НАРАЎЧА́ТАЎ (Сяргей Сяргеевіч) (3.10.1919, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 22.7.1981),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры, гісторыі і Літ. ін-т імя М.​Горкага (абодва 1941). Гал. рэдактар час. «Новый мир» (з 1974). Паэт. зб-кі «Касцёр» (1948), «Салдаты свабоды» (1952), «Патрабавальны падарожнік» (1963) пераважна на ваен. тэматыку. У кн. «Чвэрць стагоддзя», «Пёс, дзяўчо і паэт» (абедзве 1965), «Шыр» (1979) вершы, звернутыя да гісторыі і сучаснасці Айчыны, матывы пераемнасці пакаленняў, філас. роздум пра перажытае. Аўтар паэм «Праліў Екацярыны» (1956), «Васіль Буслаеў» (цалкам апубл. 1973), «Франтавая вясёлка» (1979), апавяданняў, літ.-крытычных кн. «Лірыка Лермантава. Нататкі паэта» (1964), «Паэзія ў руху» (1966), «Незвычайнае літаратуразнаўства» (1970), «Жывая рака» (1974), успамінаў «Мы ўваходзім у жыццё» (1978) і інш. Творчасць Н. адметная грамадзянскасцю, яснасцю і прастатой стылю. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў С.​Гаўрусёў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—78;

Избр. произв. Т. 1.—2. М., 1988.

Літ.:

Грудцова О.М. Сергей Наровчатов. М., 1971.

С.С.Нараўчатаў.

т. 11, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЯРЫ́К (грэч. Paterikon ад patēr бацька),

агульная назва зборнікаў дыдактычных навел пра жыццё і аскетычныя подзвігі хрысціянскіх манахаў і пустэльнікаў, а таксама збораў іх павучальных выказванняў. Блізкія да літ. традыцыі жыцій святых, але ў адрозненне ад іх абмяжоўваліся найб. займальнымі і дыдактычнымі эпізодамі біяграфіі падзвіжніка. Падзяляюцца на жыццяпісы падзвіжнікаў (Егіпецкі, Рымскі, Сінайскі П.), пераважна апавяд. характару, і іх выказванні і павучанні (Алфавітны, Іерусалімскі, Скіцкі П.), пераважна павучальна-афарыстычнага характару. На слав. глебе складзены вялікі Зводны П. (14 ст.) і Афонскі П. Грэч. П. перакладзены паўд. славянамі на стараслав. мову і з 11—12 ст. перайшлі ў стараж.-рус. л-ру. На Русі П. атрымалі шырокае развіццё і паўплывалі на шэраг літ. помнікаў (напр., «Жыціе Феадосія Пячэрскага»), Шматлікія навелы П. ўвайшлі ў склад «Пралога», «Міней-Чэцій», «Сінодыкаў». На ўзор перакладных на Русі створана шмат мясц. П., з якіх найб. выдатны «Кіева-Пячэрскі пацярык». Навелы П. маюць пэўнае гіст.-літ. значэнне, адыгралі станоўчую ролю ў развіцці апавяд. прозы ўсх. славян.

Публ.: Синайский патерик: [Текст и палеогр. описание]. М., 1967.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШКІН (Васіль Львовіч) (8.5.1766, Масква — 1.9.1830),

рускі паэт. Дзядзька А.С.Пушкіна. Друкаваўся з 1793. Паслядоўнік М.Карамзіна і І.​Дзмітрыева. Стараста літ. гуртка «Арзамас». Сцвярджаў новы паэт. стыль. Выступаў супраць архаічных форм літ. мовы. Пісаў элегіі, рамансы, песні, альбомныя вершы, вершаваныя казкі, байкі, эпіграмы. Аўтар іроікамічнай эратычнай паэмы «Небяспечны сусед» (1811, пашыралася ў спісах, апубл. за мяжой 1815, у Расіі 1913), парадыйнай аповесці ў вершах «Капітан Храброў» (1829—30) і інш. Перакладаў на рус. мову творы Лафантэна, Асіяна, Катула і інш., на франц. мову некалькі нар. песень, верш А.​Пушкіна «Чорная шаль». Апошні верш П. — пасланне «А.​С.​Пушкіну». Адным з першых заўважыў талент А.​Пушкіна. П. прысвечаны вершы А.​Пушкіна «Хрыстос уваскрэс, выхаванец Феба», «Дзядзьку, які назваў пісьменніка братам», «Што больш чароўна, больш жыва».

Тв.:

Стихи. Проза. Письма. М., 1989.

Літ.:

Михайлова Н.И. «Парнасский мой отец». М., 1983;

Кунин В.В. В.​Л.​Пушкин // Друзья Пушкина. М., 1984. Т. 1.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІ́М (ад грэч. anōnymos безыменны),

1) аўтар пісьма, запіскі або літ. твора, які ўтойвае сваё імя.

2) Літаратурны твор без подпісу, невядома кім напісаны, гл. Ананімны твор.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТА́ЦЫЯ тэксту, скарачэнне і спрашчэнне друкаванага тэксту. Найчасцей адаптуюць літ. творы для пач. чытання (кнігі для дзяцей і інш.), а таксама іншамоўныя тэксты, прызначаныя для вывучэння мовы.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА літаратуразнаўчае,

спецыяльная філал. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю і методыку здабывання літаратуразнаўчых фактаў. Мае тэарэт. і практычны аспекты. Тэарэт. К. даследуе тэорыю, гісторыю, структуру і ўласцівасці інфармацыі крыніц. У адпаведнасці з тыпамі сховішчаў (архівы, музеі, бібліятэкі) крыніцы падзяляюць на З асн. тыпы: рукапісныя, аўдыёвізуальныя (іканаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял, кінастужкі, гуказапісы) і друкаваныя. Значэнне крыніц маюць і рэчавыя помнікі, мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменнікаў. У залежнасці ад тэмы даследавання ўсе матэрыялы падзяляюць на ўласна крыніцы і дапаможнікі, да якіх адносіцца і частка друкаваных матэрыялаў. Асобную групу складаюць крыніцы, што выкарыстоўваюцца пісьменнікам пры напісанні твора. Для розных эпох склад і суадносіны крыніц розныя. Практычнае К. складаецца з выяўлення крыніц, іх знешняй і ўнутр. крытыкі. Знешняя крытыка заключаецца ў прачытанні і падрабязнай атрыбуцыі крыніцы і высвятляе, што хацеў паведаміць яе стваральнік. Унутр. крытыка вызначае верагоднасць крыніцы і паказвае, як справа выглядала ў сапраўднасці. Так вычляняецца літ.-знаўчы факт. З К. цесна звязана археаграфія, тэксталогія, палеаграфія. На Беларусі тэорыя К. распрацоўвалася Г.​Кісялёвым, у галіне практычнага К. працуюць літ.-знаўцы У.​Казбярук, А.​Мальдзіс, У.​Мархель, В.​Рагойша, І.​Саламевіч, В.​Чамярыцкі, Я.​Янушкевіч і інш.

Літ.:

Бельчиков Н.Ф. Литературное источниковедение. М., 1983;

Рагойша В. Галіны аднаго дрэва // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;

Кісялёў Г. Ад Чачота да Багушэвіча: Прабл. крыніцазнаўства і атрыбуцыі бел. літ. XIX ст. Мн., 1993.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Засн. ў 1920 у г. Каўнас па ініцыятыве К.Пятраўскаса, Ю.Талат-Кялпшы і інш. З 1922 дзяржаўны, з 1944 Т-р оперы і балета Літ. ССР, у 1948 пераведзены ў Вільнюс, з 1954 акадэмічны, з 1990 наз. Літ. опера, з 1998 сучасная назва. Першы оперны спектакль — «Травіята» Дж.​Вердзі (1920). У 1933—40 пастаўлены нац. оперы «Гражына» і «Радвіла Пяркунас» Ю.​Карнавічуса, «Тры талісманы» А.​Рачунаса. Першы балетны спектакль — «Капелія» Л.​Дэліба (1925), у 1928 пастаўлены харэаграфічная карціна «Літоўская рапсодыя» на муз. Карпавічуса, першыя балеты літ. кампазітараў «Юратэ і Касціціс» Ю.​Груадзіса, «Сватанне» Б.​Дварыёнаса, «У віхуры танцаў» В.​Бацявічуса. Сучасны рэпертуар т-ра складаюць творы сусв. і рус. класікі, літ. і інш. сучасных кампазітараў. У т-ры працавалі: спевакі В.​Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.​Апанавічутэ, В.​Даўнарас, Э.Канява, А.​Кучынгіс, Ю.​Мажэйка, Р.​Марыёшус, І.​Мількявічутэ, В.Нарэйка, Пятраўскас, А.​Садзейка, Э.​Саўлявічутэ, Р.​Сіпарыс, І.Стасюнас, А.​Сташкявічутэ, А.​Чудакова; артысты балета Л.​Ашкелавічутэ, Г.​Баніс, Б.​Кялбаўскас, В.​Куджма, Г.​Кунавічус, Г.Сабаляўскайтэ, Т.​Свенціцкайтэ, М.​Юазапайцітэ; дырыжоры І.​Алекса (гал. дырыжор з 1975), М.​Букша, Р.​Генюшас, Х.​Паташынскас, Талат-Кялпша; балетмайстры П.​Баравікас, В.​Браздзіліс, В.​Грывіцкас, В.​Дубеняцкене, Кялбаўскас, П.​Пятроў, з 1992 кіраўнік балетнай трупы Т.​Сядунова; рэжысёры Ю.​Грыбаўскас, Ю.​Густайціс, Э.​Домаркас, В.​Мікштайтэ, Сіпарыс; ген. дырэктар т-ра Ю.​Андрэевас (з 1999).

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў літаратуразнаўстве,

кірунак у навуцы ў 19 — пач. 20 ст. У яго рамках распрацоўваліся метады даследавання гісторыі л-ры і творчасці асобных пісьменнікаў з улікам агульнакультурнага развіцця пэўнага рэгіёна або дзяржавы, прычынна-выніковых узаемасувязей маст. творчасці з геагр., сац,эканам., паліт., псіхал. і інш. фактарамі. Грунтавалася на філасофіі і эстэтыцы пазітывізму, прэтэндавала на пераадоленне эстэт. суб’ектывізму ў аналізе і ацэнцы маст. твораў, імкнулася наблізіць гуманіт. навуку да метадаў матэматыкі і прыродазнаўства. Прыкметы Кг.ш. ёсць у прадстаўнікоў біяграфічнага метаду даследавання л-ры. Яе закончаныя сістэмы стварылі В.​Шэрэр (Германія), І.​Тэн і Ф.​Брунецьер (Францыя), А.​М.​Пыпін, І.І.Замоцін (Расія) і інш. прадстаўнікі акадэм. навукі і ліберальнай філасофіі. Заслуга К.-г.ш. — устанаўленне залежнасці літ. ідэй і метадаў ад грамадскага развіцця, гістарызм, выкарыстанне параўнальнага метаду даследавання л-ры і фальклору (А.​М.​Весялоўскі). Набліжаючы л-ру да інш. форм грамадскай свядомасці, прадстаўнікі гэтай школы не заўсёды ўлічвалі яе эстэт. спецыфіку.

Ідэі К.-г.ш. паўплывалі на літ.-маст. крытыку і публіцыстыку Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. (літ.-крытычныя матэрыялы на старонках газет «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.), на канцэпцыю гісторыі нац. л-ры ў газ. «Наша ніва», «Гоман» і інш., часткова на фалькларыстыку (АЯ.​Багдановіч, У.​М.​Дабравольскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі). Паслядоўнікам К.-г.ш. ў сав. час быў Замоцін, які ў бел. перыяд навукова-выкладчыцкай дзейнасці імкнуўся сумясціць яе традыцыі з сацыялагічным метадам.

Літ.:

Тэн И. Философия искусства: Пер. с фр. М., 1933;

Веселовский А.Н. О методе и задачах истории литературы как науки // Собр. соч. СПб., 1913. Т. 1;

Замоцін І.І. Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1—2. Мн., 1927—28;

Яго ж. Творы: Літ.-крытыч. арт. Мн., 1991;

Гришунин А.Л. Культурно-историческая школа // Академические школы в русском литературоведении. М., 1975.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭСО́Н ((Bresson) Рабер) (н. 25.9.1907, Брамон-Ламот, дэпартамент Пюі-дэ-Дом, Францыя),

французскі рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў літ. і філас. адукацыю. Вучыўся жывапісу. У кіно з 2-й пал. 1930-х г. як мастак і сцэнарыст. У 1943 паставіў фільм «Анёлы граху», у 1945 — «Дамы Булонскага лесу». Усе наступныя фільмы здымаў па ўласных сцэнарыях, хоць часам выкарыстоўваў і літ. першакрыніцы: «Дзённік сельскага святара» (1950), «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк» (1956), «Працэс Жанны д’Арк» (1962), «Мушэт» (1967), «Пакорлівая» (1969), «Магчыма, д’ябал» (1977), «Грамы» (1983). Гуманістычнае гучанне творчасці Брэсона абумоўлена глыбокай спагадай тым, хто пакутуе, зняважаным і гаротным.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДА»,

навукова-літаратурны часопіс бел. эміграцыі. Выдаваўся ў 1951—54 у Нью-Йорку на бел. мове Крывіцкім (Беларускім) навук. т-вам Пранціша Скарыны. Гал. рэдактар Я.​Станкевіч, рэдактар літ. аддзела А.​Адамовіч. Друкаваў гіст., этнагр., мовазнаўчыя і інш. навук. матэрыялы, літ. творы бел. эмігранцкіх пісьменнікаў, інфармацыю пра грамадскае і культ. жыццё бел. асяродка ў Амерыцы і інш. У 1951 выйшла 5 сшыткаў, у 1952 — 12 нумароў у 10 сшытках, у 1953 — 10 нумароў у 4 сшытках, у 1954 — 1 нумар. Дадаткам да час. ў 1953 выдадзены творы У.​Жылкі, успаміны Кветкі Вітан пра Л.​Дубейкаўскага.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)