узнікненне полымнага гарэння пад уздзеяннем крыніцы запальвання (полымя, іскра, эл. разрад, нагрэтая паверхня і да т.п.).
Характарызуецца т-рай У. — найніжэйшай т-рай, пры якой у стандартных умовах выпрабаванняў над паверхняй гаручага рэчыва ўтвараецца (у выніку выпарэння вадкасці або газіфікацыі цвёрдага рэчыва) пара (газ) у дастатковай для ўстойлівага дыфузійнага гарэння колькасці; У. гаручых газаў вызначаецца саставам газавай сумесі і тыпам крыніцы запальвання. Т-ра У. (tузг.) істотна (на сотні градусаў) адрозніваецца ад т-ры самаўзгарання (tсамаўзг.), якая характарызуе ўзнікненне гарэння ў адсутнасці крыніцы запальвання (напр., для ацэтону tузг. -9 °C, tсамаўзг., 465 °C, для уайт-спірыту -17 °C і 260 °Cадпаведна).
Літ.:
Монахов В.Т. Методы исследования пожарной опасности веществ. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,
парода індыкоў. Выведзены ў ЗША скрыжаваннем белых галандскіх індыкоў з бронзавымі шыракагрудымі. Пашыраны ў краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Еўропы. У б.СССР завезены ў 1961, дзе на іх аснове створаны высокапрадукцыйныя лініі для вытв-сці мясных індычанят. На Беларусі пашырана гібрыдная форма — чатырохлінейны галандскі крос Хідон, які гадуюць на Маладзечанскай індыкагадоўчай ф-цы.
Апярэнне птушак белае, на грудзях пучок чорнага пер’я. Гадуюць 3 разнавіднасці: лёгкую, сярэднюю, цяжкую. Жывая маса самцоў лёгкіх формаў 8—9 кг, самак 4,5—5,5 кг, сярэдніх адпаведна 15—17 і 6—7, цяжкіх — 20—25 і 10—11 кг. Яйцаноскасць нясушак лёгкіх формаў 100 і больш яец, сярэдніх 86—93, цяжкіх 40—60 яец. Маса яйца 75—90 г. Птушкі маюць высокую скараспеласць і жыццяздольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА НАВАКАІ́НАВАЯ,
метад абязбольвання, які грунтуецца на часовым выключэнні праводнасці болевых імпульсаў па перыферычнай нерв. сістэме і на ўздзеянні навакаіну на рэгулятарныя функцыі ц. н. с. Праводзяць блакаду навакаінавую 0,25—0,5%-ным растворам навакаіну. Слабыя растворы навакаіну здымаюць боль і лечаць. Блакаду навакаінавую выкарыстоўваюць адпаведна характару захворвання. Напр., кароткую блакаду навакаінавую робяць на першай стадыі вострых запаленчых працэсаў (абсцэсы і флегмоны), пры лячэнні ран. Цыркулярная блакада навакаінавая выкарыстоўваецца пры лячэнні ран, гнойных і асептычных запаленняў, адмаражэнняў, укусаў змей у вобласці канечнасцяў. Надплеўральную блакаду навакаінавую робяць пры хваробах органаў брушной і тазавай поласцяў (перытаніты, гастраэнтэрыты, колікі, халецыстыты, выпадзенне маткі), пры хваробах тазавых канечнасцяў і ў пасляаперацыйны перыяд пры хірург. умяшаннях на органах брушной поласці. Паранефральная блакада навакаінавая ўжываецца ў тых жа выпадках, што і надплеўральная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́КІНГ»
(англ. Viking),
амерыканскія аўтаматычныя арбітальна-пасадачныя станцыі для даследавання Марса. Маса 3420 кт, выш. 4,9 м. Маюць арбітальны (для даследаванняў з каляпланетнай арбіты) і пасадачны (для даследаванняў у час спуску і на паверхні планеты) блокі.
«Вікінг-1» і «Вікінг-2», запушчаныя (адпаведна) 20.8.1975 і 9.9.1975, выйшлі на арбіты вакол Марса 19.6.1976 і 7.8.1976. Пасадачныя блокі зрабілі мяккую пасадку на паверхню планеты 20.7.1976 і 3.9.1976. Даследаванні з пасадачным блокам «Вікінга-2» закончыліся ў сак. 1980, «Вікінга-1» — у ліст. 1982. Упершыню атрыманы фотатэлевізійны відарыс паверхні Марса, здымкі планеты і яе спадарожнікаў Фобаса і Дэймаса; зроблены аналіз грунту (арган. рэчываў і прыкмет жыцця не выяўлена) і атмасферы планеты (выяўлены азот, вадзяная пара); атрыманы прыкметы пластоў вечнай мерзлаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕ́ЛІЯС»
(ням. Helios),
назва аўтаматычных міжпланетных станцыйФРГ для даследавання калясонечнай прасторы з геліяцэнтрычнай арбіты. «Геліяс-1» запушчаны 10.12.1974, «Геліяс-2» — 15.1.1976. Перыяд абарачэння каля 190 сут, маса 371 кг. Корпус — правільная 16-гранная прызма выш. 0,5 м з папярочным памерам 1,7 м, з прымацаванымі сонечнымі батарэямі. «Геліяс» ў параўнанні з інш. станцыямі набліжаліся да Сонца на найменшую адлегласць (46,5 і 43,4 млн.кмадпаведна). Паблізу перыгелія арбіты «Геліяс-2» выяўлена рэзкае павелічэнне канцэнтрацыі метэорнага пылу, звязанае са з’явай задыякальнага святла.
Да арт.«Геліяс». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Геліяс-1»: 1, 2, 3 — усенакіраваная, маланакіраваная і востранакіраваная антэны; 4 — канічная частка корпуса з сонечнымі батарэямі і люстранымі адбівальнікамі; 5 — жалюзі; 6 — цяплоізалявальныя маты; 7 — магнітометр; 8 — балон са сціснутым газам для мікрарухавікоў; 9 — фатометр; 10 — антэны для рэгістрацыі радыёшумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЙВАЛЫ (Bubalus),
род пустарогіх млекакормячых атр. парнакапытных. З віды: буйвал азіяцкі, або індыйскі (B. arnee), буйвал афрыканскі (B. caffer) і аноа, або буйвал карлікавы (B. depressicornis). Пашыраны адпаведна ў Паўд., Паўн.-Усх. Азіі, Афрыцы на Пд ад Сахары і на в-ве Сулавесі. Жывуць у вільготных, балоцістых лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, буйвал афрыканскі, акрамя таго, на раўнінах і ў гарах. Буйвал азіяцкі прыручаны і выкарыстоўваецца як малочная і рабочая жывёла ў Паўд. Азіі, на Каўказе і ў Закаўказзі, Афрыцы і Паўд. Еўропе (буйвал свойскі).
Даўж. цела 1—2,9 м, хваста 15—90 см, выш. ў карку 62—180 см, маса 150—1200 кг. Тулава цяжкае, грузнае. Есць рогі (каля 2 м). Нараджаюць 1 цяля. Раслінаедныя. Буйвал азіяцкі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЗЛІ́Ў,
перашкода (парог), цераз якую пераліваецца паток вады. Бываюць з тонкай сценкай, шырокім парогам або практычнага профілю, збудаванага адпаведна траекторыі ніжняй паверхні свабоднага патоку вады, што пераліваецца цераз тонкую сценку. Вадазлівы, што выкарыстоўваюцца ў лабараторнай і гідраметрычнай практыцы, наз.вымернымі.
Для засяроджвання патокаў у грэбені вадазліву робяць адтуліны прамавугольнай, трохвугольнай або трапецападобнай формы, абмежаваныя з бакоў устоямі або быкамі (прамежкавымі сценкамі). Для засцярогі рэчышча ад размываў, успрымання ўдараў струменяў і змяншэння энергіі патокаў вады за вадазлівам размяшчаюць вадабой (бетонную або драўляную пліту), звычайна ў комплексе з вадабойнымі калодзежамі, вадабойнымі сценамі і інш. Вадазліў гідратэхнічны — тое, што вадаскід.
Схемы вадазліваў: а — з тонкай сценкай; б — з шырокім парогам; в — практычнага профілю; г — вадазліўная плаціна з вадабоем; 1 — вадазліў; 2 — гасільнікі; 3 — вадабойны калодзеж; 4 — вадабой; 5 — вадабойная сцяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРА АРХІПЕЛА́Г (Alexander Archipelago),
каля зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, у Ціхім ак., частка тэр. ЗША, штат Аляска. Пл. 36,8 тыс.км². Каля 1100 а-воў і скал; найбольшыя а-вы: Баранава, Прынца Уэльска Прынца Уэльскага, Адміралцейства, Чычагова і інш. Рэльеф горны, са слядамі стараж. зледзяненняў. Выш. да 1432 м. Берагі стромкія, моцна расчлянёныя, часткова фіёрдавыя. Складзены з інтрузіўных і метамарфічных парод. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-растудз. ад -1,6 °C на Пн да 1,2 °C на Пд; ліп.адпаведна 12 °C і 14 °C. Ападкаў ад 2000 да 3000 мм за год. Да выш. 1000—1100 м хваёвыя лясы (сітхінская елка і інш.), якія змяняюцца альпійскімі лугамі. Рыбалоўства, зверагадоўля, лесараспрацоўкі. Нацыянальны парк Адміралці. Адкрыты ў 1741 рус. экспедыцыяй В.Берынга і А.Чырыкава. Да 1867 належаў Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,
асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш.Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧРаманаў
(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),
расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.М.Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.