ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАГЛА́СНІКІ,

уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў 16—19 ст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі бел. і ўкр. духоўныя псальмы і канты, лац. гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі і інш. Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асн. царк. святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царк. календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і муз. аснова ідзе ад жыцій святых, грэч. духоўных песень, усх.-слав. нар. песень, каталіцкіх і правасл. гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з бел. і ўкр. узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вял. колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры, жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнгікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найб. ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 у Пачаеве (цяпер Крамянецкі р-н Цярнопальскай вобл., Украіна) на царк.-слав., лац. і польск. мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласніка 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнац. па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,

збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.

Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.​Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.​Ягадынскага, Ф.​Князьніна, польск. паэта Ц.​Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.​Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.​Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.​Каліноўскага выяўлена ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.​Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.

Літ.:

Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;

Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́М ГРЭК (сапр. Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),

пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял. кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус. азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).

Літ.:

Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;

Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;

Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.

Г.​У.​Грушавы.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СКВІЛЬ (ням. Pasquill ад італьян. pasquillo),

твор, што змяшчае адкрыта паклёпніцкія нападкі і абвінавачванні, з мэтай скампраметаваць чалавека, групу людзей, грамадскі рух, мастацкі кірунак і г.д. Стылістычна імітуе форму літ. жанру, але не з’яўляецца ім; разглядаецца як маральна-ідэалагічная катэгорыя. Часта форму П. прымае твор, які першапачаткова задумваўся як памфлет.

Назва «П.» паходзіць ад імя рым. башмачніка 15 ст. Пасквіна (Pasquino), аўтара з’едлівых і абразлівых эпіграм на высокапастаўленых асоб. У 1501 непадалёку ад яго дома была ўстаноўлена антычная скульптура, на якую вывешвалі злабадзённыя вершы, падобныя на тыя, якія пісаў Пасквіна (статуя атрымала назву pasguillo — маленькі Пасквіна). Сатыр. радкі, што вывешвалі на статую, пазней выдадзены пад назвай П. З цягам часу значэнне тэрміна «П.» трансфармавалася і набыло сучаснае адценне: злоснае і наўмыснае абвінавачванне.

У зах.-еўрап. л-ры прыкладам П. з’яўляецца кн. В.​Менцэля «Нямецкая літаратура» (1827), у якой змешчаны паклёпніцкія выпады супраць Ф.​Шылера, І.​В.​Гётэ, «амаральнай» франц. л-ры таго часу і г.д. У рус. л-ры пасквільны твор — кн. М.​А.​Корфа «Уступленне на прастол імператара Мікалая I» (1848), скіраваная супраць дзекабрыстаў. У залежнасці ад гіст., паліт. і ідэалаг. умоў вызначэнне П. мянялася (напр., у сав. перыяд пасквільнымі лічыліся некат. творы М.​Ляскова, В.​Мандэльштама, А.​Салжаніцына і інш.).

У бел. л-ры пасквільнымі былі «Цені на сонцы» А.​Александровіча, некат. артыкулы С.​Будзінскага, М.​Клімковіча, А.​Кучара, выступленні Л.​Бэндэ супраць Я.​Купалы і Я.​Коласа. У паэт. форме П. звычайна бытуюць ананімна.

А.​М.​Андрэеў, М.​М.​Барсток.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎСКІ ГУРТО́К,

група вучоных гісторыкаў і археографаў, якая ўпершыню ў гісторыі рас. навукі ў шырокіх маштабах пачала выяўленне і збор дакумент. помнікаў па гісторыі Расіі ў айчынных і замежных архівах і бібліятэках. Існаваў з 1810-х г. да 1826. Засн. ў Пецярбургу М.​П.​Румянцавым. Уваходзілі М.М.Бантыш-Каменскі, А.​Ф.​Маліноўскі, К.​Ф.​Калайдовіч, І.​І.​Грыгаровіч і інш. Амаль усе члены гуртка былі членамі Камісіі друкавання дзярж. грамат і дагавораў. На сродкі Румянцава і з яго дапамогай выдадзены падрыхтаваныя членамі гуртка археаграфічныя працы, летапісы, помнікі л-ры, даследаванні па гісторыі рус. і слав. народаў; «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), «Старажытныя расійскія вершы, сабраныя Кіршам Данілавым» (2-е выд., 1818), «Звесткі аб працах Швайпольта Фіёля, старажытнага славянскага друкаршчыка» (1820) — адно з першых рас. даследаванняў па гісторыі кнігадрукавання, «Іаан Экзарх Балгарскі» Калайдовіча (1824), «Помнікі расійскай славеснасці XII ст.» (1821) і інш. Члены гуртка цікавіліся таксама археалогіяй, нумізматыкай, этнаграфіяй, мовамі народаў Расіі. Вял. работу па зборы, вывучэнні і публікацыі дакументаў па гісторыі Беларусі праводзілі Грыгаровіч (падрыхтаваў «Беларускі архіў старажытных грамат», склаў «Слоўнік заходнерускай гаворкі») і Калайдовіч — аўтар навук. апісання і кароткага слоўніка бел. мовы. Намаганнямі членаў гуртка ў навук. ўжытак уведзены шматлікія дакументы і матэрыялы, сфармуляваны прынцыпы публікацыі гіст. крыніц і ўзоры іх навук. апісання, зроблены першыя спробы гіст.-літ. і лінгвістычнай распрацоўкі помнікаў. Гурток распаўся пасля смерці Румянцава.

Літ.:

Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.

С.​А.​Кузняева.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПРАСЛЬСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з пач. 1690-х г. да 1803 пры Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры

(цяпер у Польшчы). Створана на аснове Свята-Троіцкай віленскай базыльянскай друкарні. Размяшчалася ў мураваным будынку манастыра. Выпусціла больш за 420 выданняў. Зарэгістравана больш за 100 кірылічных выданняў, у т. л. буквары слав. мовы, «Собрание припадков краткое» (1722) на старабел. мове, першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон» (1722),

першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697, у зб. «Паследаванне пострыгу»). У 18 ст. выпускала таксама стараверскія выданні. З сярэдзіны 18 ст. пад уплывам ідэі Асветніцтва павялічыўся выхад перакладной навук. і маст. л-ры, арыгінальных твораў мясц. аўтараў. На польскай мове выдадзены «Прыгоды Гулівера» Дж.​Свіфта (1784), «Авантуры філосафаў, якія пакахалі модных жанчын» (1789), «Кароткі збор польскай гісторыі і геаграфіі» (1767), «Асновы земляробства», «Нясвіжская ардынацыя», «Трактат пра пчол», «Людвіг XVI, забіты сваім народам», «Дыялог бурмістра з войтам» і інш. У 1780—90-я г. выпусціла некалькі кніг на літ. мове. Друкарня мела манапольнае права выпускаць некат. выданні для уніяцкай царквы, што прыносіла значныя даходы. Была добра абсталявана, выкарыстоўвала разнастайныя шрыфты, маст. ўпрыгожанні, наборны арнамент, фігурныя дрэварыты і гравюры на медзі.

Літ.:

Лабынцев Ю.А. В помощь составителям сводного каталога старопечатных изданий кирилловского и глаголического шрифтов: Метод. указ. Вып. 3. Кирилловские издания Супрасльской типографии. М., 1978;

Яго ж. Графіка беларускіх выданняў Супрасля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 2;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 15, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЗЕАЛО́ГІЯ [ад грэч. phrasis (phraseōs) выраз + ...логія],

1) сукупнасць фразеалагізмаў пэўнай мовы (гл. Фразеалагічная адзінка). 2) Сукупнасць характэрных спосабаў выражэння, уласцівых асобнаму аўтару, пэўнай сац. групе людзей або літ. кірунку.

3) Раздзел мовазнаўства, які вывучае фразеалагічны склад мовы, даследуе сутнасць фразеалагізмаў, іх структуру, значэнне, стыліст. дыферэнцыяцыю, паходжанне, асаблівасці функцыянавання ў мове. Бел. Ф. ўсебакова вывучаецца з 1950-х г. пад уплывам прац В.​У.​Вінаградава. Фразеалагізмам як асобным адзінкам мовы, іх ужыванню ў творах Я.​Коласа прысвяціла шэраг артыкулаў Г.​М.​Базыленка: «Да пытання аб фразеалагічных адзінках у беларускай мове» (1954), «Народныя фразеалагізмы ў мове твораў Я.​Коласа» (1959), «Фразеалагічныя словазлучэнні таўталагічнага характару» (1970). Сістэматызавана апісаны фразеалагічны склад бел. мовы ў кнігах Ф.​М.​Янкоўскага «Роднае слова» (2-е выд., 1972), А.​С.​Аксамітава «Беларуская фразеалогія» (1978), І.​Я.​Лепешава «Фразеалогія сучаснай беларускай мовы» (1998). Стылістычны аспект фразеалагізмаў разглядаецца ў кнігах Лепешава «Фразеалогія ў творах К.​Крапівы» (1976) і «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984). Аднаму з відаў фразеалагізмаў — перыфразе — прысвечана кніга Г.​М.​Малажай «Сучасная беларуская мова. Перыфраза» (1980). Даследуюцца бел. гіст. Ф. і паходжанне фразеалагізмаў бел. мовы (Янкоўскі, Аксамітаў, І.​С.​Козыраў, Лепешаў), распрацоўваюцца праблемы перакладу фразеалагізмаў з бел. мовы на інш. і з інш. моў на бел. (Т.​М.​Трыпуціна, Н.​С.​Мажэйка, А.​В.​Шыдлоўскі, У.​І.​Мартынеўскі). Выдадзены шэраг фразеалагічных слоўнікаў бел. мовы.

Літ.:

Аксамітаў А.С. Вывучэнне фразеалогіі ў Беларусі (1965—1980 гг.) // Беларуская лінгвістыка. 1980. Вып. 18.

І.​К.​Германовіч.

т. 16, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДАЎЛАДКАВАННЕ І КРЫМІНАЛЬНЫ ПРАЦЭС

Перадумовы развіцця на Беларусі навукі судаўладкавання і крымін.-працэсуальнага права створаны ў выніку прыняцця Закона аб судаўладкаванні БССР (1959) і Крымін.-працэсуальнага кодэкса БССР (1960). Вучоныя-юрысты БДУ падрыхтавалі і выдалі навук.-практычныя каментарыі да гэтых заканадаўчых актаў, фундаментальныя працы па гістарыяграфіі станаўлення і развіцця суд. органаў на Беларусі, тэорыі і практыцы суд. экспертызы, правасуддзя і яго ролі ва ўмацаванні законнасці (С.​П.​Бякешка, А.​В.​Дулаў, І.​І.​Марціновіч, Я.​А.​Матвіенка). Даследаваліся агульнатэарэт. праблемы крымін. вядзення, яго зместу і форм (В.​М.​Шпілёў), пытанні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя (І.​І.​Марціновіч), прававога статусу падазронага і інш. удзельнікаў крымін. працэсу (С.​П.​Бякешка, Я.​А.​Матвіенка, В.​М.​Шпілёў). Шэраг навук. прац прысвечаны асобным працэсуальным стадыям, інстытутам і следчым дзеянням, у прыватнасці ўзбуджэнню крымін. справы і апазнанню, дзеянню прынцыпаў крымін. працэсу на стадыі папярэдняга расследавання, фарміраванню судзейскага пераканання, прыгавору суда і яго выкананню (М.​М.​Гапановіч, Я.​А.​Матвіенка, М.​І.​Нікалайчык, У.​Ф.​Бохан). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Судовая прамова» Я.​А.​Матвіенкі (2-е выд., 1972), «Крымінальны працэс БССР» (2-е выд., 1979), «Суд і правасуддзе ў БССР» І.​І.​Марціновіч і Я.​Ф.​Плюты (1977). У Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь вывучаліся актуальныя праблемы арг-цыі і дзейнасці органаў дазнання (Б.​І.​Дзяргай), законнасці і дэмакратызму папярэдняга следства (М.​П.​Мітрохін), вядзення допыту ў крымін. працэсе (М.​І.​Порубаў).

У 1970—80-я г. прадметам навук. аналізу вучоных-працэсуалістаў сталі прынцыпы недатыкальнасці асобы ў крымін. працэсе (С.​В.​Даўгарукаў), прававы статус замежных грамадзян пры вядзенні крымін. спраў (Я.​К.​Астрога), асновы тэорыі і прафес. культуры судовых спрэчак (А.​А.​Данілевіч), дзейнасць Вярх. суда БССР як суда 1-й інстанцыі па крымін. справах (Л.​Л.​Зайцава), асн. кірункі пракурорскага нагляду ў Беларусі ў 1926—32 (С.​І.​Журомскі). Выдадзены працы І.​І.​Пацяружы «Выхаваўча-папераджальнае значэнне судовага разбору крымінальных спраў» (1976) і «Роля суда другой інстанцыі ва ўмацаванні законнасці» (1980), манаграфіі «Абарона па справах непаўналетніх» Н.​В.​Калмыковай (1981), «Апраўданне падсуднага» М.​І.​Пастухова (1985), «Канстытуцыйныя прынцыпы правасуддзя і іх рэалізацыя на стадыі выканання прыгавору» В.​М.​Бібілы (1986) і інш.

З пач. 1990-х г. вучоныя-юрысты прымалі ўдзел у аднаўленні крымін.-працэсуальнага заканадаўства, распрацоўцы Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (С.​В.​Барыка, С.​В.​Камянкоў, І.​І.​Марціновіч, М.​І.​Пастухоў). Праблемам ажыццяўлення крымін.-працэсуальнага заканадаўства прысвечаны зб. навук. прац «Праблемы канстытуцыяналізму» пад рэд. Л.​Л.​Зайцавай (1998). Працягвалася вывучэнне пытанняў прававога статусу асобы ў крымін. працэсе (А.​В.​Салтановіч), рэабілітацыі невінаватых (М.​І.​Пастухоў), асаблівасцей вядзення спраў па прымяненні прымусовых мер мед. характару (А.​Г.​Яцкевіч). Выдадзены аўтарскія навуч. дапаможнікі па судаўладкаванні (С.​В.​Барыка, В.​М.​Бібіла), па крымін. працэсе (С.​В.​Барыка, Л.​І.​Кукраш, П.​В.​Мытнік), падручнік «Судаўладкаванне» В.​М.​Бібілы (2001) і «Судаўладкаванне» пад рэд. А.​А.​Данілевіча і І.​І.​Марціновіч (2002) і інш.

На Беларусі сфарміраваліся нац. навук. школы па праблемах судаўладкавання і крымін. працэсу. Адна з іх прадстаўлена вучонымі юрыд. ф-та БДУ (Я.​В.​Багданаў, В.​М.​Бібіла, І.​І.​Марціновіч), іх манаграфіямі па тэорыі і практыцы рэалізацыі суд. улады ў крымін. працэсе, дзейнасці адвакатуры. Маладыя прадстаўнікі гэтай школы даследуюць праблемы аховы правоў і свабод асобы ў крымін. працэсе (В.​В.​Пятрова) і сродкамі агульнага нагляду пракуратуры (А.​С.​Сянько), асаблівасці разгляду і вырашэння грамадз. іску ў крымін. працэсе (С.​Л.​Емяльянаў), этыка-прававыя погляды У.​Д.​Спасовіча ў крымін. судаводстве (У.​В.​Шалькевіч). Другая навук. школа функцыянуе ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь і распрацоўвае пытанні прававога статусу ўдзельнікаў крымін. працэсу, суб’ектаў грамадз. іску ў крымін. справе, законнасці ў крымін.-працэсуальнай дзейнасці (І.​І.​Басецкі, Л.​І.​Кукраш, М.​А.​Шостак, В.​Л.​Васілеўская, І.​У.​Данько, П.​В.​Мытнік, В.​В.​Мялешка, Л.​І.​Радзевіч і інш.). Актуальныя праблемы крымін.-працэсуальнай навукі распрацоўваюць вучоныя Гродзенскага ун-та (Г.​А.​Зорын, У.​У.​Пячэрскі, У.​С.​Соркін), Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Л.​Л.​Зайцава, М.​Ф.​Карпіевіч), Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь (І.​М.​Князеў).

Літ.:

Дулов А.В. Вопросы теории судебной экспертизы. Мн., 1959;

Матвиенко Е.А., Бибило В.Н. Уголовное судопроизводство по исполнению приговора. Мн., 1982;

Потеружа И.И. Значение надзорного производства уголовных дел в укреплении законности. Мн., 1985;

Гапанович Н.Н., Мартинович И.И. Основы взаимодействия следователя и органа дознания при расследовании преступлений. Мн., 1989;

Пастухов М.И. Реабилитация невиновных: Основы правового института. Мн., 1993;

Мартинович И.И., Пастухов М.И. Судебно-правовая реформа в Республике Беларусь: Суд присяж. и др. нововведения в законодательство о судоустройстве. Мн., 1995;

Верховный суд Республики Беларусь: История и современность. Мн., 1998;

Бибило В.Н. Судебная власть в уголовном судопроизводстве. Мн., 2001;

Богданов Е.В. Проблемы теории и практики реализации судебной власти в форме правосудия. Мн., 2002;

Мартинович И.И. Адвокатура Беларуси: История и современность. Мн., 2002;

Права человека и правосудие по уголовным делам в Республике Беларусь. Мн., 2003.

Л.​Л.​Зайцава.

т. 18, кн. 2, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)