«БЕЛОРУ́ССКИЙ КОМИССИОНЕ́Р»,

штотыднёвая прыватная газета даведачна-інфарм. характару. Выдавалася з 1(13).5.1899 да 28.10(10.11). 1900 у Мсціславе на рус. мове баронам П. фон Пільхаў. Друкавала шматлікія аб’явы аб пошуках працы, продажы земляробчых прылад, насеннага матэрыялу, паведамляла пра рыначныя цэны і інш. Узнімала эканам. пытанні, праблемы класавай няроўнасці, прыводзіла асобныя факты барацьбы сялян за зямлю, асвятляла культ. жыццё Мсціслава. Выйшла 78 нумароў. Спыніла выданне з-за матэрыяльных цяжкасцяў.

Г.​Ф.​Юрчанка.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГЕ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., каля зах. берагоў Паўд. Афрыкі. Паўн. галіна Заходніх Вятроў цячэння, накіравана з ПдУ на ПнЗ. Скорасць 1—2 км/гадз. Т-ра вады на паверхні летам ад 19 °C на Пд да 26 °C на Пн, зімой адпаведна ад 15 да 22 °C. Непасрэдна каля берагоў пад уплывам падняцця водаў з глыбіняў т-ра падае ніжэй за 15 °C зімой і ніжэй за 12 °C летам.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛМА,

вадасховішча ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма (бас. Дняпра); за 41 км ад вусця, за 16 км на З ад г. Чэрвень. Створана ў 1932. Пл. 0,87 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 3,1 м (1988). У выніку моцнага зарастання каля берагоў і заглейвання дна аб’ём вады зменшыўся з 1,25 да 0,62 млн. м³. Выкарыстоўваецца для рыбаводства і адпачынку, паблізу санаторый-прафілакторый «Волма».

А.​А.​Макарэвіч.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ТА, Нету (Neto) Антоніу Агастынью (17.9.1922, каля г. Луанда, Ангола — 10.9.1979), дзяржаўны дзеяч Анголы, паэт. Скончыў ун-т у г. Каімбра (Партугалія, 1958). Набыў вядомасць як паэт, удзельнік руху за адраджэнне традыцыйнай афр. культуры. У 1960 арыштаваны партуг. калан. ўладамі, сасланы ў Каба-Вердэ. потым у Партугалію. адкуль у 1962 уцёк. З 1962 старшыня Народнага руху за вызваленне Анголы. узначальваў узбр. барацьбу супраць партуг. панавання ў Анголе. З 1975 прэзідэнт Нар. Рэспублікі Ангола.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГУ́Л,

няяўка работніка на работу або адсутнасць яго на рабоце без уважлівых прычын больш за 3 гадз на працягу прац. дня. Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — адна з падстаў для скасавання прац. дагавора (кантракта) да заканчэння тэрміну яго дзеяння па ініцыятыве наймальніка. Існуе таксама паняцце т.зв. вымушанага П., які адбываецца з прычыны незаконнага звальнення работніка. Пры аднаўленні яго на рабоце па рашэнні органа, які разглядаў прац. спрэчку, работніку выплачваецца сярэдні заработак за час вымушанага П.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНА́,

рака ў Гарадоцкім, Полацкім і Шумілінскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Обаль (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 360 км². Выцякае з Малога Белага возера за 1,5 на ПнЗ ад в. Прудок Гарадоцкага р-на, цячэ праз воз. Ласосна, вусце за 1,5 км на ПнЗ ад в. Казьяны Шумілінскага р-на. Цячэ па паўн.-ўсх. частцы Полацкай нізіны, па лясістай мясцовасці. Прымае прытокі з 47 азёр.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ КРАЙ»,

грамадска-паліт. і літ. часопіс ліберальнага кірунку. Выдаваўся штотыднёва з 30.10(12.11).1916 да 22.10(4.11). 1917 у Віцебску на рус. мове [з 5(18).3 да 20.8(2.9).1917 не выходзіў]. Выступаў за дэмакр. рэспубліку, вітаў Лют. рэв. 1917, асуджаў падрыхтоўку да ўзбр. паўстання супраць Часовага ўрада. Прытрымліваўся пацыфісцкіх пазіцый, але пасля звяржэння царызму выступаў за абарону «рускай бацькаўшчыны». Агітаваў за адзінства ўсіх нацый і народаў у складзе Расіі, мірнае вырашэнне сац. і нац. канфліктаў. Апублікаваў цыкл артыкулаў «Забыты край. Нарысы Беларусі». Змяшчаў літ. творы, пераклады, рэцэнзіі, тэатр. агляды. Выйшла 20 нумароў.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЯ́Н,

горад у цэнтр. ч. Кітая, на р. Лахэ (бас. Хуанхэ), у прав. Хэнань. Засн. ў 12 ст. да н.э. 760 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Буйны цэнтр вытв-сці трактароў, горнага абсталявання і падшыпнікаў. Развіта таксама гумава-тэхн., тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Каля Л. — шматлікія падземныя грабніцы (больш за 1000), у т. л. пачатку н.э. За 10 км на У — храм Баймасы (68 н.э.) — адзін з першых будыйскіх храмаў у Кітаі, за 15 км на Пд — будыйскі пячорны храм Лунмынь (495—898, цяпер музей).

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁГАЛА́КТЫКІ,

разнавіднасць галактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 Р.

Практычна ўсе галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вял. адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім ў мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення Р. на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае і не заўсёды можна атаясаміць Р. з аптычнай крыніцай. Радыёвыпрамяненне Р. мае сінхратронную прыроду (гл. Сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў устаноўлена, што 75% Р. — падвойныя сістэмы. Самая магутная Р. — Лебедзь A (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з 2 кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс. св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс. св. гадоў.

Літ.:

Пахольчик А.Г. Радиогалактики: Пер. с англ. М., 1980.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧЫ́ЛА (Васіль Мацвеевіч) (1690, в. Лобжа Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 28.8.1744),

кіраўнік сял. руху і антыфеад. Крычаўскага паўстання 1743—44. Быў войтам в. Селішчы Крычаўскага староства Радзівілаў. У маі 1740 узначаліў узбр. атрад з некалькіх сотняў сялян, да якога пазней далучыліся сяляне з інш. шляхецкіх уладанняў і з-за мяжы. Пасля задушэння паўстання Вашчылу ўдалося ўцячы на рас. мяжу, дзе ён выдаў сябе за рас. падданага. Г.​Радзівіл патрабаваў яго выдаць. Пакуль ішло следства, Вашчыла сядзеў у Кіева-Пячэрскай крэпасці, захварэў на дызентэрыю і неўзабаве памёр.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)