доля агульнай сумы выпушчаных акцый, якая належыць яе трымальніку (уладальніку) і дае яму права рашаючага голасу на сходзе акц.т-ва, а таксама магчымасць кантраляваць яго дзейнасць, быць фактычным гаспадаром т-ва, распараджацца капіталам (сродкамі) астатніх яго ўдзельнікаў. Тэарэтычна гэта доля (частка) вызначаецца ў памеры 51% ад агульнай сумы акцый, але пры значным распаўсюджанні дробных акцый дастаткова валодаць 20—30% (часам і менш), каб поўнасцю кантраляваць дзейнасць т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́НДРА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі прарочыца, дачка траянскага цара Прыяма і Гекубы. Атрымала прароцкі дар ад Апалона, які дамагаўся яе кахання, але, адвергнуты ёю, зрабіў так, што яе прароцтвам перасталі верыць. Траянцы не паверылі словам К. пра тое, што выкраданне Парысам спартанскай царыцы Алены прывядзе г. Трою да пагібелі, што нельга ўводзіць у горад драўлянага каня і інш. Пасля падзення Троі К. трапіла да Агамемнана і разам з ім з рэўнасці была забіта яго жонкай Клітэмнестрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЕ́НЧЫККАНСЦЕ́НЧЫК Авянір Маркавіч (1889, Гродна — 29.12.1935), ваенны лётчык, камандзір першага ў свеце цяжкага самалёта-бамбардзіроўшчыка «Ілья Мурамец». Вучыўся ў Віленскім ваен. вучылішчы, скончыў Гатчынскую авіяц. школу. Вызначыўся ў 1916 на Паўн.-Зах. фронце: паспяхова бамбіў стратэгічна важныя станцыі варожага тылу; у адным з баёў цяжка паранены, але закончыў бамбардзіроўку і вярнуўся на аэрадром. За заслугі ў 1-ю сусв. вайну ўзнаг. ордэнам Св. Георгія. Помнік ў Стоўбцах, дзе ён жыў да 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКІ́МАРА,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш.усх.-слав. народаў. Паводле павер’яў на Беларусі К. ўвасаблялі заўчасна загінуўшых маленькіх дзяўчынак, якія нябачна жылі ў хаце, назіралі за гульнямі жывых дзяцей, часта самі гарэзавалі (тады ў хаце быццам чуўся піск), але заціхалі і ўздыхалі, калі маці лашчыла сваіх дзяцей. К. таксама былі ўвасабленнем дрэнна зробленых жаночых работ. Павер’і пра К. былі пашыраны пераважна на Пн Беларусі і захоўваліся да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЯВЫ́Я ФА́РБЫ,
суспензіі пігментаў у водных растворах плёнкаўтваральнікаў (карбаксілметылцэлюлозы, полівінілавага спірту, казеіну, крухмалу, камедзі і інш.). Для прыгатавання К.ф. выкарыстоўваюць неарган. (напр., вохра, сурык, ультрамарын) і арган.пігменты. К.ф. ўтвараюць сітаватыя, звычайна няводаўстойлівыя пакрыцці з малой мех. трываласцю, але выдатнымі дэкар. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць для аздаблення памяшканняў, водаўстойлівыя казеінавыя К.ф. — для вонкавых работ і атрымання мыйных пакрыццяў, маст. К.ф. (акварэльныя, гуашавыя), якія рыхтуюць на аснове плёнкаўтваральнікаў расліннага паходжання — у жывапісе.
дзяржаўны дзеяч Мексікі. Вучыўся ў Мексіцы, Францыі, ЗША. Лідэр ліберальнага прадпрымальніцка-памешчыцкага руху супраць дыктатуры П.Дыяса, адзін з арганізатараў і кіраўшкоў (на 1-м этапе) Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Прэзідэнт Мексікі з ліст 1911. Абараняў інтарэсы нац. прадпрымальніцтва і суверэнітэт краіны, абмяжоўваў уплыў замежнага капіталу, але, насуперак сваім абяцанням, выступіў супраць агр. рэформы. Скінуты і забіты ў выніку контррэв. мяцяжу ген. В.Уэрты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНЫ СОК,
вадкасць, што змяшчаецца ў млечніках раслін. Звычайна малочнага колеру (адсюль назва), але бывае і інш. афарбоўкі (напр., у чыстацелу — аранжавы). З’яўляецца эмульсіяй, якая мае ў сабе клетачны сок, змешаны з тэрпеноідамі, алкалоідамі, танінамі, бялкамі, інш. рэчывамі, і знаходзіцца ў вакуолях. Можа мець амілапласты. У каўчуканосаў М.с. наз.латэксам натуральным (багаты на каўчук натуральны і гуту). У мякаці пладовых цел некат. грыбоў ёсць таўстасценныя гіфы (аналаг млечнікаў) з М.с. рознага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАН,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі першапачаткова бог лясоў і статкаў, апякун пастухоў і паляўнічых, пазней — апякун усёй прыроды. Лічыўся сынам Гермеса ад Пенелопы або ад німфы Дрыёпы. Стараж. мастакі і скульптары паказвалі яго ў выглядзе паўчалавека-паўказла. П. меў лагодны нораў, але калі парушалі яго спакой, моцна злаваўся і наганяў на людзей жах (адсюль выразы «паніка», «панічны страх»); вызначаўся прыхільнасцю да віна і весялосці, палкай улюбёнасцю ў німфаў, якіх часта праследаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ШНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,
у Расійскай дзяржаве адна з назваў (да 17 ст.) датачных людзей (пажыццёва ваеннаабавязаных асоб), звязаная з іх вылучэннем па «сохах» — адзінках пазямельнага (у гарадах падворнага) падаткаабкладання. Напр., для Казанскага паходу 1547 бралі па 2 чал. ад «сахі». У войску з П.л. складалася пасошная раць. Пасля заканчэння чарговага ваен. паходу П.л. звычайна распускалі па хатах да новага прызыву, але і ў мірны час іх маглі прыцягваць да буд. і рамонтных работ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАПАЛАЖЭ́ННЕ, хіратонія,
абрад узвядзення ў свяшчэнніцкі сан (дыякана, свяшчэнніка, епіскапа і інш.) у хрысціянстве. У праваслаўі і каталіцызме разглядаецца як таінства, калі пры ўскладанні рук вышэйстаячага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму як бы перадаецца «боская ласка». У пратэстанцкіх цэрквах праз Р. пасвячаюцца на служэнне прэсвітэры, дыяканы і інш. служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх цэркваў, прынята рашэнне аб Р. таксама і жанчын не толькі ў сан дыякана, але і прэсвітэра.