БЛЮ́ХЕР ((Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат) (Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),
прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш.Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОСТРАПРЫПРА́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія назапашваюць у розных органах пахучыя вострасмакавыя рэчывы (эфірны алей, гліказіды, таніны, алкалоіды, фітанцыды) і ўжываюцца як прыправа. Вядома каля 150 відаў, пашыраных ва ўсім свеце, асабліва ў паўд. шыротах. Найб. значэнне сярод трапічных вострапрыпраўных раслін маюць гваздзіковае дрэва, карычнае дрэва, мускатнік, кардамон, імбір, перац струкавы. На Беларусі культывуюцца каля 30 відаў, у т. л. аніс звычайны, гарчыца белая, ісоп лекавы, каляндра пасяўная, крэс-салата, кмен звычайны, хрэн звычайны, розныя віды цыбулі, часнок, меліса лекавая, мята перцавая, кроп пахучы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАТО́НІКА (ад аліга... + грэч. tonos тон),
сістэма з малой колькасцю гукаў, дзе ўсе тоны функцыянальна раўнапраўныя. Для алігатонікі характэрныя сціслыя мелодыі-мадэлі (тэрцавыя, квартавыя), экспрэсіўная сіла якіх заснавана на прынцыпе раўназначнасці ўсіх выразных сродкаў (ладавых, рытмічных, інтанацыйных, тэмбравых). У муз. фальклоры беларусаў тыповая для стараж. песеннага пласта, асабліва для песень каляндарна-земляробчага цыкла.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. тр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНАНАРО́ДНАЯ МО́ВА агульнавядомая, зразумелая ўсім носьбітам, шырокаўжывальная ў размоўнай паўсядзённай практыцы, не абмежаваная якімі-н. стылямі разнавіднасць нацыянальнай мовы. Бел. агульнанародная мова ўключае найб. ужывальныя моўныя сродкі (у першую чаргу лексічныя), пашырана на ўсёй тэр. Беларусі. У сучасным грамадстве ролю агульнанароднай мовы выконвае бел.літаратурная мова, якая служыць агульнанац. сродкам моўных зносін. Сучасная бел.літ. мова (асабліва яе размоўная разнавіднасць) як агульнанародная мова, у адрозненне ад тэрытарыяльных (дыялект) і сацыяльных (сацыяльны дыялект, арго) разнавіднасцяў, з’яўляецца зразумелай для ўсіх беларусаў і служыць сродкам моўнага адзінства нацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,
умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл.Комплексныя злучэнні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАХІ́ТА (Ascochyta),
род недасканалых грыбоў сям. шаравідкавых. Больш за 1,1 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Узбуджальнікі аскахітозаў. Найб. вядомы аскахіта гарохавая, недасканалая, канюшынавая, вікавая, лёнавая, агурковая.
Міцэлій добра развіты, галінасты, шматклетачны, бясколерны. Пладовыя целы (пікніды) шарападобныя або пляскатыя, цёмныя, урослыя ў тканкі раслін. Канідыі пераважна двухклетачныя, ад цыліндрычных да верацёнападобных, разносяцца кроплямі дажджу, расы, насякомымі, паветрам. Цыкл развіцця грыба 3—17 сутак. Зімуюць міцэліем і пікнідамі на раслінных рэштках, у заражаным насенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРАНЕМО́ЗЫ (Habronemoses),
гельмінтозная хвароба непарнакапытных. Пашырана ўсюды, асабліва ў паўд. шыротах. На Беларусі адзначаецца ў коней. Узбуджальнікі — дробныя (даўж. 10—25 мм) нематоды Habronema muscae і Habronema microstoma, якія развіваюцца з удзелам прамежкавых гаспадароў (муха пакаёвая, жыгалка асенняя і інш.).
Дарослыя чэрві паразітуюць у страўніку, пашкоджваюць яго слізістую абалонку і залозы; лічынкі — у скуры і лёгкіх. Шлях заражэння — аліментарны. У страўніку інвазійныя лічынкі праз 44—46 сутак ператвараюцца ў палаваспелых паразітаў. Пры інтэнсіўнай інвазіі назіраецца хранічнае запаленне страўніка і тонкага кішэчніка, прагрэсіруючае схудненне, перыяд. прыступы колік. Габранемоз скуры суправаджаецца ўтварэннем язваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЭ́ЦЫЯ (Godetia),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, асабліва ў Каліфорніі. На Беларусі культывуюць гадэцыю буйнакветную (Godetia grandiflora) і прывабную (Godetia amoena). Найб. пашыраны сарты: Вайсер Шван, Сібіл Шэрвуд, Метэор.
Аднагадовыя травяністыя апушаныя расліны з галінастым сцяблом выш. 20—40 см. Кветкі простыя або махровыя, лейкападобныя, дыям. 3—5 см, разнастайнай афарбоўкі. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. святлалюбныя і холадаўстойлівыя расліны (выкарыстоўваюцца для рабатак, бардзюраў, пасадак групамі на газонах). Цвітуць з ліп. да восені. Размнажаюцца насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ РУХАВІ́К,
рухавік унутр. згарання, які пераўтварае хім. энергію газаў (у т. л. сціснутых і звадкаваных) у мех. энергію. Бывае з іскравым запальваннем і з запальваннем сумесі вадкім палівам (гл.Газавадкасны рухавік). Генератарны газ для газавага рухавіка атрымліваюць у газагенератарах. Стацыянарныя газавыя рухавікі выкарыстоўваюцца на металург. з-дах, у нафтавай і газавай прам-сці, на электрастанцыях. Іх магутнасць да 15 МВт, ккдз 0,42. Транспартныя газавыя рухавікі ўстанаўліваюць на суднах, газагенератарных аўтамабілях і газабалонных аўтамабілях. Перспектыўнае выкарыстанне (асабліва для аўтамабіляў) вадароду, які пры згаранні ў сумесі з паветрам утварае малатаксічныя газы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́СПАРА (ад грэч. diaspora рассейванне),
пражыванне значнай ч. народа (этн. супольнасці) па-за межамі той краіны, дзе жыве асн.ч. народа. Утваралася ў выніку гвалтоўнага высялення, пагрозы генацыду, эканам. і геагр. фактараў. Першапачаткова Д. — вобласці па-за межамі Палесціны, дзе жылі яўрэі, асабліва ў часы Вавілонскага палону пасля выгнання іх у пач. 6 ст. да н.э.Навухаданосарам II, а ў 1—2 ст.н.э. — рымлянамі. Паступова тэрмін Д. стаў выкарыстоўвацца і да інш.рэліг. і этн. груп, якія жывуць у новых раёнах рассялення. Гл. таксама Дыяспара беларуская.