ГЕАЦЭНТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА СВЕ́ТУ уяўленне пра будову Сусвету, паводле якога ў цэнтры яго размешчана нерухомая Зямля, вакол якой рухаюцца ўсе нябесныя целы. Геацэнтрычная сістэма свету апісана К.Пталамеем (2 ст.). На змену геацэнтрычнай сістэме свету прыйшла геліяцэнтрычная сістэма свету.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІ́ШЦІ I

(1-я пал. 8 ст. да н.э.),

цар Урарту. У час яго праўлення Урарту ператварылася ў магутную дзяржаву Б. Усходу. Пакінуў некалькі дзесяткаў клінапісных надпісаў пра перамогі над Асірыяй і будаўніцтва гарадоў Аргішціхінілі і інш.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦКІ Сымон Фаміч

(28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.Астапенкі, А.Александровіча, С.Баранавых, Т.Кляшторнага, Я.Купалы, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Салагуба, Я.Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.Хадыкі, В.Маракова і інш.

Літ.:

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ЛЬТЭЙ (Dilthey) Вільгельм

(19.11.1833, Бібрых, цяпер у межах г. Вісбадэн, Германія — 1.10.1911),

нямецкі гісторык культуры, філосаф, псіхолаг. Вядучы прадстаўнік філасофіі жыцця, заснавальнік філас. герменеўтыкі. Праф. ў гарадах Базель, Кіль, Брэслаў і Берлін. Разглядаў жыццё як культ.-гіст. рэальнасць. У навуках пра «гісторыю духа» лічыў галоўным метад разумення, інтуітыўнага спасціжэння духоўнай цэласнасці асобы і культуры. Паводле Дз., чалавек даведваецца пра тое, што такое ён сам, толькі з гісторыі, якая мае справу з людзьмі як з духоўнымі цэласнасцямі і іх структурамі. Аўтар прац «Уводзіны ў навукі аб духу» (1833), «Ідэя апісальнай і аналітычнай псіхалогіі» (1894), «Узнікненне герменеўтыкі» (1900) і інш.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́ЙДЭ Аскар

(1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.

Г.В.Кісялёў.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РЧАНКА Аркадзь Цімафеевіч

(27.3.1881, г. Севастопаль — 12.3.1925),

рус. пісьменнік. З 1908 супрацоўнік, пазней рэдактар час. «Сатирикон», з 1913 рэдактар «Нового сатирикона». Аўтар зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Вясёлыя вустрыцы» (1910), «Кругі па вадзе» (1912), «Пра добрых па сутнасці людзей» (1914), «Цуды ў рэшаце» (1915), «Пра маленькіх — для вялікіх» (1916), аповесці «Падходцаў і двое іншых» (1917), п’ес-мініяцюр, у якіх высмейваў заганы абывацеляў. Пасля 1917 у эміграцыі, дзе выдаў кн. апавяданняў «Тузін нажоў у спіну рэвалюцыі» (1921), раман «Жарт мецэната» (1925).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Спб., 1911—14;

Юмористические рассказы. М., 1964.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЧАСО́ВАСЦЬ,

супадзенне па часе з’яў, аддзеленых адна ад адной у прасторы. У класічнай механіцы існавала ўяўленне пра абсалютную прастору і час, пра адзіны паток часу, што аднастайна працякае ўсюды і складаецца з імгненняў, кожнае з якіх адначасова настае ва ўсіх пунктах прасторы. Гэта ўяўленне грунтавалася на дапушчэнні бесканечнай скорасці распаўсюджання светлавых сігналаў. Адноснасці тэорыя, зыходзячы з канечнасці скорасці святла, адмовілася ад паняцця абсалютнай адначасовасці. Атаясамліванне момантаў часу дзвюх з’яў мае сэнс, калі гэтыя з’явы разглядаюцца ў межах нейкай пэўнай сістэмы адліку. З’явы, адначасовыя ў адной сістэме адліку, могуць аказацца неадначасовымі ў інш. сістэме.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

штодзённая грамадска-паліт. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіла з 8.3 да 23.8.1918 у Мінску на бел. мове ва ўмовах герм. акупацыі. Рэдактар-выдавец з № 1 П.Аляксюк; з № 2 рэдактар А.Прушынскі (А.Гарун), выдавец — т-ва «Заранка». Мэта выдання — сац.-эканам. і культ. адраджэнне Беларусі, яе дзярж. самастойнасць і суверэнітэт. Падтрымлівала палітыку Рады БНР і яе выканаўчага органа — Народнага сакратарыята Беларусі. Асвятляла нац. грамадска-паліт. і культ. рух, змяшчала інфармацыю пра бел. асветны рух, пра дзейнасць Рады БНР, паліт. партый і груповак. Крытыкавала палітыку бальшавікоў і Сав. Расіі. Садзейнічала арганізацыі бел. школ, развіццю бел. культуры.

У.М.Конан.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГУШ Францішак Ксаверый Міхал

(1.1.1746, Вількамірскі пав. Віленскага ваяв. — 4.4.1820),

філосаф, гісторык, тэолаг, пісьменнік ВКЛ. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. У якасці хатняга настаўніка быў з графам А.Тызенгаўзам у Германіі, Францыі, Італіі. Пасля адстаўкі Тызенгаўза (1780) жыў у Вільні, займаўся навук. дзейнасцю. Удзельнік Барскай канфедэрацыі, паўстання Т.Касцюшкі 1794, за што быў інтэрніраваны ў Смаленск. Апошнія гады жыў і працаваў у Варшаве. Удзельнічаў у рабоце Т-ва аматараў навукі, быў цэнзарам. Ганаровы чл. шматлікіх еўрап. навук. т-ваў. Аўтар твораў «Філосаф без рэлігіі» (1785), «Пра пачатак народа і мовы літоўскай» (1808), «Успаміны пра Антонія Тызенгаўза» (1820) і інш.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́НІ (Bruni) Леанарда

(празваны Арэціна; Aretino; 1369, г. Арэца, Італія — 8.3.1444),

італьянскі гуманіст, пісьменнік, гісторык. У 1410, 1427—44 канцлер Фларэнцыі. У паліт. памфлетах выступаў супраць тыраніі, абараняў рэсп. лад, адстойваў ідэю ўсебаковага развіцця асобы і асуджаў аскетызм. Філас. і эстэт. погляды выклаў у творах, напісаных на лац. мове (трактат «Уводзіны ў навукі пра мараль», дыялог «Спрэчка пра высакароднасць» і інш.). Найбольш вядомыя яго гіст. творы («Гісторыя Фларэнцыі», «Запіскі аб падзеях майго часу»). Аўтар біяграфій Дантэ, Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо на італьян. мове. Перакладаў з грэч. Платона, Арыстоцеля, Плутарха; кн. «Аб правільным перакладзе» — адна з першых спроб стварыць тэорыю перакладу.

т. 3, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)