закон пра пераход у спадчыну прастола, выдадзены імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карлам VI Габсбургам 19.4.1713; прыняты ўсімі землямі аўстр. манархіі ў 1720—23. Устанавіла непадзельнасць спадчынных зямельГабсбургаў і парадак атрымання прастола ў спадчыну, паводле якога ў выпадку адсутнасці ў імператара сыноў прастол пераходзіў да яго дачок. П.с. была прызнана большасцю еўрап. дзяржаў, але пасля смерці Карла VI (1740) спадчынныя правы яго дачкі Марыі Тэрэзіі аспрэчвалі Прусія, Францыя, Баварыя, Саксонія і Іспанія, што стала падставай для вайны за Аўстрыйскую спадчыну (1740—48). Паводле Ахенскага міру 1748 П.с. канчаткова прызнана еўрап. дзяржавамі і ўвайшла ў склад асн. законаў аўстр. манархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ДЗІГЕР Уладзімір Раманавіч (13.2.1878, г. Руза Маскоўскай вобл., Расія — 8.1.1971),
бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Д-рс.-г.н. (1937). Скончыў Варшаўскі ун-т (1903) і Маскоўскі с.-г.ін-т (1906). У 1912—15 адзін з арганізатараў першай доследнай балотнай станцыі на Палессі. З 1928 праф. у БСГА, у 1938—49 у н.-д. ін-тах Сярэдняй Азіі. Навук. працы па пытаннях асушэння зямель, кратовага дрэнажу, дынамікі руху грунтавых вод, арашэння паводкавымі водамі.
Тв.:
О болотах Полесья и естественных методах их культуры. Самара, 1917;
К вопросу об орошении болот. М., 1925;
Подпочвенное орошение по кротовым дренам. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЬНО́Е,
радовішча трэпелу ў Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл., каля ўсх. ускраіны в. Васілеўка 1-я. Назва ад урочышча Стальное. Пластападобны паклад звязаны з адкладамі каньякскага яруса верхняга аддзела мелавой сістэмы. Трэпел шэры, вапнавы, з гнёздамі апокі, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, тонкадысперсны. Складзены з мінералаў апал-крыстабаліту, рэнтгенаморфнага апалу, цэалітаў, кальцыту і мантмарыланіту. Папярэдне разведаныя запасы 79,9 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 5,9—23,6 м, ускрышы (супескі, суглінкі, пяскі) 0,8—15,1 м. Трэпел прыдатны як гідраўлічная актыўная мінер. дабаўка пры вытв-сці цэменту, як натуральны фільтр пры ачыстцы вод, газаў і інш., пры рэкультывацыі забруджаных зямель, у жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЧЭ́ХІ [Staroćeśi; афіц. назва — Чэшская нацыянальная партыя, Ćeská národní strana (staročeská)],
буржуазна-кансерватыўная партыя ў Чэхіі ў 1860—1918. Назву атрымала пасля вылучэння з яе складу ў 1874 младачэхаў. Ідэолагі і лідэры С. — Ф.Палацкі, Ф.Л.Рыгер, К.Матуш і інш. С. выступалі за захаванне Габсбургскай манархіі, за ажыццяўленне т.зв. чэш.дзярж. права (аўтаномія зямельчэш. кароны ў межах імперыі Габсбургаў), супраць бурж.-дэмакр. пераўтварэнняў. Да 1879 праводзілі палітыку пасіўнай абструкцыі аўстр. рэйхсрата, потым увайшлі ў яго склад, дзе займалі крайне правыя пазіцыі. Пасля паражэння на выбарах 1891 страцілі паліт. ўплыў. У 1918 увайшлі ў партыю Чэш.дзярж.-прававой дэмакратыі (у 1919—34 Нац.-дэмакр. партыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ЗА ГЛЕ́БАВАЯ,
машына для рыхлення і перамешвання глебы на глыбіню яе апрацоўкі (гл.Фрэзераванне глебы). Бываюць для суцэльнай апрацоўкі (балотныя, лясныя, палявыя), міжрадковай апрацоўкі (прапашныя, садовыя) і спецыяльныя.
Балотныя Ф.г. маюць спец.фрэзерны барабан для апрацоўкі асушаных зямель з купінамі і дзярнінай; лясныя выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі глебы пад лясныя культуры; да спец. Ф.г. адносяць фрэзерныя каналаачышчальнікі. Рабочы орган Ф.г. — вярчальны барабан з прамымі або выгнутымі нажамі (зубамі), замацаванымі па акружнасці дыскаў; прывод — ад вала адбору магутнасці трактара. Глыбіня апрацоўкі да 25 см, прадукцыйнасць да 2 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАШЭ́ННЕ, ірыгацыя,
падвядзенне вады на палі пры недахопе вільгаці, павелічэнне яе запасаў у глебе; адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца праз арашальныя сістэмы. Аснову арашэння складаюць гідратэхн. прыёмы нармаванага паступлення вады ў глебу. Рэгулюе таксама т-ру паверхневага слоя глебы, прыземнага слоя паветра, станоўча ўздзейнічае на мікрабіял. працэсы ў глебе, рост і развіццё раслін, ураджай, пажыўныя якасці харч. культур. Дае магчымасць далучыць да с.-г. абароту дадатковыя плошчы, больш прадукцыйна выкарыстоўваць угоддзі. У зоне пустыняў і паўпустыняў земляробства існуе толькі на арашальных землях у аазісах. Амаль усе пасевы пад бавоўнікам і большасць пасеваў рысу размешчаны на арашоных землях. Адрозніваюць арашэнне рэгулярнае (самацёчнае ці з мех. водападыманнем помпавымі станцыямі) і перыядычнае з падачай вады 1 раз у год ці толькі ў час моцнай засухі. Паводле спосабу падачы вады вылучаюць арашэнне паверхневае (затапленнем глебы), дажджаванне, унутрыглебавае (з дапамогаю падземных трубаў), аэразольнае (паляпшае мікраклімат у прыземным слоі паветра).
Арашэнне вядома з часоў неаліту. Да пач. 19 ст. сусветная плошча арашоных зямель складала 8 млн.га, да 20 ст. — 48 млн. та. У Расіі ў 1913 плошча арашэння каля 4 млн.га. Вял. плошчы (больш за 265 млн.га, 1990) арашоных зямель у Індыі, Пакістане, Кітаі, ЗША Мексіцы, Іране, Японіі, Егіпце, Іраку, Узбекістане, Італіі, Балгарыі, Францыі і інш.
На Беларусі арашаюць пераважна пасевы шматгадовых траў, культурную пашу і ўчасткі пад агародніннымі культурамі; прадугледжваецца арашэнне палёў у час засухі (пл. 67,8 тыс.га; 1994). Арашальныя сістэмы складаюць 6,3 тыс.км падземных трубаправодаў, каля 2,5 тыс.шт. дажджавальных машын і ўстановак, 545 электрыфікаваных помпавых станцый, больш за 300 вадасховішчаў і сажалак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЗАС (Kansas),
штат у цэнтр.ч. ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.Зах. цэнтра. Пл. 213,1 тыс.км², нас. 2572,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — Тапіка, найб. гарады і гал.прамысл. цэнтры Уічыта і Канзас-Сіці. У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Паверхня — хвалістая раўніна, паката нахіленая ад перадгор’яў Скалістых гор на З (выш. каля 1200 м) да даліны р. Місуры на У (выш. каля 200—300 м). Узгоркавыя ўчасткі (Смокі-Хілс, Блу-Хілс) і даліны рэк Арканзас, Канзас і іх прытокаў ускладняюць рэльеф. Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 26 °C. Апалкаў 550—950 мм за год. Летам бываюць засухі. Каля 90% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Здабыча нафты і прыроднага газу. У апрацоўчай прам-сці развіта вытв-сць самалётаў, аўтамашын, с.-г. і дарожна-буд. машын, мінер. угнаенняў, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, мясных кансерваў і мукі. Штат вылучаецца вял. зборамі пшаніцы і сорга, вытв-сцю ялавічыны і свініны. Мясная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Місуры.
Найбольш стараж.мясц. насельніцтва — індзейцы. Першыя еўрапейцы (іспанцы з Мексікі) з’явіліся тут у 1541. У 18 ст. ў К. заснавалі гандл. факторыю французы і ўключылі яго ў склад сваёй калоніі Луізіяна. З 1763 належаў Іспаніі. У 1803 выкуплены ЗША, у 1854 атрымаў статус тэрыторыі. Прыняцце Канзас-Небраска біля выклікала ў К. грамадз. вайну (1854—56) паміж перасяленцамі з паўд. штатаў, якія намагаліся ўвесці тут рабства неграў, і перасяленцамі з паўн. штатаў — праціўнікамі рабства. З 1861 штат ЗША У 1860—70 пабудавана транскантынент. чыгунка. Да 1890 б.ч.зямель заселена.
Інтэнсіўная распрацоўка зямель пад сельскую гаспадарку выклікала ў 1930-я г. пылавыя буры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГАВО́ДСТВА,
1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч.кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна 1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн.га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн.га (14%), паша — 1,7 млн.га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн.га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс.га сенажацяў і 780,5 тыс.га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.
2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел.НДІ земляробства і кормавытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,
умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РДЗЕНЬ (? — 1267),
полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.