НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,

галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар. буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.

Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.

Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл. Драўлянае дойлідства). Да 3 ст. асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц. буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.

На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл. Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб. стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж. столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес. прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЦЦЁ,

філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.​Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.

Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.​Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.​Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.

Літ.:

Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;

Zaslawski D. Analyse de l’être. Paris, 1982.

А.​М.​Елсукоў.

т. 3, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТМ (грэч. rhythmos ад rheō цяку),

чараванне якіх-н. элементаў (гукавых, моўных і інш.), якое адбываецца ў пэўнай паслядоўнасці, частаце; хуткасць працякання, здзяйснення чаго-небудзь.

Р. у літаратуры — раўнамернае чаргаванне аднародных моўных з’яў. Вершаваны Р. засн. на чаргаванні пэўных адзінак, што характарызуюць працягласць (ант. верш, сілабічнае вершаскладанне) або пэўную сістэму размеркавання націскных і ненаціскных складоў у стапе (сілаба-танічны верш, танічны верш, белы верш). У вершы рытмічная заканамернасць выступае як адзіны зыходны прынцып разгортвання мовы, што зададзены ў пачатку і вяртаецца пастаянна ў кожнай наступнай варыяцыі, калі прыраўнаваны адзін да аднаго асобныя адрэзкі мовы, сегменты фразы. Р. у прозе — вынік моўнага разгортвання, суаднесены са шматбаковасцю і зменлівасцю натуральнага Р. мовы ў яе разнастайных функцыянальных стылях. Маст. Р. прозы можна ахарактарызаваць як своеасаблівую арганізацыю Р. паўсядзённай мовы, які адрозніваецца большай упарадкаванасцю націскаў, аднак гэтая ўпарадкаванасць не павінна дасягаць ступені яўнай ізахроннасці, як у вершах. Агульнае ўражанне правільнасці і перыядычнасці звычайна ўзмацняецца пры дапамозе фанет. і сінтакс. прыёмаў: гукавога малюнка, сінтакс. паралелізму, ураўнаважанасці сэнсавых супрацьлегласцей. Р. непарыўна звязаны з інтанацыяй, паслядоўнасцю тонаў. Мова літ. твора больш, чым інш. тыпы выказвання, арганізаваная і выразная. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам і таму не дапускае пераафармлення, перабудавання, змянення.

Р. у музыцы — арганізаванасць муз. гукаў у іх часавай паслядоўнасці; адзін з гал. выразных і формаўтваральных сродкаў музыкі. На рытмічных заканамернасцях будуюцца суадносіны рознапрацяглых гукаў у непасрэднай блізкасці (у межах матыву, фразы і інш.) і прапорцыі частак муз. формы. У аснове Р. — суразмернасць часавых рытмічных доляў (рытмічныя адзінкі — цэлая, палавіна, чвэрць, восьмая і інш.). Нормай адліку рытм. руху, сродкам яго ўпарадкавання служыць метр (адзінства Р. і метра адлюстравана ў тэорыі музыкі паняццем метрарытму). У адпаведнасці з ім гукі звычайна аб’ядноўваюцца ў рытмічныя групы. Магчыма несупадзенне метрычных і рытмічных акцэнтаў (гл. Сінкопа). Па-за Р. не існуе музыкі. Нават самы маленькі меладычны зварот уключае і рытмічны элемент. Яго выразнасць раскрываецца ва ўзаемадзеянні з інш. элементамі, найперш ладам, тэмпам. Часам Р. выступае і адасоблена ад іх (розныя сігналы на ўдарных інструментах). Музыка кожнага народа мас характэрныя рытм. рысы. Тыповыя рытмаформулы ўласцівы некат. муз. жанрам, асабліва тым, што непасрэдна звязаны з увасабленнем руху (марш, танцы).

Р. у архітэктуры — чаргаванне акцэнтных элементаў (праёмаў, прасценкаў, верт. стоек каркаса, балконаў, эркераў і інш.) пры вырашэнні кампазіцыі будынка або паўтарэнне саміх будынкаў пры стварэнні арх. ансамбля; адзін са сродкаў кампазіцыі, з дапамогай якога дасягаецца сувымернасць і эмац. выразнасць твора архітэктуры. У аснове Р. — адзінства функцыян., канстр. і аб’ёмна-планіровачнага вырашэння. Р. у архітэктуры вядомы са старажытнасці (памяншэнне аб’ёмаў па вертыкалі ў пірамідах і зікуратах краін Стараж. Усходу). Рытмічнасць сістэмы ант. дойлідства па-мастацку асэнсавана сродкамі ордэрнай сістэмы (манум. пабудовы Стараж. Грэцыі і Рыма). Р. можа быць простым (паўтарэнне арх. элемента з захаваннем яго памераў і інтэрвалаў паміж імі), нарастаючым ці ўбываючым (паступовае змяненне інтэрвалаў паміж арх. элементамі). Заканамернасці нарастання і ўбывання выкарыстоўваюцца гал. чынам для стварэння выразнага арх. аблічча збудавання, пазбаўлення яго манатоннасці (касцёлы бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, палац у Гомелі, ратуша ў г. Чачэрск Гомельскай вобл., Дом урада ў Мінску). Рытмічныя акцэнты падкрэсліваюць колерам, фактурай аддзелачных матэрыялаў і інш.

Літ.:

Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;

Холопова В.Н. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой половины XX в. М., 1971.

Т.​І.​Шамякіна (літаратура), Т.​А.​Дубкова (музыка), Г.​С.​Ларкін (архітэктура).

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1756—63,

вайна паміж Аўстрыяй, Францыяй, Расіяй, Іспаніяй, Саксоніяй, Швецыяй з аднаго боку і Прусіяй, Вялікабрытаніяй, Партугаліяй, Гановерам і некат. інш. паўн.-герм. дзяржавамі — з другога; вынік барацьбы Вялікабрытаніі з Францыяй за калоніі ў Паўн. Амерыцы і Ост-Індыі і сутыкнення агрэсіўнай палітыкі Прусіі з інтарэсамі Аўстрыі і Расіі. У студз. 1756 Прусія і Вялікабрытанія заключылі Уайтхолскі саюзны дагавор, у маі 1756 Аўстрыя ўвайшла ў саюз з Францыяй. Англа-прускае збліжэнне прымусіла Расію адмовіцца ад арыентацыі на Вялікабрытанію і ў студз. 1757 далучыцца да саюза Аўстрыі з Францыяй. Фрыдрых II перш за ўсё імкнуўся захапіць Саксонію (яе курфюрст Фрыдрых Аўгуст II — адначасова кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III) і абмяняць яе на Багемію (Чэхія), а таксама паставіць Рэч Паспалітую ў васальную залежнасць ад Прусіі. Аўстрыя хацела вярнуць Сілезію, якую захапіла Прусія ў выніку вайны за аўстрыйскую спадчыну ў 1740—48; Францыя планавала захапіць Гановер, а Швецыя — прускую Памеранію. Расія мела на мэце прыпыніць экспансію Прусіі на У і пашырыць свае граніцы на З, пры гэтым Расія абумовіла свой няўдзел у вайне супраць Вялікабрытаніі. У жн. 1756 прускія войскі ўварваліся ў Саксонію, у вер. — у Аўстрыю. У 1756 да аўстра-франц. блока далучылася большасць дзяржаў «Свяшчэннай Рым. імперыі», у 1757 — Швецыя. У пач. вайны прускія войскі атрымалі перамогу над аўстр. арміяй каля Прагі (6.5.1757), але пацярпелі няўдачу каля Коліна (18.6.1757) і былі разгромлены рас. войскамі каля Грос-Егерсдорфа (30.8.1757). Новыя перамогі прускага караля Фрыдрыха II над французамі пад Росбахам (5.11.1757) і аўстрыйцамі каля Лейтэна (5.12.1757) страцілі значэнне пасля перамогі рас. арміі ва Усх. Прусіі, дзе прускія войскі здалі Тыльзіт і Кёнігсберг (студз. 1758). У жн. 1759 рас. армія пры ўдзеле аўстр. войск разбіла прускія войскі каля Кунерсдорфа. У кастр. 1760 рас. войскі ўвайшлі ў Берлін. Аднак Фрыдрых II, скарыстаўшы нерашучасць у ваен. дзеяннях Аўстрыі, нанёс паражэнне яе войскам каля Торгаў (3.11.1760). У 1761 на баку Францыі выступіла Іспанія, а да Вялікабрытаніі прымкнула Партугалія. У снеж. 1761 рас. корпус ген. П.​А.​Румянцава (гл. Румянцаў-Задунайскі) атрымаў перамогу пад Кольбергам. Рас. армія замацавалася ў Памераніі і пагражала Брандэнбургу. Ад поўнага разгрому Прусію выратавалі супярэчнасці ў стане антыпрускай кааліцыі, а таксама смерць рас. імператрыцы Лізаветы Пятроўны (5.1.1762) і прыход да ўлады імператара Пятра III, які заключыў саюзны дагавор з Прусіяй (5.5.1762). Пасля дварцовага перавароту (ліп. 1762) рас. царыца Кацярына II разарвала саюз з Прусіяй, аднак вайну не аднавіла. Вялікабрытанія амаль не ўдзельнічала ў ваен. дзеяннях у Еўропе (яна субсідзіравала Прусію), вяла барацьбу з Францыяй на моры і ў калоніях. У 1762 з вайны выйшла Швецыя, спыніліся ваен. дзеянні паміж Прусіяй і Францыяй, Францыяй і Вялікабрытаніяй. Паводле Губертусбургскага міру 1763 паміж Аўстрыяй і Саксоніяй Прусія замацавала за сабой Сілезію і графства Глац. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 да Вялікабрытаніі ад Францыі адышлі Канада, Усх. Луізіяна, Фларыда і большая частка франц. уладанняў у Індыі. Гал. вынікам С.в. была перамога Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за каланіяльнае і гандл. першынство, за дамінаванне на моры. I хоць паліт. карта Еўропы значна не змянілася, вайна істотна паўплывала на суадносіны сіл яе ўдзельнікаў. Эканам. заняпад і ваен. слабасць паскорылі крызіс абсалютызму ў Францыі і пачатак Французскай рэвалюцыі 1789—99. Аўстрыя стала саюзніцай Расіі ў барацьбе супраць Турцыі. С.в. была першым крокам да гегемоніі Прусіі ў Германіі, спрыяла росту паліт. ўплыву Расіі ў Еўропе. Тэр. Беларусі ў ходзе вайны была тылам рас. войск, якія рабілі тут рэквізіцыі і набіралі рэкрутаў.

Літ.:

Архенгольц И.В. История семилетней войны: Пер. с нем. М., 2001.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 15, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

раздзел філасофіі, які распрацоўвае агульную тэарэтычную канцэпцыю сац. рэчаіснасці, даследуе законы функцыянавання і развіцця грамадства. Фундаментальная праблема Ф.с. — высвятленне субстанцыяльнай асновы грамадскага жыцця. У яе вырашэнні існуюць 2 падыходы: ідэаліст. (субстанцыяльную аснову соцыуму бачыць у розных мадыфікацыях духу — абсалютнай ідэі, волі і інш.) і матэрыяліст. (субстанцыяльнай асновай прызнае аб’ектыўную і незалежную ад суб’екта сац. рэчаіснасць). Сац. рэчаіснасць у Ф.с. разглядаецца як сістэма, што ўключае сукупнасць людзей і адносіны паміж імі, якія складваюцца ў працэсе супольнай прац. дзейнасці, і прыродныя фактары, што ўплываюць на вытв. працэс. З мэтай дэталёвага вывучэння механізма функцыянавання соцыуму вылучаюць шэраг сац. сфер, асн. з якіх эканам., паліт. і духоўная. Пры вырашэнні пытання пра ўзаемадзеянне сац. сфер вылучаюць падыходы ідэаліст. (акцэнтуе ўвагу на духоўнай ці паліт. сферах) і матэрыяліст. (эканам. сферу прызнае галоўнай, сукупнасць вытв. адносін разглядае як базіс грамадства). Адна з актуальных праблем Ф.с. — вызначэнне яе прадмета з мэтай выяўлення месца Ф.с. сярод інш. дысцыплін, звязаных з даследаваннем грамадства (сацыялогія, філасофская антрапалогія, філасофія гісторыі і інш.). Ф.с. даследуе ўсеагульныя законы грамадскага развіцця, метадалогію сац. пазнання, сістэмную цэласнасць грамадства і прыроды, гіст. супольнасці людзей, грамадскую свядомасць і яе формы, суадносіны матэрыяльнага і духоўнага (грамадскіх быцця і свядомасці), неабходнасці і свабоды ў грамадстве, ролю асобы і нар. мас, сац. рэвалюцый і эвалюцыі ў гіст. працэсе і інш.

Спробы тлумачэння сутнасці сац. быцця вядомы з ант. філасофіі (Платон, Арыстоцель і інш.). У сярэдневякоўе соцыум трактаваўся ў духу правідэнцыялізму (Аўгусцін). З эпохі Адраджэння ў аснову аналізу грамадскіх працэсаў пакладзены прынцып рацыяналізму, які найб. выявіўся ў даследаваннях 17—18 ст. (Т.​Гобс, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо і інш.). К.​Маркс і Ф.​Энгельс разглядалі грамадства як сістэму — адзіны цэласны арганізм, які развіваецца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі законамі, непадуладнымі чалавечай волі. Побач з марксісцкай фармацыйнай тэорыяй развіваліся т.зв. цывілізацыйная канцэпцыя (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.​Дж.Тойнбі і інш.), структуралісцкі і постструктуралісцкі падыходы (гл. Структуралізм).

На Беларусі сац.-філас. даследаванні бяруць пачатак у 12 ст. (Клімент Смаляціч, Кірыла Тураўскі). У 16—17 ст. сац. праблемы асэнсоўваліся пад уплывам ідэй гуманізму (Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі), вёўся пошук шляхоў пераадолення разладаў, насілля і войнаў, вылучылася канцэпцыя прававога рэгулявання грамадскіх працэсаў. У 19 — пач. 20 ст. бел. грамадская думка засяродзілася на праблемах нац. самавызначэння (К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, М.​Багдановіч і інш.). У 1920—80-я г. бел. Ф.с. развівалася ў межах гістарычнага матэрыялізму, аналізаваліся законы грамадскага развіцця, катэгорыі сац. дыялектыкі, распрацоўваліся праблемы сац. прагрэсу (К.П.Буслаў, Б.Э.Быхоўскі, Ю.А.Харын), нац. адносін (С.Я.Вальфсон, І.М.Ільюшын), сям’і і шлюбу (Вальфсон, У.М.Перцаў), сац. структуры грамадства (С.​З.​Кацэнбоген), народанасельніцтва (А.А.Ракаў). Асн. кірункі сац.-філас. даследаванняў на Беларусі з 1990-х г. — аналіз узаемасувязі сац. і прыродных фактараў у працэсе антрапасацыягенезу (П.А.Вадап’янаў), духоўнай культуры, структуры і форм грамадскай свядомасці, узаемасувязі яе структурных элементаў Д.А.Жбанкова), сутнасці навук.-тэхн. рэвалюцыі, яе тыпалагічных асаблівасцей, яе ўплыў на сац. структуру грамадства і духоўную культуру (Я.М.Бабосаў) і інш.

Літ.:

Поппер К. Открытое общество и его враги: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1992;

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Яго ж. Социальная и культурная динамика: Исслед. изменений в больших системах искусства, истины, этики, права и обществ. отношений: Пер. с англ. СПб., 2000;

Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000;

Вебер М. Избранное: Образ общества: Пер. с нем. М., 1994;

Степин В.С. Эпоха перемен и сценарии будущего: Избр. социал.-филос. публицистика. М., 1996;

Уинч П. Идея социальной науки и ее отношение к философии: Пер. с англ. М., 1996;

Тойнби А.Д. Постижение истории: Избр.: Пер. с англ. М., 2001.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ПРАЦЫ.

Складаецца з нарматыўных актаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы арганізацыі і выкарыстання працы. Прававая рэгламентацыя працоўных і звязаных з імі адносін замацавана ў Канстытуцыі, законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, пастановах Урада, рэсп. і мясц. органаў дзярж. кіравання. Асн. заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы прац. права, — Працоўны кодэкс (ПК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 26.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.1.2000. Ён прынцыпова адрозніваецца ад папярэдняга кодэкса законаў аб працы і распрацаваны з улікам сац.-паліт. пераўтварэнняў і фарміравання рыначнай эканомікі, наяўнасці ў грамадстве прыватнай уласнасці і наёмнай працы, неабходнасці забеспячэння балансу інтарэсаў сац. партнёраў — наймальнікаў і наёмных работнікаў. Дзейны ПК складаецца з 6 раздзелаў (39 глаў, 468 артыкулаў).

У раздзеле «Агульныя палажэнні» вызначаны задачы, сфера дзеяння, формы адносін, якія рэгулююцца кодэксам, суадносіны бел. заканадаўства аб працы і норм міжнар. права, асн. правы работнікаў (на выбар прафесіі, роду заняткаў, бяспечныя ўмовы працы, аб’яднанне ў прафес. саюзы, сац. страхаванне, суд. абарону прац. правоў і інш.) і наймальнікаў. Раздзел «Агульныя правілы рэгулявання індывід прац. і звязаных з імі адносін» устанаўлівае парадак заключэння, змянення і спынення прац. дагавора; вызначае асн. абавязкі работнікаў і наймальнікаў; рэгулюе пытанні заработнай платы, формы, сістэмы і памеры аплаты працы розных катэгорый работнікаў, нормы працы і здзельныя расцэнкі, агульныя норм ы рабочага часу і адпачынкаў, дысцыплінарнай адказнасці і парадку вырашэння індывід. прац спрэчак, правілы аховы працы. Раздзел «Асаблівасці рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў» устанаўлівае правілы прац. адносін з кіраўнікамі і членамі калегіяльных выканаўчых органаў арганізацыі; вызначае дадатковыя гарантыі аховы працы жанчын; устанаўлівае правы непаўналетніх у прац. адносінах і нормы, якія забараняюць выкарыстанне працы асоб да 18 гадоў на цяжкіх і звышурочных работах; рэгулюе парадак, умовы працы і сац. забеспячэння інвалідаў; вызначае асаблівасці рэгулявання працы часовых і сезонных работнікаў, работнікаў-надомнікаў, хатніх работнікаў, работнікаў асобных галін эканомікі і асобных прафесій; устанаўлівае перавагі і кампенсацыі для работнікаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пражываюць (працуюць) на тэр. радыеактыўнага забруджвання, гарантыі работнікам у сувязі з выкананнем воінскіх абавязкаў. У раздзеле «Агульныя правілы рэгулявання калектыўных працоўных адносін» устанаўліваюцца асн. прынцыпы сац. партнёрства, рэгулююцца пытанні заключэння і змянення калект. дагавораў, парадак вырашэння калект. прац. спрэчак (прымірыцельная камісія, пасрэдніцтва, прац. арбітраж), парадак правядзення забастовак і прававое становішча работнікаў у час забастовак. У спец. раздзеле вызначаюцца ўмовы і падставы адказнасці работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам, парадак вырашэння спрэчак і памер кампенсацыі за шкоду, прычыненую пры выкананні прац. абавязкаў, сістэма кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.

Прававыя нормы, якія рэгулююць прац. і звязаныя з імі адносіны, утрымліваюцца ў законах Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійных саюзах» ад 22.4.1992 (у рэдакцыі 14.1.2000), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.5.1991, «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» ад 28.5.1991, «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» ад 18.2.1991, «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» ад 11.11.1991, «Аб статусе ваеннаслужачых» ад 13.11.1992, «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991 (з наступнымі зменамі і дапаўненнямі да ўсіх гэтых законаў), дэкрэце Прэзідэнта «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» ад 26.7.1999, у зацверджаным пастановай Савета Міністраў «Палажэнні аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі» (25.9.1999) і інш. нарматыўных актах.

Літ.:

Трудовое право. 2 изд. Мн., 2002;

Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь. 2 изд. Мн., 2003;

Томашевский К.Л., Войтик А.А. Научно-практический комментарий к законодательству о трудовых контрактах. Мн., 2003.

А.​А.​Войцік, К.​Л.​Тамашэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭКТОНІКА

Асобныя разрозненыя звесткі пра тэктоніку Беларусі з’явіліся ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў працах Я.​У.​Апокава, А.​Дз.​Архангельскага, А.​М.​Жырмунскага, А.​П.​Карпінскага, Дз.​М.​Собалева, М.​С.​Шацкага і інш. Гал. структурамі на тэр. Беларусі лічылі Палескі і Арлоўска-Аршанска-Віцебскі дэвонскія валы. Меркавалі, што субмерыдыянальны Палескі вал (Палескі мост, Скіфскі краж) падзяляў 2 мульды — Украінскую (Сярэднедняпроўскую) і Польскую (Беларуска-Польскую). Геафіз. даследаванні даваенных гадоў (І.​А.​Балабушэвіч, В.​С.​Завістоўскі, М.​С.​Закашанскі, А.​А.​Строна і інш.) выявілі на Пд Беларусі глыбокі прагін тыпу грабена, які пазней названы Прыпяцкім (М.​С.​Шацкі).

З развіццём буравых і геафіз. работ у пасляваенныя гады паявіліся першыя абагульненні — тэктанічныя схемы Беларусі Г.​В.​Багамолава, Б.​В.​Бандарэнкі, З.​А.​Гарэліка, А.​С.​Махнача, С.​І.​Рынга, А.​Я.​Сцефаненкі, Ж.​П.​Хацько і інш.; схемы тэктонікі Прыпяцкага прагіну І.​А.​Балабушэвіча, Л.​П.​Брунс, Я.​Н.​Гімельштэйна, Р.​Х.​Дзікенштэйна, М.​С.​Закашанскага, Я.​М.​Люткевіча, С.​І.​Рынга і інш. У 1967 у Ін-це геал. навук (з 1970 Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т Упраўлення геалогіі СМ БССР) арганізаваны сектар тэктонікі, у 1971 у Ін-це геахіміі і геафіз. АН Беларусі (з 1993 Ін-т геал. навук АН Беларусі) — аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі (з 1978 лабараторыя агульнай і рэгіянальнай тэктонікі). Тэктанічныя даследаванні праводзяць таксама лабараторыя фізікі Зямлі Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі, аддзелы геафізікі і нафты Бел. н.-д. геолагаразведачнага ін-та і інш. арганізацыі Рэсп. унітарнага прадпрыемства (РУП) «Белгеалогія», РУП «Белнафта». Гэтыя даследаванні каардынавала да 1992 Камісія па тэктоніцы Беларусі і Прыбалтыкі Міжведамаснага тэктанічнага камітэта, пазней — Навуковы савет па праблеме «Комплекснае вывучэнне зямной кары і верхняй мантыі тэрыторыі Беларусі і сумежных абласцей». Вучоныя Беларусі правялі тэктанічнае раянаванне тэр. краіны, даследавалі будову фундаменту і чахла, падзялілі платформавы чахол на структурныя комплексы і паверхні, вылучылі гал. тыпы структур і фармацыі, далі класіфікацыю саляных структур Прыпяцкага прагіну і іх суадносіны з падсалявымі структурамі, класіфікавалі разломы і намецілі іх ролю ў будове зямной кары, вызначылі асн. рысы тэктанічнага развіцця тэрыторыі, глыбіннай будовы літасферы і навейшых тэктанічных рухаў, геадынамікі, вывучылі гляцыятэктанічныя з’явы, распрацавалі тэктанічную аснову пошукаў карысных выкапняў (Н.​В.​Аксаментава, В.​Б.​Акушка, А.​М.​Бабарыкін, У.​А.​Багіна, Б.​В.​Бандарэнка, З.​А.​Гарэлік, Р.​Г.​Гарэцкі, Г.​Г.​Дамінікоўскі, У.​І.​Данкевіч, Г.​У.​Зінавенка, У.​Я.​Кажэнаў, В.​С.​Канішчаў, А.​К.​Карабанаў, Г.​І.​Каратаеў, С.​В.​Клушын, І.​Дз.​Кудравец, Э.​А.​Ляўкоў, У.​М.​Макарэвіч, К.​М.​Манкевіч, Г.​І.​Марозаў, А.​С.​Махнач, А.​В.​Мацвееў, М.​А.​Нагорны, А.​М.​Сінічка, Ю.​М.​Стаднік, Ж.П Хацько і інш. За распрацоўкі тэктанічнай карты Беларусі маштабу 1:500 000 і манаграфію «Тэктоніка Беларусі» Р.​Я.​Айзберг, У.​А.​Багіна, Б.​В.​Бандарэнка, Р.​Г.​Гарэцкі, Г.​У.​Зінавенка, В.​С.​Канішчаў, У.​М.​Макарэвіч, В.​І.​Пасюкевіч адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1978. Бел. тэктаністы ўдзельнічаюць у складанні вял. абагульняльных работ (міжнар. тэктанічных карт Еўропы і свету, карты разломнай тэктонікі СССР), у міжнар. праграме геал. карэляцыі і інш.

Літ.:

Разломы Белоруссии и Прибалтики. Мн., 1974;

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976;

История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;

Тектоника Припятского прогиба. Мн., 1979;

Левков Э.А. Гляциотектоника. Мн., 1980;

Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990;

Тектоносфера Беларуси: глубинное строение и закономерности размещения полезных ископаемых. Мн., 2001.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 18, кн. 2, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЖЭ́ННЕ,

анаэробны ферментатыўны акісляльна-аднаўляльны працэс расшчаплення (катабалізму) арган. рэчываў, што адбываецца ў жывых арганізмах і эксперым. умовах пераважна пад уздзеяннем мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Зыходным субстратам для браджэння з’яўляюцца гал. ч. вугляводы, арган. к-ты, пурыны і пірымідзіны. Пры браджэнні ў выніку шэрагу спалучаных акісляльна-аднаўляльных рэакцый вызваляецца энергія, неабходная для жыццядзейнасці арганізмаў, і ўтвараюцца хім. злучэнні, што выкарыстоўваюцца імі для біясінтэзу амінакіслот, бялкоў, тлушчаў і інш. «будаўнічых» кампанентаў цела (некаторыя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы і прасцейшыя жывуць толькі за кошт энергіі браджэння). Адначасова назапашваюцца канчатковыя прадукты браджэння: у залежнасці ад віду зброджвальнага субстрату і шляхоў яго метабалізму ўтвараюцца спірты (этанол і інш.), карбонавыя к-ты (малочная, алейная і інш.), ацэтон і інш. арган. злучэнні, вуглякіслы газ, у шэрагу выпадкаў — вадарод. Паводле ўтварэння асн. прадуктаў адрозніваюць браджэнне спіртавое, малочнакіслае, масленакіслае, прапіёнавакіслае, ацэтона-бутылавае, ацэтона-этылавае і інш. Характар і інтэнсіўнасць браджэння, колькасныя суадносіны канчатковых прадуктаў, а таксама кірунак залежаць ад асаблівасцяў яго ўзбуджальніка і ўмоў, пры якіх яно адбываецца (pH, ступень аэрацыі, від субстрату і інш.). Найб. вывучана спіртавое браджэнне.

Спіртавое браджэнне адкрыў франц. вучоны Каньяр дэ ла Тур (1836), які вызначыў, што яно звязана з ростам і размнажэннем дражджэй. Хім. ўраўненне спіртавога браджэння — C6H12O6∙2C2H5OH + 2CO2 выведзена франц. хімікамі А.​Лавуазье (1789) і Ж.​Гей-Люсакам (1815). Л.​Пастэр (1857) вызначыў, што спіртавое браджэнне выклікаюць толькі жывыя дрожджы ў анаэробных умовах. Ням. хімік Э.​Бухнер (1897) высветліў, што яго могуць ажыццяўляць таксама выцяжкі з дражджэй. Пры т-ры, роўнай або большай за 50 °C, працэс браджэння спыняецца. Вылучаны і ідэнтыфікаваны 11 метабалітаў гэтага працэсу — прамежкавых прадуктаў спіртавога браджэння глюкозы і 11 ферментаў, што паслядоўна каталізуюць усе рэакцыі і спіртавога браджэння (сумарнае ўраўненне якога C6H12O6 + 2H3PO4 + 2АДФ → 2CH3CH2OH + 2CO2 + 2АТФ). Існуе цесная сувязь паміж браджэннем і дыханнем мікраарганізмаў, раслін і жывёл. У прысутнасці кіслароду спіртавое браджэнне прыгнечваецца ці зусім спыняецца. Працэс ператварэння глюкозы ў жывых арганізмах (гліколіз) падобны да спіртавога браджэння і ідзе з удзелам тых жа ферментаў (адметныя рысы ён набывае на апошніх этапах). Зброджванне вугляводаў (глюкозы, ферментатыўных гідралізатаў крухмалу, кіслотных гідралізатаў драўніны) шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах прам-сці з мэтай атрымання этылавага спірту, гліцэрыну і інш. тэхн. і харч. прадуктаў. На спіртавым браджэнні заснаваны прыгатаванне цеста ў хлеба-пякарнай прам-сці, малочнакіслых прадуктаў, вінаробства і піваварэнне. Малочнакіслае браджэнне бывае гомаферментатыўнае (яго асн. прадукт — малочная к-та; выклікаецца бактэрыямі Streptococcus lactis, S. diacetilactis, Lactobacillus delbrückii) і гетэраферментатыўнае (акрамя малочнай утвараюцца бурштынавая і воцатная к-ты, этанол і інш.; выклікаецца бактэрыяй Escherichia coli — кішачнай палачкай). Малочнакіслае браджэнне выкарыстоўваюць пры вырабе кісламалочных прадуктаў, малочнай к-ты, у хлебапячэнні, квашанні агародніны, сіласаванні кармоў і інш. Масленакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем масленай к-ты ажыццяўляюць многія анаэробныя бактэрыі з роду Clostrobium; выкарыстоўваецца для атрымання масленай к-ты, пры вымочванні валакністых раслін (лёну, канапель, джуту і інш.). Ацэтона-бутылавае браджэнне вугляродаў з утварэннем бутылавага спірту і ацэтону (таксама невял. колькасці вадароду, вуглякіслага газу, воцатнай і масленай к-т і этылавага спірту) выклікае бактэрыя Clostridium acetobutilicum; выкарыстоўваюцца для прамысл. атрымання бутылавага спірту і ацэтону, неабходных для хім. і лакафарбавай прам-сці. Некаторыя бактэрыі з роду Clostridium (гніласныя анаэробы) здольныя зброджваць таксама амінакіслоты бялкоў. Гэты працэс мае вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Прапіёнавакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем вуглякіслага газу, прапіёнавай і воцатнай к-т выклікаюць некалькі відаў бактэрый з роду Propionibacterium. На гэтым працэсе заснавана сыраробства. Ёсць віды браджэння, якія суправаджаюцца і аднаўленчымі працэсамі, напр. зброджванне цукру плесневым грыбам Aspergillus niger, які да 90% засвоенага ім цукру ператварае ў лімонную к-ту, што выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці для мікрабіял. сінтэзу лімоннай к-ты. Традыцыйна браджэнне называюць таксама кіслародныя акісляльныя працэсы, напр. воцатнакіслае і глюконавакіслае браджэнне, што ажыццяўляюць аэробныя бактэрыі з роду Acetobacter і некаторыя плесневыя грыбы, якія акісляюць этылавы спірт з утварэннем воцатнай, а глюкозу — глюконавай к-т.

Літ.:

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 2. М., 1985;

Кретович В.Л. Биохимия растений. 2 изд. М., 1986.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НС (франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў), якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, у межах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.

Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.​Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у т. л. на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.​Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».

Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш. Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб. пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.

З 1926 у СССР, у т. л. БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр. эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструмент эканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.

Н.​Б.​Антонава.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,

тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.

Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл. Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.

К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл. Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл. Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл. Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл. Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл. Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння ( L^ M^ Ψ ≠ M^ L^ Ψ ) , то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл. Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.

Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл. Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл. Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл. Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл. Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.

На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.​І.​Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ. Вып. 8—9. М., 1966—67;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989;

Борисоглебский Л.А. Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)