МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),
1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́ПАЎ (Юрый Фёдаравіч) (н. 3.9.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1954). Працаваў у Свярдлоўску, Маскве, Мінску, Гродне. З 1980 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». З 1990 кіраўнік творчай майстэрні. Асн. работы на Беларусі (усе ў сааўт.): забудова мікрараёнаў № 1, 2, вул. Леніна, 9-павярховы жылы дом, адм. будынак (усе 1960-я г.) у г. Салігорск; добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы (1974—85), 16-павярховая гасцініца па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1982) у Гродне; мост цераз Зах. Дзвіну (1973) і добраўпарадкаванне плошчы імя 1000-годдзя Віцебска (1985) у Віцебску; забудова цэнтра в. Расна Камянецкага р-на (1976—85); тыпавыя праекты жылых дамоў для індывід.буд-ва (1975) і дзіцячых дашкольных устаноў (1980—85); Мінскі лядовы палац спорту (1998). Сярод інш. работ водалячэбніца санаторыя «Беларусь» (1984) у г. Друскінінкай (Літва).
Тв.:
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛАНА́Р»,
дзяржаўны навук.-вытв. канцэрн дакладнага машынабудавання. Засн. ў 1992 на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання (існуе ў Мінску з 1962). Уключае комплекс устаноў і прадпрыемстваў, якія распрацоўваюць і забяспечваюць вытв-сцьспец.тэхнал. абсталявання для мікраэлектронікі і мехатронных сістэм.Асн. прадукцыя (2001): оптыка-мех. абсталяванне для вырабу і кантролю фоташаблонаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці інтэгральных мікрасхем і паўправадніковых прыбораў, шматслойных пячатных плат, а таксама для фарміравання і пераносу відарысаў у фоталітаграфіі, лазернай тэхналогіі раздзялення матэрыялаў; аўтаматы і паўправадніковыя аўтаматы дыскавай рэзкі, зондавага кантролю і мантажу крышталёў; лінейныя шагавыя рухавікі; высокараздзяляльныя аб’ектывы і аптычныя сістэмы; медтэхніка і тавары нар. спажывання. «П.» з’яўляецца лідэрам у распрацоўцы сістэм тэхн. зроку, унікальнай апаратуры для вымярэнняў, даследаванняў і выпрабаванняў з элементамі штучнага інтэлекту. Удзельнічае ў выкананні дзярж. праграм «Лазеры», «Белэлектроніка», «Прылады і сродкі вымярэнняў і тэхнічная дыягностыка», а таксама бел.-рас. праграм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв.валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ ПРЫ НАРО́ДНЫМ КАМІСАРЫЯ́ЦЕ АСВЕ́ТЫ РСФСР,
орган для каардынацыі і кіравання сістэмай нац. адукацыйных і культ.-асв.устаноў, якія абслугоўвалі бел. насельніцтва на тэр. РСФСР. Дзейнічала ў Маскве ў 1921—30. Засн. па хадайніцтве Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Уваходзіла ў склад Савета па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР на правах бел. аддзела. У 1921—22 адчынены Беларуская секцыя пры Віцебскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы; арганізаваны бел.культ.-асв. ўстановы ў Сібіры і С.-Пецярбургу. Супрацоўнічала з бел. студэнцкімі зямляцтвамі ў Маскве і інш. гарадах РСФСР. У 1924—26 пасля далучэння Віцебскай, Гомельскай і ч. Смаленскай губ. да БССР функцыі бюро звузіліся. У 1930 яно ліквідавана. Да лета 1927 загадчыкам бюро быў М.Ф.Лойка, пазней — Н.Каляда. У розныя часы ў ім працавалі бел. пісьменнік У.Дубоўка, мовазнавец Ю.Вольскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПОЛІТЭХНІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ.
Засн. ў 1920 у Мінску як палітэхнікум на базе політэхн. вучылішча, які ў 1922 рэарганізаваны ў Бел.дзярж.ін-т сельскай гаспадаркі. У 1933 мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харч. прам-сці і Горацкі водна-меліярацыйны ін-ты аб’яднаны ў Бел.політэхн.ін-т (БПІ), з крас. 1991 акадэмія. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: архітэктурны, аўтатрактарны, будаўнічы, дарожнага буд-ва, маш.-буд., механіка-тэхнал., прыборабудавання, робатаў і робататэхн. сістэм, энергет.буд-ва, энергетычны; падрыхтоўчае аддзяленне, пры ім сярэдняя спецыялізаваная школа. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1945, дактарантура з 1988. У складзе акадэміі міжгаліновы ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў па новых кірунках навукі і тэхнікі, ф-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў сярэдніх спец.навуч.устаноў, ф-т павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў буд-ва, каля 50 н.-д. лабараторый, навук.-вытв.-навуч. падраздзяленні «Белтэхналогія» і «Белбудаўніцтва», з-д «Палітэхнік», навуч.вытв.-канструктарска-тэхнал.ін-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ СМАЛЕ́НСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1922—23 і 1925—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве і Савету па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Смаленскім губ. аддзеле нар. асветы. Супрацоўнічала з Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску. Задачы: арганізацыя ў Смаленскай губ.нац. школ, клубаў, інш.культ.-асв.устаноў для бел. насельніцтва. У чэрв. 1923 скасавана. Адноўлена ў 1925. У 1925/26 навуч.г. адкрыты 2 бел. школы і 2 пункты па ліквідацыі непісьменнасці. З 1926/27 навуч.г. пад кіраўніцтвам секцыі ў Руднянскім, Рослаўскім і інш. паветах працавала 21 бел. школа (652 вучні) і гурткі па вывучэнні бел. мовы; у 1927/28 навуч.г. — 37 школ. Да канца 1927 у сувязі з адсутнасцю сродкаў скасаваны ўсе нац. секцыі, у т. л. беларуская. Функцыі нац. секцый і кіраўніцтва нац. школамі перададзены інспектару па справах нац. меншасцяў губ. аддзела нар. асветы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕ́РНЯ,
асноўная адм.-тэр. адзінка ў Расіі і ў СССР у 1708—1929. Падзялялася на правінцыі і дыстрыкты, з 1775 — на паветы ці акругі; 2—3 губерні складалі намесніцтва, з 1775 — генерал-губернатарства. Узначальваў губерню губернатар. Выканаўчыя органы — губернскае праўленне і земскі суд. Пасля скасавання прыгону (1860-я г.) апарат губ. кіравання складаўся з губ. праўлення, галіновых канцылярый (земскіх, гар., суд.-адм., вайск.-адм., грашовых і інш.) і устаноў (казённыя палаты, губ. статыстычныя к-ты і інш.). На Беларусі губерні ўведзены пасля далучэння да Расіі (1772—95). У розны час тут існавалі Пскоўская (1772—76), Магілёўская (1772—78, 1802—1919), Полацкая (1776—96), Беларуская (1796—1802), Мінская (1793—1921), Слонімская (1795—97), Віленская (1795—97, 1801—1920), Літоўская (1797—1801), Гродзенская (1801—1921), Віцебская (1802—1924), Ковенская (1843—1919), Смаленская (1919—24), Гомельская (1919—26) губерні (гл. адпаведныя артыкулы). На тэр.СССР губерні скасаваны ў 1923—29, у БССР — у 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ЛІ́ТАРА, загалоўная літара,
літара, якая на пісьме ўжываецца для абазначэння пачатку сказа, уласных імён, загалоўкаў і інш. Адрозніваецца ад радковай літары большымі памерамі, часам абрысамі. Ужываецца паводле арфаграфіі пэўнай мовы. У слав. рукапісных кнігах заўсёды арнаментальна вылучаліся ініцыялы. У бел. пісьменстве ўпершыню вялікая літара з’явілася ў друкаваных выданнях Ф.Скарыны (1517—19), хоць бел. першадрукар яшчэ не прытрымліваўся пэўных правіл іх ужывання (напр., «Еремиа Пророкъ господень плачетъ Гледя на Ерусалимъ; И лежи кружками Львовѣ, И Воловѣ, И Херувимовѣ»). У друкаваных кнігах канца 16—17 ст. вялікія літары сталі выкарыстоўваць у пачатку абзацаў і пры напісанні ўласных імён. У сучаснай бел. арфаграфіі вялікія літары ўжываюцца ў пачатку сказаў, пры выдзяленні ў тэксце ўласных імён (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), геагр. і астр. назваў (Беларусь, Марс), назваў дзярж.устаноў, арг-цый (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі), літ. твораў, назваў газет, часопісаў («Людзі на балоце», «Чырвоная змена», «Полымя») і інш. Могуць выконваць стылістычную функцыю (Радзіма, Айчына, Чалавек).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫНА́МА»,
беларускае фізкультурна-спарт.т-ва. Аб’ядноўвае супрацоўнікаў і ваеннаслужачых Мін-ваўнутр. спраў, Камітэта дзярж. бяспекі, мытні, пагран., унутр. войск, навуч.устаноў. Арганізавана ў 1923. Культывуецца 20 алімп. відаў спорту. Мае калектывы «Юны дынамавец», «Юны сябра міліцыі», «Юны сябра пажарных», падлеткавыя клубы. Падрыхтаваны 61 засл. майстар спорту, 280 майстроў спорту міжнар. класа, 2312 майстроў спорту. Выхаванцы «Д.» заваявалі 57 алімп. медалёў, з іх 22 залатыя, і 891 медаль на Кубках, чэмпіянатах, першынствах свету і Еўропы. Найб. вядомыя выхаванцы: Т.Самусенка, А.Бялова, А.Раманькоў (фехтаванне), У.Парфяновіч, В.Рэнейскі, У.Раманоўскі, А.Масяйкоў (веславанне), Л.Петрык (спарт. гімнастыка), М.Лобач (маст. гімнастыка), В.Яноўскі (бокс), І.Шылава, К.Лукашык (кулявая стральба), А.Партноў (скачкі ў ваду), А.Папоў (біятлон) і інш. Званне «Заслужаны трэнер» маюць 246 чал.Спарт. базы: стадыён «Дынама», комплекс з лёгкаатлетычным манежам, спецыялізаваныя спартзалы і аднаўленчыя цэнтры ў Мінску, Гомелі, Брэсце, базы ў Стайках і Раўбічах.