МІ́НСКІ ВАГОНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1871 у Мінску як чыгуначныя майстэрні. З 1927 з-д «Полымя рэвалюцыі», з 1931 вагонарамонтны з-д. У Вял. Айч. вайну частка абсталявання эвакуіравана ў Куйбышаўскую вобл. Аднавіў працу ў 1945, у 1953—54 рэканструяваны і пашыраны. Завод рамантуе пасажырскія вагоны, фарміруе колавыя пары пасажырскіх і грузавых паяздоў, вырабляе запчасткі для рухомага саставу чыгунак.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́БІЛІС (Mirabilis),

род кветкавых раслін сям. ніктагінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. ялапа, або начная прыгажуня (M. jalapa).

М. ялапа — кустападобная расліна выш. да 1 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае. Кветкі невял., лейкападобныя, белыя, жоўтыя, чырв., распускаюцца пад вечар і цвітуць да раніцы (адсюль другая назва). Дэкар. расліна.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЕМАНІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваны твор практычнага ці павучальнага характару. Форма М.в. аблягчае запамінанне пэўных правіл ці лічбаў. Такі верш пашыраны ў разнастайных жанрах дзіцячага фальклору (лічылкі, дражнілкі, заклікі, прагаворы):

Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Ні чытаць, ні пісаць,
Толькі ў паплясы гуляць.

У бел. паэзіі М.в. трапляецца рэдка, пераважна ў парадыйных творах.

М.​М.​Грынчык.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́Р’Е,

вялізнае горнае падняцце, дзе спалучаюцца плато, горныя хрыбты і горныя масівы, якія нярэдка чаргуюцца з шырокімі міжгорнымі катлавінамі. Для Н. характэрны значныя абсалютныя вышыні і параўнальна невял. адносныя перавышэнні. Пашыраны ў Азіі (Тыбецкае, Іранскае, Армянскае), Амерыцы (Мексіканскае, Цэнтральнаандыйскае), Афрыцы (Ахагар, Эфіопскае, Тыбесты). Тэрмін «Н.» часам ужываюць як сінонім высока ўзнятых плато (без узвышаных над імі горных хрыбтоў).

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЎНІ,

участкі забалочаных поймаў у ніжнім цячэнні і дэльтах рэк, якія працяглы час заліваюцца паводкавымі водамі. Укрыты цяжкапраходнымі зараснікамі трыснягу, рагозу, асок, лазняку і інш. Выкарыстоўваюцца пераважна як сенажаці, пры асушэнні — пад пасевы рысу і інш. с.-г. культур. З’яўляюцца асноўным месцапражываннем вадаплаўных птушак. Пашыраны ў дэльтах рэк Дунай, Днестр, Дняпро, Дон, Кубань, Волга і інш.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬДЭРЫ (галанд. polder),

асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў, ахаваныя дамбамі ад затаплення марскімі водамі. Узровень грунтавых вод у П. рэгулюецца дрэнажнымі сістэмамі, пераважна з машынным адпампоўваннем вады. Пашыраны ў Нідэрландах (каля 40% тэрыторыі), Германіі, Даніі, ЗША і інш. П. ствараюцца таксама на поймах рэк, якія працяглы час заліваюцца вадой (напр., каля рэк Прыпяць, Зах. Буг, Дняпро).

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗДЫ́,

шапкавыя базідыяльныя грыбы з роду млечнік сям. сыраежкавых. Вядома больш за 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя грузд сапраўдны, або хрушчак (Lactarius resimus), расце пераважна ў яловых і бярозавых лясах; грузд жоўты (L. scrobiculatus), расце ў вільготных месцах ў хваёвых лясах; грузд чорны, або чарнуха (L. necator), вельмі пашыраны, расце ў бярозавых і мяшаных лясах; грузд перцавы, або кароўка, малачай (L. piperatus), часцей трапляецца ў дубовых лясах. Мікарызаўтваральнікі. Ядомыя. Спажываюцца салёныя. Грузд перцавы выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для лячэння нырачнакаменнай хваробы.

Растуць групамі. Пладаносяць у ліп.—верасні. Шапка дыяметрам да 20 см, пукатая, потым лейкападобная, часцей з апушаным завернутым уніз краем. Мякаць шчыльная з едкім млечным сокам (таму перад засолкай вымочваюць або адварваюць). Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка цыліндрычная, кароткая, у спелых грыбоў пустая (у грузда перцавага — суцэльная). Споры шарападобныя або шырокаавальныя.

Грузды: 1 — перцавы; 2 — жоўты; 3 — сапраўдны; 4 — чорны; 5 — асінавы.

т. 5, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЛЕЙ,

штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.​І.​Пракаповіч (1814).

Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.

На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.

Вуллі: 1 — 16-рамачны ўцеплены (беларускі); 2 — шматкорпусны; 3 — вулей-ляжак на 20 рамак.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),

нізіна на ПнЗ Канады, у бас. р. Макензі, ад воз. Атабаска да Паўн. Ледавітага ак. Мяжуе на З з гарамі Макензі і Рычардсан (сістэма Кардыльер), на У з Лаўрэнційскім пласкагор’ем. Выш. 150—200 м. Пашыраны шырокія забалочаныя рачныя даліны і ледавікова-азёрныя раўніны, падзеленыя ступеньчатымі плато да 500 м. Месцамі над нізінай узвышаюцца адасобленыя горы (г. Франклін, 1400 м). Складзена пераважна з вапнякоў. Радовішча нафты. У чацвярцічны перыяд тэрыторыя пакрывалася ледавікамі. Пасля іх адступання значная ч. тэрыторыі была затоплена акіянам, потым занята азёрамі (рэлікты — азёры Вял. Мядзведжае, Вял. Нявольніцкае, Атабаска і інш.). Клімат умераны, кантынентальны. Пашыраны шматгадовамёрзлыя горныя пароды. На рэках доўгі ледастаў (5—7 месяцаў). Глебы пераважна балотныя, месцамі тундрава-глеевыя і падзолістыя. Вільготнатраўныя лугі і заліўныя лясы з чорнай елкі і мохавыя балоты. На водападзельных участках — хмызняковыя тундры і рэдкастойныя лясы з белай елкі, каменнай хвоі і асіны. Шчыльнасць насельніцтва вельмі малая. Карэннае насельніцтва — эскімосы і індзейцы.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГАХВО́СТКІ, калембалы (Collembola),

атрад (клас) першаснабяскрылых насякомых. Вядомы з дэвону (каля 400 млн. г. назад). 2 падатр., каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай (імхі тундры і тайгі, стэпы, лугі) і трапічнай зонах. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі сям. аніхіўрыд, бязвусікавых, гіпагаструрыд, ізатамід, смінтур, энтамабрыід. Найб. пашыраны Н. вадзяная (Podura aquatica), ізатома зялёная (Isotoma viridis) і інш. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, на водных раслінах, паверхневай плеўцы стаячых вод, у гнёздах птушак і інш. Глебаўтваральнікі.

Даўж. да 2, зрэдку да 10 мм. Разнастайныя па форме і афарбоўцы цела. Вочы з 1—8 фасетак, у некат. (глебавыя формы) адсутнічаюць. Вусікі 4—6-членікавыя. Брушка сегментаванае (да 6 сегментаў), заканчваецца скакальнай вілкай. Ротавыя органы грызучыя, колюча-сысучыя. Сапрафагі, фітафагі, драпежнікі. Некат. віды жыццяздольныя пры нізкай т-ры, могуць трапляцца на снезе ў вял. колькасці, што надае яго паверхні афарбоўку.

С.​Л.​Максімава.

Нагахвосткі: 1 — ізатома зялёная; 2 — вадзяная.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)