КЛЕ́ТАЧНАЯ МЕМБРА́НА, цытаплазматычная мембрана, плазматычная мембрана, плазмалема,

мембрана, што аддзяляе цытаплазму клеткі ад навакольнага асяроддзя ці ад абалонкі клеткі (у раслінных клетках); арганоід клеткі. Адыгрывае важную ролю ў абмене рэчываў паміж клеткай і навакольным асяроддзем, пры рухомасці і счапленні клетак паміж сабой. Мае станоўчы зарад звонку, рознасць патэнцыялаў 20—100 мВ, таўшчыня — 7—10 нм (пра будову К.м. гл. ў арт. Біялагічныя мембраны). Паўпранікальная: праз яе свабодна праходзіць вада, скорасць дыфузіі інш. рэчываў прама прапарцыянальная іх растваральнасці ў ліпідах і адваротна прапарцыянальная іх малекулярнай масе. Для высокамалекулярных рэчываў амаль непранікальная (пра перанос праз К.м. гл. ў арт. Транспарт рэчываў). Знутры К.м. знаходзіцца слой скарачальных мікрафіламентаў, які забяспечвае змену яе формы (напр., пінацытоз ці фагацытоз, розныя тыпы міжклетачных кантактаў і інш.). У спецыялізаваных клетак мае дадатковыя функцыі (напр., К.м. нейрона здольная да адваротнай дэпалярызацыі пры правядзенні імпульсу нервовага).

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛЯ́Р’Я АБАРО́НА (чэрв. 1941 — кастр. 1944),

баявыя дзеянні войск Паўн., з 1.9.1941 Карэльскага франтоў, Паўн. флоту і Беламорскай флатыліі ў Вял. Айч. вайну на Кольскім п-ве, у паўн. Карэліі, на Баранцавым, Белым і Карскім морах супраць узбр. сіл гітлераўскай Германіі і саюзнай ёй Фінляндыі. Мэта — не дапусціць захопу праціўнікам Кольскага п-ва з незамярзаючым портам Мурманск і Кіраўскай чыгункай, забяспечыць абарону паўн. марскіх камунікацый. У выніку гераічнай абароны сав. войскі не дазволілі праціўніку ізаляваць СССР ад знешніх сувязей праз паўн. парты і перарэзаць Паўн. марскі шлях на Д. Усход, забяспечана дастаўка ў СССР праз Мурманскі порт ваенных грузаў марскімі канвоямі саюзнікаў. У кастр. 1944 узбр. сілы СССР выгналі захопнікаў з сав. Запаляр’я. Прэзідыум Вярх. Савета СССР заснаваў 5.12.1944 медаль «За абарону Савецкага Запаляр’я» (больш за 307 тыс. узнагароджаных). 7.5.1985 Мурманску прысвоена званне «Горад-герой».

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ў электрахіміі,

адхіленне значэння электроднага патэнцыялу ад раўнаважнага пры праходжанні праз электрод знешняга эл. току. Велічыня П. можа мяняцца ад долей мілівольт да некалькіх вольт, залежыць ад матэрыялу электрода, характару электродных працэсаў, саставу раствору, т-ры і звычайна тым большая, чым большая шчыльнасць эл. току.

Адрозніваюць П. канцэнтрацыйную і электрахімічную. Канцэнтрацыйная П. абумоўлена адрозненнем, прыэлектроднай канцэнтрацыі рэчыва, што ўдзельнічае ў электродным працэсе, ад яго канцэнтрацыі ў аб’ёме, выкліканым малой скорасцю дыфузіі кампанентаў раствору. Электрахімічная П., ці перанапружанне, абумоўлена канечнай скорасцю працэсаў, што адбываюцца непасрэдна на паверхні электродаў: перанос электрона праз мяжу электрод/раствор, гетэрагенныя хім. рэакцыі, утварэнне новай фазы і інш. Звычайна П. непажаданая (павышае расход эл. энергіі пры электролізе, зніжае карыснае напружанне гальванічных элементаў), аднак у некаторых выпадках карысная: прыпыняе працяканне непажаданых пабочных працэсаў (напр., выклікае тармажэнне карозіі металаў).

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́М,

плывучае збудаванне (судна, плыт і інш.) для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыг. вагонаў), грузаў і пасажыраў цераз водную перашкоду паміж пэўнымі берагавымі пунктамі. Бываюць самаходныя і несамаходныя.

Па вял. суднаходных рэках П. перамяшчаецца па кабелі, пракладзеным па дне, або буксірным суднам; на невял. рэках перацягваецца з дапамогай троса, замацаванага на процілеглых берагах; для паромнай пераправы праз пралівы, азёры звычайна выкарыстоўваюць спец. абсталяваныя судны. Водазмяшчэнне іх да 20 тыс. т і больш, умяшчальнасць каля 100 чыг. вагонаў, пасажыраўмяшчальнасць да 2000 чал. Паромныя зносіны найб. развіты ў Японіі, Зах. Еўропе (праз Ла-Манш). У ваен. мэтах П. выкарыстоўваюцца пры фарсіраванні водных перашкод; робяцца з штатных пантонных паркаў (гл. Пантон) і мясц. плывучых сродкаў (баржы, лодкі і інш., на якіх замацоўваецца грузавая платформа).

Пасажырскі паром для зносін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй (мае вароты для аўтамабіляў на носе і карме).

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАПАЛАВА́Я СІСТЭ́МА,

сукупнасць анатамічна, функцыянальна і генетычна звязаных органаў мочавыдзялення (нырак, мачаточнікаў) і палавой сістэмы ў беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. У земнаводных і большасці рыб мача і палавыя прадукты выводзяцца праз мезанефральныя пратокі. У самцоў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека першасная нырка ператвараецца ў прыдатак семянніка, а яе праток (вольфаў) — у семяправод; у самак палавыя прадукты выводзяцца праз яйцаводы. М.с. мае агульную вывадную трубку (мочаспускальны канал у мужчын) ці адкрываецца ў адзіную агульную прастору (пераддзвер’е похвы ў жанчын). У мочапалавыя каналы ўпадаюць пратокі дадатковых залоз: у самцоў — семянныя пузыркі і прастата, цыбуліна-бульбаурэтральныя залозы; у самак — вял. залозы пераддзвер’я похвы. Рост і фарміраванне органаў М.с. адбываецца найб. інтэнсіўна пры палавым выспяванні. Пры старэнні назіраецца характэрнае для парэнхіматозных органаў (ныркі, палавыя залозы) замяшчэнне парэнхіматозных клетак злучальнай тканкай, змяншэнне іх памераў і зніжэнне функцыі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́СКАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

сумесь раствору меднага купарвасу з вапнавым малаком (гідраксід кальцыю) адзін з фунгіцыдаў. Павінна быць нейтральнай (кіслая апякае лісце). Выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін (пладовых, гароднінных і інш. культур). Рыхтуецца непасрэдна перад выкарыстаннем. Спажываць плады і гародніну пасля апырсквання можна не раней як праз 10 сутак.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СЬЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 1 км на ПдУ ад в. Азёры. Пл. 0,28 км², даўж. 1,55 км, найб. шыр. 400 м. Пл. вадазбору 80,7 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком. Берагі высокія. Праз возера цячэ р. Вярхіта.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМАДЫ́, Эль-Ахмады,

горад у Кувейце. 27 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1989). Цэнтр нафтаздабыўнога раёна. Вузел нафта- і газаправодаў. З-ды па перапрацоўцы нафты, звадкаванні газу і апрасненні марской вады. Экспарт нафты праз порт Міна-эль-Ахмады (уваходзіць у склад Ахмады) на ўзбярэжжы Персідскага зал.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НВІЧ, Грынуіч (Greenwich),

горад у Вялікабрытаніі, у ніжнім цячэнні р. Тэмза. З 1964 гар. акруга Вял. Лондана. Каля 250 тыс. ж. (1994). Праз Грынвіч праходзіць Грынвіцкі мерыдыян. Астранамічная абсерваторыя (засн. ў 1675), у 1953 перанесена ў замак Хёрстмансо (15 ст.), за 70 км на ПдУ. У Грынвічы Нац. марскі музей.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАКАКО́З,

падвостры ці хранічны глыбокі мікоз. Узбуджальнік — дражджавы паразітычны грыбок. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі. Праяўляецца як менінгаэнцэфаліт; пашкоджваюцца лёгкія (клінічна падобны на туберкулёз), скура, слізістыя абалонкі. На скуры з’яўляюцца вузельчыкавая вугрападобная высыпка, інфільтраты, вузлы (хутка распадаюцца, з’яўляюцца язвы з ярка-чырв., інш. раз бліскучым дном). Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Бластамікозы.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)