КААРДЫНА́ТНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

універсальная машына кантролю памераў у машынабудаванні шляхам вымярэння перамяшчэнняў наканечніка вымяральнай галоўкі адносна дэталі ў дэкартавай або цыліндрычнай сістэме каардынат. Большасць машын аўтаматычна (пад кіраваннем ЭВМ) выконвае ўвесь працэс вымярэння: узгадненне баз (сістэм каардынат) машыны і дэталі, кіраванне рухам выканаўчых органаў. счытванне, апрацоўку і запіс вынікаў вымярэння. Бываюць высокай дакладнасці (прэцызійныя, з хібнасцю вымярэнняў 3—6 мкм) і менш дакладныя (прадукцыйныя, з хібнасцю да 50 мкм).

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПО́ЎКА ў лазернай фізіцы,

працэс стварэння нераўнаважнага стану рэчыва пад уплывам знешніх уздзеянняў (магн. поля, эл. разраду, рэзкага ахаладжэння папярэдне нагрэтага газу і інш.). Можа перавесці рэчыва са стану тэрмадынамічнай раўнавагі ў актыўны стан (гл. Актыўнае асяроддзе), пры якім яно набывае здольнасць узмацняць і генерыраваць эл.-магн. хвалі (гл. Лазер). Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама ў радыётэхніцы і оптыцы пры апісанні працэсаў уздзеяння на актыўныя элементы параметрычных сістэм (гл. Параметрычныя ваганні).

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. actio дзеянне),

1) дзеянне, стан, працэс, якія ўзнікаюць у адказ на якое-н. уздзеянне. Напр., Р. вока на святло адбываецца пры знешнім яго раздражненні; Р ацэначная ці на крытыку выяўляецца псіхалагічна-эмацыянальным станам асобы (гл. Рэакцыя ў псіхалогіі); ператварэнні адных рэчываў у другія — вынік рэакцый хімічных.

2) Палітыка актыўнага супраціўлення грамадскаму прагрэсу; паліт. рэжым, устаноўлены для захавання грамадскіх парадкаў, якія ўстарэлі, аджылі свой век.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГРЭ́СІЯ мора

(ад лац. regressio адваротны рух, адыход),

паступовае адступанне мора ад берагоў. Адбываецца ў выніку падняцця сушы, апускання акіянічнага дна або змяншэння колькасці вады ў Сусв. ак. (напр., у эпоху мацерыковага зледзянення) або ў замкнёным вадаёме (пры арыдызацыі клімату і памяншэнні сцёку з сушы, напр., Аральскае м.). Неаднаразова адбываліся на працягу геал. гісторыі Зямлі, найб. значныя з іх супадалі з эпохамі гораўтварэння або ледавіковымі эпохамі. Процілеглы Р. працэс — трансгрэсія.

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕ́КЦЫЯ (ад лац. resectio адсячэнне),

выдаленне (шляхам аперацыі) ч. органа або тканкі ў сувязі з іх захворваннем ці пашкоджаннем. Робяць пры лакальных паталаг. зменах (пухліна, амярцвелы ўчастак, інфекц. працэс і інш.), для карэкцыі набытых дэфармацый (напр., у суставе), выдалення прыроджаных анамалій (залішняя даўж. сігмападобнай кішкі) і інш. У некат. выпадках пасля Р. злучаюць захаваныя ч. органа (напр., кішкі), замяшчаюць выдалены ўчастак трансплантатам (напр., сасуд, сустаў).

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІГІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. annihilatio знішчэнне, знікненне),

працэс узаемадзеяння элементарнай часціцы з яе антычасціцай, у выніку якога яны ператвараюцца ў інш. элементарныя часціцы. Адбываецца ў адпаведнасці з захавання законамі. Анігіляцыя электронна-пазітроннай пары (e​− — e​+) у 2 або 3 фатоны і адваротны працэс нараджэння яе фатонамі былі прадказаны англ. фізікам П.​Дзіракам (1931), выяўлены эксперыментальна франц. фізікамі І. і Ф.​Жаліо-Кюры (1933) і дакладна апісаны ў квантавай электрадынаміцы. У фізіцы высокіх энергій анігіляцыя — адзін з імаверных каналаў (прамежкавых стадый) працэсаў узаемадзеяння часціцы з антычасціцай, што ажыццяўляецца за кошт электрамагн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Напр., пры сутыкненнях высокаэнергет. (e​− — e​+) пучкоў акрамя анігіляцыі ў фатоны магчымы пругкае і няпругкае рассеянне, ператварэнне ў інш. пары (μ​− — μ​+, ν — ν̃, π — π​+ і г.д.), утварэнне звязаных недаўгавечных сістэм (пазітроній, кварконій і інш.) або абсалютна нейтральных часціц (γ, p, η​0 → ), а ў канчатковым выніку — множнае нараджэнне часціц, пераважна адронаў. Сучасныя паскаральнікі на сустрэчных пучках даюць магчымасць атрымаць усе вядомыя элементарныя часціцы, у т. л. самыя масіўныя, напр. слабыя базоны w​(-), w​(+), z​(0).

Літ.:

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),

1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.

2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.

4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),

полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.

Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл. Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэс буд-ва М.п. фактычна спынена.

Мартэнаўская печ: 1 — рэгенератары; 2 — завалачныя вокны; 3 — сталевыпускная адтуліна; 4 — рабочая прастора; 5 — адтуліна для спуску шлаку; 6 — галоўкі; 7 — вертыкальныя каналы; 8 — шлакавік.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАЎЛАДКАВА́ННЕ,

сістэма арганізацыйных, эканам. і прававых мер, накіраваных на забеспячэнне прац. занятасці насельніцтва У шырокім сэнсе П. аб’ядноўвае ўсе формы прац. дзейнасці, у т. л. прадпрымальніцтва, індывід. прац. дзейнасць і да т.п. У вузкім сэнсе пад П. разумеецца працэс пошуку адпаведнай работы і ўладкаванне на ёй, а таксама працэс прафес. падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі грамадзян для атрымання наяўных прац. месцаў. У забеспячэнні занятасці насельніцтва ўдзельнічаюць агульныя і спец. дзярж. органы. Агульнае кіраванне П. у Рэспубліцы Беларусь ускладзена на Мін-ва працы, якое нясе адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю дзярж. палітыкі ў галіне працы і занятасці. Спец. органам П. з’яўляецца дзярж. служба занятасці, у якую ўваходзяць Гал. ўпраўленне дзярж. службы Мін-ва працы, абл. ўпраўленні службаў занятасці, гар. і раённыя цэнтры занятасці, інфарм. цэнтры, цэнтры па прафес. падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы беспрацоўных (гл. Беспрацоўе), іх філіялы і аддзяленні. Дзярж. служба занятасці з’яўляецца пасрэднікам паміж беспрацоўнымі і наймальнікамі. Падставай ўзнікнення праваадносін паміж імі з’яўляецца рашэнне службы занятасці аб прызнанні грамадзяніна беспрацоўным. Прававое рэгуляванне адносін, звязаных з П., ажыццяўляецца законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.12.1991 і інш. нарматыўнымі актамі.

А.​В.​Моціна.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́Л (ад лац. signum знак) у біялогіі, працэс або з’ява (вонкавая, унутраная, усвядомленая або неўсвядомленая), што перадае паведамленне пра падзею і арыентуе жывую сістэму адносна гэтай падзеі. У залежнасці ад характару сенсорнай сістэмы адрозніваюць С. акустычныя, аптычныя, біярытмічныя, тактыльныя, тэрмічныя, хім., электрамагнітныя і інш. (гл. Раздражняльнасць, Рэактыўнасць, Сігнальныя сістэмы).

С. у тэхніцы, умоўны знак, фіз. працэс ці з’ява, што нясе паведамленне (інфармацыю) аб якой-н. падзеі, стане аб’екта назірання, а таксама перадае каманду кіравання абвяшчэння ці інш. Агульныя заканамернасці перадачы і пераўтварэнняў С. вывучае інфармацыі тэорыя.

Бывае мех. (дэфармацыя, перамяшчэнне), цеплавы (напр., павышэнне т-ры), светлавы (успышка святла, зрокавы вобраз), эл. (імпульс току, радыёхваля), гукавы (мова, музыка, свіст) і інш. Інфармацыя, якую мае паведамленне прадстаўляецца зменамі аднаго ці больш параметраў С. — амплітуды (інтэнсіўнасці), працягласці, частаты, шырыні спектра, палярызацыі і інш. С. можна пераўтвараць (без змены зместу паведамлення) з аднаго віду ў другі, напр., неперарыўны С. — у дыскрэтны, гукавы — у эл., эл. — у светлавы. Выкарыстанне канкрэтных С. залежыць ад асаблівасцей канкрэтных задач перадачы паведамленняў, узроўню і характару перашкод, магчымасцей рэалізацыі прыёмнай і перадавальнай сістэм. Гл. таксама Сігнал геадэзічны, Сігналізацыя, Сігналы часу.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)