ПРЫВА́ДЗІНА,

радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяску, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Бабінавічы. Пластападобны паклад звязаны з надмарэннымі флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял і пясок шаравата-жоўтыя. Пясок розназярністы, з праслоямі дробназярністага, палевашпатава-кварцавы, месцамі гліністы. Разведаныя запасы 12,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—11,3 м, ускрышы (пяскі) 0,1—5,3 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для вытв-сці бетону, буд. работ і дарожнага буд-ва.

А.​Л.​Шчураў.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВО́ЛЖСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На У Усх.-Еўрап. раўніны, уздоўж правага берага р. Волга ад г. Ніжні Ноўгарад да г. Валгаград. Выш. 375 м (Жыгулі). Складзена з мезазойскіх і палеагенавых пяскоў, глін, мергеляў, мелу, апокаў. Усх. і паўн. схілы стромкія, зах. — спадзістыя. Пераважае эразійны рэльеф, месцамі развіты карст. Асобныя часткі наз. гарамі (Змеевыя, Жыгулі і інш.). На Пн шыракалістыя лясы, якія б.ч. змяняюцца лесастэпам, на Пд стэп. Тэр. П.ў. пераважна ўзараная. Радовішчы нафты, гаручых газаў і сланцаў, фасфарытаў, вапнякоў і інш.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЎ,

рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). У верхнім цячэнні наз. Сураўка. Даўж. 49 км. Пл. вадазбору 215 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Завідаўка Клімавіцкага р-на, вусце ў в. Фёдараўка Касцюковіцкага р-на. Цячэ па паўд.-ўсх. ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна выразная, пераважна трапецападобная, шыр. 0,5—1 км, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, ад вытоку на працягу 8,4 км каналізаванае.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́Р’Я,

рака ў Капыльскім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 35 км, пл. вадазбору 208 км².

Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Рымашы Капыльскага р-на, цячэ па паўн. ускраіне Капыльскай грады, вусце на У ад в. Касцяшы Уздзенскага р-на. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, шыр. 0,5—1,5 км. Пойма роўная, асушаная. Рэчышча каналізаванае, шыр. каля 10 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 1,1 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 16, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІЧА́НКА,

рака ў Бешанковіцкім і Віцебскім р-нах, левы прыток р. Лучоса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 182 км². Выцякае з воз. Чарніца за 700 м на ПнЗ ад в. Латыгава Бешанковіцкага р-на, цячэ па Лучоскай нізіне, праз воз. Скрыдлева. Вусце каля в. Саўчонкі Віцебскага р-на. Даліна пераважна трапецападобная, у верхнім цячэнні невыразная. Пойма вузкая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, у сярэднім цячэнні на працягу каля 9 км каналізаванае.

т. 17, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ЦВЕРНЯ,

радовішча пяскоў у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Чэцверня. Пластападобны паклад звязаны з эолавымі і алювіяльнымі адкладамі 1-й надпоймавай тэрасы р. Дняпро. Пяскі жоўтыя, шаравата-жоўтыя, шэрыя, дробна- і буйназярністыя, кварцавыя, з дамешкамі палявых шпатаў, месцамі гліністыя, з уключэннем дробнага жвіру. Разведаныя запасы 26,3 млн. т, перспектыўныя — 23,9 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 15,2—25 м, ускрышы (пяскі) 0,1—4 м. Пяскі пры ўмове абагачэння прыдатныя ў ліцейнай вытв-сці.

А.​П.​Шчураў.

т. 17, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНО́ВА,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Янова. Лінзападобны паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага гарызонту. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі буры, ажалезнены, з праслоямі і гнёздамі пяску, кандыцыйнага жвіру (буйнейшага за 5 мм) 23,2%. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 6,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,1—12 м. ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—6 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва.

А.​П.​Шчураў.

т. 18, кн. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РШТАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Бярштанскае возера,

у Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Котра, за 36 км на ПнЗ ад г. Шчучын. Пл. 1,68 км², даўж. 3,36 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 17 м. Пл. вадазбору 43 км².

Схілы тэрасаваныя, разараныя, месцамі парэзаныя ярамі, частка пад хваёвым лесам. Берагі стромкія, паўд.-ўсх. спадзістыя. Дно сапрапелістае. З астравы агульнай пл. 0,09 га. Каля берагоў і на водмелях зарастае. Пратокай злучана з р. Котра, упадаюць р. Рудна і меліярац. канал.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 8 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,21 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Пл. вадазбору 5,5 км².

Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Недрава.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЕ́, Бяляны, Бяланы-Эзерс,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Дрысвята (левы прыток Дзісны). За 13 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,92 км², даўж. 1,67 км, найб. шыр. 950 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 7 км².

Схілы катлавіны на З і У невыразныя, на Пд выш. 10—15 м, разараныя, на Пн да 7 м. На У і З забалочаная пойма (шыр. да 200 м), месцамі пад лесам.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)