АРША́НСКА-МАГІЛЁЎСКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі. Займае тэрыторыю на ПнЗ Магілёўскай і невял. ч. на Пд Віцебскай абл. Мяжуе з Цэнтральна-бярэзінскай раўнінай на З, Аршанскім узв. на Пн, Горацка-Мсціслаўскай раўнінай на ПнУ і Чачэрскай раўнінай на Пд. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ больш як на 200 км, з З на У ад 50 да 120 км. Вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 224 м над узр. м. каля в. Палыкавічы Шклоўскага р-на, найніжэйшы — 131 м у даліне р. Сож у Чэрыкаўскім р-не (абодва ў Магілёўскай вобл.). Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі на З і Пд 40—50 м. Пл. каля 11,5 тыс. км².

У тэктанічных адносінах раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, сілікатныя буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, цэментныя мел і мергель, фасфарыты, торф, падземныя воды.

Асн. рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўж. 2—3 км, глыб. 20—30 м. Рачная сетка належыць да бас. Дняпра. Найб. рэкі Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растой, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сянной. На Пд цякуць правыя прытокі Беседзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня. Т-ры студз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя (найб. урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя супынкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі. Пад лесам 20—30% тэр., пераважаюць хвоя і бяроза, значная доля елкі і дуба (раўніна ў падзоне дубова-цемнахвойных лясоў). Пад с.-г. ўгоддзямі 50—70% тэр. (пад ворнымі землямі 35—45%). У межах Аршанска-Магілёўскай раўніны Чэрыкаўскі паляўнічы заказнік.

Н.​К.​Кліцунова, І.​Э.​Паўлоўская.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён на ПнУ Беларускага Паазер’я, у Віцебскай вобл. Мяжуе з Суражскай нізінай на У, Віцебскім узв. на ПдУ, Полацкай нізінай на ПдЗ і З, на Пн адгор’і ўзвышша зліваюцца з Невельскім узв. у Пскоўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з Пн на Пд да 70 км, з З на У да 45 км. Пл. каля 3 тыс. км². Выш. ад 135 м (урэз р. Зах. Дзвіна каля в. Курына Віцебскага р-на) да 263 м (каля в. Загараны Гарадоцкага р-на).

У геаструктурных адносінах Гарадоцкае ўзвышша прымеркавана да паўн.-зах. ч. Аршанскай упадзіны, дзе да канца дэвону завяршылася структурная перабудова і ўтварылася плато, расчлянёная паверхня якога служыць цокалем Гарадоцкага ўзвышша. Магутнасць адкладаў антрапагенавай сістэмы 40—170 м, асноўная частка іх складзена з 5—6 комплексаў ледавіковых (марэнных, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых) утварэнняў. Карысныя выкапні: даламіт (блізка ад паверхні на Рубаўскім выступе парод дэвону і ў адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі і легкаплаўкія гліны, прэсныя і мінер. падземныя воды.

Сучасны рэльеф аформіўся ў час адступання ледавіка паазерскага зледзянення. На Пн знаходзіцца ўласна Гарадоцкае ўзвышша, якое ўзнікла як астраўны лёдападзельны масіў. У рэльефе яго выражана сістэма канцова-марэнных град. На Пн вылучаецца больш высокі ўнутр. клінападобны пояс канцовых марэнных град (даўж. 20—22 км), складзеных пераважна з валунных суглінкаў. Знешні дугападобны пояс канцова-марэннага рэльефу складаюць грады, валы і ўзгоркі. У паўн. ч. знешняга пояса буйна- і сярэднеўзгорысты рэльеф. На Пд ад канцова-марэннага масіву пераважае камава-ўзгорысты рэльеф, які ўзнік у паласе «мёртвага лёду», што заставаўся некаторы час пасля адступання краю ледавіка на Пн. Трапляюцца ўчасткі спадзіста-хвалістага рэльефу асн. марэны, далінныя зандры, озы. Рачная сістэма належыць да бас. Зах. Дзвіны і Ловаці. На зах. схілах прытокі Обалі — Усыса, Чарняўка, Чарнуйка, на ўсх. — Ловаць, Аўсянка (прыток Усвячы), на Пд пачынаецца р. Лужасянка. Найб. азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Сярэдняя т-ра студз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 625 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад ворывам каля 25%, пад лесам да 30% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-яловыя, другасныя бярозавыя, асінавыя і шэраальховыя лясы, вярховыя і пераходныя балоты, у катлавінах азёр — лугі. Раён вылучаецца маляўнічасцю ландшафтаў. У межах Гарадоцкага ўзвышша заказнікі: гідралагічныя Карыценскі Мох, Цёста; біял. Езярышчанскі, Паташэнскі, Сурміно і інш.

А.​Ф.​Санько.

т. 5, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКІ РАЁН.

Размешчаны на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,6 тыс км². Нас. 12,5 тыс. чал. (2000), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Нароўля. Уключае 25 сельскіх населеных пунктаў, 5 сельсаветаў: Вербавіцкі, Галоўчыцкі, Завайцянскі, Кіраўскі, Красноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уся яго тэрыторыя забруджана радыенуклідамі: 4,2 тыс. га с.-г. угоддзяў маюць. забруджанасць 5—15; 17,3 тыс. га — 15—40; 4,7 тыс. га — 40—100 Ku/км². Скасаваны 3 сельсаветы (Вуглоўскі, Даўлядоўскі і Дзёрнавіцкі), адселены 35 населеных пунктаў; адсяленне працягваецца. За перыяд 1986—95 колькасць насельніцтва скарацілася на 17,3 тыс. чал.

Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня нізінная, месцамі забалочаная, 85% яе на вышыні 120—140 м, уздоўж р. Прыпяць — 110 м і ніжэй. Найвыш. пункт 162 м (за 5 км на Пд ад в. Красноўка). Карысныя выкапні: соль, нафта, газ, каменныя і бурыя вуглі, мінер. фарбы, гліна, пясок, торф, мінер. воды (тэрмальныя расолы). Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў каля 582 мм за год. Вегетац. перыяд 196 сут. Найб. р. Прыпяць з прытокамі Мытва, Славечна, Жалонь, Нараўлянка. Азёры ў поймах рэк, найб. з іх Семержаў і Старуха. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (41,9%), дзярнова-падзолістыя (26,4%), поймавыя (алювіяльныя 20,4%). Пад лесам 53% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя і інш. Найб. масівы на 3. Пад балотамі 0,9% тэр., асушана 6,3 тыс. га. Найб. балотныя масівы Канаўскае балота, Мухаеды. У раёне ч. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Нароўля, хвоя звычайная (участак росту) і дуброва ў Кіраўскім лясніцтве. Зоны адпачынку Белабярэжская, Галоўчыцкі парк.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 29,9 тыс. га (18,7%), з іх асушаных 14,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 5 калгасаў, 2 саўгасы, 1 дапаможная і 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бабовых і кармавых культур, кукурузы, бульбы. Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», малочныя прадукты і інш.) і дрэваапр. (мэбля, сталярныя вырабы, піламатэрыялы) прам-сці; з-д гідраапаратуры. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі з Нароўлі ў Чарнобыль (Украіна), Мазыр, Ельск. У раёне 6 сярэдніх, 5 базавых школ, школа мастацтваў, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 16 б-к, 3 бальніцы, паліклініка, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый-прафілакторый «Палессе». Музей этнаграфіі і нар. рамёстваў. Помнік архітэктуры — царква Параскевы (18 ст.) у в. Вербавічы. Выдаецца газ. «Прыпяцкая праўда».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНІ́НЫ, Апенінскія горы (Appennino),

горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На У гал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-ра студз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-ра ліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.

А.​М.​Баско.

Тыповы ландшафт у Апенінах.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕБЯРЭ́ЗІНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на Пд Віцебскай і Пн Мінскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Мяжуе на ПнЗ са Свянцянскімі градамі, на ПнУ — з Ушацка-Лепельскім узв. і Чашніцкай раўнінай, на Пд — з Мінскім і Аршанскім узвышшамі, на З — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з Пн на Пд на 105 км, з З на У на

15—100 км. Абс. вышыні рэльефу пераважна 160—180 м, змяншаюцца на Пд да 155 м пры ўпадзенні р. Гаўя ў Бярэзіну. Пл. каля 2,5 тыс. км².

Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на ПдУ — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найб. пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў. Асн. рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі ледавіка Ашмянскага стадыялу і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення.

У рэльефе Верхнебярэзінскай нізіны пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазерскага ледавіка, які з Пн падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады раўніны. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на Пн), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі выш. да 5—7 м. На Пд Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вял. возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найб. высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з ПнЗ на ПдУ, яна сфарміравалася пасля адступання паазерскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу выш. 3—4 м. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Гал. рэкі: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна з Цной і Усяжай (справа), Чарніца, Сергуч, Вял. Рэчка, Жартайка (злева); Лукомка і Эса, вярхоўі Ушачы (бас. Зах. Дзвіны); Бярэзінская водная сістэма. На Верхнебярэзінскай нізіне шмат азёр — Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Вокана, Домжарыцкае, Лукомскае і Сялява. Сярэднія т-ры студз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя. Пад ворывам 20% тэр. У межах Верхнебярэзінскай нізіны Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.

Н.​К.​Кліцунова.

Верхнебярэзінская нізіна ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БЫ (Pisces),

падклас сківічнаротых водных пазваночных. Вядомы з дэвону (каля 410 млн. г. назад). 5 кл.: 3 выкапнёвыя — акантоды, плакадэрмы і крылапанцырныя (Pterichthyes) і 2 сучасныя — храстковыя рыбы і касцявыя рыбы. Больш за 25 тыс. відаў (сучасных больш за 20 тыс. — каля 50% усіх відаў пазваночных), з якіх большасць (96%) складаюць касцявыя рыбы. Кісцяпёрыя Р., магчыма, далі пачатак наземным пазваночным. Пашыраны Р. паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. Жывуць у разнастайных экалагічных умовах: пры дыяпазоне т-р ад -2,1 °C (антарктычныя воды) да 50 °C (тэрмальныя крыніцы), вытрымліваюць салёнасць да 70%. Многія Р. робяць міграцыі дзеля размнажэння, адкорму і зімоўкі. На Беларусі адзначана 58 (59) відаў з 17 сям. Р. з атр. акунепадобных, асетрападобных, вугрападобных, карпападобных, ласосепадобных, траскападобных; з іх 46 (47) відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 194 віды і падвіды Р., у Чырв. кнігу Беларусі — 5 відаў.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 20 м і больш, маса ад 1,5 г да 14 тон. Цела двухбакова-сім. (акрамя камбалападобных), разнастайнай формы. Канечнасці ў выглядзе няпарных і парных плаўнікоў (часам адсутнічаюць). Скура ўкрыта лускою, зрэдку з касцявымі пласцінкамі або голая. Шкілет храстковы або касцявы. Сэрца двухкамернае, адзін круг кровазвароту. Дыхаюць жабрамі, некат. (дваякадыхальныя) маюць дадатковыя органы дыхання, т.зв. «лёгкія». Галаўны мозг невял., прымітыўны. Кішэчнік слаба дыферэнцыраваны на аддзелы, часта ёсць піларычныя прыдаткі — сляпыя вырасты, якія адкрываюцца ў сярэднюю кішку; у іх ідзе дадатковае ператраўліванне корму. Большасць Р. мае плавальны пузыр. У многіх відаў добра развіты нюх, дотык, зрок, слых. Некат. маюць эл. органы. Спецыфічныя для Р. органы бакавой лініі ўспрымаюць водныя ваганні. У глыбакаводных Р. ёсць органы свячэння. Паводле спосабу жыўлення Р. — планктафагі, бентафагі, дэтрытафагі, фітафагі і драпежнікі. Размнажэнне — пераважна шляхам адкладвання ікры, ёсць жывародныя (сярод храстковых). Р. — адна з асн. крыніц харч. бялку, займаюць важнае месца ў харчаванні чалавека і яго гасп. дзейнасці. Агульны гадавы адлоў Р. ў свеце складае каля 75 млн. т (з прэсных вод — каля 10 млн. т). Узнаўленне некат. Р. падтрымліваецца развядзеннем на рыбаводных заводах, у сажалках і рыбагадавальніках. У многіх краінах вядзецца аквакультура і марыкультура. Пашырана акварыумнае рыбаводства (гл. Акварыум, Акварыумныя рыбы), аматарскі лоў і рыбалоўны спорт. Навука аб Р. — іхтыялогія.

Літ.:

Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;

Яго ж. Экология рыб. 3 изд. М., 1974;

Жизнь животных. Т. 4. 2 изд. М., 1983;

Wheeler A. The World encyclopedia of fïshes. London, 1985;

Рыбы: Попул. энцикл. справ. Мн., 1989.

А.​М.​Петрыкаў.

Рыбы: 1 — псяфур; 2 — акула селядцовая; 3 — сабака-рыба; 4 — скат-бычанос; 5 — беларыбіца; 6 — вугор-афіхт; 7 — шэд; 8 — паўрыл акіянскі; 9 — каларынх; 10 — сом браняк; 11 — лінафрына; 12 — трыгла-прыянот амерыканскі.

т. 13, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Утворана 14.5.1928 як Сярэдняволжская вобл., з 1929 Сярэдняволжскі край, з 1935 Куйбышаўскі край, у 1936 Куйбышаўская вобл., з 1990 сучасная назва. Пл. 53,6 тыс. км². Нас. 3295 тыс. чал. (2000), гарадскога 81%. Цэнтр — г. Самара. Найб. гарады: Тальяці, Сызрань, Навакуйбышаўск, Чапаеўск.

Правабярэжная ч. вобласці занята Прыволжскім узв. (выш. да 315 м), якое парэзана ярамі і лагчынамі, і гарамі Жыгулі выш. да 370 м. Левабярэжжа — хвалістая раўніна, на ПнЗ размешчана Нізкае Заволжа, на ПнУ — Высокае Заволжа (Сокскія і Кінельскія Яры), на Пд і ПдУ Каменны і Сярэдні Сырт. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), гаручыя сланцы, сера, гіпс, вапнякі, бітум, фасфарыты. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. -13 °C, ліп. 21 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал. р. Волга (340 км на тэр. вобласці) утварае вял. выгін — Самарскую Луку. Прытокі Волгі: Уса, Сызрань (справа), Вял. Чарамшан, Сок, Самара, Чапаеўка, Чагра, Вял. Іргіз (злева). Куйбышаўскае і Саратаўскае вадасх. Вобласць размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя (вышчалачаныя, сярэднягумусавыя і тлустыя), на правабярэжжы шэрыя і цёмна-шэрыя, на Пд цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы. Лясы займаюць каля 12% (пераважна на правабярэжжы і ў Жыгулях). Пашыраны шыракалістыя лясы (дуб, ліпа, клён). Нац. парк Самарская Лука, Жыгулёўскі запаведнік.

Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (58,9% па кошце прадукцыі, 1999). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў, самалётаў, касм. тэхнікі, с.-г. машын, авіярухавікоў, абсталявання для аэрадромаў, нафтаздабычы, аўтарамонту, энергетыкі; станкоў, матораў, тэлевізараў, суднарамонту. Паліўна-энергет. комплекс (13,5%) прадстаўлены здабычай нафты (7,8 млн. т разам з газавым кандэнсатам, 1999), прыроднага газу, вытв-сцю электраэнергіі (25,5 млрд кВт∙гадз). Волжская ГЭС, Самарская ДРЭС. Развіта нафтаперапрацоўчая, нафтахім. і хім. (вытв-сць сінт. спірту і смол, фенолу, аміяку, мін. угнаенняў, палімернай плёнкі), буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, азбацэментных труб, шыферу), харч. (мукамольная, мясная, малочная, алейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая, лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, мяса-малочнай і мяса-воўнавай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 2,2 млн. га, у т. л. збожжавыя 65%. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, проса, грэчку, авёс, з тэхн. — сланечнік, кармавыя культуры. Бульба- і агароднінаводства. Садоўніцтва. Вял. масівы арашальных зямель. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 1388 км, гал. Масква—Сызрань—Самара—Уфа—Чэлябінск. Чыг. вузлы: Самара, Акцябрск, Кінель, Сызрань. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7 тыс. км. Суднаходства па р. Волга. Рачныя парты: Тальяці, Жыгулёўск, Самара, Акцябрск, Сызрань. Развіты трубаправодны транспарт. Тэр. вобласці перасякае нафтаправод «Дружба». Курорт — Сергіеўскія Мінер. Воды.

т. 14, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ (Вітольд Каятанавіч) (29 2.1872, б. сядзіба Крынкі, Бялыніцкі р-н Магілёўскай вобл. — 18.6.1957),

бел. і рускі жывапісец-пейзажыст; прадаўжальнік лепшых традыцый рус. пейзажнага жывапісу канца 19 — пач. 20 ст. Нар. мастак Беларусі (1944) і Расіі (1947). Ганаровы акад. АН БССР (1947), правадз. чл. АН СССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1889—96) у С.Каровіна, М.Неўрава, І.Пранішнікава, В.Паленава. Зазнаў уплыў І.Левітана. Чл. Т-ва перасоўных выставак (з 1904), т-ва імя А.​Куінджы (з 1909). Адзін з арганізатараў і чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Пісаў пераважна лірычныя пейзажы. Тонкая кампазіцыйная пабудова, складаная нюансіроўка каляровых суадносін шаравата-серабрыстых і ліловых тонаў — аснова іх эмацыянальнай выразнасці. Найб. вядомыя раннія палотны: «З ваколіц Пяцігорска» (1892), «Вясна ідзе» (1899), «Вечныя снягі» (1901), «Веснавы дзень» (1902), «У канцы зімы» (1907), «Восень» (1908), «Красавіцкі дзень» (1908), «У час цішыні» (1909, залаты медаль у Мюнхене), «Зімовы сон», «Вясна ідзе» (абедзве 1911), «Ізумруд вясны» (1915), «Ціхая восень» (1916—17), «Перад вясной» (1919, бронзавы медаль у Барселоне) і інш. Найб. вядомыя лірычныя пейзажы 1920—30-х г.: «Лясная рэчка зімой», «Веснавыя воды», «Аголеныя бярозкі», «Лёд пайшоў», «Задуменныя дні восені», «Пачатак восені», «Бэз цвіце»; 1940—50-х г.: «Лотаць зацвіла», «Прыцемкі юнага мая», «Май зазелянеў», «Дні майскіх навальніц», «Блакітнай вясной», «Вясна ідзе» і інш. Б.-Б. непераўзыдзены майстар веснавога пейзажа (больш як 200 карцін). Значнае месца ў яго творчасці займаюць пейзажы мясцін, дзе бывалі Л.​М.​Талстой («Ясная Паляна. Від на сяло і сядзібу», 1928), А.​С.​Пушкін («Міхайлаўскае. Домік няні», «Святагорскі манастыр», «Трыгорскае», усе 1935—36; «Асеннія дні. Алея Керн», 1952). У гады Айч. вайны стварыў палотны патрыят. гучання: «Чырвоная Армія ў лясах Карэліі», «Па слядах фашысцкіх варвараў», пейзажы сядзібы П.​І.​Чайкоўскага ў Кліне (усе 1942), серыю арх. пейзажаў для выстаўкі «Шэдэўры рускага драўлянага дойлідства» (1944). У 1947 жыў пад Мінскам, напісаў цыкл карцін, у якіх паказаў своеасаблівасць прыроды бел зямлі: «Зноў расцвіла вясна», «Беларусь. Пачатак лета», «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі». Аўтар успамінаў, артыкулаў па методыцы выкладання. У г.п. Бялынічы адкрыты Бялыніцкі мастацкі музей яго імя, у Магілёве — маст. музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (аддзел Нац. маст. музея Беларусі). У 1996 у Магілёве адбыўся першы міжнар. пленэр па жывапісе імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Тв.:

Из записок художника // Из творческого опыта. М., 1958. Вып. 4.

Літ.:

Жидков Г. В.​К.​Бялыницкий-Бируля: [Альбом]. М., 1953;

Тарасов Л. В.​К.​Бялыницкий-Бируля: Народный художник РСФСР и БССР. М.; Л., 1949;

Туроўнікаў М. В.​К.​Бялыніцкі-Біруля. Мн., 1959;

Карамазаў В. Крыж на зямлі і поўня ў небе: Эскізы, эцюды і споведзь Духу, альбо Аповесць-эсэ жыцця жывапісца і паляўнічага Бялыніцкага-Бірулі. Мн., 1991.

А.​К.​Рэсіна.

В.К.Бялыніцкі-Біруля. Работа мастака А.​Бархаткова. 1945.
В.К.Бялыніцкі-Біруля. Зялёны май. 1947.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́, Днепр (стараж.-грэч. Барысфен,

укр. Славуціч),

рака ў Расіі, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. Беларусі і на Украіне; трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе (пасля Волгі і Дуная). Даўж. 2145 км, на Беларусі 689 км, у т. л. на мяжы Расіі і Беларусі 17 км, у Беларусі да Лоева 562 км і 110 км на мяжы Беларусі і Украіны. Пл. вадазбору 504 тыс. км², у т. л. на Беларусі 118 тыс. км². Пачынаецца з невял. балота на Валдайскім узв. (Смаленская вобл., Расія), упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. Вярхоўі вадазбору ў межах Смаленскага ўзв., правабярэжжа сярэдняй ч. верхняга цячэння на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на Пд пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На Пд ад г. Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У вярхоўі даліна добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. ад 50 м да 1,5 км. Рэчышча свабодна меандрыруе. У межах Беларусі даліна пераважна трапецападобная, ніжэй вусця р. Сож невыразная, шыр. ад 800 м да 10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, шыр. яе ад 1 да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Рэчышча на вял. працягу моцназвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найб. выразнымі на ўчастку паміж вусцямі рэк Друць і Сож. За 9 км вышэй г. Орша рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае т.зв. Кабяляцкія парогі, даўж. якіх каля 200 м. У сярэднім цячэнні даліна Д. шыр. 6—10 км. Правы бераг узвышаны і стромкі, абрываецца да ракі. Каля г. Канеў даліна звужаецца да 2 км. Паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа Д. перасякае гранітны масіў, дзе да буд-ва Днепрагэса былі Дняпроўскія парогі. У нізоўях Д. цячэ па Прычарнаморскай нізіне, шыр. поймы 23 км. Асн. прытокі на Беларусі: Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (справа), Ухлясць, Ржаўка, Сож (злева). Сярэдні і ніжні Д. ў асноўным — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Кіеўская, Канеўская, Крамянчугская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская. У сярэднім цячэнні гал. прытокі Рось (справа), Сула, Псёл, Ворскла, Самара (злева); у ніжнім — Базаўлук, Інгулец (справа), Конка (злева). Асноўны сцёк ракі фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с. Ледастаў з снеж. да сак. ў нізоўі і да пач. крас. ў вярхоўі. Воды Д. выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (каналы: Д. — Крывы Рог, Д. — Данбас, Паўночна-Крымскі арашальны). Суднаходны ад вусця да г. Дарагабуж. Д. злучаны з бас. Віслы Дняпроўска-Бугскім каналам, з бас. Нёмана — Агінскім каналам, з бас. Зах. Дзвіны — Бярэзінскім каналам. На правым беразе Д. Канеўскі запаведнік. Асн. гарады: Дарагабуж, Смаленск (Расія), Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца (Беларусь), Кіеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Херсон (Украіна).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Дняпро.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, найвыш. ч. Беларусі і Беларускай грады. Займае паўн.-зах. і цэнтр. ч. Мінскай вобл. Мяжуе з Ашмянскім узвышшам на З, Нарачана-Вілейскай нізінай і Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Пн, Аршанскім узвышшам на У, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ, Капыльскай градой і Верхнянёманскай нізінай на Пд і ПдЗ. Далінай р. Сэрвач (прыток р. Вілія) аддзелена ад Свянцянскіх град. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ больш як на 180 км, з З на У на 143 км, пл. 7,5 тыс. км². Найб. вышыні: самая высокая на Беларусі Дзяржынская гара (345 м) на Пд, Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м) у цэнтр. частцы. Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі больш за 150 м. Частка Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу.

М.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. ч. Беларускай антэклізы. Паверхню даантрапагенавых адкладаў, якія залягаюць у цокалі, утвараюць пароды верхняга пратэразою, сярэдняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады ўтвораны нараўскім, бярэзінскім, дняпроўскім, сожскім і паазерскім зледзяненнямі, а таксама ў міжледавіковыя перыяды (белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі, гл. адпаведныя арт.), вызначаюцца літалагічнай стракатасцю, нявытрыманай магутнасцю (100—300 м). М.ў. — складаны вузел краявых ледавіковых утварэнняў. Асн. роля ў фарміраванні рэльефу належыць сожскаму ледавіку. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі сілікатныя і будаўнічыя, торф, мінер. воды.

Рэльеф градавы і буйнаўзгорысты. Вылучаюцца больш дробныя ўзвышшы: Івянецкае, Радашковіцкае (уключае Аляхновіцкае), Лагойскае, Плешчаніцкае (гл. адпаведныя арт.), Докшыцкае, Валожынскае; Івянецка-Мінскі вуглавы (лёдападзельны) масіў і Валожынска-Лагойска-Докшыцкі франтальны пояс краявых ледавіковых утварэнняў. Пашыраны стараж. лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод (даўж. некалькі дзесяткаў кіламетраў, карытападобныя). Частка з іх выкарыстана далінамі рэк Бярэзіна, Іслач, Усяжа, Цна, Уса, Пціч, Свіслач, Гайна, Вілія, Ілія, Уша, Рыбчанка і інш. Скразныя даліны рэк Ілія—Гайна, Вілія—Поня злучаюць бас. Балтыйскага і Чорнага мораў. Трапляюцца стараж. лагчыны, якія не ўнаследаваны сучаснай гідрасеткай, т.зв. «мёртвыя» даліны. Да міжградавых дэпрэсій, лагчын сцёку, схілаў град прымеркаваны камы, камавыя масівы, озы і озавыя грады. Рачная сетка належыць да бас. р. Нёман (р. Вілія з прытокамі Сэрвач, Дзвінаса, Ілія; Бярэзіна, Іслач, Сула, Уса і інш.) і р. Дняпро (Бярэзіна з Поняй, Гайнай, Плісой, Свіслаччу; Пціч). Вадасховішчы на Свіслачы (Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды), на Вячы (Вяча). Пцічы (Воўчкавіцкае вадасховішча). У межах М.ў. праходзіць гал. канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Пераважаюць глебы дзярнова-палева-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам 10—20% тэрыторыі на Пд і 40—50% на Пн (буйныя масівы хваёвых лішайнікава-кусцікавых лясоў). У далінах рэк яловыя паўднёватаежныя лясы (шыракаліста-яловыя асацыяцыі з дубам, клёнам, ліпай і густым падлескам з ляшчыны, рабіны і інш.). Уздоўж рэк і ручаёў вольха чорная. Асн. частка балот асушана. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. На М.у. ландшафтны заказнік рэсп. значэння — Прылуцкі.

М.​А.​Вальчык.

Мінскае ўзвышша каля в. Ратамка Мінскага раёна.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)