ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1882,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць аўстра-венг. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Штуршком да яго паслужыла ўвядзенне воінскай павіннасці (закон ад 4.11.1881). Пачалося з нападу групы ўзбр. сялян ноччу 10 студз. на жандарскую казарму ў г. Улог, потым пашырылася на Паўн.-Усх. Герцагавіну і Паўд.-Усх. Боснію; ва Улогу (стаў цэнтрам паўстання) быў створаны орган улады паўстанцаў — меджліс. У студз.лют. дрэнна ўзброеныя паўстанцы на чале з С.​Кавачавічам і С.​Фортам намагаліся заняць гарады Фоча і Трнава. Задушана ў крас. аўстра-венг. войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Іаванавіча.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭСТ-ЛІТО́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА,

назва ў 1939—51 сеткі чыг. ліній, якая звязвала БССР з Зах. Еўропай, Літвой і Украінай і абслугоўвала Баранавіцкую, Брэсцкую, Гродзенскую, Маладзечанскую, Палескую і Пінскую вобл. Уключала чыг. лініі: Высока-Літоўск—Ковель, Брэст—Жыткавічы, Баранавічы—Слуцк, Брэст—Негарэлае, Гродна—Ліда—Маладзечна, Андрэевічы—Баранавічы, Стасілаў—Баранавічы—Лунінец і інш. Агульная даўж. чыг. ліній 1145 км і 600 км вузкакалейных ліній (1950). Упраўленне чыгункі размяшчалася ў Баранавічах. Друкаваны органгаз. «Сталинский маршрут» (з 1940). У 1951 аб’яднана з Мінскім аддзяленнем Зах. чыгункі ў Мінскую чыгунку.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЯ КАМІ́СІЯ,

калегіяльны орган у некаторых краінах СНД, які складаецца з прадстаўнікоў прац. калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт. партый, сходаў выбаршчыкаў і інш. У Рэспубліцы Беларусь выбарчыя камісіі ствараюцца для падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў у прадстаўнічыя органы дзярж. улады. Яны ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах, ствараюць выбарчыя акругі і выбарчыя ўчасткі, забяспечваюць складанне спісаў выбаршчыкаў, назіраюць за дакладным выкананнем парадку галасавання, вызначаюць яго вынікі і інш. Ствараюцца Цэнтр., тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, парадак іх дзеяння і кампетэнцыя вызначаюцца законам. Гл. таксама Выбарчая сістэма.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНО́Е ПРАЎЛЕ́ННЕ,

выканаўчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзена ў 1797 для дзярж. сялян. Пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. выбіралася валасным сходам на 3 гады. Валасное праўленне ўзначальваў валасны старшына (галава). На Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве валасныя праўленні перасталі існаваць у сувязі са скасаваннем тут валасцей паводле названай рэформы. Пасля сялянскай рэформы 1861 дзейнічалі на землях б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. — і б. дзярж. сялян. Выконвалі абмежаваныя функцыі. 3.6.1917 скасаваны разам з валаснымі сходамі Часовым урадам.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЛЕНСКАЯ ПРА́ЎДА»,

газета, орган Часовага ўпраўлення Віленскай акругі, з № 6 — г. Вільня, з № 9 — Віленскай вобл. і г. Вільня. Выдавалася з 22.9 да 25.10.1939 у Вільні на бел. мове. Вяла паліт. і агітац. работу па растлумачэнні асноў сав. улады і пераваг сацыялізму, перадвыбарную кампанію ў сувязі з выбарамі ў Нар. сход Зах. Беларусі. Друкавала пастановы Часовага ўпраўлення і Ваен. савета па Віленскай акрузе. Інфармавала пра падзел памешчыцкай зямлі, арганізацыю добраахвотнай міліцыі, адкрыццё бел. школ і хат-чытальняў. Пісала пра падзеі ў Польшчы, Балгарыі, Турцыі і інш. краінах.

Л.​І.​Чарняева.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, Віцебская кааліцыйная камісія,

орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Віцебска ў час Кастр. усерас. паліт. стачкі і Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве 1905. Утвораны з прадстаўнікоў мясц. арг-цый Бунда і РСДРП. Арганізаваў міліцыю, падтрымліваў парадак у горадзе, некалькі дзён кантраляваў чыг. вузел, выдаваў адозвы і лістоўкі з заклікам да ўзбр. барацьбы 21—22 снеж. спрабаваў арганізаваць забастоўку рабочых чыг. станцыі і прамысл. прадпрыемстваў. Выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. Пасля паражэння Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве паліт. стачка ў Віцебску спынена.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Мікалай Геліевіч) (н. 7.2.1953, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1991). Скончыў Пермскі дзярж. ун-т (1975). З 1977 у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па распрацоўцы метадаў накіраванага сінтэзу функцыянальна замешчаных вытворчых тэрпеноідаў. Сінтэзаваў азотзмяшчальныя тэрпеноіды, якія выкарыстоўваюцца як антыстатыкі, рэагенты-збіральнікі, антызлежвальнікі калійных угнаенняў.

Тв.:

Успехи в области синтеза аминопроизводных терпеноидов // Химия природных соединений. 1982. № 2;

Изокамфанон в синтезе бициклических оснований Манниха (разам з С.​С.​Кавальскай) // Журн. орган. химии. 1997. Т. 33. вып. 2.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т ЧЛЕ́НАЎ УСТАНО́ЎЧАГА СХО́ДУ,

антыбальшавіцкі праваэсэраўскі орган улады ў Расіі ў чэрв.вер. 1918 на тэр. Самарскай, Сімбірскай, Казанскай, Уфімскай і часткі Саратаўскай губерняў у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Утвораны ў Самары 8 чэрв. пасля захопу горада часцямі Чэхаслав. корпуса. Адмяніў дэкрэты сав. улады аб нацыяналізацыі прам-сці і банкаў, аднавіў органы кіравання, якія існавалі да Кастр. рэвалюцыі 1917, з добраахвотнікаў і мабілізаваных стварыў т. зв. народную армію (17—21 тыс. чал.). У выніку наступлення Чырв. Арміі пакінуў Самару, 23 вер. перадаў уладу Уфімскай дырэкторыі.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРО́ЛЬНАЯ ПАЛА́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы орган фін.-эканам. кантролю ў краіне ў 1992—96. Утваралася Вярх. Саветам, дзейнічала пад яго кіраўніцтвам і была падсправаздачная яму. Ажыццяўляла кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Вярх. Савета, якія рэгулявалі адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыню палаты выбіраў Вярх. Савет тэрмінам на 5 гадоў. Функцыі, паўнамоцтвы, склад і структура К.п.Р.Б. вызначаліся Законам «Аб кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь» ад 13.3.1992. Скасавана паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.12.1996. Яе функцыі ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́БЛІКІ, наўтылусы (Nautilus),

род беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 6 відаў. Пашыраны ва ўсх. ч. Індыйскага і зах. ч. Ціхага акіянаў. Жывуць на роўным дне, на глыб. да 750 м.

Дыяметр ракавіны да 30 см, маса да 1,8 кг. Ракавіна спіральная, знутры ўкрыта перламутрам. Падзелена на камеры, якія пранізаны трубкай. Цела жывёлы знаходзіцца ў апошняй, самай вял. камеры, у астатніх — вада ці газ; яны выконваюць ролю гідрастатычнага апарата. Асн. орган пачуццяў — шчупальцы (у самцоў 66, у самак 94), без прысоскаў. Кормяцца ракападобнымі, рыбамі. Ядомыя.

Караблікі: 1 — малюск; 2 — распіл ракавіны.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)