БЕЛАРУ́СКАЯ ДРЭС, Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя (БелДРЭС). Пабудавана паводле плана ГОЭЛРО ў 1927—30 каля в. Арэхі (цяпер г.п. Арэхаўск) Аршанскага р-на Віцебскай вобласці як Асінаўская ДРЭС. Працавала на торфе, які здабываўся на Асінаўскім балоце. З 1931 БелДРЭС. Праектнай магутнасці ў 32 тыс. кВт дасягнула з пускам 2-й чаргі ў 1939. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946, даваеннай магутнасці (34,5 тыс. кВт) дасягнула ў 1951. З 1986 працуе на мазуце.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ КАЛУ́МБІЯ (La Gran Colombia),

Калумбія, федэратыўная рэспубліка на Пн Паўд. Амерыкі ў 1819—30. Утворана ў ходзе Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Уключала Новую Гранаду (сучасная Калумбія) і Венесуэлу (з 1819), Панаму (з 1821), Кіта (цяпер Эквадор; з 1822). Сталіца — г. Багата. Прэзідэнт рэспублікі — С.Балівар, віцэ-прэзідэнт — Ф.​Сантандэр. Пасля распаду федэрацыі (1830) б. яе члены сталі незалежнымі рэспублікамі (акрамя Панамы, якая ўвайшла ў склад Новай Гранады).

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЕРЭ ((Dreiere) Зіта) (дзявочае Эрс; н. 6.8.1952, Рыга),

латышская артыстка балета. Нар. арт. Латвіі (1976). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1969). З 1969 салістка Дзярж. акад. т-ра оперы і балета Латвіі (цяпер Нац. опера Латвіі). Сярод партый: Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Ліенітэ («Спрыдытыс» А.​Жылінскіса). Творчасць Д. адметная тэхн. майстэрствам, драм. выразнасцю, пластычнасцю, эмацыянальнасцю.

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЫЕ́НКА (Дамнікія Цімафееўна) (н. 15.1.1919, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна),

малдаўская актрыса. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1937). Працавала ў Малд. т-ры ў Тыраспалі (цяпер Муз.-драм. т-р імя Пушкіна ў Кішынёве). Сярод лепшых роляў: Васілуца («Каса маре» І.​Друцэ), Стэха («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Хрысціна («Патомкі» Ю.​Яноўскага), Маўра («Дзяўчына шчасце шукала» паводле В.​Кабылянскай), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Таццяна («Ворагі» М.​Горкага), Эльміра («Тарцюф» Мальера).

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРШО́НСКІ ЦАГЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў з 1867 (паводле інш. звестак з 1839) у в. Гершоны Брэсцкага пав. (цяпер у Брэсцкім р-не). У 1890 наз. Брэст-Літоўскі крапасны з-д. З мясц. гліны вырабляў цэглу, якая ішла пераважна на буд-ва Брэсцкай крэпасці. Меў 2 гофманскія печы, 20 аднаконных глінамялак, 9 паветак для цэглы, кузню (1873—86). Вырабляў да 1800 тыс. шт. цэглы (1895). Працавалі ад 20 да 40 майстроў і 100—440 рабочых (1873).

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБІ́Р (каля 1440, г. Бенарэс, цяпер г. Варанасі, Індыя — каля 1518),

індыйскі паэт. Пісаў вершы на хіндзі. Яму прыпісваюць больш за 80 твораў, з іх сапраўды належаць К. толькі ўключаныя ў свяшчэнную для сікхаў «Пачынальную кнігу». Быў адным з прапаведнікаў рэліг. вучэння бхакці (абвяшчала роўнасць людзей перад богам, адмаўляла падзел на касты). У паэзіі спалучаюцца апазіц. рэліг.-містычныя плыні індуізму і ісламу, маст. традыцыі інд. і тадж.перс. класікі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1965.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НАРД (Lenard) Філіп Эдуард Антон [7.6.1862, г. Прэсбург (цяпер Браціслава), Славакія — 20.5.1947], нямецкі фізік. Вучыўся ў Будапешцкім, Венскім, Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1894—1930 праф. розных ВНУ Германіі. З 1909 кіраўнік Радыелагічнага ін-та ў Гейдэльбергу. Навук. працы па оптыцы, атамнай і малекулярнай фізіцы. Правёў грунтоўныя даследаванні прыроды катодных прамянёў і іх уласцівасцей (1892), эксперыментальна пацвердзіў асн. заканамернасці фотаэфекту (1902). Нобелеўская прэмія 1905. Выступаў супраць тэорыі адноснасці. Актыўна падтрымліваў нацызм.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́БРЫ (лац. Cantabri),

старажытнае племя, якое жыло ў Паўн. Іспаніі на ўзбярэжжы Біскайскага заліва і ў бліжэйшых гарах (цяпер прав. Кантабрыя). Утварылася ў выніку зліцця кельтаў і ібераў з мясц. насельніцтвам. Захоўвалі родавы лад з перажыткамі матрыярхату. У 2—1 ст. да н.э. супраціўляліся рым. заваяванню. Канчаткова падпарадкаваны і часткова знішчаны ў Кантабрыйскую вайну ў час паходаў Аўгуста і Агрыпы (29—12 да н.э.); іх тэр. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Іспанія Блізкая.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРС (Kars),

горад на ПнУ Турцыі. Адм. ц. іля Карс. 70 тыс. ж. (1985). Цэнтр раёна малочнай жывёлагадоўлі і авечкагадоўлі. Харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Ручное ткацтва. У 10—11 ст. цэнтр незалежнага арм. Карскага царства. З 16 ст. турэцкая крэпасць. У 1878—1918 у складзе Расіі. Арх. помнікі: арм. царква (10 ст.), перабудаваная ў мячэць (цяпер музей), арм. цытадэль (10 ст., перабудавана ў 12 і 16 ст.), мост (17 ст.).

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)