целамі (эмітэрамі).

З паверхні цела вылучаюцца толькі тыя электроны, кінетычная энергія якіх дастатковая для пераадолення патэнцыяльнага бар’ера на мяжы цела. Колькасць вылучаных электронаў вызначаецца т-рай эмітэра T і яго работай выхаду WВ. Гал. характарыстыка Т.э. — велічыня шчыльнасці току насычэння j0 пры дадзенай т-ры. Пры адсутнасці знешніх эл. палёў паводле формулы Рычардсана—Дэшмана j0 = A0 ( 1 − r_ ) T2 e −WВ / kT , дзе A0 — пастаянная велічыня (1.204∙10​6 А/м²∙К​−2), k — пастаянная Больцмана, r_ — усярэднены па энергіях каэф. адбіцця электронаў ад паверхні эмітэра ў вакууме. Пры адсутнасці знешняга эл. поля (ці пры малой яго велічыні) электроны, што вылятаюць, утвараюць паблізу паверхні эмітэра адмоўны прасторавы зарад, які абмяжоўвае ток Т.э. З павелічэннем напружанасці знешняга эл. поля прасторавы зарад разыходзіцца і ток дасягае велічыні насычэння; пры далейшым росце напружанасці ток слаба павялічваецца з прычыны Шоткі эфекту.

Пры вял. знешніх эл. палях да току Т.э. дадаецца ток аўтаэлектроннай эмісіі. Т.э. выкарыстоўваецца ў электравакуумных прыладах (катоды) і тэрмаэлектронных генератарах.

Залежнасць шчыльнасці току j тэрмаэлектроннай эмісіі ад напружанасці электрычнага поля V паміж эмітэрам і калектарам дыёда.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)