Антанін (3.11.1784—23.12.1843), пейзажыст, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. У пач. 1800-х г. вучыўся ў Пражскай АМ, з 1836 выкладаў у ёй. Зазнаў уплывы класіцызму і рамантызму. Ствараў абагульненыя інтымна-паэт. краявіды («Пейзаж з Бельведэрам», 1816; «Вялікая ліла», 1829; «Пейзаж з руінамі», «Пейзаж у буру», абодва 1834), віды чэш. гарадоў («Від на Градчаны», 1821; «Від на Бубенеч», каля 1825; «Град Окарж», 1827, і інш.). Іосеф (12.5.1820—9.12.1871), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай (1835—45) і Мюнхенскай (1843—48) АМ. У ранні перыяд зазнаў уплыў назарэйцаў, пазней рамантызму. У час вандровак па Чэхіі, Славакіі, Германіі і Польшчы рабіў малюнкі нар. тыпаў і касцюмаў. У манум. жывапісных кампазіцыях ствараў абагульнена-гераізаваны вобразчэш. сялянства (размалёўка цыферблата гадзінніка Старамесцкай ратушы ў Празе, 1864—66, і інш.). Аўтар партрэтаў (К.Манеса, 1847; Вендулакавай, 1854), пейзажаў («Касцёл у Гмюндэне», 1842; «Лабскі край», 1863; «Ржыпскі край», 1865—66), ілюстрацый (да «краледворскага рукапісу», 1857—59, і інш.). Квіда (17.7.1828—5.8.1880), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай АМ (1838—51) і ў Дзюсельдорфе ў Б.Вацье (1870—71). Зазнаў уплыў дзюсельдорфскай школы жывапісу. У шырокай манеры пісаў гіст. кампазіцыі («Гераічная абарона пражскіх студэнтаў супраць шведаў», 1854), жанравыя кампазіцыі («Вясковы дворнік», 1855; «Першы раз у школу», 1873). Аўтар літаграфій («Народнае гулянне ў дзень св. Яна», 1853), ілюстрацый да «Дон-Кіхота» М.Сервантэса (1865) і інш.
Літ.:
Гривнина А.С. Манес. Л.;
М., 1960;
Й.Манес и традиция чешского искусства: Кат. выставки. Прага, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ХАЎ (Дзмітрый Максімавіч) (н. 27.7.1943, с. Масляніна Новасібірскай вобл., Расія),
бел. архітэктар, тэатр. мастак. Вучыўся ў БПІ (1961—64). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1965 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1970 у Спец.навук.-рэстаўрацыйных майстэрнях, з 1973 мастак-архітэктар Мінскага маст.-вытв. камбіната, у 1983—96 гал. мастак Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1985 выкладае ў Бел. ун-це культуры і Бел.АМ. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Горад майстроў» (1964), «Альпійская балада» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Я, Францыск Скарына...» (1970). Аўтар праектаў рэстаўрацыі Слуцкай брамы ў Нясвіжы, вял. залы Жыліцкага палаца (Магілёўская вобл.) і інш.; рэканструкцыі інтэр’ера Нац. бібліятэкі Беларусі (усе 1973), ратушы і прылеглых будынкаў у Віцебску (1995). Аформіў больш за 200 спектакляў у муз. і драм. т-рах Расіі, Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі і Каўказа. Сярод спектакляў, аформленых на бел. сцэне: у Нац.акад. т-ры оперы і балета — «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1985) і «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992); у Т-ры-студыі кінаакцёра — «Шчасце маё...» А.Чарвінскага (1983), «Гамлет» У.Шэкспіра (1987), «Генералы ў спадніцах» Ж.Ануя (1989); у Гомельскім — «Зойчына кватэра» М.Булгакава (1990), у Гродзенскім — «Уладзімір і Рагнеда» А.Дударава (1998) абл.драм. т-рах; у Т-ры юнага гледача — «Маленькі лорд» Ф.Бернета (1998). Для арганізацыі сцэн. прасторы выкарыстоўвае трансфармацыю сцэн. канструкцый, дэтальную распрацоўку павільёна, жывапіс, светлавую партытуру і ўвасабляе адухоўлены і паэт.вобраз рэжысёрскай задумы.
С.У.Пешын.
Дз.Мохаў. Макет дэкарацыі да спектакля «Генералы ў спадніцах» Ж.Ануя. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 16.4.1952, в. Акцябр Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). З 1976 выкладае ў Бел.АМ (з 1996 праф.). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. У станковых творах ярка выяўлены графічныя інтэрпрэтацыі і пераасэнсаванне традыц.нар. культуры ў сучасных маст. формах, філасафічнасць; значная ўвага аддаецца глыбокай танальна-каларыстычнай прапрацоўцы: серыі «Беларускія мадонны» (1970), «Этнографы» (1978), «Маці-Бацькаўшчына» (1983); лісты «Зіма. Стары гасцінец», «Аздаміцкі святы», «Памяць старых курганоў», «Тут вакол мая памяць», «Аздамічы. Час медазбору» (усе 1988), «Сон зямлі» (1990), «Легенда старога замка» (1993), «Далёкае — блізкае», «Князь» (абодва 1994), «Каўчэг захаваных свят», «У крузе магічных абрадаў», «Шэсце», «Святасць споведзі» (усе 1996), «Перакрыжаванні», «Гуканне вясны» (абодва 1998), «Вобраз складкі», «Рух з запасам цішыні», «Анёл сноў» (усе 1999), «Той, хто носіць сваю дарогу», «У пошуку згубленага часу» (абодва 2000), «Разарваныя фрагменты памяці». «Жывапіс для ветру», «Вярнуцца, каб ізноў вярнуцца» (усе 2001). У кніжнай графіцы арганічна спалучае графічныя элементы з выразнымі сродкамі друкарскага набору. Аформіў кнігі «Міхасёвы прыгоды» Я.Коласа (1980), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» Н.Мацяш (1982), «Творы» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Госці» В.Віткі, «Малы-малышок» (усе 1984), «Родныя дзеці» Н.Гілевіча, «З рога ўсяго многа» (абедзве 1985), «Выбранае» Цёткі (1986) і інш. Аўтар серый акварэляў «Голас Янкі Купалы» (1982), «Па Міншчыне» (1983), «Палессе» (1984).
Літ.:
Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х г.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЧЫК (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 1.11.1933, в. Варакомшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1952—57). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1982 гал. рэдактар час. «Бярозка». Дэбютаваў вершамі ў 1952. Майстэрства апавядальніка засведчыў кн. «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972). Лірычнае самавыяўленне асобы з пакалення «дзяцей вайны» саступае месца эпічнаму адлюстраванню жыцця ў Зах. Беларусі. У тэтралогіі з раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1977, Літ. прэмія імя І.Мележа 1980), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985, за гэтыя раманы Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1988), «Голас крыві брата твайго» (1990) стварыў вобраззах.-бел. вёскі ва ўмовах даваен. польскай дзяржавы і ў час змагання з фашызмам. Лёс герояў гэтага нар. эпасу вельмі трагічны: іх імкненне жыць па нормах агульнапрынятай маралі, прага лепшых і найб. здольных быць карыснымі свайму народу ў абставінах, калі нац. ідэя не мае магчымасці вольна развівацца і самасцвярджацца, завяршаецца асабістым паражэннем. Пісьменнік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечай душы і традыц. вясковага побыту. Маст. канцэпцыя эпохі і гіст. руху народа, зямля якога стала арэнай сутыкнення Захаду і Усходу, утрымлівае многія элементы «новага мыслення» з апорай на нац. і агульначалавечыя каштоўнасці. Аўтар фантаст. аповесці «Падарожжа на Буцафале» (1991), гіст. п’есы «Раіна Грамычына» (1991), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Іван Мележ» (1977), «Валянцін Таўлай» (1978), «Якуб Колас» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Лецка Я. Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫУТО́ПІЯ,
плынь грамадскай думкі, прадстаўнікі якой адмаўляюць магчымасць стварэння дасканалага грамадства і лічаць, што любыя намаганні пабудаваць адвольна спраектаваны грамадскі лад прыводзяць да катастрафічных наступстваў. Гіст. антыутопія паходзіць ад сатыр. традыцыі Дж.Свіфта, Вальтэра, У.Ірвінга, С.Батлера, М.Е.Салтыкова-Шчадрына, Г.К.Чэстэртана, Г.Уэлса і інш. У раманах і публіцыст. творах Я.Замяціна («Мы»), О.Хакслі («Гэты цудоўны новы свет», «Малпа і сутнасць»), Дж.Оруэла («Ферма жывёл», «1984 год»), А.Кёстлера («Цемра ў поўдзень»), Л.Мэмфарда («Міф аб машыне») і інш. утапічныя праекты ўяўляюцца як насілле над чалавечай прыродай, якое вядзе да таталітарызму. Да твораў-антыутопій можна далучыць і раманы-папярэджанні Дж.Лондана, К.Чапека, А.Франса, Р.Брэдберы, А.Азімава, І.Яфрэмава і інш. Асаблівае пашырэнне антыутопія набыла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, якая практычна пацвердзіла немагчымасць ажыццяўлення сац. ідэалаў. Як і утопія, антыутопія гал. чынам канструюецца з дапамогай метаду ідэалізацыі, але з адваротным знакам. Пры гэтым у ёй могуць выкарыстоўвацца прадказанні, у т. л. і навук. прагнозы. Антыутопія заснавана на абсалютызацыі аб’ектыўных негатыўных тэндэнцый і ўяўляе сабой вобразатвор абсалютна недасканалага, дрэннага і суб’ектыўна непажаданага з пункту погляду безумоўных агульначалавечых каштоўнасцяў грамадскага ладу. Антыутопія ў пэўнай меры выконвае і функцыю рэгулятара дзейнасці і функцыю папярэджання, перасцярогі ад утопіі. Створаны ў ёй вобраз грамадскага будучага можа выкарыстоўвацца ў якасці ідэалізаванага аб’екта ў сац. пазнанні.
Літ.:
Бердяев Н. ...Смысл истории. М., 1990;
Утопия и утопическое мышление. Антол. зарубеж. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКА-ТУ́РАЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.
Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобразжан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак. Канец 19 ст. Горад Давыд-Гарадок (Столінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (сапр.Стукалаў) Мікалай Фёдаравіч
(16.11.1900, станіца Гундараўская Данецкай вобл., Украіна — 19.9.1962),
рускі драматург.Засл. дз. маст. Расіі (1949). У 1922—32 карэспандэнт газ. «Правда», у 1951—60 гал. рэдактар час. «Театр». Друкаваўся з 1920. Першыя зб-кі нарысаў «Кумачовая раніца» і «Чырвоныя парасткі» (абодва 1926), п’есы «Тэмп» (паст. 1930), «Паэма пра сякеру» (паст. 1931), «Мой сябра» (1932), «Арыстакраты» (паст. 1934) і інш. пра сацыяліст. будаўніцтва. У трылогіі «Чалавек з ружжом» (1937, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, паст. 1942; новая рэд. 1955), «Трэцяя патэтычная» (1958, паст. 1959) стварыў вобраз У.І.Леніна. Праблемам духоўнага фарміравання моладзі прысвечаны п’есы «Санет Петраркі» (паст. 1957), «Маленькая студэнтка» (паст. 1959), раман «Бурштынавыя каралі» (1960, фільм «Каханая» 1965) і інш. Аўтар кінасцэнарыяў «Кубанскія казакі», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), артыкулаў пра драматургію і т-р.Бел.т-р імя Я.Коласа паставіў п’есы «Чалавек з ружжом» (1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, 1945), «Аксамітны сезон» (1948), «Трэцяя патэтычная» (1970), Бел.т-р імя Я.Купалы — «Падзь Сярэбраная» (1939), «Крамлёўскія куранты» (1956), «Трэцяя патэтычная» (1959), Рус.драм.т-р імя М.Горкага — «Мой сябар» (1933), «Арыстакраты» (1935), «Крамлёўскія куранты» (1940), Брэсцкі абл.драм.т-р — «Місурыйскі вальс» (1950), «Крамлёўскія куранты» (1957, 1967), Гомельскі абл.драм.т-р — «Кветкі жывыя» (1961), Гродзенскі абл.драм.т-р — «Тэмп — 1929» (1974), Магілёўскі абл.драм.т-р — «Крамлёўскія куранты» (1957). Ленінская прэмія 1959.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1972—73.
Літ.:
Холодов Е. Пьесы и годы: Драматургия Николая Погодина. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКІ (сапр.Бурдзялёў) Аляксей Сцяпанавіч
(4.12.1912, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.2000),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1983). Скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны ін-т (1935). Працаваў бактэрыёлагам ва Узбекістане, Краснаярскім краі, Хакасіі, у Маскве, Мінску. З 1947 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў, у час. «Беларусь», у 1967—72 нам.гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Тэматыка вершаў — краса роднай зямлі, каханне, стваральная праца народа, яго гісторыя, заклапочанасць лёсам планеты і чалавека на ёй (зб-кі «У заўтрашні свет», 1951; «Святло акон тваіх», 1959; «Служба святла», 1967; «Зямля гаворыць зорам», 1971). Яго творы вылучаюцца філас. напружаннем думкі, увядзеннем у стылістыку вершаў тэрміналогіі розных галін навукі, што характарызуе лірычнага героя як чалавека справы. Адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў бел. паэзіі («Яго Вялікасць», 1964; «Маналог Зямлі», 1969). У паэмах «Айкумена» (1982) і «Хвала жыццю» (1985) стварыў манумент. вобраз Чалавека, злучыў асабісты лёс лірычнага героя з лёсам Радзімы, з глабальнымі праблемамі Сусвету, як маральную каштоўнасць сённяшняга часу сцвярджае асабістую адказнасць чалавека за далейшае існаванне зямной цывілізацыі. За кн. «Крокі сэрца» (1980) літ. прэмія імя А.Куляшова 1981. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.Някрасава, А.Міцкевіча, М.Упеніка.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982;
[Вершы і паэма «Яго Вялікасць»]. Мн., 1969;
Два колеры жыцця. Мн., 1973;
Позірк. Мн., 1977;
Паэмы. Мн., 1979;
Ісці да чалавека: Літ. партрэты. Мн., 1987;
Хвала жыццю. Мн., 1987.
Літ.:
Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М.М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Ярац В. Сінтэз традыцый і наватарства // Бел. літаратура. Мн., 1985. Вып. 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСО́ЎСКІ (Мікола) (1470-я г. — пасля 1533),
паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.
Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.
У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял.маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобразвял.кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.Каспровіч), літ. (Б.Казлаўскас), рус. (Я.Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.Семяжон, У.Шатон, Н.Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.Агуновіч, У.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін, М.Селяшчук і інш., драматургі (А.Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.
Тв.:
Песня пра зубра. Мн., 1973;
Песня пра зубра. Мн., 1980;
Песьня пра зубра. Мн., 1994.
Літ.:
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;
Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд.Мн., 1996.
В.А.Чамярыцкі.
Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.