ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л Пабудаваны ў 1866, калі праз Віцебск была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка. У Вял.Айч. вайну пашкоджаны. У 1954 узведзены новы будынак вакзала (арх. Б.Мезенцаў). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні сіметрычнага прамавугольнага ў плане цаглянага будынка дамінуе цэнтр. аб’ём з 2—4-павярховымі бакавымі крыламі. Кампазіцыя гал. фасада цэнтр. аб’ёму заснавана на рытме 3 буйных арачных праёмаў на ўсю вышыню. У архітэктуры фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны дэкар. элементы класічнай спадчыны: пілястры, капітэлі, паўкалоны і інш. Інтэр’еры апрацаваны мармурам, тынкам, гіпсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941,
бой паміж партыз. атрадам «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ц.П.Бумажкоў), падраздзяленнем Чырв. Арміі (падпалк. Л.В.Курмышоў) і ням.-фаш. захопнікамі 18 ліп. ў в. Воземля Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Нечакана для гітлераўцаў да вёскі па чыг. ветцы Бабруйск—Рабкор падышоў браняпоезд і адкрыў артыл. агонь па штабе ням. дывізіі і агнявых пунктах ворага. Потым зводны атрад партызан і чырвонаармейцаў атакаваў праціўніка. У выніку бою была вызвалена ад захопнікаў вёска, партызаны захапілі палонных, трафеі, важныя штабныя дакументы і перадалі іх камандаванню сав. войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1918,
наступальная аперацыя англа-французскіх войскаў 8—13 жніўня супраць германскіх армій у 1-ю сусв. вайну. Праведзена з мэтай ліквідацыі Ам’енскага выступу і аховы ад арт. абстрэлу чыг. Парыж—Кале. На ўчастку прарыву (76 км) былі сканцэнтраваны гал. сілы і сродкі 4-й англ., 1-й і 3-й франц. армій, больш за 500 танкаў і самалётаў супраць 2-й і ч. войскаў 18-й герм. армій. Ням. войскі з вял. стратамі былі адкінуты. Ам’енская аперацыя стала пачаткам агульнага паражэння Германіі, якая ў ліст. 1918 вымушана была капітуляваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-МЕКСІКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1846—48,
вайна ЗША супраць Мексікі. З’явілася вынікам экспансіі ЗША, якія, анексіраваўшы Тэхас (29.12.1845), прэтэндавалі на Каліфорнію і Новую Мексіку. 13.5.1846 ЗША абвясцілі Мексіцы вайну. У ходзе баявых дзеянняў (1846 — пач. 1847) амер. войскі занялі Каліфорнію і значную ч.Паўн. Мексікі. У сак. 1847 амер. дэсант высадзіўся ў порце Веракрус. 14.9.1847 была захоплена сталіца Мексікі. Паводле падпісанага ў лют. 1848 у Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора, мекс.-амер. граніца прайшла па р. Рыо-Грандэ, Мексіка страціла больш за палавіну сваёй тэрыторыі (Тэхас, Новую Мексіку, ч. Арызоны, Верхнюю Каліфорнію).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНБУ́РГСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́САЎ,
грамадская культурна-асветная арганізацыя беларускіх бежанцаў 1-й сусветнай вайны ў 1918. Аб’ядноўваў беларусаў Арэнбурга і ваколіц. Старшыня камітэта гуртка Б.І.Лагутка, таварыш старшыні У.Путчэўскі, сакратар В.Кот. Гурток меў на мэце аб’яднаць беларускія культурныя сілы для пашырэння сярод беларусаў друкаванага роднага слова, праўдзівых ведаў па яе гісторыі і этнаграфіі. Пры ім была бібліятэка-чытальня, праводзіліся лекцыі, канцэрты, спектаклі. Выступаў за палітычнае і культурна-нацыянальнае самавызначэнне Беларусі, падтрымліваў Беларускую раду ў Мінску. Летам 1918 наладзіў сувязь з Беларускім нацыянальным камісарыятам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
катэгорыя феад.-залежных сялян ВКЛ у 16 ст., гал. павіннасцю якіх былаасада. Паводле «Уставы на валокі» 1557 яны, як і цяглыя сяляне, плацілі чынш, давалі дзякла і стацыю натурай або грашамі, адбывалі талокі і згоны. Кошт усіх асн. павіннасцяў складаў 106 грошаў з валокі добрай зямлі і 66 грошаў з валокі дрэннай зямлі. Асадныя сяляне пераважалі ў дзярж. уладаннях і складалі значную колькасць у маёнтках буйных феадалаў. З развіццём фальварка доля Асадных сялян змяншалася. На У Беларусі большасць сялян былі асадныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЛАСЦЬ,
1) лад жыцця, пры якім чалавек або людзі жывуць на адным месцы. Абумоўлена пэўнымі формамі гаспадаркі. З’явілася з узнікненнем рыбалоўства і матычнага земляробства ў пач. неаліту.
2) Цэнз аселасць — заканадаўча ўстаноўлены ў некаторых краінах перыяд, на працягу якога грамадзянін павінен жыць на адным месцы, каб атрымаць права ўдзелу ў выбарах прадстаўнічых органаў дзяржавы.
3) У некаторых краінах тэрыторыя, па-за якой не маюць права жыць пэўныя слаі насельніцтва (напр., нац. меншасці). У Рас. імперыі ў 1791 была вызначана тэр., па-за якой забаранялася пастаянна жыць яўрэям. Гл.Мяжа аселасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»
(«Gazeta Grodzieńska»),
першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 × 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУЧО́НАК (Любоў Георгіеўна) (1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),
адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер.чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІРЭ́ЛЬ ((Demirel) Сулейман) (н. 1.11.1924, Іслямкёй, пав. Іспарта, Турцыя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн.ун-т (1949). У 1964—80 ген. старшыня Партыі справядлівасці. У 1965—71, 1975—77 (з перапынкамі), 1979—80 і ў 1991—93 прэм’ер-міністр Турцыі. Пасля ваен. перавароту 1980 двойчы інтэрніраваны (1980, 1983), апынуўся ў групе палітыкаў, якім была забаронена любая паліт. дзейнасць. Пасля вяртання ў 1983 да парламенцкага праўлення адзін са стваральнікаў, з 1987 ген. старшыня Партыі правільнага шляху (правапераемніцы Партыі справядлівасці). З 1993 прэзідэнт Турцыі.