ВЫСО́ЦКІ (Георгій Мікалаевіч) (19.2.1865, с. Мікітаўка Сумскай вобл., Украіна — 6.4.1940),

савецкі глебазнавец, лесавод і геабатанік; адзін з заснавальнікаў навук. стэпавага лесаразвядзення і лесамеліярацыі; заснавальнік лясной доследнай справы на Беларусі. Акад. УАСГНІЛ (1934) і АН УССР (1939). Скончыў Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1890). У 1923—25 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі; у 1924—26 заг. Мінскай (з 1926 Цэнтральнай) лясной доследнай станцыі. На Беларусі праводзіў метэаралагічныя і гідралагічныя даследаванні, паклаў пачатак навук. тыпалагічнай класіфікацыі лясоў, даў геабат. характарыстыку расліннасці на Пд рэспублікі. Навук. працы па ахоўным лесаразвядзенні, глебавай гідралогіі, ландшафтазнаўстве.

Тв: Избр. соч. Т. 1—2. М., 1962.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША (Іван Федасеевіч) (29.4.1896, с. Гарадзішча Чаркаскай вобл., Украіна — 6.8.1970),

бел. савецкі глебазнавец. Акад. АН Беларусі (1961), Акадэміі агр. навук (1959), д-р с.-г. н., праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1956). Скончыў Херсонскі с.-г. ін-т (1928). З 1933 ва Усесаюзным ін-це ўгнаенняў, агратэхнікі і аграглебазнаўства, з 1942 дырэктар лабараторыі Туркменскага філіяла АН СССР. З 1944 прарэктар, у 1952—65 рэктар БСГА. Навук. працы па эвалюцыі дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глеб пад уздзеяннем акультурвання. Прэмія імя Вільямса (1947, 1957) АН СССР. Аўтар падручніка «Глебазнаўства» (1940, 6-е выд. 1962) і манаграфіі «Акультурванне глеб як сучасны этап глебаўтварэння» (1956).

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (15.9.1907, г. С.-Пецярбург — 21.7.1970),

савецкі антраполаг, археолаг і скульптар. Д-р гіст. н. (1956). У 1950—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Адкрыў і даследаваў верхнепалеалітычную стаянку Мальта (за 85 км ад Іркуцка, Расія). Распрацаваў метад узнаўлення твару чалавека па чэрапе і зрабіў рэканструкцыі прадстаўнікоў пітэкантрапаў, сінантрапаў, неандэртальцаў і інш. стараж. людзей, партрэты гіст. дзеячаў Яраслава Мудрага, Андрэя Багалюбскага, Івана Грознага, Цімура, Улугбека, Рудакі і інш. Метад Герасімава шырока выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Раскопки палеолитической стоянки в с. Мальте // Палеолит СССР. М.; Л., 1935;

Восстановление лица по черепу. М., 1955;

Люди каменного века. М., 1964.

т. 5, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),

савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс. км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял. Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд. ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ (Анатоль Барысавіч) (6.8.1901, г. Харкаў, Украіна — 21.9.1979),

савецкі лесавод, акад. АН СССР (1966). Скончыў Харкаўскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1923). Працаваў у доследным лясніцтве і на Цэнтр. лясной доследнай станцыі Украіны (1923—30), у Ін-це лясной гаспадаркі ў Харкаве (1930—37) і Гомелі (1938—42), ва Усесаюзным НДІ лесаводства і механізацыі лясной гаспадаркі (1942—56), у Ін-це лесу АН СССР (1956—58). У 1958—79 дырэктар Ін-та лесу і драўніны Сібірскага аддзялення АН СССР. Навук. працы па біяцэналогіі дубовых лясоў стварэнні лесапалос, вырошчванні л соў прамысл. значэння, вывучэнні л соў Сібіры, у прыватнасці лясоў басе на воз. Байкал.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАТЫ́РКІН (Якаў Міхайлавіч) (14.11. 1910, в. Заніна Ярцаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 2.11.1995),

савецкі фізікахімік, адзін з заснавальнікаў сучаснага электрахім. кірунку вучэння аб карозіі металаў. Акад. АН СССР (1970, чл.-кар. 1966; Рас. АН з 1991). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1937). З 1937 у Дзярж. навук. цэнтры Рас. Федэрацыі «Н.-д. фіз.-хім. ін-т імя Л.Я.Карпава» (у 1948—51, 1957—87 дырэктар). Даследаваў электрахім. кінетыку каразійных працэсаў. Развіў адсарбцыйную тэорыю пасіўнасці металаў, электрахім. тэорыю пітынгавай карозіі, тэорыю салявога інгібіравання і хім. пасіўнасці. Распрацаваў метад аноднай аховы металаў ад карозіі.

Літ.:

Я.М.Колотыркин. М., 1987.

Я.М.Калатыркін.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІН (Міхаіл Іванавіч) (19.11.1875, в. Верхняя Троіца Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 3.6.1946),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1944). Скончыў 4-класную школу (1889). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917. Старшыня ЦВК РСФСР (з 1919), ЦВК СССР (з 1922) і Прэзідыума Вярх. Савета СССР (з 1938). Чл. КПСС (з 1898), яе ЦК (з 1919) і Палітбюро ЦК (з 1926). Выконваў пераважна прадстаўнічыя функцыі. Неаднаразова быў у Беларусі, у т. л. 11.7.1935 на юбілейнай сесіі ЦВК БССР у Мінску ўручыў рэспубліцы ордэн Леніна. У Беларусі ў сав. час яго імем названы прадпрыемствы, калгасы, вуліцы; помнікі ў Мінску, Гомелі і інш.

П.З.Калінін.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРША́К (Васіль Уладзіміравіч) (9.1.1909, с. Высокае Чарнігаўскай вобл., Украіна — 14.6.1988),

савецкі хімік. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1931), дзе і працаваў, адначасова ў 1938—54 у Ін-це арган. хіміі, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АН СССР. Навук. працы па хіміі палімераў. Устанавіў асн. заканамернасці працэсу полікандэнсацыі. Адкрыў нераўнаважную полікандэнсацыю і інш. рэакцыі сінтэзу палімераў. Даказаў уплыў прасторавых фактараў на полімерызацыю ненасычаных злучэнняў. Сінтэзаваў валокнаўтваральныя поліаміды (1940, разам з С.Р.Рафікавым), карбін (1961), шэраг тэрмаўстойлівых палімераў: поліпіразолаў, полібензімідазолаў, поліімідаў і інш. Ленінская прэмія 1986. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Літ.:

В.В.Коршак. М., 1982.

В.У.Каршак.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НКА (Міхаіл Паліеўктавіч) (28.12.1889, г.п. Вейдзелеўка Белгародскай вобл., Расія — 18.12.1976),

савецкі вучоны ў галіне электратэхнікі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1918) і выкладаў у ім. З 1939 у Энергет. ін-це АН СССР, з 1950 заг. Ленінградскага аддз. Ін-та аўтаматыкі і тэлемеханікі АН СССР, у 1956—66 дырэктар Ін-та электрамеханікі АН СССР (Ленінград). Навук. працы па тэорыі эл. машын, метадах іх эксперым. даследавання і праектавання, па пытаннях эл. цягі на пераменным току, па пераўтварэнні пераменнага току ў пастаянны, электрадынамічным мадэляванні энергасістэм. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

М.П.Касценка.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІНКО́ВІЧ (Канстанцін Антонавіч) (7.11.1919, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 8.10.1998),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1973). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1948), дзе і працаваў (у 1953—62 заг. кафедры, з 1970 рэктар). У 1962—70 заг. кафедры, з 1977 праф. Бел. пед. ін-та. Навук. працы па праблемах гісторыі педагогікі, арг-цыі і сац. ролі спорту. Адзін з аўтараў кніг «Савецкі алімпіец: сацыяльны партрэт» (1979), «Фізічная культура і спорт Беларусі» (1988).

Тв.:

Развитие физической культуры и спорта в БССР, Мн., 1969;

Этнічная педагогіка беларусаў. Мн., 1993;

Гісторыя педагогікі. Мн., 1995.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)