ПАДАЛІ́НСКІ Міхал (1783, Мінск — 1856),

бел. гравёр, педагог. У 1802—08 вучыўся ў Пецярбургскай АМ (у 1806 атрымаў 2-і, у 1808 — 1-ы сярэбраныя медалі). Пасля сканчэння Віленскага ун-та (1825) выкладаў малюнак у гімназіях Вільні, Маладзечна, пазней працаваў настаўнікам малявання ў Мінску. Аўтар серыі партрэтаў прафесараў Віленскага ун-та (В.​Герберскага, І.​Франка і інш.), партрэта канцлера ВКЛ Л.​Сапегі (паводле жывапіснага арыгінала 17 ст.), ілюстрацый да кнігі «Гісторыя царавання Жыгімонта III» і інш.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРА́ДЭР (Schrader) Ота (28.3.1855, г. Веймар, Германія — 21.3.1919),

нямецкі мовазнавец і гісторык. Вучыўся ў Іене і Лейпцыгу. З 1890 праф. Іенскага, з 1909 — Брэслаўскага (Вроцлаўскага) ун-таў. Развіваў ідэі культ.-гіст. школы ў мовазнаўстве: параўноўваў даныя параўнальна-гістарычнага мовазнаўства з дасягненнямі археалогіі, этнаграфіі, батанікі, заалогіі. Комплексны культ.-гіст. падыход выкарыстоўваў і пры вывучэнні стараж. этн. гісторыі індаеўрап. народаў, пры рэканструкцыі сац. і культ. структуры першабытнага грамадства («Параўнальнае мовазнаўства і першабытная гісторыя», 1883; «Індаеўрапейцы», 1911). Стварыў «Слоўнік індаеўрапейскіх старажытнасцей» (1901).

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕХІСТУ́Н (Behistun), Бізітун,

скала ў Іране паміж гарадамі Керманшах (цяпер Бахтаран) і Хамадан з клінапіснымі надпісамі і барэльефам, у якіх адлюстравана гісторыя перамог цара персаў Дарыя I і стварэння дзяржавы Ахеменідаў. Надпісы зроблены ў 516 да н.э. па загадзе Дарыя. Яны выкананы на З мовах (стараж.-персідскай, эламскай і вавілонскай), на барэльефе — выявы Дарыя, яго заступніка бога Ахурамазды і палонных ворагаў. Надпісы далі ключ для расшыфроўкі эламскага і вавілонскага клінапісаў.

А.​В.​Іоў.

Агульны выгляд скалы Бехістун і прамалёўка рэльефу на ёй.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКЛЬ (Buckle) Генры Томас (24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),

англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.

Тв.:

Рус. пер. — Этюды. СПб., 1867;

Влияние женщин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1650—1754 пры езуіцкай калегіі ў Гродне. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах. Захаваліся звесткі пра 26 пастановак т-ра. Аўтарамі іх былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі. Яны выкарыстоўвалі сюжэты са свяшчэннага пісання, агіяграфій, ант. міфалогіі і гісторыі. Большасць драм суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Найб. актыўна т-р дзейнічаў у 1711—28, калі былі пастаўлены 17 лац. п’ес і польская драма «Альтэка мудрасці» (1720).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 133—135, 142.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А (Altamira y Crevea) Рафаэль (10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),

іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.​Франка (1939) у эміграцыі.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́Г (грэч. apologos літар. апавяданне),

у старажытнагрэчаскай і ўсх. л-ры кароткі павучальны апавядальны твор, пабудаваны на алегарычным паказе жывёл і раслін. Блізкі да байкі, але вобразы ў апалогу менш канкрэтныя, большае месца займае дыдактычны элемент. Найб. вядомы збор апалога — у стараж.-інд. кнізе на санскрыце «Панчатантра» (3—4 ст.; у араб. і перс. перапрацоўках «Каліла і Дзімна», каля 750). Апалогі ўключаліся ў рэліг. і дыдактычныя аповесці («Гісторыя пра Варлаама і Іасафа»), Традыцыі гэтага жанру выкарыстаў Я.​Колас у паэме «Сымон-музыка».

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛХАВІ́ЦІНАЎ Яўфімій Аляксеевіч (у манастве Яўгеній; 29.12.1767, Варонеж — 7.3.1837),

расійскі царк. дзеяч, гісторык, бібліёграф. Вучыўся ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі (Масква) і наведваў лекцыі ў Маскоўскім ун-це (1784—88). У 1800 прыняў манаства; з 1822 мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі, чл. Сінода. Аўтар гіст., гіст.-краязнаўчых і біябібліяграфічных прац «Гістарычнае, геаграфічнае і эканамічнае апісанне Варонежскай губерні» (1800), «Гісторыя княства Пскоўскага» (ч. 1—4, 1831), фундаментальнага «Слоўніка рускіх свецкіх пісьменнікаў, суайчыннікаў і чужаземцаў, што пісалі пра Расію» (т. 1—2, 1845) і інш.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),

швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).

Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТР у Літве.

Існаваў у крас. 1923 — сак. 1927 і з 22.2.1933 да 1936 (?) у г. Коўна (цяпер Каўнас). Засн. на базе закрытага літоўскімі ўладамі Мін-ва бел. спраў Літвы. Займаўся перакладам на бел. мову і выданнем навук. л-ры, школьных падручнікаў. У першы перыяд дзейнасці кіраўнікі: В.​Ластоўскі, К.​Душэўскі, А.​Матач. Пасля ад’езду Ластоўскага ў БССР (сак. 1927) дзейнасць цэнтра спынена; адноўлена ў 1933 пры Мін-ве замежных спраў Літвы. У 1926 выдаў працу Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)